МІЖНАРОДНАЕ ГРАМАДСКАЕ АБ'ЯДНАННЕ "ЗГУРТАВАННЕ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ "БАЦЬКАЎШЧЫНА"
№5(№30)
травень
2004
БЮЛЕТЭНЬ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ЦЭНТРА "БЕЛАРУСЬ АБ'ЯДНАНАЯ"

Змест:

ЮБІЛЕІ

Беларускай службе Радыё “Свабода” - 50 гадоў!

Беларускай службе Радыё “Свабода” споўнілася 50 гадоў. Згуртаванне Беларусаў свету “Бацькаўшчына” сардэчна віншуе стваральнікаў і супрацоўнікаў беларускай службы Радыё “Свабода” з гэтым вялікім юбілеем. Зычым поспеху і плёну ў Вашай нялёгкай працы.
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”


Віншуе Рада БНР

“Рада Беларускае Народнае Рэспублікі. Канцылярыя. Атава, Канада, 16 траўня 2004 г.
Дырэктару Беларускае службы Радыё Свабода.
Высокапаважаны і дарагі спадар дырэктар, дазвольце павіншаваць Вас і ўсіх Вашых супрацоўнікаў з пяцідзясятай гадавінай беларускіх перадачаў Радыё Свабода. Хачу скарыстаць з гэтае нагоды, каб выказаць усім Вам маё захапленне Вашым прафесіяналізмам і здольнасьцямі кожнага з Вас. Вы робіце цудоўную працу на карысьць нашых найбольшых каштоўнасьцяў: свабоды, дэмакратыі, беларушчыны. Моцна веру, што прыйдзе той час, калі працу гэтую будзеце прадаўжаць у вольнай і незалежнай Беларусі.
Адначасна хачу выказаць Вам маю глыбокую ўдзячнасьць за Вашую гасьціннасьць падчас майго побыту ў сакавіку месяцы ў Празе. Часта прыпамінаюцца шчаслівыя моманты, праведзеныя з усімі Вамі.
Жадаю кожнаму з Вас шмат посьпехаў на працы і задавальненьняў у жыцьці. А таксама здароўя, якое так моцна патрэбнае ўсім нам.
Жыве Беларусь!
Івонка Сурвілла,
Старшыня Рады БНР”

З гісторыі

Калі ў лютым 1954 г. з Канады ў Мюнхен прыехаў доктар Вінцэнт Жук-Грышкевіч, каб распачаць працу па стварэнні беларускай рэдакцыі Радыё “Вызваленьне”, першым у штатныя супрацоўнікі ён запрасіў Пятра Сыча. З Самарканда ў складзе Арміі Андэрса паручнік Пятро Сыч трапіў на фронт у Італію, і там яму давялося ваяваць пад Монтэ-Касіна. Цягам вайны быў чатыры разы паранены. Пра перажытае пад Монтэ-Касіна Пятро Сыч адважыўся распавесці толькі напрыканцы жыцця. За год да ягонай смерці, з чэрвеня 1963 г. газета “Бацькаўшчына” друкавала ягоную аповесць “Смерць і салаўі”. Гэта бадай што адзіны мастацкі твор пра гераічную старонку мінулай вайны, якая прынесла славу і беларусам.
Пётра Сыч з 1951 г. жыў у Германіі, рэдагаваў беларускі сатырычны часопіс “Шарсьцень” і супрацоўнічаў з газетай “Бацькаўшчына”, што выдавалася ў Мюнхене.
Сустрэча ў Мюнхене дзвюх вядомых асобаў у асяроддзі беларускай эміграцыі была не першай. Улетку 1940 г. Вінцэнт Жук-Грышкевіч і Пятро Сыч разам сядзелі ў савецкай турме ў Полацку і з таго часу пасябравалі. Кіраўнік Беларускай рэдакцыі добра ведаў пра адданасць Пятра Сыча беларускай справе і лічыў, што менавіта такія людзі і павінны ствараць беларускае незалежнае радыё. Пятро Сыч з вялізным энтузіязмам узяўся за новую працу, укладаў у яе ўвесь свой талент і душу. Ён быў аўтарам тэксту звароту, з якім першы раз выйшла да слухача 20 траўня 1954 года беларуская рэдакцыя Радыё “Вызваленьне”, цяперашняя “Свабода”. Называўся ён “Азымут сэрца”. Першыя 15-хвілінныя штодзённыя праграмы перадаваліся на Беларусь 24 разы на суткі, штогадзіну.
Беларуская Свабода стваралася для слухача ў Беларусі, але з цягам часу яна стала крыніцай інфармацыі і для самой эміграцыі. Сёння беларускае замежжа – гэта неад’емная частка аўдыторыі слухачоў Свабоды.
Беларуская Свабода і беларускае замежжа – сувязь паміж імі ў наш час стала яшчэ больш моцнай і рознабаковай. Цяпер нашае Радыё паведамляе не толькі пра тое, што робіцца ў Беларусі, але і пастаянна інфармуе слухача на Бацькаўшчыне пра жыццё беларускай дыяспары. Свабода аб’ядноўвае беларусаў па ўсім свеце, дае магчымасьць гаварыць на сваіх хвалях усім беларусам, незалежна ад месца іх жыхарства. Гэта адзін з найбольш значных вынікаў 50-гадовай дзейнасці беларускай рэдакцыі.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Таварыству беларускай культуры ў Літве – 15 гадоў!

Ад Управы МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Таварыства беларускай культуры ў Літве святкуе юбілей – 15 гадоў плённай дзейнасці на ніве беларускай культуры, беларускага Адраджэння.
За гэты час Таварыству ўдалося сабраць пад адным дахам надзвычай таленавітых асобаў, якія, знаходзячыся па-за межамі Беларусі, не парываюць з ёю сувязі, працягваюць і памнажаюць спадчыну нашых славутых продкаў.
Дзякуючы Таварыству адбылося перазахаванне астанкаў Францішка Аляхновіча і Івана Луцкевіча, пастаўлены помнікі братам Луцкевічам, Францішку Аляхновічу, Паўлу Карузу і іншым беларускім дзеячам. На будынках, дзе жылі Янка Купала, Браніслаў Тарашкевіч, Рыгор Шырма, Вацлаў Ластоўскі, Пятро Сяргіевіч, Францішак Скарына, дзе быў зняволены перад пакараннем Кастусь Каліноўскі, устаноўлены памятныя шыльды. Рэгулярна праводзяцца вечарыны, прысвечаныя памяці Ларысы Геніюш, Наталлі Арсенневай, Максіма Танка, Уладзіміра Жылкі, Зоські Верас. Беларусы Вільні заўсёды з інтарэсам прыходзілі на сустрэчы, арганізаваныя Таварыствам беларускай культуры, з Васілём Быкавым, Рыгорам Барадуліным, Нілам Гілевічам, Уладзімірам Арловым. З 1994 года Таварыства выступае ініцыятарам і арганізатарам правядзення кангрэсаў беларусаў краін Балтыі. Яно ж выступіла ініцыятарам заснавання газеты “Рунь” і адным з ініцыятараў адкрыцця беларускай школы ў Вільні, беларускіх перадач на літоўскім радыё і тэлебачанні, выдала і выдае вялікую колькасць беларускіх кніг. Таварыства правяло і шмат іншых мерапрыемстваў, кожнае з якіх займае годнае месца ў гісторыі беларускага жыцця ў Літве.
Усё гэта сталася магчымым дзякуючы апантаным актывістам Таварыства, яго нязменнаму кіраўніку сп. Хведру Нюньку, якія мелі і маюць сілы і натхненне рабіць гэтую цяжкую працу. Мы, беларусы на Радзіме, ведаем пра гэта і цэнім, як цэнім і тое, што пачынаючы ад свайго стварэння Таварыства паслядоўна і аддана трымаецца ідэалаў 25 сакавіка.
Вось ужо больш за 14 гадоў Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” мае гонар супрацоўнічаць з Таварыствам беларускай культуры ў Літве. Мы спадзяемся, што і надалей нашыя арганізацыі будуць ісці поплеч, падтрымліваючы і дапамагаючы адна адной, працаваць разам дзеля таго, каб, не зважаючы ні на якія часовыя перашкоды, наша Радзіма стала вольнай і незалежнай еўрапейскай краінай.
Міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” шчыра віншуе сяброў Таварыства беларускай культуры ў Літве з юбілеем і зычыць поспехаў, натхнення, здзяйснення творчых планаў. Каб ставала моцы не схіляць голаў ні перад якімі цяжкасцямі ў змаганні за лепшую долю нашых людзей, нашай агульнай Бацькаўшчыны!
ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”


