МІЖНАРОДНАЕ ГРАМАДСКАЕ АБ'ЯДНАННЕ "ЗГУРТАВАННЕ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ "БАЦЬКАЎШЧЫНА"
№8(№45)
жнівень-верасень
2005
БЮЛЕТЭНЬ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ЦЭНТРА "БЕЛАРУСЬ АБ'ЯДНАНАЯ"

Змест:

ВІНШАВАННЕ

Гадавіна бітвы пад Воршай
Аршанская бітва – адна з буйнейшых бітваў Еўропы XVI ст., адбылася 8 верасня 1514 года недалёка ад Аршанскага замка, у ёй з двух бакоў удзельнічалі 110 тысяч чалавек. 30-тысячнае беларуска-літоўска-польскае войска і апалчэнне Вялікага Княства Літоўскага пад камандаваннем гетмана Канстанціна Астрожскага перамаглі ў бітве 80-тысячнае рускае коннае войска з баяр і “людзей вайсковых” на чале з князем Булгакавым-Голіцам і князем Чалядніным. Мужнасць нашых продкаў дала магчымасць захаваць цэласць Вялікага Княства Літоўскага і вярнуць захопленыя Маскоўскай дзяржавай Дуброўну, Мсціслаў і Крычаў.
З пачатку 90-х гадоў ХХ ст. дзень Аршанскай бітвы адзначаецца як Дзень беларускай вайсковай славы.
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” віншуе ўсіх з Днём беларускай вайсковай славы і зычыць веры і мужнасці, з якой адстойвалі сваю дзяржаву і культуру нашыя прашчуры!


НАВІНЫ МГА “ЗБС “БАЦЬКАЎШЧЫНА”

“Там, дзе сэрца маё”
У выдавецтве “Беларускі кнігазбор” пабачыла свет шостая кніга з серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны”, заснаванай МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” ў 2004 г. Яна мае назву “Там, дзе сэрца маё”. Кнігу складаюць артыкулы, эсэ, пераклады і аповеды Ірыны Верабей, што нарадзілася ў 1959 г. у Мінску і зараз, з 1999 г., жыве ў Таронта (Канада). Пісьменніца з’яўляецца сакратаром Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтва ў Канадзе, сябрам рэдкалегіі газеты “Беларускае слова”. Аўтарка друкавалася ў часопісе “Дзеяслоў” (Беларусь) і газеце “Беларусе” (ЗША).
У кнізе робіцца спроба асэнсаваць некаторыя моманты жыцця чалавека і Бацькаўшчыны. “Цымусам” кнігі з’яўляецца аповед “Брат родны. Брат малочны”, прысвечаны яе любаму – Алесю, які заўчасна памёр у 1996 годзе... Вельмі высока ацаніла творчасць пісьменніцы славутая Вольга Іпатава ў сваёй прадмове...
“Наша слова”. 2005. 31 жніўня.

“Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы”
Па замове МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” ў выдавецтве Зміцера Коласа выйшла другое, дапоўненае, выданне кнігі “Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы”.
У аўтарскі калектыў уваходзілі вядомыя дзеячы культуры і навукі Беларусі. Сярод іх доктар гістарычных навук Міхась Біч, доктар юрыдычных навук Язэп Юхо, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, экс-прэзідэнт МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Радзім Гарэцкі і іншыя. Рэдакцыйная калегія складалася з такіх выбітных прадстаўнікоў беларускай культурнай эліты як пісьменнік Уладзімір Арлоў, доктар гістарычных навук Анатоль Грыцкевіч, дырэктар Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтва ў ЗША доктар Вітаўт Кіпель, кандыдат гістарычных навук Павел Лойка. Аўтары канцэпцыі: Барыс Стук, намеснік старшыні Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, і Ганна Сурмач. Пераклад на англійскую мову зрабіў Андрэй Бурсаў.
У кнізе адлюстраваны гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы ад старажытных часоў да нашых дзён. У змест уключаны тры вялікія раздзелы: нацыя, дзяржаўнасць, культура. Акрамя таго, змешчана вялікая колькасць дакументаў і матэрыялаў – ад урыўкаў з “Аповесці мінулых гадоў” да сучасных дакументаў, якія былі прыняты на трох з’ездах беларусаў свету.
У выданні асобным раздзелам выкладзена гісторыя Беларусі ў табліцах і схемах, змешчаны спіс вышэйшых дзяржаўных асобаў Беларусі на розных этапах гісторыі, маюцца раздзелы, прысвечаныя беларускім нацыянальным сімвалам, беларускай дыяспары, храналогіі галоўных падзеяў і дат у гісторыі нашай Бацькаўшчыны. Выданне багата ілюстравана фотаздымкамі, малюнкамі, картамі.
Кніга “Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы” надрукавана на беларускай і англійскай мовах, што робіць яе дастаткова прэзентатыўнай.
Выданне кнігі сталася магчымым дзякуючы падтрымцы і дапамозе сп. Ірэны Каляды-Смірновай – беларускі, мецэнаткі з ЗША.
Алена Сідаровіч

“Каб сведчылі пра Беларусь”
Так называецца кніга ўспамінаў Марыі Ганько, што нядаўна выйшла ў серыі, заснаванай МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”. Гэтая серыя вяртае імёны і добрыя справы беларусаў замежжа, якіх пасляваенны лёс рассыпаў па свеце. Спадарыня Марыя змагла напісаць кнігу не толькі пра жыццё і дзейнасць свайго мужа Міколы Ганько, але і пра беларусаў Канады, пра іх нялёгкі выгнанніцкі лёс, грамадскія і сямейныя справы многіх нашых суайчыннікаў. Кніга чытаецда з надзвычайнай цікавасцю.
У кнізе Марыі Ганько сабраныя не толькі ўласна ўспаміны пра мужа, сумеснае шчаслівае жыццё, аповеды сяброў, артыкулы і дзённік самога Міколы, але і шматлікія дакументы, лісты, а ў дадатку падаюцца звесткі пра вядомых беларускіх дзеячаў і беларускія арганізацыі замежжа, якія згадваюцца у кнізе. Выдатная беларуская мова, эмацыянальная насычанасць, сардэчнае цяпло падачы матэрыялу ў адпаведнай храналогіі – усё гэта выклікае моцнае пачуццё суперажывання і разумення ў чытача. Лёс і дзейнасць Міколы Ганько пасля прачытання гэтай кнігі паўстаюць узорам сапраўднага служэння беларускай нацыянальнай ідэі.
Кніга дае інфармацыю пра многія бакі жыцця і дзейнасці нашых суайчыннікаў: як яны выжывалі ў першыя гады ў невядомым, чужамоўным свеце, як дапамагалі адзін аднаму, засноўвалі касы ўзаемадапамогі, набывалі агульную маёмасць, засноўвалі царкоўнае жыццё (БАПЦ), беларускі выдавецкі фонд, выдавалі газеты, часопісы, кнігі, наладжвалі кантакты з іншымі суполкамі беларусаў у розных правінцыях Канады, сустрэчы з беларусамі ЗША, Згуртаваннем беларусаў Аргентыны, адзначалі нацыянальныя святы і, найперш, Дзень 25 Сакавіка, праводзілі розныя імпрэзы, выставы, дзе заўсёды вывешваўся бела-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня, якія спрэчкі адбываліся, творы якіх беларускіх пісьменнікаў чыталі, якія вершы вывучалі і якія песні спявалі, як арганізоўвалі дапамогу дзецям Чарнобыля і шмат, шмат іншых справаў.
Кніга прываблівае і сваім афармленнем. Старонкі яе аздоблены шматлікімі фотаздымкамі, копіямі дакументаў. Нашыя землякі вяртаюцца на Бацькаўшчыну з небыцця ўжо ў кнігах, якія трэба ведаць і чытаць.
Лідзія Савік

“Эквівалент”
Сёмай кнігай у серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” стаў 412-старонкавы зборнік эміграцыйнай гістарычнай прозы “Эквівалент”. У кнігу ўвайшлі 15 твораў: апавяданні Уладзіміра Сядуры-Глыбіннага, Янкі Юхнаўца, Уладзіміра Дудзіцкага, Міколы Цэлеша, Сяргея Хмары “Аб багох крывіцкіх сказы”, ужо хрэстаматыйныя эсэ Ю.Віцьбіча “Мы дойдзем” і навела А.Адамовіча “Афрадыта – ОСТ”. Выдрукавана і адзіная вядомая частка рамана Уладзіміра Шнэка (Случанскага) “Драбы”. Назву зборніку дало надрукаванае ў ім апавяданне Васіля Быкава.
“Сабраныя тут творы... нарэшце вяртаюцца на Беларусь. Толькі яны ніколі яе не пакідалі”, – піша ў прадмове да зборніка ўкладальнік кнігі Лявон Юрэвіч.
Па пытаннях набыцця звяртайцеся на адрас: zbsb@lingvo.minsk.by
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

НАВІНЫ

Антверпен, Бельгія
У Беларускай царкве ў Антверпене адбылася ўрачыстая Боская Літургія, падчас якой адмыслова былі ўзнесеныя малітвы за дзяцей і ўсіх, хто распачынае новы навучальны год. У сваім казанні айцец-парах Ян Майсейчык засяродзіў увагу на словах Хрыста: “Пусціце дзяцей прыходзіць да мяне...”, зазначыўшы, што ў сённяшні дзень для нашых дзяцей створана вялікае мноства перашкодаў на дарозе да Бога.
Пасьля Боскае Літургіі і малітвы да Святога Духа, святар Ян блаславіў кожнага вучня на посьпех у новым навучальным годзе. Таксама кожны атрымаў у блаславенне абразок Маці Божае Жыровіцкае і тэксты малітваў перад навукай і пасля навукі.
www.unija.info

Герліц, Германія
У бібліятэцы Верхнялужыцкага навуковага таварыства знайшлі беларускую Біблію эпохі Рэфармацыі ў перакладзе беларускага гуманіста Францыска Скарыны. Як распавялі ў пасольстве Германіі ў Беларусі, Біблія на 1316 старонках была надрукавана ў Празе ў 1517–1519 гадах. З усіх друкаваных выданняў Скарыны на сённяшні дзень вядомы 258 асобнікаў.
inf.by/library

