МІЖНАРОДНАЕ ГРАМАДСКАЕ АБ'ЯДНАННЕ "ЗГУРТАВАННЕ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ "БАЦЬКАЎШЧЫНА"
№2(№27)
люты
2004
БЮЛЕТЭНЬ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ЦЭНТРА "БЕЛАРУСЬ АБ'ЯДНАНАЯ"

Змест:

Віншаванне!

У лютым сябры Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” святкуюць юбілеі: 40 год спаўняецца сп-ні Ганне Іванэ, дырэктару беларускай школы г. Рыгі; 70 год – сп. Арсену Лісу, доктару філалагічных навук; 75 год – сп. Леаніду Лычу, доктару гістарычных навук. Шчыра віншуем юбіляраў, зычым здароўя, поспеху і плёну!

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Падзяка

Выказваю вялікую падзяку ўсім тым, хто ў Беларусі і з замежжа ў дні майго юбілею павіншаваў мяне з 75-годдзем, даслаў свае віншавальныя тэлеграмы, лісты і павіншаваў асабіста.

Анатоль Грыцкевіч

У працяг тэмы

Заява Рады БНР

Рада БНР прыняла заяву аб сітуацыі вакол Таварыства беларускай мовы: “Наступ на ТБМ – гэта працяг палітыкі прымусовай русыфікацыі і зьнішчэньня асяродкаў беларускасьці... У выніку зачыненыя беларускія школы, беларуская мова выведзеная з ВНУ, дзяржаўныя электронныя СМІ пераведзеныя на расейскую мову, сярод апошніх акцыяў – ліквідацыя Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа... Рада БНР лічыць сваім абавязкам зьвярнуць увагу ўрадаў краінаў Захаду і міжнародных арганізацыяў на сытуацыю, якая склалася вакол ТБМ. Рада БНР заклікае ўсе партыі і арганізацыі ў Беларусі, якія стаяць на пазыцыях Незалежнасьці, падтрымаць ТБМ у ягоным змаганьні за адраджэньне беларускай мовы”.

Радыё “Свабода”. 2004. 10 лют.

Зварот МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” палічыла абавязкам падаць свой голас у абарону Таварыства беларусай мовы ў канфлікце з уладамі г. Мінска. На зварот быў атрыманы адказ ад кіраўніка адміністрацыі Партызанскага раёна г. Мінска. Цытуем у перакладзе з рускай мовы:

“Ваш зварот разгледжаны ў адміністрацыі Партызанскага раёна. У сувязі з недахопам плошчаў для аператыўнай работы жыллёва-эксплуатацыйнай службы ўзнікла неабходнасць у дадатковых службовых памяшканнях. У сувязі з выкладзеным, Грамадскаму аб‘яднанню “Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны” прапанавана разглядзець магчымасць размяшчэння па іншаму адрасу, зыходзячы з наяўнасці вольных памяшканняў, пералік якіх ёсць у Мінскім гарадскім цэнтры нерухомасці.

Кіраўнік адміністрацыі Партызанскага раёна г. Мінска П.М.Сямашка.”

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Новае памяшканне

Некалькі тысяч чалавек накіравалі лісты ў падтрымку ТБМ на адрас кіраўніка Мінска. Як паведаміў старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, улады прапануюць ТБМ памяшканне для перасялення: “У чацвер мы атрымалі адказ, што нас не высяляюць, а перазасяляюць у іншае памяшканне. Але гэта ўсё роўна лепей, чым апынуцца на вуліцы, і я вельмі ўдзячны тым грамадзянам Беларусі і замежжа, іх некалькі тысяч, якія накіравалі свае лісты ў нашу падтрымку”.

Радыё “Свабода”. 2004. 10 лют.