Святочныя мерапрыемствы ў Вільні

22 траўня 2004 г. у Вільні адбылася юбілейная канферэнцыя, прысвечаная 15-годдзю Таварыства беларускай культуры ў Літве. Ва ўрачыстасцях бралі ўдзел прадстаўнікі беларускай дыяспары Эстоніі, Латвіі, Польшчы, Чэхіі, Расіі, а таксама госці з Беларусі. З Беларусі на святкаванні прысутнічалі: Радзім і Галіна Гарэцкія, Пётр Краўчанка, Алена Макоўская, Уладзімір Арлоў, Валянціна Аксак, Алег Трусаў, Генадзь Бураўкін, Уладзімір Колас, Алесь Пушкін, Алесь Шатэрнік.
Напярэдадні канферэнцыі адбылося ўрачыстае адкрыццё памятнай дошкі Наталлі Арсенневай на будынку былой Беларускй гімназіі. Аўтар шыльды – скульптар і мастак Алесь Шатэрнік. Дзеля ўшанавання памяці слыннай беларускай паэткі ў Беларусі быў створаны Арганізацыйны камітэт, сябры якога прыехалі на адкрыццё доўшкі ў Вільню. Усе арганізацыйныя пытанні па атрыманні дазволу на размяшчэнне дошкі ўзяло на сябе Таварыства беларускай культуры ў Літве на чале з Хведарам Нюнькам. Фундавалі выраб дошкі Пётр Краўчанка і Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”.
Удзельнікі канферэнцыі ўсклалі кветкі да месца пакарання Кастуся Каліноўскага, дзе калісьці намаганнямі Таварыства беларускай культуры ў Літве быў устаноўлены памятны знак. Завіталі госці і на гару Гедыміна, дзе побач з вежай знаходзіцца месца пахавання Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў. На жаль, гэтае месца ніяк не адзначана. Літоўскія гарадскія ўлады лічаць, што памятны знак на гэтым месцы будзе замінаць гістарычнаму выгляду гары Гедыміна.
Падчас самой святочнай канферэнцыі ўдзельнікамі было сказана шмат цёплых слоў Таварыству беларускай культуры ў Літве, адзначана яго роля ў адраджэнні тут беларускай мовы і культуры, ушанаванні памяці беларускіх дзеячаў. Канцэрт з удзелам гурта “Стары Ольса” стаў годным завяршэннем плённай працы канферэнцыі.
23 траўня ў Вільні можна назваць знакавым днём: адбылася доўгачаканая падзея – устаноўчы сход Асацыяцыі дэмакратычных беларускіх культурных таварыстваў краін Балтыі. Заснавальнікамі Асацыяцыі выступілі Беларускі звяз у Польшчы, Беларуска-Эстонскае Згуртаванне, Таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” з Латвіі, Беларускае таварыства культуры (г. Калінанград, Расія), Таварыства беларускай культуры ў Літве. Старшынём абраны Хведар Нюнька (Літва), яго намесніцай – Зінаіда Клыга (Эстонія). Мэта Асацыяцыі – захаванне ідэнтычнасці беларускай дыяспары гэтага рэгіёна, спрыянне адраджэнню беларускай мовы, культуры і нацыянальных традыцыяў свайго народа. Варта адзначыць, што сябрам Асацыяцыі можа быць любая арганізацыя беларускай дыяспары, якая падзяляе статут. Першым крокам Асацыяцыі стала дамоўленасць аб злучэнні беларусаў балтыйскіх краін у адну інфармацыйную прастору.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

60 гадоў бітве пры Монтэ-Касіна!

Выстава “Бітва за Монтэ-Касіна”

Адкрыццё выставы “Бітва за Монтэ-Касіна” ў Музеі польскага войска ў Варшаве распачала ўрачыстасці, прымеркaваныя да 60-й гадавіны гэтай бітвы. На выставе ёсць арxіўныя матэрыялы, дакументы, загады. Ёсць таксама невядомыя дагэтуль памятныя рэчы, якія прыбліжаюць постаці камандзіраў і жаўнераў. Многія экспанаты перадалі ўдзельнікі бітвы і іxнія сем’і. Можна паглядзець арыгінальныя мундзіры і зброю.
Радыё “Polonia”. 2004. 15 траўня

N.B. У шматлікіх праграмах Беларускай службы Радыё “Polonia”, прысвечаных гэтай бітве, зусім не згадваецца пра тое, што ў Польскім корпусе генерала Андэрса служыла вялікая колькасць беларусаў, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў гэтай вялікай бітве. Многія ўдзельнікі вайны сталі актыўнымі дзеячамі беларускай эміграцыі (Кастусь Акула, Пётра Сыч, Юры Весялкоўскі і шмат інш.). Пасля вайны былі выдадзены ўспаміны беларусаў-удзельнікаў той бітвы.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Супраць фашыстаў у Монтэ-Касіна змагаліся і беларусы

У Польшчы адбываліся святочныя мерапрыемствы з нагоды 60-х угодкаў бітвы пад Монтэ-Касіна, ці “бітвы за Рым”. Між тым, прыкладна пятая частка жаўнераў, якія загінулі пад Монтэ-Касіна – беларусы.
Сярод тых, хто пасля нападу Чырвонай арміі на Заходнюю Беларусь трапілі ў савецкі палон як польскія грамадзяне, было і шмат беларусаў паводле паходжання. Праз пэўны час з гэтых жаўнераў быў створаны другі польскі корпус, які пазней увайшоў у Еўропу разам з саюзнымі войскамі з боку Італіі.
У студзені 1944 года разгарэлася жорсткая бойка за вышыню Монтэ-Касіна, на якім умацаваліся немцы ды не прапускалі саюзнікаў на Рым.
Пасля некалькіх няўдалых спробаў узяць Монтэ-Касіна і вялікіх стратаў, саюзнікі запрапанавалі зрабіць гэта польскаму корпусу. Пасля тыдня жорсткіх баёў, вышыня была адваяваная, а дарога на Рым адкрытая. Загінула шмат жаўнераў корпуса, у тым ліку і беларусаў. На могілках Монтэ-Касіна ёсць нават беларуская частка, якая налічвае прыкладна 200 магілаў. Такім чынам, сярод тысячы загінуўшых жаўнераў кожны пяты – беларус.
Радыё “Свабода”. 2004. 18 траўня


