МІЖНАРОДНАЕ ГРАМАДСКАЕ АБ'ЯДНАННЕ "ЗГУРТАВАННЕ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ "БАЦЬКАЎШЧЫНА"
№2(№39)
люты
2005
БЮЛЕТЭНЬ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ЦЭНТРА "БЕЛАРУСЬ АБ'ЯДНАНАЯ"

Змест:

ВІНШАВАННЕ

Рыгору Барадуліну – 70!
24 лютага споўнілася 70 гадоў вядомаму беларускаму пісьменніку, грамадскаму дзеячу, сябру Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Рыгору Барадуліну. Ад імя Управы зычым здароўя, шчасця і поспехаў у дзейнасці.
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

У Вільні ў выдавецтве “Gudas” выйшла кніга паэзіі Зелімхана Яндарбіева “Сэрца майго сьвятыня” ў перакладзе Рыгора Барадуліна.


НАВІНЫ МГА “ЗБС “БАЦЬКАЎШЧЫНА”

Чацвёрты з’езд беларусаў свету
Згуртаванне “Бацькаўшчына” працягвае актыўную падрыхтоўку да Чацвёртага з’езду беларусаў свету. У межах гэтай працы падрыхтаваныя і дасланыя лісты да шэрагу міністэрстваў Рэспублікі Беларусь, складаецца спіс дэлегатаў і гасцей З’езду. У суполкі беларускай дыяспары разасланы звароты з просьбай аказаць фінансавую падтрымку ў падрыхтоўцы і правядзенні З’езду.
Дзеля выяўлення пажаданняў беларускай дыяспары і складання аднаго з важнейшых выніковых дакументаў З’езду – Праграмы “Замежная беларуская супольнасць у 21 стагоддзі” – па беларускіх асяродках за мяжой разасланы адпаведны апытальнік.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

З’езд беларусаў свету! Падмуркі кансалідацыі. Згуртаванне “Бацькаўшчына” склікае беларусаў свету на чарговы Чацвёрты з’езд.
Блізу 4-х мільёнаў беларусаў стала жывуць па-за межамі Беларусі. Беларуская дыяспара жыве актыўным грамадскім жыццём, назапашвае культурныя і навуковыя здабыткі, адкрывае школы, тэатры, цэрквы і музеі, выдае газеты і часопісы, арганізоўвае ўласны бізнес. Беларусы замежжа – неад’емная частка нацыі, здольная вельмі актыўна ўплываць на жыццё Радзімы. Аднак з-за штучных перашкодаў дзве вялікія часткі беларускай нацыі – беларусы ў Беларусі і беларусы ў свеце – моцна адарваныя і амаль не маюць узаемадзеяння. Вялізарны мастацкі, навуковы, палітычны і эканамічны патэнцыял беларускай дыяспары застаецца для грамадства Беларусі недасягальным. У такіх абставінах беларуская дыяспара не здольная стаць дзейсным фактарам развіцця Беларусі, нават маючы для гэтага і магчымасці, і жаданне.
Сучасная беларуская дзяржава прынцыпова не здольная адэкватна рэагаваць на глабальныя праблемы беларускай гісторыі. Больш за тое, беларускія ўлады паступова, але няўхільна, страчваюць нават знешнія рысы беларускасці. На дзяржаўным узроўні ў Беларусі беларуская мова фактычна выкінутая з дзяржаўнага ўжытку і сродкаў масавай камунікацыі (радыё, тэлебачанне, СМІ). У той жа час у Беларусі дэнацыяналізаваная частка беларускай інтэлігенцыі ўжо сур’ёзна сцвярджае аб немагчымасці і няздольнасці існавання беларускай мовы ў рэальным жыццёвым побыце. Гэтае становішча, як і шмат разоў у гісторыі, нараджае адпаведныя часу грамадскія ініцыятывы, якія ажыццяўляе найбольш свядомая частка беларускай супольнасці.
У Беларусі за годнае месца сваёй культуры змагаюцца многія адданыя беларусы, якія ў беларускім грамадстве стварылі асаблівы культурны пласт. Яны – найактыўная частка нацыі, здольная ствараць беларускую гісторыю ў нацыянальным рэчышчы. Ім і патрэбна маральная і арганізацыйная падтрымка беларусаў замежжа. Яны складаюць 13% грамадства, і, на першы погляд, здаецца, што іх мала. Але гэта не так. Калі звярнуцца да гісторыі, убачым, што беларуская шляхта, самы актыўны пласт беларускага грамадства мінулага, рухала гісторыю нашай краіны, складаючы ўсяго 10%.
Прыходзіць час стварэння новай беларускай эліты, апантанай трыма жыццевызначальнымі пачуццямі: любоў да Айчыны, пачуццё доўга перад ёй і адказнасць за лёс свайго народа. Дыяспара, як актыўная частка нацыі, здольная рашуча ўключыцца ў гэтыя працэсы, тым больш, што яны непасрэдным чынам адбіваюцца і на самой дыяспары. Пры гэтым беларусы замежжа валодаюць унікальнай магчымасцю ствараць імідж беларускай нацыі ў вачах сусветнай супольнасці і магчымасцю абапірацца на цывілізацыйны вопыт народаў свету.
Своечасовае і паспяховае вырашэнне ўсіх гэтых праблем дазволіць беларускай нацыі захаваць сваю культурную і дзяржаўную прысутнасць у новым тысячагоддзі. І мы маем усе магчымасці і сілы дасягнуць поспеху. Не маем толькі самага складанага – сусветнай беларускай кансалідаванасці. Але годна выстаяць перад глабалізацыяй, сацыяльнымі і прыроднымі катаклізмамі сучаснасці змогуць толькі кансалідаваныя нацыі. Вера, мова, культура, гістарычныя традыцыі, дзяржаўнасць, нацыянальная самасвядомасць – шляхі і падмуркі такой кансалідацыі.
У адказ на гэты глабальны выклік сучаснасці і дзеля распрацоўкі дзейснага механізму нацыянальнай кансалідацыі Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” склікае Чацвёрты з’езд беларусаў свету. Ён адбудзецца 16-17 ліпеня 2005 г. у Мінску. Тэма З’езду – “Беларусь для дыяспары – дыяспара для Беларусі. Шляхі да кансалідацыі і развіцця нацыі.”
Згуртаванне “Бацькаўшчына” ўжо склікала з’езды беларусаў свету ў 1993, 1997 і 2001 гг. У чым карэнная розніца гэтага форуму ад папярэдніх? У змене знешніх і ўнутраных абставінаў і ўмоваў. Новы свет, новыя глабальныя працэсы, новая беларуская супольнасць узброеная новымі тэхнічнымі магчымасцямі, і, разам з тым, – нясмелыя і раз’яднаныя спробы беларускага адказу на праблемы.
Ужо з лістапада 2004 года ідзе актыўная праца па падрыхтоўцы З’езду. Сфарміраваны і пачаў працу Аргкамітэт, у які ўвайшлі дзеячы беларускай дыяспары і выбітныя асобы Беларусі, разам – 105 чалавек.
Старшынёй Аргкамітэту абраны кіраўнік Згуртавання “Бацькаўшчына” прафесар Анатоль Грыцкевіч, сустаршыні – Янка Запруднік (ЗША), Алена Макоўская, Радзім Гарэцкі, Валеры Герасімаў, Барыс Стук (Беларусь). Аператыўныя пытанні падрыхтоўкі З’езду вырашае Рабочая група Аргкамітэту на чале са старшынёй Рады “Бацькаўшчыны” Аленай Макоўскай.
На З’езд збяруцца прадстаўнікі беларускіх арганізацый і грамадскія дзеячы з 25 краінаў свету. Агульная колькасць дэлегатаў і гасцей З’езду складзе каля 400 асобаў.
Ва ўмовах поўнай адсутнасці дзяржаўнай падтрымкі і напаўпадпольнай дзейнасці беларускага бізнезу актуальнай праблемай становіцца фінансавае забеспячэнне З’езду. Галоўным яго ініцыятарам і арганізатарам застаецца Згуртаванне “Бацькаўшчына”, але адзіная фінансавая крыніца дзейнасці “Бацькаўшчыны” на працягу многіх гадоў – дабрачынныя ахвяраванні яе сяброў.
Управа Згуртавання беларусаў свету і Аргкамітэт па падрыхтоўцы З’езду звяртаюцца да ўсіх беларускіх арганізацыяў і суайчыннікаў з просьбай аказаць фінансавую дапамогу і стаць фундатарамі Чацвёртага з’езду беларусаў свету.
Па рашэнні Аргкамітэту фундатары З’езду атрымаюць спецыяльныя ўзнагароды. Прозвішчы фундатараў (па іх жаданні) будуць размешчаны ў спецыяльны раздзел зборніка “Матэрыялы Чацвёртага з’езду беларусаў свету”. Зборнік будзе надрукаваны па выніках З’езду і разасланы па асяродках беларускай дыяспары ў свеце.
Важныя складнікам падрыхтоўкі З’езду з’яўляецца інфармацыйная кампанія. Управа “Бацькаўшчыны” звяртаецца таксама да беларусаў замежжа па дапамогу ў справе інфармавання міжнародных інстытутаў (ЗША, краіны Еўразвязу, структуры ААН і інш.). Матэрыялы пра ход падрыхтоўкі З’езду размяшчаюцца і абнаўляюцца на сайце Згуртавання “Бацькаўшчына” – zbsb.org
З усімі прапановамі і пытаннямі запрашаем звяртацца да Згуртавання “Бацькаўшчына” на электронны адрас zbsb@tut.by, па тэлефоне (+375-17) 289-31-94 альбо па пошце.
Ахвяраванні на З’езд просім дасылаць на рахунак, які змешчаны на сайце “Бацькаўшчыны”, альбо непасрэдна каардынатарам па падрыхтоўцы З’езду ў кранах пражывання (спіс на сайце zbsb.org)
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”


Падзяка

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” выказвае падзяку Хведару Нюньку (Літва), Андрусю Жвіру (Беларусь), Міколу Антуху (Аўстралія) і Міхасю Лужынскаму (Аўстралія) за падтрымку аб’яднання.