Лiепая, Латвія
Воcь ужо другi тыдзень як беларусы ў Лiепаi могуць глядзець мiжнародны спадарожнікавы тэлевiзiйны канал “Беларусь ТВ”. Аб гэтым паклапацiлася мясцовая кампанiя “Elektrons&K”. Як адзначыў дырэктар кампанii “Elektrons&K” Валерый Рыгоравiч Коваль, прапановаў з суседняй дзяржавы доўга не было. А як толькi атрымалi, адразу ж абмеркавалi магчымасцi вяшчання з кiраўнiкамi беларускай суполкi Лiепаi “Мара”. Сышлiся ў думках, што канал будзе запатрабаваны.
“Латвійскае Таварыства беларускай культуры “Світанак”

Познань, Польшча
3 верасня ў Познані адбыўся канцэрт беларускага гурта N.R.M. Разам з Варшавай, Вроцлавам і Беластокам Познань стаў адным з гарадоў, якія ўвайшлі ў польскую трасу гурта. Канцэрт быў прымеркаваны да 25-й гадавіны паўстання Салідарнасці. Калі музыкі сыходзілі, публіка некалькі разоў праскандавала “Вольна Бялорусь” і “Дзенькуемы”. На працягу ўсяго канцэрта N.R.M. падтрымлівалі шматлікія сябры Беларускага культурна-асветніцкага цэнтра ў Познані, якія разгарнулі бел-чырвона-белыя палотнішчы. Увесь канцэрт трансляваўся польскай рэгіянальнай тэлевізіяй і познаньскімі радыёстанцыямі.
Віталь Воранаў

Падляшша, Польшча
У гэтым навучальным годзе родную мову будуць вывучаць каля чатырох тысяч польскіх беларусаў, якія жывуць у Падляшскім ваяводстве (адміністрацыйны цэнтр Беласток). Пра гэта паведамляе Польскае радыё.
Беларуская мова выкладаецца прыкладна ў 20 базавых школах, 10 гімназіях і двух ліцэях у Бельску-Падляшскім і Гайнаўцы — гарадах, што размешчаны недалёка ад беларускай мяжы (на стыку Берасцейскай і Гарадзенскай абласцей). У частцы гмін абодвух паветаў беларускую як родную вывучаюць ад 30 да 100 працэнтаў вучняў. У самім Беластоку, дзе, паводле афіцыйных звестак, жывуць сем тысяч этнічных беларусаў, беларускую мову вывучаюць крыху больш за 70 дзяцей.
Паводле “Нашага слова”

Варшава, Польшча
У Варшаве паўстане “Беларускі цэнтр”, дзе будзе размяшчацца сярод іншага і незалежная беларуская радыёстанцыя, паведамляе Варшаўская газета “Zycie Warszawy”. Рэалізацыяй праекту зоймецца Марэк Буцька, былы намеснік польскага амбасадара ў Беларусі, выкінуты са згаданай краіны ў траўні. Паводле яго словаў, у “Беларускім цэнтры”, званым таксама “Усходнім домам”, будуць праходзіць, між іншым, лекцыі па гісторыі Беларусі. Адносна размяшчэння ў цэнтры незалежнай беларускай радыёстанцыі канчатковае рашэнне пакуль не было прынятае. Беларускі цэнтр будуць ствараць улады Варшавы і няўрадавыя арганізацыі. “У цэнтры знойдзецца месца як для беларусаў, так і для палякаў з Беларусі,” – падкрэсліў Марэк Буцька.
Паводле “Polskie radio “Polonia”

Гданьск, Польшча
У Таварыстве беларускай культуры "Хатка" адбылося справаздачнае пасяджэнне. Разглядалася дзейнасць ТБК за чэрвень 2001 – чэрвень 2005 г. У гэты час дзейнасць зводзілася да арганізацыі сустрэчаў, прамоцыі беларускай культуры сярод жыхароў Памор'я, арганізацыі турыстычных вандровак.
Таварыства беларускай культуры "Хатка" штогод ладзіць святкаванне ўгодкаў Беларускае Народнае Рэспублікі, якое традыцыйна ўжо звязана з ускладаннем кветак на магіле Лукі Дзекуць-Малея. Адбыліся прэзентацыі кніг, канцэрты, прэзентацыя фільма “Драматычны шлях драматурга” Таццяны Дубавец з Вільні пра Францішка Аляхновіча. Варта згадаць пра канцэрты гурта “Ліцьвіны” ў Гданьску i Эльблонгу, “Рімы” з Гарадка, хору “Унія” з Мінска, “Маланкі” з Бельска-Падляшскага. Намаганнямі Таварыства быў пастаўлены помнік Андрэю Вангіну на могілках у Гневе. Генадзь Бібілa з Кашаліна выканаў памятную табліцу, прысвечаную А.Вангіну, якая чакае адкрыцця. Таварыства разам з Генеральным Консулам Рэспублікі Беларусь у Гданьску M.Аляксейчыкам звярнуліся да ўладаў горада Гданьска з ідэяй паставіць памятны камень пры вуліцы Янкі Купалы ў Гданьску, зараз ёсць згода Рады горада Гданьска i зацьверджаны праект камня i шыльды пра Янку Купалу.
З нагоды 120-х угодкаў нараджэння зладзілі вечар прысвечаны Янку Купалу ў Прушчы Гданьскім, на 100-я угодкі нараджэння – вечар прысвечаны Міколу Дварэцкаму, 125-я угодкі нараджэння – вечар Гасана Канапацкага, 110-я угодкі нараджэння – вечар Альбіна Стэповіча, на 115-я угодкі нараджэння – вечар Kaзімipa Сваяка. Таварыства адкрыла выстаўку “Беларусь у аб’ектыве сопацкіх студэнтаў” ва ўправе горада Сопата.
Таварыства ўдзельнічала ў мерапрыемствах, ладжаных Генеральным консулам РБ у Гданьску: прэзентацыя беларускага кіно (дзе Таварыства звярнулася да дырэктара “Беларусьфільму” з пратэстам супраць рускамоўнасці беларускіх фільмаў), адкрыццё выставы працаў студэнтаў Беларускай Акадэміі Мастацтва з Мінску, адкрыццё выставы працаў Марка Шагала, канцэрт беластоцкага беларускага гурта “Прымакі” і інш.
Падсумоўваючы, трэба сказаць, што дзейнасць Таварыства трымаецца на энтузіязме некалькіх асоб. На сучасным этапе дзейнасці нельга дазволіць, каб таварыства перастала існаваць, хаця б з увагі на захаванне беларускай сведамасці i прысутнасці на Памор’і.
Лена Глагоўская,
старшыня Таварыства беларускай культуры “Хатка”

Грабарка, Польшча
30 тыс. вернікаў наведала святую гару Грабарку, праваслаўны санктуар на Падляшшы. Сёння ўжо завершыліся святкаванні праваслаўнага Спаса. Галоўную Літургію вёў галава праваслаўнай царквы ў Польшчы мітрапаліт Сава. На святую гару прыбылі вернікі з усёй Польшчы і з розных куткоў свету. І не толькі праваслаўныя. Вернікі пакідаюць на дрэвах ля крыніцы тысячы хустак. З калодзежа ля крыніцы вернікі бяруць ваду, нават па некалькі бутэлек, вязуць яе дадому. Цягам двух дзён сьвята на Грабарцы стаялі чэргі да калодзежа. Рэкордная колькасць паломнікаў на Грабарцы – 50 тыс. – зафіксавана ў 2000 годзе.
Паводле “Polskie radio “Polonia”

Гайнаўка, Польшча
Святкаванне “Дня беларускага хлеба”, якое адбылося ў Музеі і асяродку беларускай культуры ў Гайнаўцы, праходзіла ў рамках праекта „Культура на музейных сходах”. Раней у музеі паказваліся даўнія рамёствы, характэрныя для Гайнаўшчыны. Можна было дазнацца, як вырабляліся ільняныя кашулі, прадметы з лазы і дрэва. Жанчыны з Арэшкава на мерапрыемства прывезлі жытні хлеб, спечаны паводле даўніх рэцэптаў. Людзі падыходзілі да вялікага стала, на якім побач боханаў хлеба ляжалі макоўнікі, мазуркі, белыя піражкі і бусліныя лапы. Старэйшыя жанчыны, якія маладосць правялі на вёсках, разважалі пра рэцэптуры, якія прымяняліся ў час падрыхтоўкі да пячэння пірожных вырабаў. Сабраным хацелася пакаштаваць вясковага хлеба і піражкоў.
“Ніва”. 2005. 28 жніў.

Масква, Расія
10 верасня Грамада беларускае культуры наладзіла сустрэчу з вядомым беларускім гісторыкам Захарам Шыбекам. Сустрэча была прымеркаваная да чарговых угодкаў Аршанскае бітвы. Спадар Шыбека прачытаў лекцыю па тэме “Беларускія паўстанні ў ХІХ-м стагоддзі” і адказаў на пытанні слухачоў. Сустрэча адбылася а 13-й гадзіне ў памяшканні аддзелу нацыянальных культураў Някрасаўскай бібліятэкі.
Захар Шыбека – доктар гістарычных навук, прафесар Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта, аўтар кніг “Мінск: старонкі жыцця дарэвалюцыйнага горада”, “Гарады Беларусі: 60-я гады ХІХ ст. – пачатак ХХ ст.”, “Нарыс гісторыі Беларусі. 1795–2002”.
Паводле “Беларуская Масква” і www.zbmz.org

Нью-Ёрк – Іркуцк
Адной з важных мэтаў IV З’езда беларусаў свету было наладжванне кантактаў і супрацоўніцтва паміж беларусамі розных краін і кантынентаў. Нью-ёркская газета “Беларус” (жнівень 2005 г.) у артыкуле “Беларусы Сібіры – беларусы ЗША” паведамляе, што на пленарным пасяджэнні IV з’езда беларусаў свету Алег Рудакоў, старшыня Іркуцкага Таварыства Беларускай Культуры імя Я.Чэрскага ўзнагародзіў др. Вітаўта Кіпеля адзнакай Таварыства за супрацоўніцтва і дапамогу матэрыяламі пра Яна Чэрскага ў часы заснавання арганізацыі.
Др. Вітаўт Кіпель падчас працы геолагам надрукаваў шмат матэрыялаў пра Я.Чэрскага ды ягоныя заслугі ў вывучэнні геалогіі Сібіры. Дзякуючы за ўзнагароду, др. В.Кіпель падкрэсліў патрэбу наладжвання трывалейшых сувязяў паміж беларусамі свету.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”