Прэм’ера фільма пра беларускіх ветэранаў корпуса Андэрса

20 траўня ў Мінску адбыўся прэм’ерны паказ у Беларусі фільма рэжысёра Уладзіміра Бокуна “Забытыя героі”. Гэтая дакументальная стужка пра лёс салдатаў-беларусаў польскага корпуса генерала Уладзіслава Андэрса, якія ў складзе брытанскіх войскаў вызвалялі ад нацыстаў Італію. Паказ фільма прымеркаваны да 60-годдзя перамогі корпуса Андэрса ў бітве пад Монтэ-Касіна.
Дэманстрацыя фільма “Забытыя героі” была арганізаваная супольна ягоным аўтарам Уладзімірам Бокунам і Польскім інстытутам у мінскім Доме дружбы і культурных сувязяў з замежнымі краінамі. Пра стужку і пра тое, чаму ён узяўся за тэму змагання беларусаў у Другой сусветнай вайне ў складзе войскаў заходніх саюзнікаў, распавёў Уладзімір Бокун: “У арміі генерала Андэрса было шмат беларусаў, і я вырашыў распавесці пра іхні лёс. На вайсковых могілках каля Монтэ-Касіна ляжыць прыкладна тысяча салдатаў арміі Андэрса. Там 259 магілаў салдатаў-беларусаў. Таму я й вырашыў зрабіць гэты фільм. Гэта не толькі гісторыя беларусаў падчас вайны, гэта таксама драматычная гісторыя тых салдатаў арміі Андэрса, пасля таго, як яны вярнуліся ў Беларусь. Большая частка з іх не змагла вярнуцца, бо на той час гэта было вельмі небяспечна. А ўсе тыя, хто вярнуўся ў Беларусь у 1951 годзе, зведалі сталінскія рэпрэсіі і трапілі ў Сібір. Гэты фільм –памяць пра ўсіх беларусаў, якія змагаліся ў арміі Андэрса. Змагаліся за нашую свабоду і нашае жыццё”.
У цэнтры 26-хвіліннага дакументальнага фільма Уладзімір Бокуна – лёс героя Монтэ-Касіна беларуса Мікалая Гізіча з вёскі Ручыца, што на Вілейшчыне. Да здымачнай групы ЗАТ “Тэлефільм” звярнуўся сын ветэрана Стэфан Гізіч з англійскага горада Блэкбёрн і папрасіў адшукаць сваякоў свайго бацькі. Дакументалісты знайшлі родную сястру Міколы Гізіча Людмілу, і ветэран змог прыехаць да яе ў родную вёску праз 62 гады з часу расстання.
Паводле www.bialorus.pl і радыё “Свабода”

ЗВАРОТ

Шануйма традыцыі!

Дваццаць першае стагоддзе, чацвёрты год якога мы не без цяжкасцяў даказваем сваю здольнасць забяспечыць устойлівае палітычнае, эканамічнае і духоўнае развіццё краіны, пакуль што нічога добрага не абяцае нам. Праўда, і многія іншыя народы маюць сур’ёзныя праблемы з захаваннем сваёй этнакультурнай самабытнасці. Паводле крайне песімістычных прагнозаў вучоных з сусветным імя на працягу гэтага стагоддзя з этнічнай мапы планеты Зямля знікнуць сотні народаў, прычым і такіх, чыя колькасць дасягае да некалькіх мільёнаў чалавек. Прычына тут відавочная: паглыбленне і пашырэнне працэсаў сусветнай глабалізацыі, якая на сваім шляху паглынала і будзе паглынаць народы, што не ўмеюць ці не жадаюць жыць паводле сваіх нацыянальна-культурных традыцый.
У святле сказанага лагічна вынікае, з якой павагай дзяржава, грамадства павінны ставіцца да тых асяродкаў дзейнасці чалавека, дзе нацыянальная ідэя з’яўляецца альфай і амегай для ўсіх і кожнага. Без перабольшвання, у ролі такога асяродка ўжо не першы год выступае Нацыянальны навукова-асветніцкі цэнтр імя Францішкі Скарыны ў Мінску. Яго гісторыя пачалася з 1991 года, г.зн. у той год, калі закончыў сваё існаванне СССР і яго былым саюзным рэспублікам трэба было выбіраць уласны, часта зусім непадобны адзін да аднаго, шлях нацыянальна-дзяржаўнага, сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця. Апошні з названых складнікаў дзяржаўнай палітыкі і стаў галоўным у навукова-асветніцкай дзейнасці Цэнтра. Яго прасякнутыя бацькоўскім клопатам пра лёс Бацькаўшчыны навукоўцы пад кіраўніцтвам Адама Мальдзіса, а пазней Любові Уладыкоўскай-Канаплянік за гранічна сціслы тэрмін паспелі зрабіць вельмі многае па даследаванні найбольш актуальных пытанняў гісторыі і культуры. Увайшло ў практыку рэгулярнае правядзенне па такіх пытаннях “круглых сталоў”, сімпозіўмаў, канферэнцый. Ужо сам факт, што такая аўтарытэтная ў свеце міжнародная арганізацыя як UNESCO, у снежні мінулага года на базе Цэнтра праводзіла навукова-практычную канферэнцыю па праблеме “Міжкультурны дыялог у Беларусі: нацыянальна-культурнае і духоўнае развіццё ва ўмовах глабалізацыі”, дазваляе гаварыць пра высокі прэстыж гэтай навукова-асветніцкай установы ў вачах прагрэсіўных колаў сусветнай цывілізацыі.
Сёння ў нас застаецца процьма неразвязаных гарачых праблем па стварэнні тытульнай нацыі і ўсіх неабходных умоў для прыстойнага самабытнага этнакультурнага развіцця, якому не пагражала б аніякая глабалізацыя. У нас практычна няма аніводнай дзейснай установы, акрамя Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Ф.Скарыны, якая займалася б навуковай распрацоўкай дадзенай праблемы. Таму нельга апускаць яго статус да нейкай там лабараторыі хоць і вельмі паважанай у нас вышэйшай навучальнай установы – БДПУ імя М.Танка. Самастойнасць Цэнтра забяспечвала яму належны поспех у працы ад моманту заснавання і павінна быць захавана надалей. Нельга ламаць традыцыі, калі яны апраўдваюцца жыццём.
Леанід Лыч,
доктар гістарычных навук, прафесар


НАВІНЫ

Брусель, Бельгія
У дзень уступлення новых краін у Еўрапейскі Саюз Еўрапарламентам у Брусель былі запрошаны на ўрачыстае святкаванне актывісты беларускай палітычнай эміграцыі Бельгіі. У той дзень шмат людзей з розных краін наведала Еўрапарламент, каб пазнаёміцца з экспазіцыямі краін новай Еўропы. Беларусаў Eразіла, што з краін былога Савецкага Саюза на гэтай экспазіцыі была прадстаўлена толькі Беларусь. Прадстаўлена буклетамі міжнародных прафсаюзаў на пяці мовах, дзе падрабязна напісана пра рэпрэсіі рэжыму Лукашенкі супраць свабодных прафсаюзаў, пераслед і арышты актывістаў палітычнай апазіцыі, а асобная старонка была прысвечана зніклым беларускім дзеячам.
www.charter97.org

Брусель, Бельгія
Акцыя ў падтрымку беларусаў, якія ўзялі ўдзел у “Чарнобыльскім шляху” ў Мінску і выйшлі на вуліцы іншых беларускіх гарадоў, прайшла ў Бруселі каля беларускай амбасады ў Бельгіі. Арганізатарам акцыі выступіў Беларускі Цэнтр у Бельгіі. У акцыі ўзялі ўдзел каля 15 чалавек, у асноўным беларускія ўцекачы, якія жывуць у Бельгіі. Мэта акцыі – прыцягнуць увагу еўрапейскай грамадскасці да беларускіх праблемаў. “Чым больш еўрапейцаў будуць ведаць аб праблемах у Беларусі, чым больш будзе гучаць у Еўропе беларуская тэма, тым хутчэй наступае дзень, калі Беларусь стане цывілізаванай дэмакратычнай дзяржавай”, – заявіла прадстаўніца Беларускага Цэнтра ў Бельгіі Галіна Мацюшына.
www.charter97.org

Ландсхут, Германія
У баварскім горадзе Ландсхуце 2 траўня адбыўся сход беларусаў Германіі. Абмеркаваўшы сітуацыю ў асяродку беларускіх уцекачоў у гэтай краіне, прынята рашэнне аб стварэнні “Звязу Беларусаў Нямеччыны” (ЗБН). Старшынёй новастворанай арганізацыі абраны Яўген Мурашка. ЗБН заклікае да супрацоўніцтва ўсіх беларусаў, якія воляй лёсу апынуліся на нямецкай зямлі. Зміцер Маісеенка (прэс-служба ЗБН):
zmitser@arcor.de
www.razam.org