НАВІНЫ

Лондан, Англія
Англа-беларускае таварыства наладзіла сустрэчу з доктарам Аланам Флаўэрсам (Кінгстанскі ўніверсітэт). Гутарка ішла пойдзе пра дэпартацыю навукоўца з Беларусі, якая здарылася ў 2004 г. Д-р. Флаўэрс займаецца праблемамі наступстваў Чарнобыльскай аварыі. Ён таксама садзейнічаў удзелу беларускіх студэнтаў у праектах разнастайных еўрапейскіх арганізацыяў. Сустрэча адбылася ў залі Беларускага цэнтру ў Лондане 12 лютага.
Паводле сайта “Belarusians in Britain”

Ландсхут, Германія
13 лютага ў Ландсхуце (Баварыя) адбылося пасяджэнне Рады Звязу Беларусаў Нямеччыны (ЗБН). На ім абмяркоўваліся бягучыя справы арганізацыі, а таксама прапановы па ўдасканаленні дзейнасці Беларускай Уніі, у якую ўваходзіць ЗБН. ЗБН прапанаваў для далейшай канструктыўнай працы Беларускай Уніі прыняць часовы Рэгламент, праект якога ўнесены на разгляд Каардынацыйнай Рады Беларускай Уніі.
www.razam.org

Гезэк, Германія
Выказванні А.Лукашэнкі, які запатрабаваў скараціць выезд дзяцей на аздараўленне за мяжой, выклікалі пратэст у Беларусі і за мяжой. У Нямеччыне прайшла беларуска-нямецкая канферэнцыя па пытаннях аздараўлення чарнобыльскіх дзяцей за мяжой. “Выезд дзяцей з Беларусі на аздараўленне за мяжой будзе працягнуты” – такую рэзалюцыю прынялі ўдзельнікі канферэнцыі.
Ад афіцыйнага Мінска на ёй выступілі намеснік міністра замежных спраў Аляксандр Міхневіч і юрыст Дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці Аксана Пятрэня. Яны заявілі, што аздараўленне дзяцей за мяжой і ў будучым будзе прывітана беларускім урадам і знойдзе працяг у тым маштабе, які меў месца дагэтуль.
Са свайго боку ўдзельнікі канферэнцыі ў Гезэке заявілі аб праве бацькоў і пацярпелых ад радыяцыі яднацца, каб самастойна арганізоўваць адпачынак сваіх дзяцей. У выніковай рэзалюцыі ўдзельнікі канферэнцыі адзначылі, што дзіцячы адпачынак стаў асновай супрацоўніцтва больш чым 600 беларуска-нямецкіх ініцыятываў. Яны заклікалі ўлады Беларусі і Нямеччыны зрабіць усё магчымае для таго, каб “дзеці Чарнобыля” маглі выязджаць на аздараўленне ў далейшым.
Радыё “Свабода”. 2005. 15 лют.

ЗША
Вядомы беларускі музыка Лявон Вольскі выступіць з прэзентацыяй сваёй сольнай праграмы ў ЗША. Вядомы беларускі музыка, лідэр гуртоў “NRM” і праекта “Крамбамабуля” наведае ЗША з сольным канцэртам, які адбудзецца 15 сакавіка ў штаце Дэлавер. Па словах Лявона, канцэртная праграма будзе часткова складацца з яго ўласных песень, якія прагучаць упершыню. Таксама будуць песні такіх сумесных праектаў, як “Народны Альбом”, “Я нарадзіўся тут”, гуртоў “NRM”, “Крамбамбуля”.
“Гэтая падзея мае ўсе шанцы стаць адной з найгучнейшых для беларускіх эмігрантаў у Амерыцы”, — распавядае арганізатар канцэрту Андрэй Лобай. “Ужо пры першай спробе арганізацыі каля трохсот чалавек з розных куткоў Злучаных Штатаў забраніравалі білеты. Гэтага разу ўваход вырашылі зрабіць абсалютна бясплатным. Для гэтага толькі трэба зарэгістравацца на спецыяльным сайце www.usa.slyhap.com Там жа можна атрымаць любую інфармацыю, якая тычыцца канцэрта”.
Магчыма, адбудзецца канцэрт яшчэ і ў Нью-Ёрку.
Паводле сайта «Беларуска-Амерыканскага Задзіночання»
і www.usa.slyhap.com

Нью-Ёрк, ЗША
Каля штаб-кватэры Аб’яднаных Нацыяў на 1-й Авеню і 44-й вуліцы на Манхэтане прайшоў пікет, ладжаны нью-ёркскім аддзелам БАЗА, супраць ігнаравання нормаў дэмакратыі і парушэння правоў чалавека ў Беларусі. Пікет быў прымеркаваны да Сесіі Генеральнай Асамблеі Аб’яднаных Нацыяў, што ўшанавала памяць вязняў Асвенцыму і ахвяраў нацыстаў. Луналі бел-чырвона-белыя сцягі. Пікетоўцы скандзіравалі лозунгі і распаўсюджвалі ўлёткі сярод мінакоў і ўдзельнікаў Генеральнай Асамблеі ААН.
“Беларус”. 2005. люты

Атава, Канада
Пасля толькі некалькіх рэпетыцыяў, народжаныя ў Канадзе беларускія дзеці векам ад трох да сямі гадоў выканалі беларускі народны танец “Бульба” і беларускія песні ў залі прэстыжнага канадскага Музею цывілізацыі, дзе трыма днямі пазней Прэзідэнт ЗША абедаў з кіраўнікамі Канады. Дзеці так спявалі і танцавалі, што некалькі разоў павінны былі выходзіць кланяцца, бо гледачы не хацелі адпускаць.
Малыя артысты, пяцёра дзяўчынак – Ніна-Марыя і Агата Лёгвіны, Лілія Пялюшонак, Паўлінка Шамецька і Дзіна Маковіч, адзін хлопчык – Алёша Тыпенка, бралі ўдзел 28 лістапада сёлета ў славянскім дзіцячым канцэрце. Усе яны ходзяць суботамі ў Беларускую школу, якая нядаўна адкрылася ў Атаве. Дзякуючы настаўнікам, Дануце і Пётру Мурзёнкам, дзеці навучыліся спяваць беларускія песні і танцаваць “Бульбу” літаральна за дзве суботы.
Дык што ж казаць? Калі дзеці ў Канадзе спяваюць на беларускай мове пасля двух рэпетыцыяў, дык мова гэтая адродзіцца ад наркатычнага сну і ў самой Беларусі. І, відавочна, не спатрэбіцца на гэта шмат часу.
“Беларус”. 2005. студзень

Рыга, Латвія
20 лютага адбыўся чарговы штогадовы справаздачна-выбарчы сход Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”. Разгледжаны галоўныя падзеі і дасягненні справаздачнага перыяду. У жніўні мінулага года Таварыства “Сьвітанак” адным з першых з суполак нацыянальных меншасцяў Латвіі было паспяхова перарэгістраванае ў Рэгістры Фондаў і таварыстваў ЛР адпаведна сучасным патрабаванням у сувязі з уваходам краіны ў Еўразвяз. Адначасова з перарэгістрацыяй унесеныя кардынальныя змены ў Статут, які раней заставаўся нязменным на працягу 11 год.
На працягу справаздачнага перыяду Таварыствам былі арганізаваныя 5 вялікіх імпрэз, у якіх узялі ўдзел больш як 1100 удзельнікаў (не толькі беларусаў, але прадстаўнікоў самых розных нацыянальнасцяў). Гэта святкаванні Угодкаў Акту 25 сакавіка і Слуцкага збройнага чыну, вечарыны памяці Васіля Быкава і латышскіх і беларускіх народных песень, а таксама святкаванне Каляд.
Адбыліся прэзентацыі кніг Сяргея Панізніка “Крывіцкія руны. Беларускія пісьменнікі Латвіі” i Уладзіміра Арлова “Каханак яе вялікасці” з удзелам аўтараў. На “сьвітанкаўскіх” імпрэзах частымі гасцямі былі кіраўнікі і прадстаўнікі латвійскіх Міністэрства культуры, Міністэрства інтэграцыі, Міністэрства адукацыі, Рыжскай Думы, Саюзу пісьменнікаў Латвіі, Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі і іншых дзяржаўных і грамадскіх структур.
Беларускі вакальны гурт Таварыства “Сьвітанак” браў удзел у 15-ці канцэртах і фестывалях песні, арганізатарамі якіх выступілі самыя розныя ўстановы і арганізацыі.
Дзейнасць Таварыства пастаянна і шырока асвятлялася ў цэнтральных латвійскіх перыядычных выданнях, у тым ліку ва ўрадавай газеце “Latvijas vestnesis”, у беларускіх тыднёвіках “Ніва” і “Наша Ніва”, на Латвійскім радыё. У лістападзе 2004 г. быў выдадзены інфармацыйны буклет на 4 мовах (беларускай, латышскай, ангельскай, рускай) аб дзейнасці таварыства за 16 год, аздоблены здымкамі з мерапрыемстваў “Сьвітанка” ў 2003-2004 гг.
Рэгулярна выходзіла ў эфір штомесячная беларускамоўная радыёперадача таварыства “Cьвітанак” на 4 канале Латвійскага радыё “Домская плошча”, у якой асвятляліся падзеі, што адбываліся ў жыцці не толькі суполкі, але і ўсёй беларускай дыяспары Латвіі (у Рызе, Даўгаўпілсе, Ліепаі і Вентспілсе).
З 1 жніўня 2004 г. распачалася і зараз працягваецца рэалізацыя праекта “Усведамленне беларусамі Латвіі сваіх гістарычных каранёў – аснова павышэння этнічнай самасвядомасці”, падтрыманага Латвійскім Фондам грамадскай інтэграцыі. У рамках праекту, акрамя вышэйзгаданых вечарын і прэзентацый беларускіх кніг, з верасня 2004 г. працуе дзіцячы гурток беларускага рукадзелля, і ў снежні 2004 г. быў створаны сайт таварыства www.svitanak.lv
Дэлегаты ЛТБК таварыства бралі ўдзел у I сустрэчы беларусаў Еўропы ў Празе 28-29 жніўня 2004 г., а Таварыства таксама стала адным з заснавальнікаў Асацыяцыі дэмакратычных культурных беларускіх арганізацый Балтыі ў Вільні 22-23 траўня 2004 г.
Таццяна Казак,
старшыня ЛТБК “Cьвітанак”

Рыга, Латвія
20 сакавіка 2005 г. ЛТБК “Сьвітанак” у Рызе будзе ладзіць святкаванне 87-х угодкаў абвяшчэння незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі. Плануецца арганізацыя вялікага святочнага канцэрту з удзелам мастацкіх калектываў і салістаў у зале на 500 месцаў у Доме Рыжскага габрэйскага аб’яднання у самым цэнтры Рыгі (вул. Сколас, 6). Трэба адзначыць, што запрошаныя не толькі беларускія выканаўцы, але і латышскія, польскія, літоўскія і іншыя калектывы, якія рыхтуюць таксама, між іншым, і беларускія музыку, песні і танцы. У гэты дзень адбудзецца таксама і беларускага фільма на беларускай мове.
Мерапрыемства будзе заключнай імпрэзай у рамках праекта “Усведамленне беларусамі Латвіі сваіх гістарычных каранёў – аснова павышэння этнічнай самасвядомасці”, падтрыманага Латвійскім Фондам грамадскай інтэграцыі.
Таццяна Казак,
старшыня ЛТБК “Cьвітанак”

Вільня, Літва
У Вільні адзначылі 86-я ўгодкі Віленскай Беларускай Гімназіі. Гэта традыцыйны для Вільні Дзень Гімназіі, які святкуецца напачатку лютага штогод пасля аднаўлення беларускага школьніцтва на Віленшчыне.
Менавіта ў лютым 1919 года ў Вільні пачала працаваць Віленская Беларуская Гімназія, зачыненая савецкімі уладамі ў 1945-м. Урачыстасць ладзіла Віленская школа імя Ф.Скарыны – адзіная поўная сярэдняя школа ў Літве з беларускай мовай навучання, якая стала пераемніцай традыцый гімназіі. Цяпер у школе каля 170 вучняў і ўсяго каля 40 настаўнікаў. Дырэктар школы Галіна Сівалава кажа, што яны адчуваюць сябе спадкаемцамі колішніх беларускіх гімназістаў.
Адбыліся традыцыйная ўрачыстая акадэмія і канцэрт, пачэснымі гасцямі і прамоўцамі былі былыя вучні Віленскай Беларускай Гімназіі – Галіна Войцік, Міраслава Русак, Яраслаў Станкевіч, былы вучань Навагрудскай беларускай гімназіі Аляксей Анішчык. Сёлета госцем Дню Гімназіі быў таксама дэпутат літоўскага Сойму Уладзімір Ваўчок, які сваім падарункам дапоўніў відэаабсталяванне Скарынаўскай школы. Дзве дачкі літоўскага парламентарыя прыйшлі вучыцца ўу беларускую школу.
Радыё “Свабода”. 2005. 1 лют.