КНІЖНАЯ ПАЛІЧКА

Энцыклапедыі пра беларусаў
The Encyclopedia of CHICAGO. Edited by James R, Grossman et al. The University of Chicago Press, 2004. 1117 p. Illustrations.
The Encyclopedia of NEW YORK STATE. Edited by Peter Eisenstadt. Syracuse University Press. 1921 p. Illustrations.
У абедзвюх энцыклапедыях др. Вітаўт Кіпель знаёміць чытача з беларускім жыццём, піша пра пачаткі яго ў канцы ХІХ-га стагоддзя, тлумачыць асаблівасць амерыканскай статыстыкі, якая тады абагульняла беларусаў у іншых катэгорыях – “расейскай” (праваслаўныя) і “польскай” (католікі).
Чытачу падаюцца даты арганізацыйных ініцыятываў беларускіх імігрантаў, назовы арганізацыяў, цэркваў, іх палітычная ды ідэйная характарыстыка.
“Беларус”. 2005. жнівень

“Іх МРОЯ. Іх N.R.M.”
“Іх МРОЯ. Іх N.R.M.” – вось такую я кнігу напісаў. Спадзяюся, шмат каму будзе цікава. Тым, хто не выбіраецца з Масквы ў Мінск, кнігу можна будзе набыць па замове праз пошту info@maskva.com Біяграфічная кніга склала каля 400 старонак. У кнізе шмат архіўных здымкаў ды іншых ілюстрацыяў, у тым ліку такія рарытэты, як чарнавікі песень, тагачасныя квіткі на канцэрты “Мроі”, публікацыі ў савецкіх яшчэ газетах. Кніга ўтрымлівае ўсе тэксты N.R.M. і амаль усе тэксты “Мроі”.
Віктар Дзятліковіч (Паводле “Беларуская Масква”)

“Запісы БІНіМ”
Выйшаў з друку 29-ы нумар “Запісаў БІНіМ”. У гэтым нумары – артыкулы Лявона Юрэвіча “Гісторыя заснаваньня Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва ў дакумэнтах і паведамленьнях” і “Шматгалосы эпісталярыюм”, Вітаўта Кіпеля “З архіўных тэчак БІНІМу”, Сяргея Запрудскага “Станіслаў Станкевіч як літаратурны крытык”. Друкуецца пераклад Леаніда Галякі “Трышчана ды Іжоты” Ж. Бэдзье, вершы Янкі Юхнаўца і бібліяграфія перакладаў беларускіх твораў на нямецкую Гундулы і Уладзіміра Чапегаў. У раздзеле “Архіваліі” – “Жыцьцяпіс” прэлата П.Татарыновіча, апісанне архіву Н.Арсенневай Янкам Запруднікам. Усяго 260 старонак.
Па пытаннях набыцця звяртайцеся на адрасы: hardzijenka@tut.by ці lyurevich@nypl.org
“Беларус”. 2005. жнівень

Энцыклапедыя “Вялікае Княства Літоўскае”
У кнігарнях Беларусі з’явіўся першы том энцыклапедыі “Вялікае Княства Літоўскае”. Кніга выйшла ў выдавецтве “Беларуская энцыклапедыя” накладам усяго 3 000 асобнікаў. Выданне поўнаколернае, папера дыхтоўная, а кошт варты таго – 52 500 рублёў. Пры такім кошце можна хіба што парадавацца, што энцыклапедыя толькі двухтамовая.
“Наша слова”. 2005.31 жніў.

“Катэхізіс”
Значэнне “Катэхізіса”, выдадзенага ў 1561 г. у Нясвіжы Сымонам Будным, цяжка пераацаніць. Гэта была першая беларуская кніга, надрукаваная на тэрыторыі цяперашняй Беларусі (прыгадаем, што выданні Францішка Скарыны пабачылі свет у Празе і Вільні, а крыху ранейшыя за “Катэхізіс” брэсцкія кнігі былі на лацінскай і польскай мовах). Гэта быў маральны кодэкс для тагачаснай шляхецкай эліты. Стараннем навукоўца Антона Акінчыца і дырэктара выдавецтва “Юніпак” Валерыя Дубоўскага выйшла другое выданне нясвіжскага рарытэта. У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася прэзентацыя знакамітага тварэння Сымона Буднага. Аптымістычна прагучалі на прэзентацыі словы Сяргея Хоміча, епіскапа царквы пратэстанцкай веры евангельскай: “Залаты век, які панаваў у нашым грамадстве ў часы Буднага, абавязкова паўторыцца!”
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”


КОНКУРСЫ

Конкурс публікацый
Паўночна-Амерыканская Асацыяцыя Беларусаведных студыяў разам з сям’ёй вечнай памяці Зоры Кіпель з задавальненнем паведамляюць пра заснаванне дзвюх грашовых прэмій: $500 за лепшую кнігу і $200 за лепшы артыкул на беларусаведную тэму. Прымаюцца да разгляду публікацыі 2002 – 2005 гадоў на беларускай ці англійскай мовах. Тэматычна публікацыі могуць ахапляць літаратуру, мовазнаўства, гісторыю і палітыку. Друкі, якія ўдзельнічаюць у конкурсе, будуць разглядацца спецыяльнай камісіяй Асацыяцыі Беларусаведных студыяў. Удзельнікі конкурсу мусяць прыслаць свае друкі да 1 студзеня 2006 года на адрас:
Dr. Curt Woolhiser
Harvard University
Department of Slavic Languages and Literatures
Barker Center 327, 12 Quincy St.
Cambridge, MA 02138-3804
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Конкурс для паэтаў і перакладчыкаў
Агульнапольскі літаратурны квартальнік “Паэтычныя сшыткі” ў Гнезне і Беларускі культурна-асветніцкі цэнтр у Познані аб’яўляюць конкурс для беларускіх паэтаў і перакладчыкаў сучаснай беларускай паэзіі.
Конкурс мае на мэце прэзентацыю выдатных паэтаў і выяўленне найцікавейшых з’явішчаў, якія адбываюцца ў сучаснай Беларусі. Пакліканы арганізатарамі Капітул з прысланага матэрыялу плануе стварыць двухмоўную анталогію. У анталогію вырашана ўключыць творчасць наступных паэтаў: Барадуліна, Бураўкіна, Караткевіча, Стральцова, Купрэева, Разанава, Мінкіна, Галубовіча, Хадановіча, Аркуша, Сыса, Дранько-Майсюка, Адамовіча, Някляева, Гуменюка, Скоблы, Жыбуля, Пацюпы, Акуліна, Морт, Юхнаўца, Артымовіч, Гапеевай. Рашэннем Капітула спіс можа яшчэ папаўняцца. Усіх зацікаўленых просім даслаць нізку з дзесяці да пятнаццаці выбраных перакладчыкам або самім аўтарам вершаў да канца лістапада на адрас рэдакцыі:
“Zeszyty Poetyckie”
Ul. 22 Lipca 77
62-200 Gniezno
Падрабязнасці па пошце: vital.voranau@gmail.com альбо па нумары +48 600-460-130 (Воранаў).
Віталь Воранаў

“Бардаўская Bосень 2005”
Звяз белaрускай молaдзі аб’яўляе адбор на конкурс падчас XII фестывалю белaрускай бардаўскай ды аўтарскай песні “Бардаўская Bосень 2005”, які адбудзецца ў Бельску 28 – 30 кастрычніка.
Kожны ахвотны прыняць удзел у конкурсе павінен даслаць на адрас Звязу стужку або CD з 15 – 20 хвілінамі дэма-запісу сваіх песень. Самыя лепшыя выканаўцы прымуць удзел у конкурсе падчас фестывалю “Бардаўская Bосень 2005”. На дэма-запісы чакаем да 5 кастрычніка пад адрасах:
Zwiazek Mlodziezy Bialoruskiej
Ul. Lipowa 4 p.221
15-427 Bialystok
slonko.com.pl


АБ’ЯВЫ

Сайт Беларускага цэнтра
1 верасня аднавіў сваю працу афіцыйны сайт “Беларускі культурна-асветніцкі цэнтр у Познані”. Кіраўніцтва Цэнтра сардэчна запрашае наведаць сайт і сачыць за навінамі жыцця беларусаў Познані. Адрас сайта – www.bkac.republika.pl
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Прыём абітурыентаў
Еўрапейскі гуманітарны універсітэт у выгнанні (Вільня) абвясціў прыём абітурыентаў на вочную форму навучання на 2005/2006 навучальны год (бакалаўрскія і магістэрскія праграмы). Сярод гэтых праграм вылучаецца бакалаўрская праграма па гісторыі і культурнай антрапалогіі (беларусістыка), выкладанне на якой цалкам беларускамоўнае. У перспектыве гэтая праграма мусіць стаць асновай факультэта гісторыі і культурнай антрапалогіі.
www.nn.by

Тэатр Якуба Коласа – у ЗША
У сярэдзіне кастрычніка сёлета ў Амерыку прыедзе Нацыянальны Тэатр Якуба Коласа з Віцебска. Гэты тэатр беларускамоўны, ён з’яўляецца адным з найлепшых у Беларусі.
Тэатральная група, разам 13 асобаў, ужо маюць прызначаныя выступы ў Бостане. Яны дадуць там дзве пастаноўкі. Да выступу тэатру прымеркаваны сімпозіум у Гарвардскім універсітэце, прысвечаны праблемам беларускай культуры. Таксама ўжо робяцца планы для выступаў у Кліўлендзе. Тэатральная група спыніцца ў Нью-Ёрку на некалькі дзён. Яны вельмі зацікаўленыя выступіць у Нью-Ёрку, і ў гэтым ім патрэбная нашая дапамога. Плануецца ўрачыстае спатканне акцёраў, калі яны прыедуць у Нью-Ёрк. Таму трэба абмеркаваць мажлівасці начлегу для групы на некалькі дзён, знаёмства іх з цікавымі мясцінамі Нью-Ёрка і г.д. Дзеля гэтага склікаецца спецыяльны сход зацікаўленых людзей.
Запрашаем усіх дапамагчы ў гэтым надзвычай цікавым і вартым мерапрыемстве і прыйсці на сход, каб разам абмеркаваць усе неабходныя пытанні.
Сачыце за навінамі на сайце Беларуска-Амерыканскага Задзіночання:
www.baza-belarus.org
“Беларус”. 2005. жнівень