Берлін, Германія
10 траўня ў Доме імя вядомага нямецкага мастака-авангардыста Макса Лібермана адбылася прэзентацыя выставы твораў Марка Шагала. Экспазіцыя, падрыхтаваная фондам “Брандэнбургская брама” Берлінскага банкаўскага таварыства, працягнецца да 1 жніўня. На выставе прадстаўлены творы мастака беларускага паходжання з музеяў ЗША, Францыі, Швейцарыі, ФРГ, Ізраіля, прыватных германскіх калекцый.
Творчасць М.Шагала, пачынаючы з ягонай першай персанальнай выставы ў германскай сталіцы ў 1914 годзе, была шырока прадстаўлена ў карцінных галерэях горада аж да прыходу да ўлады нацыстаў.
Па дадзеных арганізатараў выставы, у цяперашні час у музеях ФРГ знаходзіцца 59 твораў мастака і каля 200 ягоных прац – ва ўласнасці прыватных калекцыянераў.
www.mfa.gov.by


Сустрэча з літоўскімі беларусамі
Старшыня дэпутацкай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ І.Катляроў і намеснік старшыні гэтай камісіі Н.Аўдзеева сустрэліся з прадстаўнікамі беларускіх суполак з Літвы.
І.Катляроў і Н.Аўдзеева адказалі на пытанні суайчыннікаў з Літвы. Цікавіла іх, у прыватнасці, пазіцыя беларускага боку па ўзаемаадносінах з Еўрапейскім Саюзам і Еўрапарламентам, работа на Беларусі сродкаў масавай інфармацыі, асаблівасці выбарчага заканадаўства. Літоўскія беларусы гаварылі, што хочуць мець інфармацыю аб нашай краіне з першых вуснаў, і ў гэтым магла б дапамагчы трансляцыя на Літву праграм беларускага тэлебачання. У горадзе Весагінас, напрыклад, што ўсяго за 10 кіламетраў ад беларускай мяжы, можна ўбачыць праграмы 40 розных тэлеканалаў, у тым ліку двух украінскіх, толькі беларускага тэлебачання там, як і на астатняй тэрыторыі Літвы, няма. “Не праходзіць і дня, – казалі кіраўнікі беларускіх культурных аб’яднанняў, – каб хто-небудзь з нашых беларусаў не задаваў гэтага пытання”.
Беларусы Літвы, з’яўляючыся грамадзянамі гэтай краіны, хацелі б быць адначасова і грамадзянамі Беларусі. Ставілася пытанне і аб тым, што беларускіх грамадзян, якія пастаянна жывуць у Літве, пры пераездзе беларускай мяжы часта прымушаюць аплачваць адпаведныя зборы як іншаземцаў.
“Культура”. 2004. 8-14 траўня

Весткі з Віленшчыны, Літва
1. ТБМ імя Ф.Скарыны Віленшчыны рыхтуе матэрыял пра Будслаўскую святыню. Сёлета Будславу 500 гадоў! Паломнікі з Вільні мяркуюць удзельнічаць у набажэнствах, якія адбываюцца штогод 2 ліпеня ў гонар Маці Божай Будслаўскай.
2. Касцёльныя ўлады Літвы, у т.л. біскуп Тунайціс, адмовілі ў просьбе нашаму таварыству ўстанавіць мемарыяльны знак на сцяне касцёла ў Рукойнах, дзе хрысцілі Ф.Багушэвіча. Мяркуем устанавіць яго ў Рукойнах у іншым месцы.
3. Падчас ушанавання памяці Ф.Багушэвіча, якое адбудзецца ў апошнюю суботу траўня месяца перад Крыжом паўстання 1863 года, што ў Свіранах, будзе ўстаноўлена Фігура Маці Божай Свіранскай. У гонар яе ўжо напісана малітва-верш. Таксама тут будзе ўстаноўлены партрэт Ф.Багушэвіча, а ў Савічунах на будынку мясцовай бібліятэкі будзе ўстаноўлена дошка з надпісам на роднай мове: “Вуліца імя Ф.Багушэвіча”. Партрэт і дошку выканаў беларускі мастак з в. Кавальчукі Іван Навіцкі, які гэта зрабіў на грамадскіх пачатках.
4. Прэзідэнт Згуртавання беларусаў Літвы спадар Лявон Мурашка адмовіў ТБМ Віленскага краю ў хадайніцтве перад Камітэтам па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Рэспублікі Беларусь аб выдзяленні нам сцэнічных строяў для дзіцячага мастацкага калектыву “Свіранскія жавароначкі”, а без гэтага хадайніцтва, як паведамілі з Мінска, Камітэт не вырашае гэтую праблему, бо ўсё зацыкліваецца на Л.Мурашку.
Апроч гэтага сп. Мурашка адмовіў аказаць фіндапамогу ў справе добраўпарадкавання тэрыторыі ў Свіранах дзеля ўшанаванні памяці Ф.Багушэвіча, хаця ўсе грошы, якія выдзяляе літоўскі Дэпартамент па справах нацменшасцяў ідуць цераз яго.
5. На вялікі жаль, памяняў свае адносіны да беларусаў Вільні святар беларускага каталіцкага касцёла Св. Барталамея, што на Зарэччы ў г. Вільні, ксёндз-рэктар а. Ян Шуткевіч. Касцёл быў адноўлены і вернуты вернікам пры яго ўдзеле. Цяпер у касцёльных справах курс узяты ў бок паланізацыі, хаця будынак Віленская курыя аддала беларусам. Пакуль праводзяцца кожную нядзелю набажэнствы на роднай мове, але крок за крокам беларусы выцясняюцца. Ёсць іншыя святары, якія ведаюць беларускую мову і гатовы праводзіць набажэнствы, але а. Ян Шуткевіч іх не дапускае, нават тады, калі сам хварэе. Калі раней на 25 сакавіка заўсёды праводзіліся набажэнствы ў гонар БНР, то сёлета ўжо гэтага не было. Такая сітуацыя трывожыць усіх беларусаў Вільні.
Ю. Гіль,
Старшыня ТБМ Віленскага краю

Варшава, Польшча
У Варшаве адбыўся агульны сход сябраў Інстытуту беларускай культуры – грамадскай арганізацыі, якая ўжо каля 5 гадоў займаецца прапагандаваннем беларускай культуры перадусім у польскай сталіцы.
Інстытут беларускай культуры асацыюецца ў Варшаве з дзвюма імпрэзамі: гэта традыцыйнае беларускае калядаванне і ўгодкі абвяшчэння БНР. Гэтыя два святы ладзяцца сябрамі інстытуту штогод і штогод збіраюць усё больш людзей. Напрыклад, на апошнім калядаванні ў адным з варшаўскіх клубаў было больш за 200 чалавек. Кожны раз напрыканцы калядавання, калі ўжо паказаныя традыцыйныя беларускія калядкі, а госці пачаставаліся дранікамі, адбываецца канцэрт з удзелам найбольш вядомых беларускіх музыкаў.
Сябры Інстытуту ладзяць ці бяруць удзел яшчэ і ў шэрагу іншых імпрэзаў, дзе ёсць магчымасць прапагандаваць беларускую культуру.
У часе сходу сябры Інстытуту паслухалі справаздачу старшыні арганізацыі Вольгі Мазярскай, зацвердзілі яе ды абралі спадарыню Мазярскую кіраўніком Інстытуту на наступны тэрмін. Цікава, што намеснікам старшыні Інстытуту быў абраны паляк Міхал Жэйміс, а сакратаром таксама паляк Марцін Зяневіч. Апошні нават вывучыў беларускую мову.
Практычна ўсе акцыі Інстытуту робяцца выключна намаганнямі і коштам сябраў гэтай арганізацыі – варшаўскіх беларусаў ды палякаў, што цікавяцца беларускай культурай.
Радыё “Свабода”. 2004. 10 траўня