Вільня, Літва
10 лютага ў віленскім кінацэнтры некамерцыйных фільмаў “Скалвія” па ініцыятыве пасольства Беларусі ў Літве адкрыліся Дні беларускага кіно, падчас якіх будуць паказаны два мастацкія фільмы: “Анастасія Слуцкая” рэжысёра Юрыя Елхава і “Яшчэ аб вайне” рэжысёра Пятра Крывастаненкі. Адначасова ў Музеі тэатра і кіно Літвы адкрываецца выстава строяў, створаных для фільма “Анастасія Слуцкая”.
“Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь”.
2005. 14 лют.

Літва-Польшча-Германія
Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт працягвае працаваць у выгнанні. Адкрыццё ягонага офісу ў Вільні (Літва) – сумесны праект шэрагу еўрапейскіх і амерыканскіх адукацыйных установаў. Кантактныя тэлефоны віленскага офіса ЕГУ змешчаныя на інтэрнэт-сайце ehu_international.org Там і інфармацыя пра новыя праекты і формы працы гэтага зачыненага беларускімі ўладамі прыватнага ўніверсітэту. Нямецкія навукоўцы падтрымалі дзейнасць ЕГУ і выступілі за прызнанне дыплому ЕГУ ў межах Нямеччыны.
У Познань (Польшча) прыехала на вучобу 6 студэнтак былога ЕГУ. Яны пачнуць вучобу ў кастрычніку, а да гэтага часу будуць хадзіць на курс польскай мовы. Познанскі ўніверсітэт з уласных даходаў вылучыў сродкі на тое, каб запрасіць студэнтаў з Беларусі, якія страцілі сваю вучэльню. Кожная з дзяўчат атрымала па камплекце слоўнікаў і план горада. Студэнты польскай філалогіі з Познані запрапанавалі ім бясплатныя ўрокі польскай мовы.
У цяжкай сітуацыі аказаліся былыя студэнты ЕГУ, якія вучацца цяпер у Вышэйшай школе дзяржаўнай адміністрацыі ў Беластоку (Польшча), – ім не хапае сродкаў, каб пражыць у Польшчы. Некаторыя з іх у вольны час працуюць, каб мець магчымасць скончыць адукацыю ў Польшчы. Шэраг польскіх арганізацыяў і дзяржаўных установаў, аднак, паабяцалі дапамагчы.
Будучыня ЕГУ ў Франкфурце-на-Одэры (Германія). Крыху раней у франкфурцкім універсітэце Віядрына (Германія) адкрылася выстава, прысвечаная гадавіне з дня закрыцця ЕГУ беларускімі ўладамі. Разам з былымі студэнтамі і выкладчыкамі гэтай установы, якія зараз навучаюцца і выкладаюць у Нямеччыне, у дыскусіях пра далейшы лёс ЕГУ ўзялі ўдзел нямецкія навукоўцы, эксперты, палітыкі. Дзесяткі студэнтаў выпускнога курсу ЕГУ зараз вучацца ў Германіі – Франкфурце-на-Одэры, Берліне, Саарбрукене.
Паводле “Radio Polonia”, belarusy.com, Радыё “Свабода”

Беласточчына, Польшча
28-30 студзеня гурт народнай песні “Забава” Запольскага ДК па запрашэнні галоўнага праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы наведаў Беласточчыну. Тры паўтарагадзінныя канцэрты ў Дуброве Беластоцкай, Саколцы і Сямяцічах за два дні ў рамках ХII фестывалю “Беларуская песня 2005 года”. Выступленні праходзілі ў мясцовых кінатэатрах. І ўсюды ў гэтых мясцінах быў удзячны слухач. Падчас выступленняў многія з прысутных сталага ўзросту таксама спрычыніліся да выканання беларускіх народных песень.
Пётр Жэбрак

Польшча
Адраджаецца, пасля гадоў застою, Беларускае аб’яднанне студэнтаў. Наколькі ў апошнія гады энергія арганізацыі засяроджвалася на “Басовішчы”, “Атрасінах” і рэйдзе “Бацькаўшчына”, зараз – як адзначае шэф арганізацыі, Ілона Карпюк – напрамак дзейнасці дадаткова накіраваны ў бок супрацоўніцтва з іншымі арганізацыямі.
У 2003 і 2004 гадах, супольна з Міжнародным навуковым гуртком “Albaruthenica”, БАС ладзіць “Беларускія дні” ў Варшаўскім універсітэце. Разам з Інстытутам беларускай культуры – “Беларускае калядаванне”. Традыцыяй Варшаўскага ўніверсітэту ўжо з’яўляецца музычнае мерапрыемства “Беларускі Underground”. Сустрэчы з беларускай музыкай, фільмам, кухняй накіраваны не толькі ў бок беларускіх студэнтаў, мерапрыемствы наведваюць прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей, нараджаецца супрацоўніцтва. Разам з Беларускім самаўрадавым форумам і Звязам беларускай моладзі БАС арганізуе першыя моладзевыя станіцы, якія летась праходзілі ў Кленіках, Сацах, Дубічах-Царкоўных, Орлі. Пад кірункам студэнтаў бельскія і гайнаўскія белліцэісты і гімназісты даследуюць гісторыю і фальклор Беласточчыны. БАС дапамагае ў арганізацыі канцэртаў моладзі мінскага Ліцэю імя Якуба Коласа. Многа ўвагі адводзіцца рэкламаванню ўласнай арганізацыі. Самы вялікі поспех у гэтым напрамку – удзел у агульнапольскай прэзентацыі фільма “Васемнаццаць” (гісторыя аднаго кахання на фоне “Басовішча 2003”).
БАС выступае таксама ў падтрымку пратэсту супраць абмежавання эфірнага часу ў Радыё Беласток для нацыянальных меншасцей, пратэстуе супраць рэпрэсій накіраваных у бок рэдакцыі “Нівы”. БАС уключыўся ў Камітэт пабудовы помніка Янку Купалу і Якубу Коласу ў Варшаве. Гэта асноўныя праекты і дзеянні, рэалізаваныя на працягу апошняй кадэнцыі 2003-2005 гг. студэнтамі, у асноўным, Варшаўскага ўніверсітэту.
11 лютага г.г. у Беластоку адбыўся агульнапольскі з’езд БАСу. Апрача справаздачы, былі абраны новыя ўлады і назначаны накірунак дзейнасці. Старшынёй другі раз запар дэлегаты абралі Ілону Карпюк – студэнтку чацвёртага курса сацыялогіі ВУ. За яе прагаласавала больш за 80% дэлегатаў. Старшынёй Галоўнай рады стаў Радаслаў Дамброўскі — студэнт трэцяга курса беларускай філалогіі ў Беластоку. У Галоўную раду ўвайшлі: Ігар Іванюк, Нікан Шарамэта, Міхась Грэсь, Рафал Андрасюк, Андрэй Курчук, Тамаш Суліма, Ганна Чаламей.
“Ніва”. 2005. 20 лют.

Варшава, Польшча
У Варшаве адбыліся два мерапрыемствы. У Малым тэатры адбыўся канцэрт Віктара Шалкевіча і гурту “Рэха”, а ў Цэнтры сучаснага мастацтва адбылася польская прэм’ера фільма “Акупацыя. Містэрыі” рэжысёра Андрэя Кудзіненкі. Рэжысёр апавядае пра падзеі часоў Другой сусветнай вайны ў Беларусі. Яго погляд на вайну адрозніваецца ад фільмаў савецкай і цяперашняй беларускай і расійскай кінематаграфіі. Рэжысёр меў праблемы ўжо падчас рэалізацыі кінакарціны, хоць сам Кудзіненка не лічыць кінастужку палітычнай.
Цяпер Андрэй Кудзіненка працуе ў Польшчы над кінакарцінай пра прарока Ілью, які дзейнічаў на Беласточчыне ў 20-я і 30-я гады мінулага стагоддзя.
“Radio Polonia”. 2005. 16 лют.

Польшча
Зараз адзіным месцам у Польшчы, дзе можна знайсці інфармацыю пра падзеі ў Беларусі ды сярод беларускай меншасці ў Польшчы, з’яўляецца інфармацыйны партал www.bialorus.pl
Сайт адыгрывае вялікую ролю ў падтрымцы незалежнай палітычнай беларускай журналістыкі, а таксама даступным чынам інфармуе пра культуру ды эканоміку Рэспублікі Беларусь. Партал паўстаў у ліпені 2001 года. Узнік ён як адзін з праектаў Грамадзянскага цэнтра адукацыі Польшча-Беларусь. У ім мела знаходзіцца ўсялякая інфармацыя з Рэспублікі Беларусь. Вядома, важнай была інфармацыя пра беларусаў у Польшчы.
“Ніва”. 2005. 30 студз.

Варшава, Польшча
1-2 лютага ў Варшаве ў рамках падрыхтоўкі да Дзён культуры Беларусі ў Польшчы, якія плануецца правесці восенню 2005 года, знаходзіўся дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь У.Пракапцоў.
У.Пракапцоў сустрэўся з дырэктарам Нацыянальнага музея ў Варшаве Фердынандам Рушчыцам і намеснікам дырэктара Каралеўскага замка ў Варшаве Данутай Луневіч-Копер. Падчас сустрэч былі ўзгоднены пытанні арганізацыі ў Дні культуры Беларусі сумеснай выставы партрэтаў Радзівілаў са збораў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і польскіх музеяў, а таксама выставы старажытных і сучасных праваслаўных ікон з музеяў Беларусі і Польшчы.
Былі абмеркаваны перспектывы супрацоўніцтва Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі з Нацыянальным музеем ў Варшаве і Каралеўскім замкам.
“Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча”.
2005. 8 лют.