Весткі

Аднаўленне сядзiбы Касцюшкаў

Аднаўленне сядзiбы Касцюшкаў пад Брэстам вядзецца са снежня мiнулага году, калi брэсцкiя ўлады выдаткавалi з абласнога бюджэту 50 мiльёнаў рублёў. Начальства i чыноўнiкi амаль штодня кантралююць хаду будаўнiцтва. Сядзiба павінна быць адноўленая cёлета ў лiпенi. Пра гэта было паведамлена на прэс-канферэнцыi ў прысутнасцi дыпламатаў з Францыi, Польшчы, Лiтвы i ЗША. Мiж тым амерыканскае пасольства ў Мінску ўжо ахвяравала на адбудову сядзiбы Касцюшкаў больш за 28 тысячаў долараў. Амбасадар ЗША Джордж Крол не выключыў, што намаганнямi ўраду ЗША ў адноўленай сядзiбе будзе створаная адмысловая экспазіцыя, якая распавядзе пра амерыканскi перыяд жыцця Касцюшкi. Намеснiк амбасадара Польшчы ў Беларусi Марэк Буцько нагадаў, што ў Польшчы сотнi вулiц названыя ў гонар Тадэвуша Касцюшкi i iснуе шмат грамадскiх арганiзацый, якiя працуюць дзеля захавання спадчыны гэтага змагара за свабоду. Спадар Буцько выказаў здзiўленне, што ў Беларусi дагэтуль няма музея Касцюшкi.

Радыё “Свабода”. 4 лют.

Фільм пра Беларусь вылучаны на “Оскар”

На прэмію “Оскар” вылучаны фільм пра беларускіх дзяцей. Гэта дакументальная стужка “Чарнобыльскае сэрца”, знятая амерыканкай Мерыян Дэлеа. Аўтарка два гады працавала ў Беларусі ў складзе ірландскай дабрачыннай арганізацыі “Чарнобыльскі дзіцячы праект” і аб’ездзіла з калегамі ўсю краіну. У гэтай самай намінацыі на “Оскара” прэтэндуюць стужкі “Прытулак” – пра жанчыну з Ганы, якая шукала палітычнага прытулку ў ЗША, і “Гісторыі Фэры” – пра жаночую кампанію, якая бавіць час за абмеркаваннем жаночых праблем каля люстэрка.

“Наша Ніва”. 2004. 20 лют.

Бібліятэка імя Васіля Быкава

Віцебскія ўлады адмовіліся перайменаваць бібліятэку імя Леніна ў бібліятэку імя Васіля Быкава. З прапановаю пра перайменаванне бібліятэкі ў віцебскі аблвыканкам звярнуліся сябры Таварыства беларускай мовы. Афіцыйнага адказу ад уладаў давялося чакаць некалькі месяцаў. Адказ быў адмоўны. У афіцыйным лісце напісана: “Напярэдадні святкаванняў 60-х угодкаў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў лічым немэтазгодным пераймяноўваць дзяржаўную ўстанову “Віцебская бібліятэка імя Леніна”, бо гэта справакуе супрацьстаянне ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны”.

Радыё “Свабода”. 30 студз.

Навіны

Брэгенц, Аўстрыя

У аўстрыйскім горадзе Брэгенц прайшла акцыя інфармавання жыхароў горада аб цяперашняй палітычнай сітуацыі ў Беларусі. У пікеце ўзялі ўдзел каля 10 чалавек, у тым ліку грамадзяне Аўстрыі. Акцыю падтрымала мясцовая арганізацыя аўстрыйскай партыі зялёных, якая пашыла сваім коштам некалькі бел-чырвона-белых сцягоў. Удзельнікі пікету трымалі плакаты, беларускія сцягі, а таксама раздавалі ўлёткі. На акцыі было цэнтральнае аўстрыйскае тэлебачанне. Як паведаміў палітычны ўцякач з Беларусі Андрусь Клён, аўстрыйцы даволі актыўна цікавіліся інфармацыяй, якую прапаноўвалі пікетоўцы. У найбліжэйшы час беларусы, што жывуць у Аўстрыі, плануюць наладзіць акцыю пратэсту каля беларускай амбасады ў Вене.

Радыё “Свабода”. 2004. 9 лют.

Намюр, Бельгія

11 лютага ў будынку Парламента Валоніі адбылося адкрыццё выставы “Сучасны жывапіс Беларусі. Нашчадкі Шагала”. Экспазіцыя арганізавана Пасольствам Рэспублікі Беларусь у Каралеўстве Бельгія сумесна з валонскім парламентам. На выставе прадстаўлены працы дзевяці беларускіх мастакоў. Мэтаю выставы з’яўляецца азнаямленне наведвальнікаў з сучаснымі тэндэнцыямі выяўленчага мастацтва Беларусі, прадэманстрацыя таленту беларускіх мастакоў, абуджэнне ў бельгійцаў інтарэса да нашай краіны, яе гісторыі і культуры.

www.mfa.gov.by 2004. 13 лют.