Торунь, Польшча
14-е пасяджэнне Беларуска-польскай камісіі па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны адбылося ў польскім горадзе Торунь. З беларускага боку дэлегацыю ўзначаліў намеснік начальніка Дэпартаменту па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Васіль Чэрнік, а з польскага – віцэ-дырэктар Дэпартаменту нацыянальнай спадчыны Міністэрства культуры Францішак Цемка. У ходзе пасяджэння разгледжана, у прыватнасці, пытанне супрацоўніцтва беларускіх і польскіх спецыялістаў па стварэнні доўгатэрміновай праграмы поўнай рэканструкцыі ўрбаністычнага і замкава-паркавага комплексу ў Нясвіжы ды іншых нерухомых аб’ектаў, якія з’яўляюцца агульнай культурнай і гістарычнай спадчынай. Эксперты камісіі згадзіліся з тым, што неабходна пачаць збор адпаведнай дакументацыі на прадмет унясення Аўгустоўскага канала ў спіс Усеагульнай культурнай спадчыны UNESCO. Былі таксама абмеркаваны пытанні супрацоўніцтва ў архіўнай справе, у галіне бібліятэказнаўства і ў музейнай справе.
“Polonia”. 2004. 13 траўня

Гайнаўка, Польшча
У Гайнаўцы трэці раз пачаліся Дні царкоўнай музыкі. Aрганізатарам дзён з’яўляецца тамтэйшае Tаварыства сяброў царкоўнай музыкі, а ганаровы патранаж над мерапрыемствам узяў на сябе прэзідэнт Aляксандр Kваснеўскі.
Aгляд пачаўся канцэртам леташняга лаўрэата – Дзяржаўнага хору Рэспублікі Беларусь імя Генадзя Цітовіча. Лаўрэаты сёлетняга фестывалю будуць вядомыя праз тыдзень. У конкурсе ўдзельнічаюць 34 хоры з Польшчы, Беларусі, Украіны, Расіі, Румыніі, Фінляндыі ды Ганы.
“Культура”. 2004. 15-21 траўня

Беласток, Польшча
5 траўня 2004 года ў Генеральным консульстве Рэспублікі Беларусь у Беластоку адбылося ўрачыстае ўручэнне падарункаў для навучэнцаў школы № 4 і выхаванцаў дзіцячага садка № 14 у Беластоку.
Больш за 100 кніжак з вершамі і апавяданнямі беларускіх аўтараў, беларускія народныя казкі, буквары, арфаграфічныя і тлумачальныя слоўнікі былі перададзены вучням адзінай у Беластоку школы з беларускай мовай навучання ад імя Упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама.
Для дзіцячага садка № 14 свой падарунак прыгатавала Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча. Кашулі з беларускім арнаментам, выкананыя адмыслоўцамі Гродзенскага камбіната бытавога абслугоўвання, уручыў прадстаўнік Пасольства Беларусі ў Польшчы.
Школьнікі і выхаванцы дзіцячага садка, якія прыбылі ў консульства, выступілі з беларускімі вершамі, песнямі і танцамі.
www.mfa.gov.by

Адкрыты ліст
У Польшчы атрымаў розгалас ліст лідэра БНФ Вінцука Вячоркі, у якім ён звярнуўся да генеральнага консула Беларусі ў Беластоку Леаніда Каравайкі з просьбай дапамагчы навучэнцам Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю. Гэта было зроблена пасля таго, як БТ распавяло пра тое, як консульства дапамагае дзецям, што вывучаюць беларускую мову на Беласточчыне – перадае ім беларускія падручнікі.
У адкрытым лісце В.Вячорка сярод іншага напісаў: “Вы дапамагаеце беларускім дзіцячым садкам і школам у Польшчы чым можаце: кнігамі, арганізацыяй экскурсіяў і інш. Маю да Вас, вельмішаноўны спадар консул, вялікую просьбу. Вы добра ведаеце, што 150 навучэнцаў Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю – адзінай навучальнай установы ліцэйскага тыпу ў Беларусі і адзінай сярэдняй школы ў Мінску, дзе ўсе прадметы выкладаліся па-беларуску, – апынуліся на вуліцы, без школы, без беларускіх падручнікаў. Таму прашу Вас, добры чалавеча: дапамажыце і нашым дзецям хаця б беларускімі падручнікамі”.
Генеральны консул Леанід Каравайка сказаў Радыё “Свабода”, што на ліст Вінцука Вячоркі адказваць не будзе.
Між тым вядомы беларускі пісьменнік у Польшчы Сакрат Яновіч кажа, што перадаючы беларускія кнігі на Беласточчыну, афіцыйны Мінск робіць толькі выгляд, што дбае пра беларускую культуру.
Радыё “Свабода”. 2004. 18 траўня

Масква, Расія
У Маскве ідзе праца над стварэннем Зямляцтва Беларускай Моладзі, якое мае аб’ядноўваць беларускіх студэнтаў і маладзёнаў, часова ці стала жывучых у сталіцы Расіі. Распрацоўваецца статут аб’яднання, на верасень плануецца ўрачысты ўстаноўчы сход. Наша арганізацыя адкрытая да супрацоўніцтва з іншымі арганізацыямі беларускай дыяспары. Усіх цікаўных просім звяртацца на электронны адрас:
bmzm@bk.ru
Алесь Чайчыц

Масква, Расія
Школа расійска-беларускай дружбы – гэта сярэдняя агульнаадукацыйная школа № 1958 Паўднёва-ўсходняй акругі Масквы. Рады ФНКА “Беларусы Расіі” і РНКА “Беларусы Масквы” ад імя беларусаў, якія жывуць у Маскве, звярнуліся 28.01.04 г. да кіраўніка Дэпартамента адукацыі г. Масквы з просьбай улічыць грамадскую думку беларусаў для плённай рэалізацыі пастановы Урада Масквы, якое прадугледжвае стварэнне школы з беларускім кампанентам навучання. У адказе Дэпартамент адукацыі паведаміў, што вызначыў для гэтага СШ № 1950.
Каб патлумачыць перспектыву, намаляваную для нас маскоўскай адміністрацыяй, варта сказаць толькі адно: школа знаходзіцца ў Капотне – самым забруджаным раёне Масквы. Сумняваюся, што хоць адзін беларус са здаровым розумам накіруе свайго дзіцяці ў такую школу, якая, да таго ж, знаходзіцца ў супрацьлеглым ад беларусі баку Масквы. Самы брудны раён і як мага далей ад беларускага ўезду, насуперак меркаванню маскоўскіх беларусаў.
Лепш нічога не рабіць, чым рабіць такія цуды! Шаноўныя беларусы! Запрашаем вас выказаць зацікаўленасць да працэсу стварэння гэтага незразумелага для ўсіх нас аб’екта “дружбы з Беларуссю” і перыядычна наведвацца туды на экскурсію.
www.maskva.com