Масква, Расія
“Вечар беларускае драматургіі” адбыўся 22 лютага ў Цэнтральным доме акцёра. Арганізатарам вечара выступіў Павел Руднеў – крытык, арт-дырэктар Цэнтра імя Мейерхольда і фестывалю “Новая Драма”. У межах вечара адбылася прэзэнтацыя твораў пяці беларускіх аўтараў: Андрэя Курэйчыка, Мікалая Халезіна, Паўла Пражко, Міколы Сцешыка і Дзіяны Балыка, цікавая відэапраграма і дыскусія. Большасць з гэтых аўтараў перамагалі ці станавіліся лаўрэатамі буйных расійскіх конкурсаў драматургіі.
www.maskva.com

Іркуцк, Расія
23 лютага адбылася ўрачыстая вечарына, прымеркаваная да 60-годдзя з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкай акупацыі. Пасол Рэспублікі Беларусь у Маскве перадаў старшыні Іркуцкага Таварыства Беларускай Культуры імя Я.Чэрскага (ІТБК) Алегу Рудакову юбілейныя медалі для ўручэння іх актыўным удзельнікам вызвалення. Уручыў медалі мэр Іркуцка В.Якубоўскі.
Вечарына суправаджалася творчымі нумарамі дзіцячага клуба “Зярнятка”, маладзёжнага клуба “Крывічы”, былі паказаны кінафрагменты аб Беларусі.
Алена Мамантава,
прэс-сакратар ІТБК

Томск, Расія
Томскае Таварыства беларускай культуры “Белыя росы” мяняе адрас свайго офіса і сістэмнага адміністратара свайго сайта. Па гэтых прычынах Таварыства захоўвала інфармацыйнае маўчанне. Аднак, на самай справе, жыццё і дзейнасць Таварыства “Белыя росы” вельмі насычаныя падзеямі. За апошнія часы Таварыства беларускай культуры наладзіла і ўдзельнічала ў многіх мерапрыемствах.
У г. Чарапанава, што паміж Новасібірскам і Барнаулам, адбываўся IX Сібірскі фестываль нацыянальных культур. Томск на фестывалі прадстаўляў вядомы ў Сібіры ансамбль “Крылы” Томскага таварыства беларускай культуры.
Адбыліся гастролі беларускіх ансамбляў па Томскай вобласці. У Томскім абласным Палацы народнай творчасці адбыўся фестывальны канцэрт “Напевы зямлі беларускай”. Акрамя ансамбля “Крылы”, у канцэрце ўдзельнічалі госці з Новасібірскай вобласці, беларускі фальклорны ансамбль “Чапурушка”. У многіх гледачоў, асабліва сталых, вочы напаўняліся слязьмі. У фае працавала выстава беларускага ўжытковага мастацтва. Абмяркоўваўся рэцэпт прыгатавання беларускага дэлікатэса – клёцак у бярозавым соку. У буфеце гатавалі выключна беларускія стравы.
Таварыства “Белыя Росы” ўдзельнічала ў святкаванні 400-годдзя Томска. Томскае Таварыства беларускай культуры наладжвае Беларускія вечарыны ў “Сібірскай бібліятэцы”. Адбылася вечарына-прэзентацыя Томскага Цэнтра Беларускай культуры.
Паводле Пятра Барыльчанкі


ГІСТОРЫЯ

Дзень адзінства народа ў Расіі
У інфармацыйным бюлетэні “Беларусы ў свеце” (№ 1, 2005) у артыкуле “Погляд у гісторыю” пры наборы былі прапушчаны даты ў ХVII ст. паводле новага стылю, якім карысталіся тады ў Беларусі. А Дзень адзінства народа, які ў цяперашняй Расіі абвешчаны дзяржаўным святам замест дня 7 лістапада, зразумела, адзначацца будзе паводле новага стылю, які з 1918 г. прыняты ў савецкай Расіі. Таму вяртаючыся да падзей далёкага 1612 года, трэба адзначыць, што ўмацаваная цэнтральная частка тагачаснай Масквы – Кітай-горад – быў узяты штурмам расійскім апалчэннем К.Мініна і Дз.Пажарскага 22 кастрычніка (1 лістапада) 1612 г. З абложанага расійскім апалчэннем Крамля, дзе засеў польска-беларускі гарнізон, 27 кастрычніка (6 лістапада) выпусцілі баяраў і іншых расійскіх людзей, што супрацоўнічалі з акупантамі (у тым ліку і будучага расійскага цара з дынастыі Раманавых, 15-гадовага Міхаіла Раманава). А капітуляваў згаладаны крамлёўскі гарнізон польска-беларускіх войскаў 28 кастрычніка (7 лістапада) 1612 г.
Такім чынам, сапраўды, вызваленне Масквы, а не Расіі, адбылося, паводле новага стылю, 7 лістапада 1612 года. Паводле логікі, яго і трэба было б святкаваць у Расіі як дзень вызвалення Масквы.
Аднак, паколькі патрыярх Алексій II прапанаваў святам абвясціць дзень 4 лістапада, які з’яўляецца царкоўным святам цудатворнай іконы Казанскай Божай Маці, якую вельмі шануюць у Расійскай Праваслаўнай царкве, то дзяржаўнае кіраўніцтва Расіі, якое лічыцца з аўтарытэтам Праваслаўнай царквы, і прыняло дату 4 лістапада як дзяржаўнае свята.
3 лютага 2005 г.
Анатоль Грыцкевіч


З НАШАЙ ПОШТЫ

“Мінск стары і новы”
Дзень добры, шаноўнае спадарства! Я з’яўляюся аўтарам сайта “Мінск стары і новы” (minskoldnew.iatp.by). На сайце пададзены матэрыялы, якія распавядаюць аб гісторыі і архітэктуры Мінска, ягоных вуліцах, плошчах, помніках. Ёсць раздзелы аб перайменаванні вуліц, культавых пабудовах, гатэлях, парках, тэатрах, музеях, цікавых падзеях і інш.
Звяртаюся да Вас з прапановай. Магчыма ў кагосьці з эмігрантаў захаваліся здымкі з сямейных альбомаў (звязаныя з архітэктурай, помнікамі, гісторыяй Мінска і інш.) ці яны былі сведкамі (удзельнікамі) цікавых падзей. Калі такія людзі знойдуцца і будуць не супраць падзяліцца інфармацыяй, якую маюць, я з задавальненнем размяшчу іх матэрыялы на сайце, вядома, з захаваннем аўтарскіх правоў. Магчыма таксама размяшчэнне актыўнай спасылкі на Ваш сайт. Спадзяюся на плённае супрацоўніцтва. З павагай,
Уладзімір Валожынскі

“Ігумен”
Культурна-асветніцкае аб’яднанне “Ігумен” (г. Чэрвень, Мінская вобл.), галоўнай дзейнасцю якога з’яўляецца захаванне спадчыны, просіць Вас дапамагчы адшукаць адрасатаў, да якіх можна было б звярнуцца ў пошуках інфармацыі пра славутых землякоў-ігуменцаў: мастака Хаіма Суціна, кампазітара Міколу Равенскага і пісьменніка Г.Лейвіка.
Г.Лейвік нарадзіўся ў 1888 у г. Ігумен, памёр у 1962 у Нью-Ёрку, аўтар пяці кніг у прозе, 10 паэтычных зборнікаў і 19 драматычных твораў. Яго драмы ў вершах ставіліся і ставяцца на сцэнах Нью-Ёрка і Тэль-Авіва, Масквы і Варшавы, Вены і Буэнас-Айрэса, Кракава, Лодзі, Любліна і іншых гарадоў свету.
Хаім Суцін нарадзіўся ў 1893 г., памёр у Парыжы ў жніўні 1943 г. Пра жыццё і творчасць гэтага чалавека, чыё імя стаіць побач з такімі вялікімі мастакамі, як Пікасо, Мадзільяні, Шагал, шырокаму колу беларускіх чытачоў да нядаўняга часу практычна нічога не было вядома. Знаўца еўрапейскага мастацтва К.Каровін называў яго адным з самых выдатных мастакоў свету, нароўні з вядомымі Манэ, Сезанам, Рэнуарам. Карціны Суціна ўпрыгожваюць лепшыя прыватныя і дзяржаўныя галерэі Парыжа, Вашынгтона, Нью-Ёрка, Чыкага, Філадэльфіі. А вось на радзіме жывапісца не захавалася ніводнага твора, ды і імя яго аднаўляецца толькі ў нашыя дні.
Мікола Равенскі, славуты беларускі кампазітар, нарадзіўся ў 1886 г., працаваў у Ігумені выкладчыкам спеваў і музыкі, вучыўся ў Маскве ў кансерваторыі. Напачатку 1943 г. вярнуўся ў Чэрвень (Ігумен), працаваў рэгентам царкоўнага хору, пісаў музыку на царкоўныя малітвы. З 1944 г. – у эміграцыі. У Германіі кіраваў хорам, а на хлеб зарабляў, працуючы на лесапільным заводзе. У 1950 г. па запрашэнні Беларускай студэнцкай сябрыны М.Равенскі выехаў у Бельгію. Пры Лювенскім універсітэце ён стварыў хор і праславіў беларускую песню на ўсю Еўропу.
У нашым горадзе адкрыта мемарыяльная дошка на доме, дзе калісьці жыў кампазітар. Але звестак пра яго жыццёвы і творчы шлях – няма, асабліва, што тычыцца эміграцыі. Так што сапраўднага спаткання землякоў да гэтай пары яшчэ не адбылося.
Адрас ГА “Ігумен”: 223210 г.Чэрвень, Мінская вобл., вул. Барыкіна, 99, кв. 30.
З павагай,
Вольга Назарук,
старшыня ГА “Ігумен”

Цэнтральны Еўрапейскі Універсітэт
Паважаныя навукоўцы! Звяртаюся да вас з наступнай прапановай. Зараз я вучуся на магістэрскай праграме Цэнтральнага Еўрапейскага Універсітэту. Ва Універсітэце працуюць выкладчыкі з краінаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы (пераважна Расіі і Украіны), ЗША.
Падобна, што ў адміністрацыі Універсітэту практычна няма ніякіх кантактаў з беларускімі навукоўцамі. У дадзены момант універсітэт не мае магчымасцяў працаўладкаваць новых прафесараў, аднак пры гістарычным факультэце ёсць Даследчыцкі цэнтр, які часта арганізоўвае навуковыя канферэнцыі на вельмі высокім узроўні, запрашае выкладчыкаў прачытаць кароткі курс лекцыяў. Супрацоўнікі цэнтру прапанавалі скласці базу дадзеных беларускіх навукоўцаў.
Калі вас зацікавіла гэтая інфармацыя, дашліце, калі ласка, на электронную паштовую скрыню lesasid@tut.by кароткую інфармацыю пра вас – імя, месца працы, навуковая ступень, навуковыя зацікаўленасці.
Для навукоўцаў важна свабодна валодаць ангельскай мовай.
Сайт Універсітэту www.ceu.hu
З павагай,
Алеся Сідлярэвіч,
выпускніца Гродзенскага Універсітэту імя Я.Купалы


У ПРАЦЯГ ТЭМЫ

Скарына “пасяліўся” ў Калінінградзе
У Калінінградзе нядаўна адкрыты помнік беларускаму першадрукару, гуманісту, асветніку Францішку Скарыну. Ён папоўніў шэраг манументаў, устаноўленых у гонар гэтага вялікага мысліцеля ў Беларусі, польскім Кракаве, італьянскай Падуі.
Францішак Скарына бываў у Кенігсбергу па запрашэнні герцага Альбрэхта, які цікавіўся яго выдавецка-асветніцкай дзейнасцю. “Звярнуўшы ўвагу, як на яго сапраўдны і дзіўны талент, так і найвышэйшае майстэрства, якое ён дэманструе з дзіўным бляскам і дасведчанасцю, мы міласціва ўпісалі яго ў лік і кола нашых падданых і верных мужоў і адносім яго да шэрагу тых, да каго заўсёды ставімся з прыхільнасцю”, – пісаў герцаг. Адной з прычын візіту Скарыны ў Кенігсберг магла быць таксама лячэбная практыка, паколькі ён быў доктарам медыцыны.
“Наша Слова”. 2005. 16 лют.