Кубак дыяспар!
Набіраем каманду для ўдзелу ў Кубку дыяспар. Сярод “спартыўнай” часткі нашае дыяспары ўзнікла ідэя заявіцца на турнір нацыянальных дыяспар Масквы, што праводзіць Міжнацыянальная футбольная ліга. Зараз поўнаю хадою ідзе чэмпіянат Масквы сярод дыяспар, а праз некалькі месяцаў будзе праводзіцца зімовы кубак. Для заяўкі на турнір варта сабраць 18-20 чалавек, бо ясная справа, што не ўсе змогуць прыязджаць на кожны матч. Жадаючых запрашаюць выходзіць на сувязь з Віктарам Дзятліковічам праз пошту info@maskva.com альбо праз мабільны тэлефон 7998497 (Масква). Абмеркаваць прапанову можна на форуме сайта “Беларуская Масква” – www.maskva.com
Паводле “Беларуская Масква”

Памятны знак “Сябрам”
Памятны знак знакамітым беларускім “Сябрам” з’явіцца на “Плошчы зорак” у Маскве. Юбілейны вечар ансамбля “Сябры” пройдзе 22 снежня 2005 года ў Дзяржаўнай цэнтральнай канцэртнай зале “Расія”.
Гэта будзе чацвёртая па ліку цырымонія на знакамітай плошчы, якая адбудзецца ў гонар беларускіх майстроў эстрады. Да гэтага тут былі закладзены зоркі Ігара Лучанка, Уладзіміра Мулявіна, Міхаіла Фінберга.
Урачыстая цырымонія закладання зоркі ансамбля “Сябры” стане, па сутнасці, фінальным акордам усяго гастрольнага тура, які правёў калектыў па гарадах Расіі з нагоды свайго 30-годдзя.
Паводле “Голаса Радзімы”

N.R.M. у Германіі
3 і 4 кастрычніка адбудуцца два канцэрты N.R.М. у Берліне, 7 кастрычніка – у Дрэздэне. Беларускі гурт N.R.M. упершыню дае тры канцэрты ў Германіі.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”