Калінінград, Расія
У г. Калінградзе ў наступным навучальным годзе намаганнямі Беларускага таварыства культуры на чале з Ігарам Шаховічам плануецца адкрыццё профільных беларускіх класаў альбо нядзельнай школы ў дзвюх – 12-й і 30-й гарадской агульнаадукацыйных школах. Дасягнуты адпаведныя дамоўленасці на ўзроўні кіраўніцтва школ. Таму асноўная задача таварыства сёння – арганізацыя кампаніі па набору класаў, збору заявак, вырашэнне статуных пытанняў школы. Таварыства спадзяецца і на дапамогу з боку Беларусі. А гэтая дапамога можа быць не толькі ў школьных падручніках і іншай метадычнай літаратуры, але і прадстаўленні магчымасці навучэнцым школ атрымліваць далейшую адукацыю ў Беларусі.
Другой значнай падзеяй павінна стаць адкрыццё беларускага прыходу пры касцёле святой Елізаветы ў Калінінградзе. Зараз у г. Калінінградзе працуюць 2 касцёлы, якія атрымалі назву ў жыхароў горада “літоўскі” і “польскі”. Апошні наведваецца пераважна выхадцамі з Беларусі. У “літоўскім’’ на працягу доўгага часу працуе ксёндз з Літвы, да якога нядаўна далучыўся святар Сяргей Сурыновіч, беларус па паходжанні. Беларускай дыяспары ён вядомы тым, што служыў для асяродку беларусаў у Санкт-Пецярбурзе. Беларускае таварыства культуры ўжо атрымала папярэднюю згоду ад ксяндза і каталіцкага біскупа Тадэвуша Кандрусевіча.
Таксама таварыства рыхтуецца да святкавання Купалля, годна прадставіць беларусаў на Днях горада і іншых агульнагарадскіх мерапрыемствах.
На жаль, аніякай дапамогі ад беларускай дзяржавы таварыства не атрымлівае, больш таго, афіцыйны Мінск падтрымлівае альтэрнатыўную арганізацыю, створаную па ініцыятыве амбасады Беларусі ў Расіі – Нацыянальна-культурную аўтаномію “Калінінградскае зямляцтва беларусаў”, якое па сваёй сутнасці з’яўляецца вельмі далёкім ад беларускай культуры. Ужо былі выпадкі, калі напярэдадні правядзення канцэрта, арганізатарам якога выступала Беларускае таварыства культуры, тэлефанавалі дырэктару канцэртнай залы і настойліва раілі адмовіцца ад здачы памяшкання ў арэнду. У сувязі з гэтым ёсць пэўная небяспека ціску на кіраўніцтва школ, дзе плануецца адкрыць профільныя беларускія класы.
Паводле інтэрв’ю
з Ігарам Шаховічам,
кіраўніком Калінінградскага Таварыства беларускай культуры

Цюмень, Расія
З 22 да 25 траўня ў Цюмені прайшлі Дні славянскай пісьмовасці і культуры. У межах гэтых дзён, нацыянальна-культурным таварыствам “Беларусь” і аддзелам беларускай культуры АДНК “Будаўнік”, былі наладжаны наступныя мерапрыемствы. Творчая вечарына “Калі ласка ў нашу хату”. У дзіцячай гарадской бібліятэцы гучалі беларускія вершы і музыка, адбыліся літаратурныя віктарыны, конкурсы. У АДНК “Будаўнік” адбылася выстава народнай прыкладной творчасці. У Цюменскім універсітэце на філалагічным факультэце прайшоў адкрыты ўрок “Родная мова”. Дзесяць студэнтак, якія вывучаюць беларускую мову, і салісты ансамбля “Палессе” паказалі народны абрад “Юр’е”. Удзельнікі абрада атрымалі падарункі ад старшыні НКТ “Беларусь” Л.Ксяндзова. В.Шугля падсаладзіў тартамі студэнцкае жыццё. 24 траўня ў Цюменскім універсітэце адбылася Навукова-практычная канферэнцыя. 25 траўня ў гала-канцэрце ўзялі ўдзел народны ансамбль беларускай песні “Лянок” і Жанна Швец.
Людміла Татарынцава,
начальнік аддзела беларускай культуры АДНК “Будаўнік”

Ташкент, Узбекістан
“Рада Беларускага культурнага цэнтра “Світанак” г. Ташкента ад усёй душы віншуе нашых суайчыннікаў з 59-гадавінай Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, 9 траўня, а таксама з 60-годдзем вызвалення нашай этнічнай Радзімы – Беларусі.
Беларуская дыяспара Узбекістана налічвае больш за 20 тыс. чалавек, і вызначальную ролю ў вывучэнні роднай мовы, звычаяў і традыцый адыгрывае Беларускі культурны цэнтр “Світанак”.
У Рэспубліцы Узбекістан створаны ўсе ўмовы для паспяховай працы культурнага цэнтра. Мы робім пасільны ўнёсак ва ўмацаванне беларуска-ўзбекскага шматбаковага супрацоўніцтва”.
Лілія Белазёрава,
Старшыня БКЦ “Світанак”

Страсбург, Францыя
28 красавіка “Беларуска-Эўрапейскае Задзіночаньне” (БЭЗ) правяло пікет у Страсбургу з мэтай прыцягнення ўвагі да сітуацыі са знікненнямі апазіцыйных палітыкаў Беларусі. Падчас пікета каля галоўнага ўваходу ў будынак Рады Еўропы парламентарам было раздадзена каля 500 асобнікаў кнігі “Хочам ведаць праўду” (на англійскай мове). Як вядома, кніга змяшчае матэрыялы, прысвечаныя зніклым беларускім палітыкам Ю.Захаранку, В.Ганчару, А.Красоўскаму ды журналісту З.Завадскаму. Амаль кожны дэпутат ПАРЭ атрымаў свой уласны асобнік гэтай кнігі. Акцыя прыцягнула вялікую ўвагу журналістаў Еўропы. Прысутнічалі здымачныя групы Euronews і некалькіх нямецкіх тэлеканалаў.
У пікеце ўзялі ўдзел каля 20 чалавек – палітычныя ўцекачы, сваякі зніклых, дэпутаты Рады Еўропы. Арганізатары сесіі ПАРЭ запрасілі пікетоўцаў на пасяджэнне, калі адбывалася абмеркаванне і прыняцце рэзалюцый па Беларусі.
Акцыя паўплывала (па словах саміх парламентарыяў) на прыняцце строгага рашэння па сітуацыі са знікненнямі палітыкаў і ўціску беларускай прэсы.
Прэс-служба БЭЗ
Стакгольм, Швецыя
13 траўня беларусы, што жывуць у Швецыі, наладзілі пікет каля беларускай амбасады ў Стакгольме. У руках яны трымалі партрэты зніклых беларускіх апазіцыянераў: экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, віцэ-спікера Вярхоўнага Савета Віктара Ганчара, бізнесмена і грамадскага дзеяча Анатоля Красоўскага, журналіста Дзмітрыя Завадскага. Як заявіў арганізатар акцыі Алег Гарбуз, мэтай акцыі было звярнуць увагу шведскай грамадскасці на знікненне ў Беларусі палітычных апанентаў Аляксандра Лукашэнкі. Пікет каля беларускай амбасады – першая акцыя, наладжаная дыяспарай у гэтай скандынаўскай краіне, паведаміў Саюз беларусаў у Швецыі.
www.charter97.org

Даўгаўпілс, Латвія
Ілга Апіне часты госць у беларусаў Даўгаўпілса. Сп-ня Апіне неадразова прысутнічала на многіх навуковых канферэнцыях, якія праводзіць Таварыства беларусаў “Уздым”. Першае знаёмства адбылося ў 1999 г. на канферэнцыі “Беларусы Латвіі”, прысвечанай 5-годдзю “Уздыма”. У 2000 г. яна ўзяла ўдзел у студэнцкай канферэнцыі “Беларуская мова і культура: гісторыя і сучаснасць”, у 2001 г. у канферэнцыі “Беларусь і Латвія: дыялог культур”, у 2002 г. у канферэнцыі “Беларусы ў Латвіі: культура і адукацыя”, прысвечанай 80-годдзю адкрыцця беларускай гімназіі ў Даўгаўпілсе. Мы чакаем прафесара Апіне і на чарговую канферэнцыю ў траўні 2004 г., прысвечаную Дням беларускай пісьмовасці.
Сп-ня Апіне працуе ў Інстытуце філасофіі і сацыялогіі Акадэміі навук, у Цэнтры даследвання этнасаў, доўгі час яна займалася даследваннем беларускага этнасу ў Латвіі. Вынікам яе даследчыцкай працы стала кніга “Беларусы ў Латвіі”, дзякуючы якой мы пачалі знаёміцца з гісторыяй нашых папярэднікаў у Латвіі. Гэта кніга стала настольнай для многіх нашых настаўнікаў, хто неабыякава ставіцца да гісторыі беларусаў Латвіі.
Таццяна Бучэль

НАВІНЫ МГА “ЗБС “БАЦЬКАЎШЧЫНА”

“Аб суайчынніках, якія пражываюць за мяжой”

У сакавіку 2004 г. Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” звярнулася ва ўладныя структуры Рэспублікі Беларусь па пытанні прыняцця Закона “Аб суайчынніках, якія пражываюць за мяжой”.