“Калінінградская эпапея”
“Калінінградская эпапея” ўшанавання памяці Францішка Скарыны пачалася, відаць, у далёкім 1990-м годзе, калі Беларусь адзначала 500-годдзе вялікага палачаніна. Нацыянальны ўздым, публікацыі і сустрэчы таго часу сталі той глебай, на якой узрасла ідэя ўшанаваць памяць нашага асветніка і першадрукара ў Караляўцы (Калінінградзе), куды ў далёкім 1530-м годзе праляглі яго шляхі-дарогі.
У 1994 годзе падчас правядзення ў Калінінградскай вобласці Дзён беларускай культуры сябра Управы ЗБС “Бацькаўшчына” спадар Яўген Адамовіч параіў мне звярнуць увагу на працы вядомага мінскага скульптара Анатоля Арцімовіча. Справа ў тым, што ўжо некалькі год доўжыўся конкурс на лепшы праект помнiка Францішку Скарыну ў сталiцы рэспублiкi, і багата твораў засталося па-за фіналам. Са спадаром Арцімовічам мы пазнаёміліся ў яго майстэрні, уражанні былі добрыя. З трох прапанаваных варыянтаў праекта помніка, пасля абмеркавання ў суполцы, мы спыніліся на тым, які ўвасобіўся зараз у трохметровы бронзавы манумент. З 1995 года пачалося ліставанне з чыноўнікамі, абгрунтаванне і абмеркаванне, ці патрэбны помнік ў Караляўцы (спачатку нам раілі шыльду). І нарэшце – згода Упраўлення культуры адміністрацыі вобласці.
Было некалькі камандзіровак скульптара Анатоля Арцімовіча і архітэктара горада Марозава, які на той час актыўна ўдзельнічаў у стварэнні праекта. Вынiкам сустрэч у Калiнiнградзе, знаёмства з яго архiтэктурай, стаўся макет, ухвалены на экспертным савеце Упраўлення культуры адмiнiстрацыi Калiнiнградскай вобласцi. Прывязка помнiка была зроблена да тэрыторыi Нiжняга возера (былы Замкавы стаў), дзе захавалася аура сярэднявечнага горада, паблiзу каралеўскага замка, дзе гасцяваў наш вялiкi асветнiк.
У 1998-99 гг. у прыватнай лiцейнай майстэрнi “Юнома” (Смалявiчы) мадэль помнiка была выканана ў памеры i падрыхтавана форма для яго адлiўкi з бронзы. На пачатку 2000 г. трохметровая фiгура была адлiта на сродкi ўладальнiка МП “Юнома” Алега Багдановiча, як кажуць, на свой страх і рызыку, бо апроч абяцанняў ніякіх гарантыяў аплаты не было.
Аднак хуткія перавыбары ў Калінінградскай вобласці замарудзілі прасоўванне справы наперад. Сума вагалася ад 20 да 30 тысяч долараў. Пытанне фінансавання беларускім бокам, магчыма, паўставала ў пэўных колах, але там, відаць, было непажадана мець адносіны з нашай арганізацыяй, бо яна ўвайшла ў лік “нячэсных" за карыстанне нацыянальнай сімволікай. Хоць мы працягвалі да апошняга часу турбаваць чыноўнікаў, кан’юнктура склалася ўжо іншая. За справу ўзяліся аддзяленне беларускага пасольства ў Калінінградзе і шчыльна звязаныя з ім мясцовыя бізнесоўцы – “тоже белорусы”.
Але, дзякуй Богу, помнік з верасня 2005 г. устаноўлены. Праўда, зусім не там, дзе ад пачатку планавалася. Пытанне вырашалася проста: Скарына – вучоны, вось і няхай яго ставіць універсітэт. Па той прычыне, што на стары манумент каля галоўнага корпуса вярнуўся Кант, Скарыну прыйшлося пераязджаць у “новы корпус” на вул. А.Неўскага.
У канцы лістапада, падчас правядзення расійска-беларускага саміта, ля помніка зноў з’явілася “групоўка” высокіх беларускіх і калінінградскіх чыноўнікаў, якія перарэзалі чарговую стужку і згадалі пра наша адвечнае братэрства.
25 сакавіка ў святы і святочны дзень мы плануем урачыстасці ля помніка Скарыну. Не важна, як яны будуць называцца: ускладанне кветак, альбо чарговае адкрыццё. Прыйсці ўсёй грамадой да месца, дзе прагучаць словы пра нашага вялікага творцу, словы малітвы за наш народ, словы любові да нашай далёкай радзімы і нашай мовы, усіх тых, хто ішоў да гэтай падзеі цэлых дзесяць год. Плануецца асвячэнне помніка святарамі трох канфесій: праваслаўнай, каталіцкай і уніяцкай.
Ігар Шаховіч,
старшыня “Беларускага таварыства культуры”


ВАКОЛ ПАДЗЕІ

***
Помнік Янку Купалу ўсталююць у Маскве на Кутузаўскім праспекце. Як паведаміў першы намеснік міністра культуры Уладзімір Рылатка, праца над помнікам завяршаецца на скульптурным камбінаце ў Мінску. А яго ўрачыстае адкрыццё адбудзецца ў другой палове 2005 года. Не выключана, што цырымонія будзе прымеркаваная да Дню беларускага пісьменства і Дню горада Масквы, якія адзначаюцца ў верасні. У цэнтры Масквы ён будзе ўсталяваны не проста на гранітным пастаменце. Аўтар архітэктурнага рашэння Юрый Грыгор’еў прапанаваў зрабіць зялёны пагорак з прыступкамі, тут жа з’явіцца “крынічка”, што дадасць вобразу паэта пэўны лірычны настрой.
www.maskva.com

***
Сёлета на пачатку верасня ў Маскве паўстане помнік Янку Купалу. Праца над помнікам доўжыцца з 2002 года. Ініцыятыва належыць беларускай дыяспары ў расійскай сталіцы, потым да справы прычыніўся ўрад Беларусі. Праект праведзены праз бюджэт “саюзнай дзяржавы”.
На пачатку маскоўскія ўлады прапанавалі паставіць помнік на Міускай плошчы. Месца не надта прэстыжнае, ад цэнтра даволі далёкае. У выніку спрэчак беларускі бок адваяваў для Купалы Кутузаўскі праспект. Архітэктурную прывязку зробіць Юрый Грыгор’еў. Цяпер ён масквіч, а калісьці быў мінчуком. Памяць аб сабе ён пакінуў герастратаву. Менавіта на ягоным сумленні знішчэнне Нямігі. Цяпер Грыгор’еў замольвае грахі, працуючы як архітэктар над помнікам Купалу ў сталіцы РФ, – фактычна далучыўшыся да прапаганды беларушчыны.
Масква – не адзіны кірунак беларускай культурніцкай “экспансіі”. Беларускія помнікі на абменнай аснове плануецца паставіць у Казахстане, але найперш у Кіеве (у Мінску бронзавы Шаўчэнка ўжо ёсць) і ў Варшаве. Польскай сталіцы Мінск падорыць помнік Купалу і Коласу. Згода Польшчы ўшанаваць у Варшаве нашых песняроў – гэта знак прыязнасці ў адказ на з’яўленне ў Мінску помніка Адаму Міцкевічу.
“Народная Воля”. 2005. 9 лют.

Ад рэдакцыі: Мы звязаліся па тэлефоне з адным з актыўных дзеячаў беларускай дыяспары Масквы Антонам Сабалеўскім. Паводле ягонага паведамлення, прадстаўнікі беларускай дыяспары Масквы добра ставяцца да ўсталявання помніка. На іх думку, галоўнае тое, што пасля доўгіх спробаў усталяваць помнік Я.Купалу ў Маскве, гэтая ідэя набывае рэальнае ўвасабленне. Незалежна ад таго, хто ўсталёўвае помнік, – гэта важная культурная падзея ў жыцці беларускай дыяспары Масквы. Прадстаўнікі беларускай дыяспары мяркуюць браць удзел ва ўрачыстасцях, звязаных з адкрыццём помніка беларускаму класіку на Кутузаўскім праспекце.

ЛЮТЫ Ў НАШАЙ ГІСТОРЫІ

775 гадоў таму, у 1230 г., па запрашэнні мясцовых баяраў і мяшчанаў пачаў княжыць у Наваградку Міндоўг.
1 лютага – 90 гадоў з дня нараджэння Міхася Кавыля (сапр. Язэп Казіміравіч Лешчанка), беларускага паэта, крытыка, празаіка. Жыве ў ЗША.
1 лютага 1863 г. – дзень пачатку паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.
1 лютага 1661 г. месцічы Магілёва знішчылі сямітысячны акупацыйны гарнізон маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча.
2 лютага 1838 г. нарадзіўся Кастусь Каліноўскі, кіраўнік паўстання 1863 г., нацыянальны герой Беларусі. У сакавіку 1864 г. быў публічна павешаны ў Вільні і разам з іншымі паўстанцамі пахаваны на тэрыторыі Замкавай гары, якую ў Беларусі многія ведаюць як гару Гедыміна.
490 гадоў таму, 4 лютага 1515 г., нарадзіўся беларускі магнат і асветнік Мікалай Радзівіл Чорны (пам. у 1565 г.).
260 гадоў таму, 4 лютага 1745 г., нарадзіўся славуты змагар за незалежнасць Рэчы Паспалітай і ЗША Тадэвуш Касцюшка (пам. у 1817 г.).
4 лютага 1808 г. нарадзіўся славуты беларускі пісьменнік Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч.
4 лютага 1931 г. скончыў жыццё самагубствам Усевалад Ігнатоўскі, беларускі гісторык, акадэмік, якога зацкавалі ў бальшавіцкім друку і зацягалі на допыты ў ГПУ.
10 лютага 1938 г. карныя органы НКВД расстралялі класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага.
10 лютага 1883 г. нарадзіўся Станіслаў Булак-Балаховіч, беларускі генерал і палітык. Коннае войска Булак-Балаховіча было самай моцнай вайсковай сілай, якая перайшла на службу да Ураду БНР.
10 лютага 1903 г. прыйшоў на свет Вінцэнт Жук-Грышкевіч (пам. у 1989 г.), беларускі палітык і педагог, вучыўся ў Празе, выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі, пасля вайны жыў і працаваў у Канадзе, быў кіраўніком беларускай секцыі радыё “Вызваленьне” (цяперашняя “Свабода”), з 1970 г. узначальваў Раду БНР.
11 лютага 1807 г. нарадзіўся беларускі мастак і кампазітар Напалеон Орда, удзельнічаў у паўстанні 1831 г., сябраваў з Шапенам і Міцкевічам.
35 гадоў таму, 12 лютага 1970 г., быў набыты будынак для Беларускай бібліятэкі, музею і архіву Беларускай каталіцкай місіяй у Лондане.
12 лютага 1798 г. пакінуў гэты свет Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, апошні польскі кароль Рэчы Паспалітай. Ён паходзіў з беларускай шляхты, пахаваны на тэрыторыі Беларусі – у Воўчыне.
13 лютага – 300 гадоў з дня нараджэння асветніцы і драматурга Уршулі Радзівіл (1705 –1753).
15 лютага 1857 г. у Берліне памёр знакаміты кампазітар Міхал Глінка, заснавальнік расійскай класічнай музыкі. Паходзіў Глінка са старажытнага беларускага шляхецкага роду герба “Тшаска“.
15 лютага 1916 г. у Вільні выйшаў першы нумар газеты “Гоман”. “Гоман” выходзіў два разы на тыдзень і быў галоўнай на той час беларускай газетай.
16 лютага 1895 г. нарадзіўся Францішак Кушаль, кадравы афіцэр расійскага і польскага войскаў. У часе Другой сусветнай вайны спрабаваў стварыць самастойнае беларускае войска. Пасля вайны жыў у Амерыцы. Быў старшынёй “Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня”. Побач з Кушалем заўжды была ягоная жонка – славутая паэтка Наталля Арсеннева.
16 лютага 1964 г. у Лондане было заснавана “Ангельска-Беларускае Таварыства”, прэзідэнт – лорд Герліх.
17 лютага 1951 г. быў заснаваны праваслаўны прыход св. Еўфрасінні Полацкай у Таронта (Канада).
18 лютага 1951 г. быў заснаваны “Беларускі Выдавецкі Фонд у Нью-Ёрку”.
18 лютага 1893 г. нарадзіўся найбуйнейшы беларускі пісьменнік і вучоны ХХ ст. Максім Гарэцкі. Друкавацца пачаў у 1912 г. у “Нашай Ніве”, праз два гады выйшаў першы зборнік “Рунь”. Быў выкладчыкам у Віленскай беларускай гімназіі, напісаў першы падручнік гісторыі беларускай літаратуры.
19 лютага – 115 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта, драматурга, публіцыста, каталіцкага святара Казіміра Сваяка (сапр. Канстанцін Стаповіч; 1890–1926).
19 лютага – 90 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта, заслужанага доктара медыцыны Анатоля Бярозкі (сапр. Мацвей Смаршчок). Жыве ў ЗША.
19 лютага 1908 г. нарадзіўся беларускі паэт Станіслаў Шушкевіч. Ён найлепей вядомы як аўтар вершаў для дзяцей. А яшчэ вядомы сваім сынам – Станіславам Станіслававічам Шушкевічам, кіраўніком Беларусі, за якім краіна набыла незалежнасць.
24 лютага 1952 г. у Сіднеі (Аўстралія) быў заснаваны прыход Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.
27 лютага 1949 г. створаны “Каардынацыйны Камітэт Беларускіх Арганізацыяў у Парыжы”.
У лютым 1948 г. у Таронта (Канада) выйшаў першы нумар штомесячніка “Беларускі эмігрант” пад рэдакцыяй Кастуся Акулы.
Паводле Радыё “Свабода”, www.bielarus.org, www.slonko.com.pl, Беларускага архіва-музея літаратуры і мастацтва, “Нашай Нівы”