АКТУАЛЬНАЯ ТЭМА

Алег Гардзіенка,
даследчык гісторыі беларускай дыяспары, журналіст

Беларуская дыяспара. Сучасныя праблемы і перспектывы

Дыяспара. Дыяспара – гэта не проста “кавалак” аднаго народу, які пражывае ў іншай краіне, гэта этнічная супольнасць, што валодае асноўнымі рысамі нацыянальнай адметнасці народу – мовай, культурай, самасвядомасцю. Яна захоўвае гэта праз арганізацыйныя формы функцыянавання – ад групаў, кшталту зямляцтваў, і да наяўнасці грамадскіх, нацыянальна-культурных і палітычных рухаў. Таму панятак дыяспара можна выкарыстоўваць толькі ў дачыненні да вызначанага шэрагу краінаў, дзе ёсць арганізаваныя формы беларускай этнакультурнай прысутнасці – грамады беларусаў. Беларускія суполкі дзейнічаюць больш чым у 25 краінах: дзяржавах СНД, Балтыі, у Аўстраліі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, Галандыі, ЗША, Канадзе, ФРГ, Чэхіі. У дачыненні да гэтых краін магчыма казаць пра наяўнасць структур дыяспары.
Сюды трэба аднесці і беларусаў Беласточчыны, Віленшчыны, Латгаліі, якія да пэўнага часу ўтваралі разам з беларусамі метраполіі цэлы народ, але з палітычных прычын штучна сталі дыяспарай. Для ўсіх беларусаў, што жывуць па-за межамі метраполіі, найбольш пасуе тэрмін беларускае замежжа.
Беларускія дыяспары дзеляцца як паводле геаграфічнай прыкметы, так і паводле часавай. Відавочныя адрозненні існуюць між дыяспарамі на Захадзе і Усходзе – асяродкамі беларусаў у Паўночнай Амерыцы, Аўстраліі, Еўропе, якія арганізаваліся пасля ІІ сусветнай вайны, і дыяспарамі ў постсавецкіх і некаторых еўрапейскіх краінах, якія ўтварыліся ў 1990-х гадах у іншых гістарычных умовах.
Колькасць беларусаў у замежжы. Раней лічылася, што па-за межамі Беларусі пражывае да 3,5 млн. беларусаў. Лічба базавалася як на перапісах насельніцтва, так і на прыкладных ацэнках, часам перабольшаных. Аднак звесткі, якія трывала ўвайшлі ў новыя энцыклапедыі, састарэлі. Апошнім часам назіраецца няўхільнае змяншэнне колькасці беларусаў. Старэйшае пакаленне, хваля паваеннай эміграцыі – фізічна вымірае, а іх дзеці і ўнукі ці прадстаўнікі новай хвалі эміграцыі асімілююцца.
Так, колькасць беларусаў у Санкт-Пецярбургу зменшылася за перыяд 1999 – 2004 гг. з 85 да 54 тыс. чалавек – на 36%, колькасць беларусаў у Расіі за такі ж перыяд – з 1,2 млн. да 810 тыс. Традыцыйна лічылася, што ў Аўстраліі пражывала каля 10 тыс. беларусаў, аднак перапіс 2002 г. зафіксаваў, што беларусамі запісаліся толькі 483 чалавекі.
На 2005 г. па-за межамі Беларусі пражывала 2,1 – 2,4 млн. беларусаў. Такім чынам па-за межамі метраполіі жыве 20 – 25% усіх беларусаў паводле этнічнага паходжання. Але ў актыўным жыцці – уваходзяць у суполкі, бяруць удзел у святкаваннях – толькі невялікая частка.
Эміграцыя – гэта люстэрка жыцця ў метраполіі, і працэсы, характэрныя для Беларусі – раз’яднанасць, нізкая палітычная актыўнасць, – уласцівыя і для яе.
Найбольшая беларуская грамада жыве ў Расіі — 810 тыс. Ва Украіне 275 тыс., Казахстане – 111 тыс., краінах Балтыі – 153 тыс. (Латвія – 90 тыс., Літва – 42 тыс., Эстонія – 21 тыс.). У ЗША – 600 тыс. (паводле падлікаў В.Кіпеля на пачатак 1990-х).
Энцыклапедыя Беларусі ацаніла лічбу беларусаў у Канадзе ў 110 тыс. Аднак прафесар Атаўскага універсітэта, старшыня Асацыяцыі славістаў Канады Уладзімір Кэй (Кісэлеўскі), аўтар працы, прысвечанай канадцам беларускага паходжання, назваў лічбу на 1960 г. у 30 тыс., падкрэсліўшы пры гэтым, што толькі 4 тыс. лічаць сябе беларусамі. З гэтай лічбай пагаджаецца беларускае пасольства ў Канадзе, дадаючы, што перапіс насельніцтва, які праводзіўся ў 2001 г., даў лічбу 5115 грамадзян беларусаў (звесткі беларускага консула Уладзіміра Матусевіча).
У Вялікабрытаніі, паводле звестак ЭГБ, пражывае каля 20 тыс. беларусаў. Айцец Аляксандар Надсан ацаніў цяперашнюю колькасць беларусаў у 5 тыс. чалавек. У Аргенціне на 2005 г. пражывае 7 тыс. нашых суайчыннікаў. У Бельгіі – каля 2 тыс. беларусаў. Раней было прынята меркаванне, што ў Польшчы (перадусім на Беласточчыне) пражывае каля 300 тыс., аднак апошні перапіс зафіксаваў, што беларусамі запісаліся каля 50 тыс., астатнія палічылі сябе праваслаўнымі палякамі.
Вядзенне падлікаў беларусаў далёкага замежжа – справа цяжкая. Да 1991 г. нашы суайчыннікі ўлічваліся разам з іншымі выхадцамі з СССР. Часы незалежнасці не нашмат паправілі сітуацыі. Міністэрствы статыстыкі Канады, ЗША, Аргенціны ў агульнадаступных публікацыях робяць так званы топ-10, фіксуючы толькі прадстаўнікоў найбольш колькасных дзесяці нацый, што ўязджаюць у краіну. Беларусы ў гэту дзесятку не ўваходзяць і зноў аб’ядноўваюцца ў раздзел “іншыя нацыянальнасці”.
І яшчэ адзін прыкры для беларусаў факт: суседзі беларусаў – рускія, палякі, украінцы – уваходзяць у дзесятку найбуйнейшых дыяспар свету, якія налічваюць па 27, 20 і 9 млн. чалавек. Таму пры невысокім узроўні нацыянальнай свядомасці беларусаў нашы суайчыннікі міжвольна заўсёды траплялі ў поле ўплыву польскай, украінскай ці рускай дыяспар.
Арганізацыі. Створаныя ў магутных асяродках беларускага замежжа (ЗША, Вялікабрытанія, Канада, Аўстралія) арганізацыі дзейнічаюць і да сёння – гэта Беларуска-амерыканскае задзіночанне, Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады, Згуртаванне беларусаў Канады, Згуртаванне беларусаў Вялікабрытаніі, Беларускі культурна-грамадскі клуб у Сіднеі, Федэральная рада беларускіх арганізацый у Аўстраліі і інш.
Беларусы Аргенціны традыцыйна гуртаваліся ў супольныя арганізацыі выхадцаў з СССР. Сённяшнія аб’яднанні беларусаў у гэтай краіне – Культурна-спартовае таварыства “Усход” і “Дняпро” – уваходзяць у склад Федэрацыі аб’яднанняў былых савецкіх грамадзян у Аргенцінскай Рэспубліцы. Крыху іншыя формы супрацоўніцтва ў Бельгіі, дзе арганізацыя “Салідарнасць” аб’ядноўвае трыццаць суполак выхадцаў з былога СССР, у тым ліку і беларускія арганізацыі.
Новыя эмігранты (хвалі 1990-х і пачатку ХХІ ст.) у ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Брытаніі звычайна селяцца ў традыцыйных асяродках беларусаў і далучаюцца да старых эмігранцкіх структур. Аднак у гэтых краінах адкрываюцца новыя цэнтры беларускай прысутнасці. У Канадзе беларусы сталі сяліцца і на заходнім узбярэжжы – Брытанскай Калумбіі.
У кантынентальнай Еўропе эмігранты новай хвалі ствараюць новыя паралельныя структуры. Ствараюцца таксама суполкі ў новых краінах – Галандыі, Гішпаніі, аднаўляецца закансерваванае беларускае жыццё ў старых асяродках – Германія, Чэхія, Аўстрыя.
З канца 1980-х – пачатку 1990-х актывізавалася беларускае жыццё ў рэспубліках СССР. Па распадзе СССР беларусы сталі аб’ядноўвацца ў саюзы для захавання ідэнтычнасці і абароны ўласных правоў.
Але ў актыўным беларускім жыцці бярэ ўдзел невялікі адсотак суайчыннікаў. У Малдове пражывае 20 тыс. беларусаў, тады як у нацыянальныя суполкі ўваходзіць 2300 чалавек. Ва Узбекістане, дзе паводле звестак пасольства пражывае 21 тыс. Беларусаў, дзейнічае толькі Нацыянальна-культурны цэнтр “Світанак”.
Царкоўнае жыццё. Важную кансалідуючую ролю ў жыцці эмігрантаў адыгрывае царква. На эміграцыі былі два кірункі ўласна беларускіх рэлігійных праваслаўных цэнтраў – парафіі, што падпарадкоўваліся Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царкве (Брэдфард, Манчэстэр, Лювен, Таронта – парафія св. Кірылы Тураўскага, Нью-Ёрк, Дэтройт, Гайленд-Парк, Мельбурн, Адэлайда, Перт) і Радзе беларускіх праваслаўных кананічных парафій, падпарадкавання Сусветнаму патрыярхату (Саўт-Рывер, Чыкага, Рычманд-Гіл, Таронта – парафія св. Ефрасінні Полацкай, Манчэстэр, Лондан).
Моцны і аўтарытэтны беларускі асяродак у Чыкага – уніяцкая царква св. Хрыста-Збаўцы – спыніў дзейнасць праз здрабненне беларускай грамады. Працягвае дзейнасць беларуская царква св. апосталаў Пятра і Паўла ў Лондане. Узніклі уніяцкі прыход Уваскрэсення Хрыстова ў Антвэрпене (Бельгія), касцёл св. Барталамея ў Вільні, Беларуская праваслаўная царква ў Львове.
СМІ. Росквіт беларускай прэсы ў замежжы прыйшоўся на канец 1940-х – 1950-я гады, у той час калі скрозь паўставалі суполкі, і формай камунікацыі было стварэнне перыядычных выданняў. Усяго бібліяграфія Вітаўта і Зоры Кіпеляў за ўвесь час зафіксавала 414 беларускіх перыядычных выданняў.
Сёння эміграцыйная прэса ў крызісе, па-за метраполіяй выдаецца пара дзесяткаў газет і часопісаў. Галоўнай газетай беларусаў далёкага замежжа з’яўляецца “Беларус” (Нью-Ёрк). Газета, якой ужо 55 гадоў, выходзіць раз на месяц колькасцю старонак ад 8 да 16 і распаўсюджваецца амаль у 20 краінах свету. На англійскай мове з 1989 г. выходзіць інфармацыйны бюлетэнь-квартальнік Belarusian Review (Юры Станкевіч). Некалькі гадоў таму ў Нью-Ёрку аднавіў выданне “Беларускі час” (Расціслаў Гарошка), але газета чарговы раз патанула ва ўнутрырэдакцыйных разборках. З лістапада 1993 г. у ЗША выдаецца “Беларускі дайджэст” (гал. рэд. Мікола Прускі).
У Таронта ад студзеня 2002 г. раз на квартал стала выходзіць газета “Беларускае слова” (Віялета Кавалёва). Выходзіць “Камунікат Каардынацыйнага камітэту беларусаў Канады” (Р.Жук-Грышкевіч).
Прэсы ў Заходняй Еўропе беларусы, на жаль, не маюць. Хоць яшчэ чатыры гады таму беларусы Туманнага Альбіёну мелі тры выданні “Камунікат ЗБВБ” (1999 – 2001), “Наша місія” (2000–2004), Belarusian News Bulletine (1999–2003). Выключэннем выглядае польскі Беласток, дзе выдаецца газета “Ніва” і некалькі часопісаў.
У Латвіі раз на два месяцы выдаецца “Прамень”. Мінскі “Голас Радзімы” рыхтуе старонку “Беларусы ў Малдове” для газеты “Независимая Молдова”, “Белорусские новости” для Ізраіля.
Больш шырока прадстаўлена беларуская прэса ў Расіі. Так, беларускае пасольства ў Маскве выдае інфармацыйны веснік “Беларусь сегодня” і “Федеральную газету”. У Іркуцку беларусы выдаюць штомесячную газету “Маланка” (наклад 800 асобнікаў), у Навасібірску – газету “Мая Радзіма”, у Краснаярску – бюлетэнь “Калі ласка”. Выходзіць літаратурна-мастацкі і гістарычна-этнаграфічны альманах беларусаў Дона “Мы – славяне” (рэдактар – В.Банцэвіч). ФНКА “Беларусы Расіі” выдае газету з аднайменнай назвай.
Функцыі камунікацыі беларусаў з розных бакоў свету выконваюць мінскія выданні бюлетэнь ЗБС Бацькаўшчына “Беларусы ў свеце” і газета “Голас Радзімы”.
Скарацілася да мінімуму колькасць эміграцыйных часопісаў у далёкім замежжы. Неперыядычна выходзіць “Беларуская думка” (Саўт-Рывер). Аднак аднавілася выданне ў Адэлаідзе часопісу аўстралійцаў – “Новае жыццё”. Часопіс “Запісы Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва” за апошняе дзесяцігоддзе ператварыўся з чыста эміграцыйнага ў супольны нью-ёркска-мінскі праект.
Некаторыя беларускія суполкі на эміграцыі заводзяць свае сайты, так рэгулярна абнаўляюцца сайты газеты “Беларус”, БАЗА, беларусаў у Вялікабрытаніі, “Беларускай Уніі”, панбеларускі партал “Беларуская палічка”.
Спыніла дзейнасць беларускае радыё ў Перце і Сіднеі. У 2003 г. на мясцовым радыё ў Буэнас-Айрэсе на хвалях АМ 1500 была створана радыёпраграма “Славянская зямля” (“Tierra Eslava”), у якой перыядычна гучаць перадачы пра Беларусь. Перадачы пра Беларусь і беларусаў гучаць таксама ў рамках руска-ўкраінска-беларускай радыёпраграмы “Родная зямля”.
У пэўнай ступені функцыі “галоўнага” радыё на эміграцыі выконвае радыё “Свабода”. Сучасныя сродкі сувязі – мабільная сувязь, інтэрнет-вяшчанне, інтэрнет-старонка – дазваляюць дайсці да кожнага слухача і рэспандэнта ў любым кутку свету. Апроч таго, на радыё ёсць спецыяльная праграма “Суайчыннікі”, якая распавядае пра беларусаў ва ўсіх кутках Зямлі.
Дзейнічаюць беларускія секцыі “Радыё Ватыкана” і “Радыё Швецыі”, ад кастрычніка будзе працаваць беларуская секцыя “Нямецкай хвалі”.
Інстытуцыі. Працягваюць дзейнасць Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва, Беларуская бібліятэка і музей Ф.Скарыны ў Лондане, музеі Івана Луцкевіча ў Вільні, М.Багдановіча ў Яраслаўлі, беларускі музей у Сыктыўкары, мемарыяльная кватэра М.Улашчыка ў Маскве, Музей беларускіх перасяленцаў ХІХ ст. у Іркуцку.
У Мельбурне (Аўстралія) працуе парафіяльная бібліятэка БАПЦ, у Рызе – бібліятэка беларускай падставовай школы, Бібліятэка ТБК “Світанак”; у Вільні – бібліятэка ТБК у Літве, бібліятэка “Беларусь” у Кішынёве, асабістая бібліятэка Іны Снарскай у Палтаве, Бібліятэка беларускай грамады ў Львове.
Умовы захавання і перспектывы. Адна з умоваў захавання дыяспары – яе сувязь з Радзімай. У адваротным выпадку, не маючы трывалых сувязяў з Радзімай і пастаяннага прытоку новых эмігрантаў, дыяспара, паступова асіміляваўшыся, знікае. Так, беларусы замежжа валодаюць велізарным культурным, навуковым і эканамічным патэнцыялам. Але яны не могуць стаць дзейным фактарам развіцця Беларусі – ні дыяспара, ні метраполія не маюць між сабой рэальнага ўзаемадзеяння.
Для стварэння больш трывалых сувязяў з беларусамі замежжа неабходна ўвядзенне інстытута двайнога грамадзянства, каб асобы, што адведваюць Радзіму, не пачуваліся тут грамадзянамі другога гатунку і каб у іх не ўзнікала перасцярогі пры перасячэнні мяжы.
Але самая галоўная праблема, што стаіць сёння перад беларускай эміграцыяй, – праблема змены пакаленняў. Старэйшае пакаленне, што пакінула Беларусь у сярэдзіне 1940-х і стварыла цэлы беларускі свет на Захадзе, сыходзіць. Трэба канстатаваць, што беларуская прысутнасць у свеце змяншаецца. Галоўнае пытанне – ці здолее маладое пакаленне пераняць традыцыі, захаваць старыя асяродкі ці арганізаваць новыя. Магчыма, патрэбныя новыя формы арганізацыі беларускага жыцця ў замежжы, інакш на наступным З’ездзе беларусаў свету мы зноў будзем канстатаваць змяншэнне колькасці беларусаў.
Нягледзячы на амаль стогадовую гісторыю існавання беларускіх асяродкаў у замежжы, яны дагэтуль застаюцца мала вывучанымі. Мы маем толькі тры грунтоўныя кнігі, прысвечаныя жыццю беларускай дыяспары ў асобных краінах, – “Беларусы ў ЗША” В.Кіпеля, “Беларусы ў Аўстраліі” Н.Гардзіенкі, “Беларусы ў Канадзе” Я.Садоўскага (на англійскай мове).
Не спрыяе вывучэнню незацікаўленасць дзяржавы і раз’яднанасць беларускіх асяродкаў у свеце. Важным крокам для стварэння агульнай інфармацыйнай базы для навуковага даследавання беларускага замежжа можа стаць Энцыклапедыя беларускай дыяспары, якая будзе ўтрымліваць інфармацыю пра актыўных удзельнікаў беларускага жыцця на чужыне, асяродкі, арганізацыі, выданні і г.д. Праект стварэння такой энцыклапедыі распрацаваны сумеснымі высілкамі БІНіМ і ЗБС “Бацькаўшчына” і надрукаваны ў чэрвенскім нумары “Беларуса”. Для паспяховай рэалізацыі праекта неабходна яго інфармацыйная і матэрыяльная падтрымка з боку ўсіх беларускіх асяродкаў замежжа.
Колькасць беларусаў у замежжы.
1. Аўстралія – 10.000 на 1970-я гг. паводле Беларускай Савецкай Энцыклапедыі (БСЭ). 483 чал. – паводле перапісу насельніцтва Аўстраліі 2002 г. (Гардзіенка Н. “Беларусы ў Аўстраліі”).
2. Аргенціна – 7000 на 2005 год паводле звестак пасольства.
3. Бельгія – 2.000 паводле звестак кіраўніка Беларускага цэнтра Галіны Мацюшынай.
4. Вялікабрытанія – 20.000 паводле ЭГБ, 5.000 паводле ацэнкі а. Аляксандра Надсана.
5. ЗША – 600.000 паводле кнігі Кіпель В. “Беларусы ў ЗША”.
6. Казахстан – 111.926 паводле перапісу 1999 г.
7. Канада - 30.000 паводле В.Кэя.
8. Літва – 42.866 паводле перапісу 2001 г.
9. Латвія – 92.000 паводле Афіцыйнай статыстыкі.
10. Малдова – 20.000 паводле ЭГБ.
11. Польшча – 200.000 паводле ранейшай статыстыкі, 50.000 паводле апошняга афіцыйнага перапісу.
12. Расія – 810.000 паводле перапісу 2002 г.
13. Узбекістан – 21.000 паводле перапісу.
14. Украіна – 275.700 паводле перапісу 2001 г.
15. Чэхія – менш за 10.000, калі не лічыць нелегалаў.
16. Эстонія – 21.363 паводле перапісу 1999 г.