23 сакавіка ў офіс “Бацькаўшчыны” прыйшоў афіцыйны ліст Галоўнага дзяржаўна-прававога ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта наступнага зместу (падаем у мове арыгінала): “Рассмотрев Ваше обращение, сообщаем следующее. По предложению Совета Министров Республики Беларусь Указом Президента Республики Беларусь от 18 декабря 2002 г. № 618 проект Закона Республики Беларусь “О соотечественниках, проживающих за рубежом” исключён из плана подготовки законопроектов на 2002 год, утверждённого Указом Президента Республики Беларусь от 20 декабря 2001 г. № 764.
В этой связи Ваше обращение направлено для рассмотрения в Аппарат Совета Министров Республики Беларусь.
Начальник главного государственно-правового управления Администрации Президента Республики Беларусь О.Г.Сергеева”.

6 траўня 2004 г. прыйшоў адказ Камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь.
“Аб прадстаўленні інфармацыі.
У адпаведнасці з запытам МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” аб стане распрацоўкі праектаў Закона “Аб суайчынніках, якія пражываюць за мяжой” і Дзяржаўнай праграмы “Беларусы ў свеце” інфармуем. Па праекту Дзяржаўнай праграмы “Беларусы ў свеце” завяршаюцца ўзгадненні з зацікаўленымі і ў хуткім часе ён будзе прадстаўлены на разгляд Урада Рэспублікі Беларусь. Праект Закона “Аб суайчынніках, якія пражываюць за мяжой” зараз знаходзіцца на распрацоўцы і пасля яе завяршэння ва ўстаноўленым парадку будзе накіраваны на разгляд Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Старшыня Камітэта С.І.Буко”.

14 траўня 2004 г. прыйшоў адказ Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь:
“У Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь разгледжаны зварот кіраўніцтва Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, у якім змяшчаецца просьба паведаміць, калі ў Парламенце будзе разглядацца праект Закона Рэспублікі Беларусь “Аб суайчынніках, якія пражываюць за мяжой”.
Паведамляем Вам, што вышэйназваны законапраект на разгляд у Палату прадстаўнікоў не паступаў. Пры ўнясенні гэтага законапраекта ва ўстаноўленым парадку ён будзе разгледжаны ў адпаведнасці з існуючай працэдурай. За інфармацыяй адносна тэрмінаў распрацоўкі законапраекта і ўнясення яго на разгляд Парламента Вам патрэбна звяртацца ў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь.
Разам з тым хацелі б праз грамадскае аб’яднанне “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” падзякаваць тым прадстаўнікам беларускай дыяспары, якія ў рамках існуючага беларускага заканадаўства падтрымліваюць актыўныя адносіны з Рэспублікай Беларусь, укладаюць інвестыцыі, ствараюць сумесныя прадпрыемствы і іншым чынам садзейнічаюць вырашэнню эканамічных праблем нашай краіны, а таксама дапамагаюць аздараўляць беларускіх дзяцей, што пацярпелі ад чарнобыльскай катастрофы, ажыццяўляюць культурныя акцыі ў замежжы з прыцягненнем прадстаўнікоў Беларусі, удзельнічаюць у рэалізацыі іншых сацыяльных і гуманітарных праектаў і праграм на карысць нашай Бацькаўшчыны.
З павагай, Старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і сувязях з СНД А.А.Малафееў”.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

На жаль, да гэтага часу ад Савета Міністраў адказу няма.

Зноў скралі мемарыяльную дошку Максіму Гарэцкаму
27 красавіка супрацоўнікі офіса МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” выявілі знікненне мемарыяльнай дошкі Максіму Гарэцкаму, якая знаходзілася на фасадзе будынка па вул. Рэвалюцыйная, 15, у Мінску, дзе месціцца аб’яднанне.
Яшчэ ўвечары 26 красавіка напрыканцы працоўнага дня гэтая дошка была на месцы. Хто гэта зрабіў і навошта – зараз будзе высвятляць міліцыя.
Варта нагадаць, што мемарыяльную дошку, прысвечаную класіку беларускай літаратуры, навукоўцу Максіму Гарэцкаму, ужо зрывалі са сцяны ў 2001 годзе. Міліцыя ў росшуках мінулы раз не здолела дапамагчы. Праз год невядомыя падкінулі дошку ў двор будынка.
Літаральна нядаўна, 16 красавіка, невядомыя спрабавалі скрасці мемарыяльную дошку заснавальніку Інбелкульта, першаму прэзідэнту Беларускай акадэміі навук, акадэміку У.Ігнатоўскаму. Гэтая дошка размяшчалася побач з дошкай М.Гарэцкаму. Тады выпадковы мінак на вуліцы а 10-й гадзіне ўвечары ўбачыў, як зрывалі дошку са сцяны, запратэставаў і паклікаў супрацоўніка офіса “Бацькаўшчыны”. Пасля гэтага невядомыя зніклі з месца злачынства.
Падобна, што зрыванне мемарыяльных дошак дзеячам Інбелкульта (дарэчы, пазней гэтая ўстанова была пераўтворана ў Акадэмію навук Беларусі) становіцца сістэматычным.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Тэндэнцыі
У вёсцы Глуша Бабруйскага раёна вандалы апаганілі свастыкай хату Алеся Адамовіча, у якой прайшло дзяцінства вядомага пісьменніка.
Пляменніца Адамовіча Галіна расказвала, што свастыку вандалы малявалі паўсюль: на падлозе, на сценах, на зэдліках. У пэўных колах гэтыя здарэнні называюць невыпадковымі.

У Кастрычніцкі раённы аддзел міліцыі Віцебска тэлефанавалі жыхары і абураліся, што на помніку Уладзіміру Караткевічу, што стаіць у скверы каля плошчы Леніна, з’явілася выява свастыкі і некалькі нецэнзурных слоў, напісаных сіняй фарбай.
Рыгор Барадулін: “Тут не хуліганства з п’яных вачэй, не юнацкая ўседазволенасць. Пэўным колам грамадства не даспадобы, што Беларусь прачынаецца, што беларусы хочуць быць беларусамі, гаспадарамі ў сваёй хаце. Апаганьваецца памяць тых, хто быў супраць фашызму, супраць нацызму. Цікава, чаму гэта не цікавіць КДБ?...”
“Народная воля”. 2004. 12 траўня