САКАВІК У НАШАЙ ГІСТОРЫІ

Сакавік – вельмі адметны месяц у гісторыі Беларусі. 25 сакавіка 1918 г. была прынятая ІІІ грамата Беларускай Народнай Рэспублікі, дзе абвяшчалася незалежнасць беларускай дзяржавы ў этнаграфічных межах беларускага народа. Толькі ў адказ на гэтыя падзеі ў канцы 1919 г. кіраўніцтва Савецкай Расіі згадзілася абвясціць на падуладных беларускіх землях савецкую беларускую рэспубліку. На працягу ХХ ст. святкаванне 25 сакавіка як “Дня волі” стала надзвычай важным для ўсіх свядомых беларусаў ва ўсім свеце. Доўгі час на Беларусі гэтае свята не адзначалася, таму сакавік у беларускай гісторыі насычаны святочнымі падзеямі ў беларускай дыяспары.
1-2 сакавіка 1952 г. – Кангрэс “Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня” ў Нью-Ёрку.
115 гадоў таму, 4 сакавіка 1890 г., нарадзіўся беларускі рэлігійны дзеяч, пісьменнік Язэп Германовіч (псеўданім Вінцук Адважны). Служыў на Беласточчыне, пробашчам у Друі, выкладаў Закон божы і лацінскую мову ў друйскай гімназіі, займаўся місіянерскай дзейнасцю, арыштаваны і да 1955 г. знаходзіўся ў лагерах Сібіры. Пасля вызвалення прыехаў у Польшчу, адкуль у 1959 г. з’ехаў у Італію, пазней – у Вялікабрытанію, дзе рэдагаваў часопіс “Божым шляхам” і напісаў успаміны “Кітай-Сібір-Масква”. Памёр у 1978 г. у Лондане.
5 сакавіка 1950 г. – з’езд праваслаўных беларусаў і заснаванне Беларускага прыходу ў Брэдфардзе (Англія).
9 сакавіка 1952 г. – нарада беларускіх вайскоўцаў у Манчэстэры (Англія) і заснаванне “Беларускага вызвольнага Руху”, аднаўленне дзейнасці “Беларускага Жаночага Згуртавання” ў Мюнхене (Германія).
14 сакавіка 1984 г. – пачатак беларускамоўных радыёперадач у Перту (Аўстралія).
16 сакавіка 1952 г. – заснавана “Беларускае Жаночае Згуртаванне” ў Кліўлендзе (ЗША).
17 сакавіка – 95 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта, крытыка, празаіка, грамадска-культурнага дзеяча беларускай эміграцыі Хведара Ільяшэвіча (псеўд. М.Дальны, Святаслаў Залужны; 1910–1948).
17 сакавіка 1962 г. – пачаліся заняткі ў Беларускай школе св. Кірылы Тураўскага ў Лондане.
21 сакавіка – 165 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта, празаіка і публіцыста Францішка Багушэвіча (1840–1900).
23 сакавіка – 140 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта, празаіка, збіральніка беларускага фальклору Старога Уласа (сапр. Уладзіслаў Пятровіч Сівы-Сівіцкі; 1865–1939).
23 сакавіка – 80 гадоў з дня нараджэння Віктара Мікітавіча Шведа (1925–1998), беларускага паэта, заслужанага дзеяча культуры Польшчы. Жыў у Беластоку.
24 сакавіка 1958 г. – малітва за Беларусь і беларускі народ у Сенаце і Кангрэсе ЗША (малітва паўтаралася і многія наступныя гады).
25 сакавіка 1950 г. – І з’езд у Сіднеі сяброў Беларускага Аб’яднання ў Аўстраліі.
25 сакавіка 1951 г. – “З’езд Беларускіх камбатантаў” у Лондане (Англія), выйшлі першы нумар часопіса “Беларускі голас” (Таронта, Канада) і першы нумар часопісу “За волю” (Парыж, Францыя).
25 сакавіка 1952 г. – выйшаў перашы нумар газеты “Народным шляхам” (Таронта, Канада).
25 сакавіка 1955 г. – багаслужба за Беларусь і беларускі народ на Вытыканскім радыё, абвяшчэнне “Беларускага дня” ў штатах ЗША: Нью-Ёрк, Агаё, Мічыган, Нью-Джэрсі, Пенсільванія (у наступныя гады колькасць штатаў павялічвалася). У гэтым і наступных гадах “Беларускі дзень” абвяшчалі мэры многіх амерыканскіх гарадоў.
25 сакавіка 1958 г. – пачатак сталых беларускамоўных перадачаў М.Казлякоўскага з радыёстанцыі ў Нью-Джэрсі.
25 сакавіка 1976 г. – пачатак беларускамоўных перадач у Мельбурне (Аўстралія).
25 сакавіка 1978 г. – Дэкларацыя Рады БНР на 60-годдзе абвяшчэння незалежнасці Беларусі (Нью-Ёрк, ЗША).
26 сакавіка 1949 г. – І з’езд беларускай моладзі ў Парыжы (Францыя), адкрыццё Беларускага грамадска-культурнага клуба ў Мельбурне (Аўстралія).
28 сакавіка 1959 г. – пачатак беларускіх радыёперадач Н.Жызнеўскага на Чыкагскім радыё.
29 сакавіка – 100 гадоў з дня нараджэння Майсея Якаўлевіча Грынблата (1905–1983), беларускага этнографа, фалькларыста, гісторыка.
29 сакавіка 1947 г. – І з’езд беларускіх лекараў у Марбургу і стварэнне “Аб’яднання беларускіх лекараў на чужыне”.
30 сакавіка – 65 гадоў з дня нараджэння (1940) Аляксея Антонавіча Марачкіна, беларускага мастака.
У сакавіку 1948 г. у Германіі выйшаў першы нумар часопіса беларускіх каталікоў “Адраджэнне”.
Паводле Беларускага архіва-музея літаратуры і мастацтва

КНІЖНАЯ ПАЛІЦА

“Мэмуары на эміграцыі”
Скончана праца па падрыхтоўцы, і ў бліжэйшы час чакаецца выхад чарговай кнігі серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” пад назвай “Мэмуары на эміграцыі”. Кніга прысвечана памяці цэлага пакалення эмігрантаў. Гэта – дапоўненае, перапрацаванае БІНіМаўскае выданне “Беларускай мэмуарыстыкі на эміграцыі” 1999 года. Новая структура кнігі дала й новы назоў.
У прамове да кнігі, якую напісаў вядомы навуковец з Санкт-Пецярбургу, доктар гістарычных навук Мікола Нікалаеў, між іншым чытаем: “Патроху адыходзіць пакаленне эмігрантаў, якое зачапіла Другая сусветная вайна. Зачапіла маладосць, сталы ўзрост, дзяцінства. ...Успаміны беларусаў-эмігрантаў “пакалення Другой сусветнай вайны” рупліва збірае, дбайна захоўвае і ўважліва вывучае Лявон Юрэвіч. “Бібліятэка Бацькаўшчыны” дае магчымасць беларускаму чытачу пазнаёміцца з другой часткай яго працы над vita memoriae (успамінамі жыцця). ...Кніга з’яўляецца лагічным працягам папярэдніх работ спадара Юрэвіча. ...У выглядзе бібліяграфічнай інфармацыі тут упершыню ўводзіцца ў навукова-даследчы зварот агромністае нявыкарыстанае багацце беларускіх эміграцыйных мемуараў, якое можа стаць і стымулам, і асновай новых грунтоўных даследаванняў. А як прыклад рознага кшталту мемуараў і як самакаштоўная вартасць, поўнымі тэкстамі ў гэтым томе друкуюцца два аўтары – Уладзімір Дудзіцкі і Вольга Таполя, кожны па-свойму цікавіць і ўражвае.
...Надрукаваная ў “Мэмуарах на эміграцыі” бібліяграфія змяшчае 27 назваў асобных кніг, успамінаў і 171 мемуарны артыкул. Багацце сабранага матэрыялу Лявон Юрэвіч навукова сістэматызаваў, вылучыўшы жанры эміграцыйнай мемуарыстыкі, сярод якіх называе некралогі, аўтабіяграфіі, інтэрв’ю (гутаркі), ліставанне, анкеты, запіскі і занатоўкі, выступленні, прамовы, дзённікі, уласна ўспаміны...
Публікацыя “Мэмуараў на эміграцыі” безумоўна актывізуе цікавасць да самой эміграцыі і наблізіць чытача да разумення тых людзей, якія на працягу дзесяцігоддзяў захоўвалі нацыянальную ідэю, зберагалі гістарычную і культурную спадчыну. Няма сумнення, што гэтая кніга таксама працягне дыялог паміж дзвюма неад’емнымі часткамі беларускага народа: той, якой пашчасціла пражыць жыццё на зямлі сваіх продкаў, з аднаго боку, і дыяспарай – з другога”.
Кнігу можна замовіць праз МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” тэл. 226-83-37, факс 289-31-94, zbsb@lingvo.minsk.by
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