ВАКОЛ ПЫТАННЯ

Мемарандум Прэзідыуму Рады БНР
(вытрымкі)
Прэзідыум Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, разгледзеўшы вынік тэндэру Эўрапейскай Камісіі, паводле якога кантракт на радыёвяшчанне для Беларусі быў перададзены рускай службе радыёстанцыі “Нямецкая Хваля”, зазначае, што пытанне беларускай мовы ёсць неабходнай умовай дэмакратызацыі краіны. У сувязі з гэтым пашырэнне ў Беларусі дэмакратычнай палітычнай культуры на грунце еўрапейскіх стандартаў вымагае заахвочання ў грамадскай свядомасці ўсіх тых аспектаў нацыянальнай спадчыны, што лучаць Беларусь з Еўропай. Гэта кантрастуе са спадчынай савецкай русіфікацыі ў грамадскім жыцці Беларусі, ды з палітыкай сучаснага рэжыму, які, пасля прыходу да ўлады ў 1994 г., дзеля сваіх палітычных мэтаў заахвочвае ды гвалтоўна накідае новую русіфікацыю. Паколькі мовам у Беларусі ўласцівая гістарычна-палітычная матываванасць, выбар мовы не можа быць палітычна-нейтральным. Прэзідыум Рады Беларускай Народнай Рэспублікі заўважае, што названае рашэнне выклікала ў Беларусі рэакцыю пратэсту, асабліва сярод палітычна-актыўнай часткі грамадзтва; гэтае рашэньне шырока разглядаецца як фактар захавання спадчыны савецкай русіфікацыі ў Беларусі і, як вынік, працягу цяперашняй палітычнай стагнацыі.
З увагі на зазначанае вышэй Прэзідыум Рады Беларускай Народнай Рэспублікі:
робіць выснову, што ў цяперашніх умовах праект вяшчання на Беларусь не па-беларуску не будзе эфектыўны ў дасягненні сваіх мэтаў, паколькі канкрэтнае палітычнае значэнне, уласцівае ў рэаліях Беларусі рускай мове, востра супярэчыць сутнасці яе прызначэння.
Прэзыдыюм Рады Беларускай Народнай Рэспублікі выказвае шкадаванне аб рашэньні Еўрапейскай Камісіі ўхваліць радыёвяшчанне для Беларусі ў яго сучасных моўных параметрах ды настойліва заклікае да тэрміновага перагляду гэтага рашэння, каб фармат радыёвяшчання адпавядаў мэтам дасягнення дэмакратыі і свабоды ў Беларусі.
12 жніўня 2005 года

Зварот Чацвёртага з’езда беларусаў свету
“Аб Радыёстанцыі Deutsche Welle”
Канцлеру Федэратыўнай Рэспублікі Германія,
у Бундэстаг Федэратыўнай Рэспублікі Германія,
у Бундэсрат Федэратыўнай Рэспублікі Германія,
да палітычных партыяў Германіі,
у Фонд Адэнаўэра
Шаноўны спадар Канцлер, шаноўнае Спадарства!
Мы, удзельнікі Чацвёртага з’езда беларусаў свету МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, удзячны нямецкаму ўраду і нямецкім грамадскім арганізацыям за спрыянне ў дэмакратызацыі Беларусі і дапамогу ў ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. Выказваем падзяку кіраўніцтву Нямецкага адукацыйнага цэнтра ІВВ (Мінск, Беларусь), дзе адбыўся З’езд.
З’яўляючыся прадстаўнікамі беларускай сусветнай супольнасці, мы вымушаны звярнуцца да Вас, каб выправіць яўнае непаразуменне. У кастрычніку г.г. радыёстанцыя Deutsche Welle пачынае вяшчанне на Беларусь, што несумненна палепшыць інфармацыйнае поле Беларусі. Аднак радыёстанцыя Deutsche Welle плануе весці трансляцыю на рускай мове.
Па апошнім перапісе насельніцтва Рэспублікі Беларусь (1999 г.) 73% жыхароў Беларусі назвалі роднай мовай беларускую, у штодзённым жыцці карыстаюцца беларускай мовай 37% грамадзян Рэспублікі Беларусь. Карыстаючыся рускай мовай у трансляцыі на Беларусь, радыёстанцыя Deutsche Welle будзе спрыяць русіфікацыі беларускага грамадства, далейшай дыскрымінацыі беларускай мовы і знішчэнню падмуркаў нашай культуры.
Радыёстанцыя Deutsche Welle ўжо мае практыку вяшчання на нацыянальнай мове ў краінах постсавецкага лагеру, напрыклад ва Украіне. Спадзяемся, што гэтая практыка захаваецца і будзе развівацца і ў дачыненні да Беларусі.
Беларусы шчыра жадаюць жыць у вольным, дэмакратычным грамадстве, але дэмакратыя ў Беларусі немагчымая без павагі да культуры тытульнай нацыі краіны. Мы жадаем міру і шчасця народу Германіі і спадзяемся на разуменне і спрыянне высокага кіраўніцтва Нямецкай Рэспублікі.
З павагай,
Удзельнікі
Чацвёртага з’езда беларусаў свету
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
Мінск, 16-17 ліпеня 2005 г.

Беларусы Прагі
Мы, прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Чэхіі, хочам выкласці некаторыя свае аргументы ў публічнай дыскусыі на тэму планаванага рускамоўнага вяшчання радыёстанцыі Deutsche Welle на Беларусь.
Выглядае, што рашэнне аб мове свайго вяшчання радыёстанцыя прыняла без дэтальнага аналізу цяперашніх пазіцыяў беларускай і рускай моваў у Беларусі. Руская мова на працягу дзесяцігоддзяў была (і цяпер застаецца) моваю афіцыйнай прапаганды, інструментам палітыкі русіфікацыі беларусаў. Беларускія дзяржаўныя радыё і тэлебачанне, дзяржаўныя газеты ўрэшце рэшт перайшлі на рускую мову.
Мы пішам гэты зварот з Прагі, горада, дзе вялікі выхадзец з Беларусі Францішак Скарына надрукаваў першую Біблію на мове беларусаў. Мы спадзяёмся, што ў сваіх далейшых планах нямецкая радыёстанцыя, таксама як і іншыя аўтары новых беларускіх масмедыя праектаў, будуць больш уважлівыя і разважлівыя ў стаўленні да моўнага пытання.
Ад імя суполкі “Скарына”
ў Чэхіі старшыня суполкі
Алена Коварава,
намеснік старшыні
Уладзіслаў Яньдзюк