ПАЛЕМІКА

10-гадовы рубеж “Праменя”
У 2004 г. спаўняецца 10 гадоў латвійскай газеце “Прамень”. Заснавала яе “Таварыства беларускай мовы “Прамень” у 1994 г. З якімі ж набыткамі сустракае газета свой юбілей, ці стала яна газетай усіх беларусаў Латвіі, як дэкларуе сябе ў назве?
Як вядома, задача кожнай газеты – аб’ектыўнае інфармаванне грамадскасці, рознабаковае асвятленне падзей. Заканамерна, што меркаванні рэдакцыі і аўтараў любога выдання могуць не супадаць (што па правілах прадэкларавана звычайна ў выходных дадзеных амаль кожнай газеты, у тым ліку і “Праменя”). У газеце “Прамень” цяжка зразумець, хто ж аўтар артыкулаў, таму што звычайна артыкулы ў газеце, як гэта не дзіўна, не падпісваюцца.
Газета друкуе паведамленні пра жыццё і дзейнасць беларусаў Латвіі, праўда не ўсіх, а толькі аб’яднаных “Саюзам грамадскіх аб’яднанняў Латвіі”. Пра гэтую арганізацыю “Прамень” (2004 г. № 1) піша так: “...адзіная арганізацыя, створаная ў духу часу, якая адзіная прадстаўляе інтарэсы беларускай дыяспары ў дзяржструктурах Латвіі”. Кіруе Саюзам Валянціна Піскунова, чалавек з пэўнымі палітычнымі перакананнямі, на якія, безумоўна, яна, як кожны чалавек, мае права. Але ці варта рабіць газету, якая задумвалася і стваралася як газета для ўсіх беларусаў Латвіі, платформай для агучвання толькі сваіх поглядаў?
У Латвіі жыве шмат беларусаў, якія не ўваходзяць у “Саюз” і маюць адрозную ад “Саюза” палітычную пазіцыю. Ужо больш за 15 гадоў у Латвіі актыўна дзейнічае Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”, арганізацыя, якая стала першым асяродкам беларускай дыяспары ў Латвіі. “Сьвітанак” пачаў сваю дзейнасць у канцы 80-х мінулага стагоддзя. У той час у Беларусі пачаліся працэсы нацыянальнага Адраджэння, ідэі якога – незалежнасць, дэмакратыя, адраджэнне роднай мовы і нацыянальнай культуры – сталі ідэйнай платформай “Сьвітанка”. Актыўная дзейнасць ЛТБК “Сьвітанак” прынесла вялікі плён: адкрыццё дзіцячай мастацкай студыі “Вясёлка”, заснаванне і паспяховая праца беларускай школы, заснаванне бібліятэкі, ансамбля беларускай песні “Сьвітанак”, выданне беларускай газеты, сталыя перадачы на Латвійскім радыё, у якіх эфірны час даецца ўсім грамадскім беларускім арганізацыям Латвіі. І вось арганізацыю з такімі творчымі і грамадскімі набыткамі цалкам ігнаруе на сваіх старонках “Прамень”. Больш таго, калі на старонках газеты змяшчаецца нейкая пэўная інфармацыя аб агульных мерапрыемствах нацыянальных меншасцяў Латвіі (канцэртах, фестывалях, канферэнцыях і г.д.), у якіх беларусаў Латвіі прадстаўляе “Сьвітанак”, інфармацыя аб удзеле гэтага таварыства ў агульналатвійскіх мерапрыемствах заўсёды абавязкова замоўчваецца.
Ідэі нацыянальнага Адраджэння не знайшлі годнага месца на старонках газеты беларусаў Латвіі. Яскравае сведчанне гэтаму – гісторыя, што адбылася з нумарам “Праменя” за красавік 2003 г. Тады ў газеце быў надрукаваны артыкул старшыні ЛТБК “Сьвітанак” Таццяны Казак пра святкаванне 85-гадовага юбілею БНР у Рызе (гэтае святочнае мерапрыемства сабрала вельмі вялікую колькасць людзей, у святочным канцэрце браў удзел спецыяльна запрошаны вядомы беларускі эстрадны гурт з Беласточчыны “Прымакі”). Дарэчы, гэта быў адзіны надрукаваны ў “Прамені” матэрыял аб мерапрыемстве “Сьвітанка” за апошнія 7 гадоў. Па загадзе старшыні “Саюза” В.Піскуновай увесь тыраж газеты быў знішчаны. Амаль адразу ж быў надрукаваны новы тыраж газеты, у якім артыкул быў зняты. Акрамя таго, за гэтую “памылку” быў зняты з пасады рэдактар газеты, які і падрыхтаваў апальны нумар, сябра “Праменя” – Алесь Карповіч.
Зыходзячы з вышэйнапісанага, можна зрабіць сумную выснову, што газета “Прамень” за 10 гадоў сваёй працы, на жаль, не стала друкаванай трыбунай беларусаў Латвіі, і выказаць сваю думку на старонках гэтай газеты можна толькі ў сціслых межах пэўных палітычных поглядаў.
Янка Петрыковіч


Севастопаль

Шаноўныя чытачы! Спрэчкі і разыходжанні паміж людзьмі, а тым больш паміж групамі людзей – рэч нармальная і няўхільная. Важна толькі, каб спрэчкі вяліся ў межах прыстойнасці і без асабістых абразаў. У складанай сітуацыі, у якой даводзіцца працаваць Управе ЗБС “Бацькаўшчына”, пры геаграфічнай раскіданасці суполак і немагчымасці правяраць абгрунтаванасць крытыкі, – адзіны спосаб абмяркоўваць арганізацыйныя і грамадскія праблемы – гэта даваць голас на старонках бюлетэня ўсім зацікаўленым бакам. Змяшчаючы крытычнае выступенне, Інфармацыйны цэнтр устрымваецца ад публічнага прызнавання аргументаў таго ці іншага боку. Гэта хай робяць самі чытачы. Інфармацыйны цэнтр не заўсёды лічыць патрэбным падаваць свой голас.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

“Добры дзень, паважаныя землякі!
Давялося пазнаёміцца з матэрыялам, надрукаваным у № 10 за кастрычнік 2003 г. “Бюлетэня інфармацыйнага цэнтра “МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” пад назвай “Пагоня ў Севастопалі”.
Павінны прызнацца, што гэта публікацыя паводле старшыні “Пагоні” В.Барташа зрабіла на нас непрыемнае ўражанне. Здзіўляе тое, з якой знявагай В.Барташ адносіцца да сваіх землякоў і Асацыяцыі нацыянальна-культурных таварыстваў г. Севастопаля (АНКТС). На справе, яго асабістыя ацэнкі ніяк не супадаюць з думкай кіраўніцтва і грамадскасці горада. Пытанні “незалежнасці і русіфікацыі” ніколі і ні ў якім разрэзе ў АНКТС не разглядаліся і ніхто ў звязку з гэтым да “Пагоні” не чапляўся.
Наконт “Усеўкраінскага таварыства беларусаў”, якое “ўзнікла па ініцыятыве камуністычнай арганізацыі Севастопаля” і “нічым заўважным не займаецца”, – адкрытая мана. Арганізацыйны камітэт Усеўкраінскага аб’яднання “Беларусь” быў створаны ў г. Харкаве. Ён і звярнуўся ў 2000 годзе ў Севастопальскі гарадскі Савет ХХІІІ склікання з прапановай аб стварэнні гарадскога аддзялення аб’яднання.
Публікацыя “Пагоня ў Севастопалі” абмяркоўвалася на праўленні таварыства, дзе яна прызнана неаб’ектыўнай і зневажальнай у адносінах да беларусаў Севастопаля, а таксама Асацыяцыі нацыянальна-культурных таварыстваў.
Дасылаем рэдакцыі некалькі здымкаў з жыцця нашай суполкі ды газетных артыкулаў. Спадзяемся, што наш водгук будзе змешчаны ў бюлетэні МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” з дадаткам здымкаў.
Мы лічым, што адказная за выпуск Алена Макоўская павінна прынесці на старонках бюлетэня сваё прабачэнне нашаму таварыству, а таксама Асацыяцыі нацыянальна-культурных таварыстваў г. Севастопаля ў звязку з публікацыяй памылковых звестак.
У заключэнне хочам сказаць, што мы заўжды гатовыя да паважлівых узаемаадносін з рознымі суполкамі нашых землякоў на карысць любай Радзімы.

Члены праўлення Севастопальскага гарадскога аддзялення Усеўкраінскага аб’яднання “Беларусь” А.Гарэлікава, З.Падарожняя, Я.Якавенка, А.Духевач, Т.Лушнікава, Л.Дамарацкая, Л.Малько, В.Якімовіч, С.Варановіч”.

Бюлетэнь інфармацыйнага цэнтра
МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
Распаўсюджваецца на правах унутранай дакументацыі.
Меркаванні аўтараў публікацый могуць не супадаць з думкай рэдакцыі, друкавацца дзеля палемікі. Адказная за выпуск Алена Макоўская. Адрас рэдакцыі:
220050, Рэспубліка Беларусь
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15
zbsb@lingvo.minsk.by