“Грамадзянін свету”
Да 95-годдзя і ў гонар славутага па ўсім свеце беларуса, стваральніка амерыканскай астранаўтыкі, прафесара, доктара філасофіі, акадэміка, ганаровага доктара навук Гродзенскага ўніверсітэту, ганаровага грамадзяніна Навагрудка Барыса Кіта выдадзена кніга “Грамадзянін свету”. У змесце кнігі – апавяданні Барыса Кіта, запісаныя Васілём Быкавым, аповесць Вольгі Іпатавай “Сведка стагоддзя”, успаміны вучняў, сяброў і супрацоўнікаў, вытрымкі з лістоў, гісторыя прэміі Б.Кіта, хроніка жыцця, дакументы, фотаздымкі і шмат іншага.
Ва ўступным артыкуле ўкладальніка зборніка, даследчыцы гісторыі беларускай дыяспары Лідзіі Савік чытаем: “Грамадзянін свету” – не проста назва кнігі, а сутнасць жыцця чалавека, сведкі і ўдзельніка гістарычных падзей, якія вызначалі лёс чалавецтва на працягу амаль усяго XX стагоддзя.
Нарадзіўшыся ў Санкт-Пецярбургу (1910), Барыс Уладзіміравіч Кіт дзіцём наслухаўся пра падзеі лютаўскай рэвалюцыі, бальшавіцкага кастрычніцкага перавароту, а ўжо дома, у найпрыгажэйшых мясцінах Бацькаўшчыны – Мір, Карэлічы, Наваградак – зведаў разруху і голад Грамадзянскай вайны, кайзераўскай і белапольскай акупацыі, падзяляў радасць бацькоў з нагоды абвяшчэння БНР. З моманту, калі бацька з родных Агароднікаў на кані адвёз Барыса ў Наваградскую гімназію і сказаў: “Болей, сын, я табе нічым дапамагчы не змагу, далей дабівайся ўсяго сам”, і пачаў будучы славуты беларус сам тварыць сваё жыццё, рана пазначанае высокай нацыянальнай свядомасцю, многімі талентамі і сілай волі.
Сялянскі хлопец – студэнт фізмата Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя, актыўны ўдзельнік Сялянска-работніцкай грамады, выкладчык матэматыкі, дырэктар Віленскай, затым Наваградскай беларускіх гімназій, паслядоўны, непахісны змагар за беларускую справу супраць апалячвання і русіфікацыі, за беларускае школьніцтва, з прыроджаным дарам настаўніка, ён і ў гады Другой сусветнай вайны, падчас жорсткай нямецкай акупацыі вучыў дзяцей, аберагаў моладзь ад угону ў Германію, заснаваўшы ў Маладзечне Адміністрацыйна-гандлёвы інстытут, і за гэту сваю дзейнасць сядзеў і пры паляках у Лукішках, і пры немцах у Глыбоцкай турме.
Вымушаны пакінуць радзіму ў 1944 г., каб пазбегнуць яшчэ і сталінскага Гулагу, а то і расстрэлу, Барыс Кіт зведаў пасляваенныя дарогі Еўропы, разбуранай Другой сусветнай вайной. Ён адным з першых выгнанцаў-беларусаў апынуўся ў ЗША, стаў заснавальнікам беларускай калоніі ў Саўт-Рыверы (штат Нью-Джэрсі), выпісваў расцярушаных па Еўропе суайчыннікаў у вольны свет, апекваючыся імі на першых кроках, імкнучыся іх аб'яднаць у нязнаных умовах новай краіны.
Нью-Йорк, Саўт-Рывер, Лос-Анджэлес, Вашынгтон – ад звычайнага супрацоўніка розных фірмаў да высокага ўзлёту навукоўца, аднаго з першапраходцаў амерыканскай астранаўтыкі – так складваўся жыццёвы лёс Барыса Кіта. Стаў прафесарам Вашынгтонскага Мерылендскага ўніверсітэта. Чытаў лекцыі ў яго філіялах у Еўропе ўжо як пераехаў у Франкфурт-на-Майне. Аб’ездзіў многія краіны свету: у Японіі ўздымаўся на Фудзіяму, атрымліваў дыплом акадэміка Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі ў Канадзе, вандраваў па Індыі, Мексіцы, Англіі, Францыі, Іспаніі, Швецыі, Нарвегіі, Фінляндыі, Гаваях, Польшчы. Быў абраны сябрам многіх навуковых таварыстваў і акадэмій свету, узнагароджаны Залатым медалём Германа Оберта”.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

У бюлетэні “Беларусы ў свеце” № 1 (студзень) 2005 г. была зроблена памылка: укладальнік зборніка “Грамадзянін свету” Лідзія Савік названа аўтарам гэтай кнігі. Рэдакцыя бюлетэня выказвае выбачэнні аўтарскаму калектыву за ненаўмысную памылку.


ВЕСТКІ

***
Прадпрымальнікі выйшлі на вуліцу і ўчынілі агульнарэспубліканскую забастоўку. Напярэдадні гэтага кіраўнік прадпрымальніцкага аб’яднання “Перспектыва” А.Шумчанка быў затрыманы міліцыяй. У адсутнасці свайго лідэра прадпрымальнікі правялі акцыю. Па дадзеных МУС, 10 лютага ў забастоўцы прадпрымальнікаў па ўсёй краіне ўдзельнічалі каля 20 тысяч чалавек. У гэты дзень па ўсёй краіне не працавалі 63 рынка. У Мінску, згодна статыстыцы МУС, баставалі 3500 чал., у Мінскай вобласці – 1100, у Гродзенскай – 9000, у Віцебскай – каля 800, у Магілёўскай – 400 і ў Гомельскай – 6000.
“Белорусская деловая газета”. 2005. 15 лют.

***
Беларускія прадпрымальнікі збіраюцца абскардзіць у Канстытуцыйным судзе пытанне ўвядзення падатку на дадатковую вартасць. Гэтае падатковае новаўвядзенне справакавала канфлікт паміж бізнесоўцамі і ўладамі. Наступствам гэтага канфлікту стала шматтысячная акцыя пратэсту прадпрымальнікаў, якая адбылася 10 лютага. Прадпрымальнікі пагражаюць спыніць усе выплаты ў бюджэт і з 1 сакавіка пачаць бестэрміновы страйк. Адпаведную заяву лідэры прадпрымальнікаў прынялі 12 лютага. Штуршком для такіх дзеянняў стаў пераслед з боку ўладаў многіх удзельнікаў аднадзённага папераджальнага страйку, што адбыўся 10 лютага.
Паводле Радыё “Свабода”

***
Вынікам аднадзённай папераджальнай забастоўкі індывідуальных прадпрымальнікаў і іх перамоў з урадам стала стварэнне рабочай групы. Калі група не прадставіць вынік, то з 1 сакавіка яны маюць намер пачаць бестэрміновую забастоўку з перапыненнем усіх выплатаў у бюджэт.
“Белорусский рынок”. 2005. 14-21 лют.

***
У Мінску адбылося пасяджэнне круглага стала з удзелам прадстаўнікоў улады і прадпрымальнікаў. Улады пайшлі на перамовы толькі пасля агульнанацыянальнай забастоўкі камерсантаў і шматтысячнага мітынга ля Дома ўраду. У той час да прадпрымальнікаў мусіў выйсці віцэ-прэм’ер Андрэй Кабякоў. Папярэдзіць забастоўку не здолелі нават з дапамогай арышту лідэра прадпрымальніцкага аб’яднання “Перспектыва” Анатоля Шумчанкі.
“Белорусская деловая газета”. 2005. 18 лют.

***
У 2004 г. транзітны грузапаток праз Беларусь скараціўся амаль на 40%. У гэтым, на агульную думку міжнародных перавозчыкаў, вінаватыя масавыя канфіскацыі транзітных грузаў, якія ажыццяўляе беларуская мытня. Палітыка мытных органаў адносна транзітных грузаў і сёння практычна застаецца нязменнай. У ёй фінансава зацікаўленыя не толькі пэўныя ведамствы, але і многія дзяржаўныя чыноўнікі.
“Белорусская деловая газета”. 2005. 18 лют.

***
На 1 лютага 2005 г. запазычанасць па плацяжах у бюджэт у Беларусі склала 286,7 млрд. рублёў і павялічылася за студзень на 21,9%. Па дадзеных Міністэрства па падатках і зборах, найбольшыя сумы запазычанасці прыпадалі на падатак на дадатковую вартасць (36,%), акцызы (22,9%) і плацяжы ў рэспубліканскі бюджэт з выручкі ад рэалізацыі тавараў, працы, паслуг (17,5%). Аб’ём адтэрмінаваных сум запазычанасці на 1 лютага склаў 274,6 млрд. рублёў і павялічыўся ў параўнанні з пачаткам года на 0,3%.
“Сharter’97”. 2005. 18 лют.

***
Асноўным гандлёвым партнёрам Беларусі ў 2004 г. была Расія, аб’ём гандлю з якой склаў 58,5% ад усяго тавараабароту. У ліку іншых краін, з якімі вёўся актыўны гандаль, – Германія (5,3% ад усяго аб’ёму тавараабароту), Вялікабрытанія (4,2%), Польшча (4%), Украіна (3,6%), Нідэрланды (3,5%), Літва (1,8%), Кітай, Італія (па 1,5%), Латвія (1,4%). Па дадзеных Мінстату, у 2004 г. Беларусь пастаўляла тавары на рынкі 142 дзяржаў, а набывала прадукцыю ў 151 краіне.
“Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі”.
2005. 21 лют.

***
Урад і Нацыянальны банк Беларусі на сумесным пасяджэнні 8 лютага абмяркоўвалі тры магчымыя сцэнары сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны ў 2006-2010 гг. – інерцыйны, рэалістычны і аптымістычны. Згодна з інерцыйным сцэнарам развіцця, рост ВВП у 2006-2010 гг. складзе 6-7%. Рэалістычны варыянт прадугледжвае рост ВВП на 7,5-8,5% і аптымістычны – на 10%. Пры гэтым усе сцэнарыі прадугледжваюць, што абменны курс беларускага рубля да долара ў 2010 г. складзе 2.760 BYR/USD супраць ацэначнага паказальніка на 2005 г. – 2.200-2.300 BYR/USD. Урад і Нацбанк выбралі рэалістычны сцэнарый.
“Белорусский рынок”. 2005. 14-21 лют.

***
У мінулым годзе транзіт беларускіх грузаў праз бліжэйшыя да нашай краіны марскія вароты – Клайпедскі порт – знізіўся прыкладна на 15% – да 4 млн. тон. На фоне саліднага росту экспарту (на 55%) вырабаў асноўных айчынных экспарцёраў – прадпрыемстваў канцэрна “Белнафтахім” – гэтае становішча выклікае сур’ёзную заклапочанасць літоўскага боку.
“Белорусский рынок”. 2005. 14-21 лют.

***
За мінулы год у Беларусі стала на 171 фермерскую гаспадарку менш. У 2004 г. у Беларусі было ліквідавана 369 фермерскіх гаспадарак, а створана ўсяго 198. Больш за ўсё скарацілася колькасць фермерскіх гаспадарак у Брэсцкай і Магілёўскай абласцях. Іх стала менш на 115 і 49 адпаведна. Такім чынам, зараз у Беларусі дзейнічае 2.336 фермерскіх гаспадарак (494 – у Брэсцкай вобласці, 427 – у Віцебскай, 278 – у Гомельскай, 321 – у Гродзенскай, 502 – у Мінскай і 314 – у Магілёўскай).
“Сharter’97”. 2005. 3 лют.

***
Беларусь распрацавала новую стратэгія здабычы нафты ў Расіі. Замест таго, каб весці цяжкія перамовы пра набыццё ў Расіі нафтавых радовішчаў, беларускі бок будзе набываць на ўсходзе невялікія нафтавыя кампаніі. Так, зарэгістраваная ў Беларусі кампанія “Юкола” ўжо набыла ліцэнзійныя ўчасткі ў Саратаўскай вобласці ды пампуе каля 15 тыс. тон нафты ў месяц.
“Наша Ніва”. 2005. 4 лют.