Сустрэча ў Еўракамісіі
Прадстаўнікі Беларуска-Еўрапейскага Задзіночання (Бельгія) і Звязу Беларусаў Замежжа (Чэхія) былі запрошаныя ў Брусель на сустрэчу ў Еўрапейскай Камісіі з супрацоўніцай аддзелу ў справах Беларусі, Украіны і Малдовы Дэпартамэнта вонкавых дачыненняў спн. Аннэ Койстынэн. Галоўнай мэтай спаткання было давесці рэакцыю Рады Беларускае Народнае Рэспублікі і арганізацыяў у межах “Беларускай Вуніі” да праблемы рускамоўнага радыёперадавання на Беларусь. У Еўракамісію былі перададзеныя звароты Рады Беларускае Народнае Рэспублікі, Згуртавання Беларусаў у Вялікай Брытаніі і Беларуска-Еўрапейскага Задзіночання (Бельгія) супраць рашэння нямецкае радыёстанцыі Deutsche Welle (Нямецкая Хваля) зарганізаваць новую штодзённую праграму для Беларусі на рускай мове. Былі перададзеныя інфармацыйныя дакументы, у тым ліку заява Рады БНР аб праблеме польскае меншасці ў Беларусі.
Падчас сустрэчы беларускія прадстаўнікі выказалі занепакоенасць недаацэнкай еўраструктурамі беларускае мовы як складніку беларускае дэмакратычнае спадчыны. Спадарыня Койстынэн адзначыла, што рэакцыя беларускай грамадзянскай супольнасці на рашэнне Deutsche Welle пра пачатак рускамоўнага радыёперадавання на Беларусь была нечаканаю для Еўракамісіі. Аннэ Койстынэн паведаміла, што пагадненне пра дапамогу нямецкай радыёстанцыі падпісанае тэрмінам на адзін год, а ў сувязі з тым, што пагадненне ўжо падпісанае, выглядае цяжкім унесці нейкія змены.
На працягу дзеяння дамовы з Deutsche Welle Еўракамісія дапускае магчымасць падрыхтаваць новыя праекты, якія будуць разглядацца з улікам пажаданняў беларускіх палітычных і грамадскіх арганізацыяў стварыць беларускія службы “Нямецкае Хвалі” ці іншых электронных медыяў. З боку нашых арганізацыяў было прапанавана стварыць беларускамоўныя службы замежных радыёстанцыяў з выкарыстаннем патэнцыялу беларускіх журналістаў, што маюць досвед працы ў незалежных сродках масавай інфармацыі.
Iгар Лазарчук

Інтэрнет-версія будзе часткова на беларускай мове
Інтэрнет-версія радыёпраграмы “Нямецкай хвалі”, якая будзе транслявацца на Беларусь, будзе часткова беларускамоўнай. Пра гэта заявіў БелаПАН кіраўнік аддзелу камунікацыяў радыёстанцыі Яганэс Гофман. Гэтае рашэнне прынятае ў сувязі з вялікай колькасцю лістоў, якія прыходзяць на станцыю, у якіх грамадзяне Беларусі асуджаюць ідэю вяшчання на Беларусь на рускай мове.
Прадстаўнік “Нямецкай хвалі” не выключыў, што ў будучыні вяшчанне можа весціся на беларускай мове. “Спачатку мы павінны ўбачыць вынік, ці выкліча гэтая праграма рэзананс у прынцыпе”, – заявіў спадар Гофман.
Першая перадача мае выйсці ў эфір 1 лістапада. Яна будзе транслявацца па паўгадзіны тры разы на дзень, у прамым эфіры – у 18.30, і ў запісе – у 20.30 і ў 22.30. Выпускам праграмы будуць займацца два супрацоўнікі “Нямецкай хвалі” і карэспандэнты ў Беларусі.
Паводле БелаПАН

Заява Рады ТБК Літвы
Таварыства Беларускай культуры ў Літве вітае ініцыятыву рэдакцыі Deutsche Welle з фінансавай дапамогай Еўразвязу распачаць трансляцыю на Беларусь перадач, якія будуць спрыяць дэмакратызацыі беларускага грамадства. Фактычна ў Беларусі адсутнічаюць свабодныя і незалежныя ад уладаў электронныя сродкі інфармацыі.
Разам з тым мы не згодны, каб гэтыя перадачы рыхтавала руская рэдакцыя на рускай мове.
Беларускія ўлады праводзяць татальную русіфікацыю грамадскага жыцця. Руская перадача “Нямецкай хвалі” будзе спрыяць гэтаму антыбеларускаму працэсу.
Зацікаўленасць радыёслухачоў будзе залежыць ад зместу перадач, бо любы жыхар Беларусі разумее па-беларуску, а інтэлектуальны патэнцыял беларусаў дастатковы, каб самім рабіць перадачы актуальнымі і цікавымі на беларускай мове.
Без адраджэння беларускай мовы, гісторыі і культуры не будзе ў Беларусі ні свабоды, ні дэмакратыі.
Прынята на Радзе Таварыства Беларускай культуры ў Літве
6 верасня 2005 года

Адміністрацыйная Рада БЭЗ вітае
Адміністрацыйная рада Беларуска-Еўрапейскага Задзіночання вітае рашэньне “Нямецкай Хвалі” пра стварэнне беларускамоўнае версіі сайта ды выказывае спадзяванне, што гэта будзе першым крокам на шляху стварэння паўнавартаснай беларускай службы, здольнай стаць адной з крыніцаў незалежнае і праўдзівае інфармацыі для беларускага народу.
www.unija.info

У працяг справы
Калі Вы жадаеце звярнуцца да нямецкіх уладаў і выказаць сваё меркаванне наконт падзеі, Вы можаце зрабіць гэта, напісаўшы лісты па наступных адрасах:
Канцлер: Gerhard Schroder
E-mail: internetpost@bundeskanzler.de
Бундэстаг:
E-mail: mail@bundestag.de
Адрас: Deutscher Bundestag, Platz der Republik 1, 11011 Berlin, Germany.
Бундэсрат:
E-mail: bundesrat@bundesrat.de
Адрас: Deutscher Bundesrat, Niederkirchnerstr. 1-4, 10117 Berlin, Germany
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”


ВЕСТКІ

***
А.Лукашэнка узначаліць беларускую дэлегацыю на 60-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, якая пройдзе ў Нью-Ёрку 14 – 16 верасня. Пакуль вядома, што прэзідэнт Беларусі, як і лідэры яшчэ 175 краін, павінны ўзяць удзел у сусветнай сустрэчы на вышэйшым узроўні, якая адбудзецца ў межах Генасамблеі ААН.
Паводле “БР”, БелаПАН і “БДГ-Деловой газеты”

***
Увосень 2005 г. у Мінску мае адбыцца Нацыянальны кангрэс дэмакратычных сілаў, на якім павінен быць абраны адзіны кандыдат ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах 2006 г. Каб атрымаць памяшканне для правядзення кангрэсу, у якім плануецца удзел 750-800 чалавек, арганізатары накіравалі ў органы выканаўчай улады 50 заявак. Аднак не па адным адрасе правесці форум не дазволілі.
“Народная Воля”. 2005. 9 вер.

***
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка нечакана 8 верасня абмеркаваў тэму правядзення кангрэсу дэмакратычных сілаў са старшынёй мінскага гарвыканкама Міхаілам Паўлавым.
“Беларускі рынак”. 2005. 12-19 вер.

***
Мінскія ўлады запэўнілі А.Бухвостава, старшыню аргкамітэту Кангрэсу дэмакратычных сілаў, што падтрымаюць правядзенне апазіцыйнага форуму. Кіраўнік ідэалагічнай управы Мінскага гарвыканкама парэкамендаваў будынак Палацу культуры Мінскага аўтамабільнага завода, дзе ёсць актавая зала на 1000 месцаў, іншыя памяшканні, неабходныя для правядзення Кангрэсу.
“Агенцтва фінансавых навін”. 2005. 13 вер.

***
У Мінску завяршыўся Першы беларуска-расійскі эканамічны форум. Ад Беларусі удзел у ім брала каля дзвюх сотняў чыноўнікаў, у тым ліку кіраўніцтва Беларусі на чале з А.Лукашэнкам. З Масквы і іншых рэгіёнаў Расіі форум наведала каля васьмісот удзельнікаў на чале з прэм’ер-міністрам Міхаілам Фрадковым. На мерапрыемства было выдаткавана каля 140 тысяч долараў. Матэрыялы форуму пацвердзілі: найбольшае зацікаўленне ў ім меў афіцыйны Мінск. А.Лукашэнка, напрыклад, скарыстаў яго трыбуну, каб пераканаць расіян у плённасці той мадэлі эканамічнай інтэграцыі, якая цяпер назіраецца паміж Беларуссю і Расіяй. Стратэгічным накірункам такой інтэграцыі беларускі бок лічыць пашырэнне эканамічных зносінаў з расійскімі рэгіёнамі. У гэтай сувязі Лукашэнка ў часе форуму правёў сустрэчы з шэрагам губернатараў, імкнуўся пераканаць іх працаваць не праз Маскву і федэральны ўрад, а непасрэдна з Мінскам. Што тычыцца незалежных экспертаў, то яны звяртаюць увагу на адну з ключавых праблемаў – увядзенне расійскага рубля на тэрыторыі Беларусі. Менавіта на мінскім форуме прэм’ер Міхаіл Фрадкоў заявіў, што з 1 студзеня наступнага года ніякай валютнай інтэграцыі не будзе.
Радыё “Свабода”. 2005. 9 вер.

***
За тое, што сябрамі Саюза беларускіх пісьменнікаў з’яўляюцца прафесар Варшаўскага універсітэта паэт Алесь Баршчэўскі, празаік і літаратуразнаўца з Масквы Аляксей Каўка, паэтка і журналістка з Палтавы Іна Снарская, публіцыст і навуковец з Санкт-Пецярбурга Валянцін Грыцкевіч ды яшчэ больш за дзесятак выбітных беларускамоўных творцаў, якія жывуць за межамі краіны, Міністэрства юстыцыі пагражае ліквідаваць пісьменніцкую арганізацыю.
Тым не менш Алесь Пашкевіч, старшыня саюза беларускіх пісьменнікаў гаворыць, што нікога выключаць з пісьменніцкай арганізацыі не будуць, таму што сяброўства замежных грамадзян не супярэчыць статуту творчага саюза, зацверджанага ў прадугледжаным заканадаўствам парадку.
“Народная воля”. 2005. 10 вер.