***
У Беларусi зноў скарочаны пералiк населеных пунктаў аб’ектаў, што знаходзяцца ў зонах радыеактыўнага забруджвання. У афiцыйным каментарыi намеснiк начальнiка аддзела рэабiлiтацыi забруджаных тэрыторый Камчарнобыля Серафiма Кукiна зазначаецца, што пералiк падрыхтаваны на падставе апошнiх звестак аб шчыльнасцi забруджвання глебы цэзiем-137, стронцыем-90, плутонiем-238, 239, 240, а таксама звестак “Каталогу гадавых эфектыўных доз апраменьвання ў 2004 годзе жыхароў населеных пунктаў Рэспублiкi Беларусь (для мэтаў занiравання)”. У параўнаннi з папярэднiм пералiкам колькасць забруджаных радыенуклiдамi населеных пунктаў зменшылася на 122, а колькасць аб’ектаў – на 6. З улiкам усiх гэтых змяненняў цяпер на тэрыторыi радыеактыўнага забруджвання жыве 1.341.356 чалавек, у тым лiку ў зоне пражывання з перыядычным радыяцыйным кантролем – 1.141.696, у зоне з правам на адсяленне – 195.494, у зоне наступнага адсялення – 4166. Такiм чынам, за апошнiя тры гады колькасць грамадзян, якiя жывуць на забруджаных тэрыторыях, зменшылася на 122.500 чалавек. I зразумела, што большасць з iх нiкуды не выязджала.
Паводле “Народнай Волі”

***
Міністр інфармацыі Беларусі Уладзімір Русакевіч лічыць заўчаснай адмову ад заканадаўчых нормаў, якія прадугледжваюць крымінальную адказнасць за абразу гонару і годнасці афіцыйных асобаў. Міністр не падтрымлівае сцвярджэнне, што “журналіст мусіць крытыкаваць дзяржаву”.
“AFN”. 2005. 15 лют.

***
Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь запусціла ў эфір новы праект – спадарожнікавы тэлеканал “Беларусь-ТБ”. (праз спадарожнік Intelsat 904)
“Тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь”.
2005. 1 лют.

***
З наступнага года ў беларускія пашпарты будуць уклейваць біяметрычныя чыпы. Гэта новаўвядзенне прынята ў адпаведнасці з нормамі Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі і накіравана, перш за ўсё, на барацьбу з транснацыянальнай злачыннасцю і тэрарызмам. Біяметрычны чып у пашпарце грамадзяніна Беларусі будзе змяшчаць інфармацыю пра знешні выгляд чалавека, яго рост, колер вачэй, іншыя звесткі.
“Звязда”. 2005. 11 лют.

***
Колькасць насельніцтва Беларусі на 1 студзеня 2005 г. склала 9,8 млн. Чалавек і скарацілася за 2004 год на 49 тыс. Па інфармацыі Міністэрства статыстыкі і аналізу, колькасць гарадскога насельніцтва ў 2004 г. павялічылася на 10,5 тыс. чалавек і склала 7 млн. 56 тыс., сельскага насельніцтва – знізілася на 59,5 тыс. чалавек і склала 2 млн. 744,1 тыс.
“AFN”. 2005. 21 лют.

***
У Зэльве днямі ледзь не згарэла хата Ларысы Геніюш. Суседзі заўважылі агонь у спальні і паспелі патушыць ды выкінуць на двор ахопленую полымем вопратку п’яных насельнікаў. У хаце жывуць адсяленцы з шматпавярховіка, якіх выселілі, бо яны не плацілі за кватэру. Хаце больш за сто гадоў, і яна належала сямейству Геніюшаў. Паэтка жыла ў ёй па вяртанні з ГУЛАГу – з 1956 г. да смерці ў 1983 г.
“Наша Ніва”. 2005. 11 лют.

***
Каля 20-ці тысяч чалавек атрымалі беларускае грамадзянства за 2004 год. Каб спрасціць набыццё грамадзянства, нашай краінай заключаны міжнародныя пагадненні з Казахстанам, Кыргызстанам, Украінай і Расіяй. Грамадзяне гэтых краін атрымліваюць наша падданства без папярэдняга выхаду з грамадзянства сваёй краіны. А гэта значыць, што ім цяпер прасцей стаць беларусамі.
“Тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь”.
2005. 8 лют.

***
Унесеныя змены ў закон аб унутраных войсках, паводле якіх вайскоўцы могуць ужываць зброю па загадзе кіраўніка дзяржавы, прычым з закону знікла таксама фраза, якая дазваляла ім “не выконваць злачынныя загады”. Назіральнікі лічаць, што Лукашэнка зрабіў гэтыя змены на выпадак, калі дойдзе да масавых пратэстаў, падобных да ўкраінскай “аранжавай рэвалюцыі”.
Радыё “Свабода”. 2005. 9 лют.

***
Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з кардыналам Казімірам Свёнткам. Гэта другая сустрэча кіраўніка каталіцкага касцёлу ў Беларусі кардынала Свёнтка з прэзідэнтам Беларусі. Папярэдняя адбылася неўзабаве пасля леташняга рэферэндуму. Да гэтага цягам дзесяці гадоў Аляксандр Лукашэнка ігнараваў каталіцкіх іерархаў Беларусі.
“Radio Polonia”. 2005. 12 лют.

***
Загад Міністэрства юстыцыі аб пераводзе партыйных структураў у нежылы фонд не выкананы. Партыі БНФ пагражае пераход на нелегальны стан. Гэты загад не здолела выканаць аніводная беларуская партыя. Пытанне зараз палягае толькі ў тым, якую з іх Мін’юст будзе ліквідаваць першай.
Прэс-служба Партыі БНФ

***
Папярэджаннем аб хуткім высяленні Саюзу пісьменнікаў з памяшканняў у будынку па вуліцы Фрунзэ, 5 заканчваецца ліст, які днямі атрымала кіраўніцтва саюзу з адміністрацыі прэзідэнта. Гэта адказ на зварот шасці пісьменнікаў-ветэранаў вайны з прапановай стварыць у Доме літаратара мемарыяльны пакой імя Максіма Танка ў былым ягоным кабінеце старшыні Саюзу пісьменнікаў. Саюз пісьменнікаў мае цяпер у Доме літаратара толькі гэты кабінет з прыёмным пакоем, палову бібліятэкі і тры пакойчыкі для захавання дакументаў арганізацыі. Пакідаць гэтыя апошнія свае памяшканні пісьменнікі не мяркуюць.
“Hrodnanews”. 2005. 17 лют.

***
Адсочваць міграцыю беларускіх грамадзянаў за мяжу будуць участковыя міліцыянеры. Аб гэтым было заяўлена падчас семінара ў Брэсце, які быў прысвечаны супрацьдзеянню і папярэджанню гандлю людзьмі. Згодна з афіцыйнымі дадзенымі, у мінулым годзе было раскрытая каля 600 злачынстваў, звязаных з міграцыяй беларускіх грамадзян у іншыя краіны. Большая частка гэтых злачынстваў датычыць жанчын, якія з’ехалі за мяжу, дзе іх выкарыстоўвалі для сексуальнай эксплуатацыі. Між тым, не менш сур’ёзныя наступствы мае і так званая працоўная міграцыя, звязаная з выездам беларускіх грамадзянаў у Расію. Прадстаўнік МУС В.Статуеў заявіў, што менавіта ўчастковыя міліцыянеры будуць адсочваць міграцыю людзей, якія едуць на заробкі ці вучыцца за мяжу. Ужо ўлетку 2005 г. колькасць участковых міліцыянераў у беларускіх вёсках мусіць павялічыцца на 6 тысяч чалавек.
www.belarusy.com

***
Міжнародны дзень роднай мовы адзначаецца 21 лютага ва ўсім свеце. У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі пройдзе літаратурна-музычны вечар, на якім адбудзецца прэзентацыя мультымедыйнага дыска “Літаратурная спадчына Беларусі ХІ – сярэдзіны ХХ стагоддзяў”. У яго ўвайшлі творы з фондаў нацыянальнага кнігасховішча.
“Тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь”.
2005. 21 лют.

***
У Жабiнкаўскiм i Iвацэвiцкiм раёнах адбылiся ўрачыстасцi, прысвечаныя 259-м угодкам з дня нараджэння славутага земляка, нацыянальнага героя ЗША, Польшчы, ганаровага грамадзянiна Францыi Тадэвуша Касцюшкi. Вянкi i кветкi ад Брэсцкага аблвыканкама, грамадскасцi, дыпламатычных мiсiй ЗША, Польшчы, Францыi, Швейцарыi, Лiтвы ўскладзены да мемарыяльных знакаў у вёсках Малыя Сяхновiчы, Чыжэўшчына Жабiнкаўскага раёна, а таксама ва ўрочышчы Мерачоўшчына Iвацэвiцкага раёна.
“Звязда”. 2005. 5 лют.

***
Выстава пад назвай “Рыцарства на Беларусi” экспанавалася ў галерэi “Вiльня” на вул. Калiноўскага ў Мiнску. Тут лунаў вольналюбны дух Беларусi, ажывалi аблiччы яе выдатных сыноў, што працавалi, тварылi, змагалiся i памiралi дзеля жыцця i славы Айчыны.
Геройскага ваяра з пераможна ўзнятай булавой, на белым канi, радасна вiтае народ, анёл з неба ляцiць да яго з ганаровым вянком... Такiм убачыла i ўвасобiла мастачка Людмiла Краснеўская-Кашкурэвiч славутага гетмана Канстанцiна Астрожскага.
Спецыяльна для выставы Мiкола Купава напiсаў твор “Стаўка гетмана К.Астрожскага. 8 верасня 1514 г.”, узнавiўшы апошнiя хвiлiны перад пачаткам бiтвы пад Воршай.
“Народная Воля”. 2005. 9 лют.

***
Намеснік начальніка Упраўлення замежных сувязей Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Г.Пяцігор: “У 21-м ВНУ Беларусі вучыцца больш за 300 прадстаўнікоў беларускай дыяспары. Прычым, у розных гарадах – Мінску, Брэсце, Віцебску, Горках, Гомелі, Гродне... Найбольш папулярныя прафесіі – юрыст, эканаміст, урач”. Кожны год зацвярджаюцца Правілы прыёму ў ВНУ, згодна з якімі беларусам замежжа даецца права паступаць па-за конкурсам пры ўмове наяўнасці накіравання ад беларускіх замежных суполак. Гэта накіраванне яны дасылаюць у Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Неабходна таксама ўзгадненне гэтага накіравання з дыпламатычнымі ўстановамі Рэспублікі Беларусь (пасольствамі ці консульствамі). Міністэрства адукацыі разглядае дакументы толькі пасля такога ўзгаднення. У 2004 годзе скарысталі магчымасць стаць студэнтамі 72 чалавекі з 8 краін – Малдовы, Латвіі, Літвы, Расіі, Украіны, Казахстана, Кыргызстана, Польшчы.
“Голас Радзімы”. 2005. 10 лют.

Бюлетэнь інфармацыйнага цэнтра
МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
Распаўсюджваецца на правах унутранай дакументацыі.
Меркаванні аўтараў публікацый могуць не супадаць з думкай рэдакцыі, друкавацца дзеля палемікі. Адказная за выпуск Алена Макоўская. Адрас рэдакцыі:
220050, Рэспубліка Беларусь
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15
zbsb@lingvo.minsk.by