***
Беларусь мае атрымаць ад Расіі дадатковыя ракетныя комплексы для камплектавання трэцяй па ліку брыгады супрацьпаветраных войскаў, якая будзе мець гэтую сучасную зброю. Супраць каго нарошчвае Беларусь свой ракетны патэнцыял?
Беларускае неба ўжо ахоўваюць, у ліку іншых дзве брыгады войск супрацьпаветранай абароны, якія узброеныя ракетнымі комплексамі С-300 расійскай вытворчасці. Гэта амаль чатырыста сучасных расійскіх ракет, здольных перахапіць заходнія крылатыя ракеты. Калі разгорнуць трэцюю брыгаду комплексаў С-300, да 400 ракет будзе дададзена яшчэ амаль 200. Ці патрэбны Беларусі такі моцны супрацьпаветраны шчыт?
Да звестак пра новыя пастаўкі комплексаў С-300 Аляксандр Алесін дадаў, што нядаўна пад Полацкам быў разгорнуты полк, узброены ракетнымі комплексамі С-200. З канца 1990-х гадоў у Беларусі гэтыя ракеты былі на захаванні, і вось зараз да іх вярнуліся. Чаму? Паводле аглядальніка, ракеты С-200 застаюцца эфектыўнай зброяй, бо іх дальнасць большая нават за дальнасць ракетаў С-300. Трэніравацца ў стральбе гэтымі ракетамі можна толькі ў Расіі, дзе ёсць вялікія палігоны. Але гэтая зброя патрабуе майстэрства і звышпільнага абыходжання. Некалькі гадоў таму ва Украіне такой ракетай быў выпадкова збіты ізраільскі авіялайнер.
Паводле Аляксандра Алесіна, новыя часткі супрацьпаветранай абароны, узброеныя расійскімі ракетамі, стануць значным цяжарам для беларускага бюджэту. Нават калі расіяне паставяць ракеты ў Беларусь бясплатна, іх утрыманьне і трэніроўкі ракетчыкаў запатрабуюць шмат мільёнаў долараў штогод.
Радыё “Свабода”. 2005. 12 вер.

***
Па ўзроўню жыцця Беларусь займае 67-е месца з 177 краін. Аб гэтым гаворыцца ў дакладзе Праграмы развіцця ААН “Аб індэксе чалавечага развіцця”, размешчаным 7 верасня на афіцыйным сайце арганізацыі. Рэйтынг складаўся на падставе аналізу дадзеных па сярэдняй працягласці жыцця ў краінах, узроўню пісьменнасці, магчымасці атрымання адукацыі і прыбытках на душу насельніцтва.
Пяты год запар першае месца ў спісе займае Нарвегія. За ёй ідуць Ісландыя, Аўстралія, Люксембург, Канада, Швецыя, Швейцарыя, Ірландыя, Бельгія і ЗША. Балтыйскія рэспублікі ўваходзяць у групу “высокага ўзроўню развіцця”: Эстонія знаходіцца на 38-м месцы, Літва – на 39-м, Латвія – на 48-м.
Краіны СНД, у тым ліку Беларусь, аднесены да групы з “сярэднім уроўнем развіцця”. Расія займае 62-гі радок рэйтынгу, Беларусь – 67-мы, Украіна – 78-мы, Казахстан – 80-ты, Арменія – 83-ці, Туркменістан – 97-мы, Грузія – 100-ты, Азербайджан – 101-шы, Кіргізія – 109-ты, Узбекістан – 111-ты. Апошнія месцы ў рэйтынгу ПРААН у афрыканскіх краінаў. Так, 177-ты радок займае Рэспубліка Нігер.
“Агенцтва фінансавых навін”. 2005. 13 вер.

***
Дазваляльны штамп у пашпарце, без якога беларускі грамадзянін не можа выехаць за мяжу, Канстытуцыйны суд ужо аднойчы прызнаў неканстытуцыйным (парушаючым свабоду перасоўвання). Адбылося гэта тры гады таму. Пры гэтым высокі суд вызначыў і тэрмін, на працягу якога ён дазволіў яшчэ трошкі папарушаць Асноўны закон, – да канца 2005 года.
Трох галоў, аднак, здалося замала. Урад звярнуўся у Канстытуцыйны суд з афіцыйным запытам працягнуць тэрмін увядзення ў дзеянне раней прынятага заключэння. Фармальнай нагодай для звароту стала тое, што падпарадкаваныя Савміну структуры не паспяваюць да канца бягучага года распрацаваць сістэму камп’ютэрнага ўліку “асоб, у дачыненні да якіх дазваляецца абмежаванне правоў на выезд”.
Аднак па словах праграмістаў, праграма такога роду адносіцца да шэрагу найпрасцейшых, і для яе распрацоўкі зусім не патрэбны адведзеныя Канстытуцыйным судом тры гады.
Пры падрыхтоўцы депутацкага запыту памежнікі з адпаведнага Дзяржкамітэта афіцыйна адказалі, што для іх штамп у пашпарце не адыгрывае ніякай ролі. Такім чынам, “за гэтым стаіць адно: грошы, якія хочуць і далей здымаць з нашых грамадзян”, падкрэслівае В.Парфяновіч.
“Народная воля”. 2005. 9 вер.


НАШЫ СТРАТЫ

Памяці Аляксандры Бергман
На сотым годзе жыцця адышла ў вечнасць вядомая даследчыца беларускага нацыянальнага руху ў даваеннай Польшчы, гісторык і публіцыст Аляксандра Бергман. У навуцы Аляксандра Бергман засведчыла пра сябе будучы ў сталым веку. Перад тым прайшла школу жыцця, спачатку ў камуністычным падполлі Заходняй Беларусі, затым у польскіх астрогах і савецкіх канцлагерах.
З 60-х гадоў ХХ ст. на старонках польскага навуковага перыядычнага друку ёю была аўтарытэтна замацавана беларуская тэматыка. Стварыла аб’ектыўную навуковую біяграфію лідэра БСР грамады Браніслава Тарашкевіча, выдадзеную ў Польшчы ў 1977 годзе і перавыдадзеную ў беларускім перакладзе ў 1996 г. у г. Мінску. Напісала цэлую галерэю нарысаў-партрэтаў дзеячоў беларускага руху: Антона Луцкевіча, Уладзіміра Самойлы, Сымона Рака-Міхайлоўскага, Лепольда Радзевіча, Ігната Дварчаніна, Максіма Бурсевіча і інш. Яе аўтарству належыць шэраг артыкулаў пра беларускіх палітыкаў, навукоўцаў у польскім фундаментальным выданні “Slownik biograficzny”. Працы Аляксандры Бергман былі абапёрты на трывалы грунт архіўных матэрыялаў Варшавы, Вільні, Масквы і самавітую аналітыку захопленага аб’ектам увагі даследчыка.
Праца Аляксандры Бергман чакае паўнейшай ацэнкі, а яе імя застанецца назаўсёды ў летапісе беларускай навукі і ў добрай людской памяці.
Арсень Ліс

Памёр Алег Шнэк
16 жніўня 2005 г. у горадзе Мельбурне (Аўстралія) раптоўна памёр грамадскі дзеяч, Старшыня Беларускага Цэнтральнага камітэта ў Вікторыі Алег Шнэк.
Нарадзіўся Алег Шнэк 7 лютага 1930 г. у Расіі. У 1939 г. сям’я вярнулася ў родны Слуцк, дзе і застала іх Другая сусветная вайна. Па заканчэнні вайны сям’я Шнэкаў апынулася ў беларускім лагеры “Ватэнштат”, на англійскай зоне Германіі. У лагеры Алег вучыўся ў Беларускай гімназіі, далучыўся да беларускіх скаўтаў, браў актыўны ўдзел у Беларускім спартовым аб’яднанні.
У траўні 1950 г. Алег разам з сям’ёю прыбыў у Аўстралію. Быў адным з заснавальнікаў Беларускага футбольнага клуба (аддзел Моладзі БВФ), 4 гады гуляў у беларускай футбольнай дружыне “Зубр”.
Пасля выхаду на пенсію стаў вельмі актыўным у беларускім грамадскім жыцці. Належаў да ўсіх беларускіх арганізацыяў у Мельбурне. 3 студзеня 1992 г. прызначаны начальнікам Краёвага Штаба БВФ (на Аўстралію), у 1993 г. быў дэлегатам ад Федэральнае Рады Беларускіх Арганізацыяў на Першым з’ездзе беларусаў свету.
Пахавальны абрад выканаў а. Аляксандр Кулакоўскі. Мясцовая царква БАПЦ не магла змясціць усіх, хто прыйшоў ушанаваць памяць Алега Шнэка. Труна нябожчыка была пакрытая бел-чырвона-белым сцягам. Над магілаю кароткую прамову сказаў Аўген Груша, ды адспявалі жалобны марш “Спі пад курганам герояў”.
Беларуская Грамада Мельбурна страціла шчырага і адданага беларуса, які доўгія гады працаваў і змагаўся за лепшую долю сваёй Бацькаўшчыны.
Вечная памяць,
Аўген Груша,
Старшыня Федэральнай Рады БА

Прамова Аўгена Грушы
Сёння мы прыйшлі, каб ушанаваць памяць, даць развітанне і правесці ў апошні шлях Старшыню Беларускага Цэнтральнага Камітэта ў Вікторыі Алега Шнэка. Алег Шнэк заслужыў павагу і пашану ўсёй беларускай Грамады ў Мельбурне сваёй грамадскай працай на карысць Бацькаўшчыны, якую ён моцна любіў. Ён ніколі не шкадаваў свайго часу, сілы ды матэрыяльных сродкаў для беларускай справы. Як нязломны барацьбіт і верны сын свайго народа змагаўся і адстойваў беларускі нацыянальны гонар.
Братка Алег, вельмі шкада, што ты не дажыў да таго дня і не пабачыў, калі Беларусь стане Вольнай і Незалежнай дзяржавай, у якую ты так моцна марыў і верыў. Спі спакойна дарагі сябра Алег, хай табе сняцца сны пра родныя далі Случчыны, дзе дзяўчаты ткуць залатыя паясы.
Вечная памяць,
Твой сябра
Аўген Груша

Бюлетэнь інфармацыйнага цэнтра
МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
Распаўсюджваецца на правах унутранай дакументацыі.
Меркаванні аўтараў публікацый могуць не супадаць з думкай рэдакцыі, друкавацца дзеля палемікі. Адказная за выпуск Алена Макоўская. Адрас рэдакцыі:
220050, Рэспубліка Беларусь
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15
zbsb@lingvo.minsk.by