Ватыкан

У гэтым месяцы адзначаецца 54 гады існавання беларускай праграмы “Радыё Ватыкан” (“Vatican radio”). Гэта найстарэйшая з беларускіх праграм у замежжы, кіруе ёй а. Робінэ, рэдактар праграмы – Янка Мойсік. Ватыканскае Радыё перадае свае праграмы на 44-х мовах свету. 54 гады таму а. Татарыновіч, а. Гарошка, а. Сіповіч і інжынер Рыдлеўскі распачалі арганізацыю беларускай праграмы на Ватыканскім Радыё.

На Ватыканскім Радыё запісваліся інтэрв’ю з Васілём Быкавым, Адамам Мальдзісам, Анатолем Грыцкевічам і інш. У Радыё многа карэспандэнтаў з Беларусі: з Гродна, Мінска, Віцебска, а таксама з Беласточчыны. Рэдактар праграмы Янка Мойсік кажа: “Нажаль, нам не ўдалося наладзіць сувязі з беларускай дыяспарай, хаця пасля візіту ў Рым беларусаў з Вялікабрытаніі і Бельгіі, магчыма, нешта паправіцца. З ЗША, Канадаю не маем ніякіх сувязяў. А шкада, бо маглі б інфармаваць на нашых хвалях аб Вашым як рэлігійным, так і грамадскім жыцці. Нават можна было б падаць інфармацыю аб сесіі БНР. Мы не маем ніякага супрацоўніцтва, напрыклад, з радыё “Свабода” ды іншымі радыё, як і з беларускімі цэнтрамі, якія знаходзяцца ў дыяспары”.

Для допісаў і кантактаў у артыкуле падаецца электронны адрас: mojsik@hotmail.соm

Паводле газеты “Беларус”. 2004. студзень

Франкфурт-на-Майне, Германія

У “Яўрэйскім музеі” Франкфурта-на-Майне 2 красавіка адчыняецца выстава, прысвечаная супярэчлівым адносінам М.Шагала і Германіі. 60 год таму нацыянал-сацыялісты знішчылі шмат прац ураджэнца Беларусі. Выстава будзе працаваць да 18 красавіка.

“Задзіночаньне беларускай моладзі замежжа” (www.belarusy.com)

Нью-Ёрк, ЗША

4 гады таму ў Нью-Ёрку быў закладзены дабрачынны Фонд культуры і адукацыі дзеля дапамогі Беларусі. Ініцыятар стварэння – прафесар Нью-Ёркскага ўніверсітэту сп-ня Ала Орса-Раманэ. Гэты Фонд – сямейны, сп-ня Ала стварыла яго разам з двума сынамі і нявесткаю ў памяць пра сваіх бацькоў і мужа – прафесара Франка Раманэ. Бацькі сп-ні Алы – Аляксандр і Наталля Орсы добра вядомыя сярод беларускай эміграцыі. Доктар Аляксандар Орса падчас вайны быў школьным інспектарам Навагрудскай акругі, з-за чаго і мусіў выехаць у эміграцыю. У Нямеччыне для дзяцей беларускіх выгнанцаў арганізаваў Беларускую гімназію імя Янкі Купалы, быў яе дырэктарам. Ягоная жонка Наталля працавала выкладчыцаю гімназіі. У 1949 г. сям’я Орсаў пераехала ў ЗША. Доктар Орса стаў адным з заснавальнікаў Беларуска-Амерыканскага Задзіночання, Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва, міністрам асветы Ураду БНР. Памёр у 1959 г.

Фонд займаецца культурнымі і адукацыйнымі справамі, выданнем беларускіх кніжак і зборам беларускіх архіваў.

Радыё “Свабода”. 2004. 10 лют.

Чыкага, ЗША

Ад рэдакцыі: У майскім нумары нашага бюлетэня за 2002 год мы пісалі пра тое, што ў 1995 годзе ў Чыкага створана Беларускае зямляцтва асацыяцыі «Земляки» (Іllinois association of the former ussr countries fellows «Zemliaky»). Гэта арганізацыя апошняй xвалі эміграцыі, пераважна яўрэяў па паходжанні, якія адчуваюць сваю непарыўную сувязь з зямлёй i народам Беларусі, з яе культурай.

Сапраўдных Беларусаў і па нацыянальнасці, і па веравызнанні, і па мове ў нас вельмі мала. Большасць сябраў зямляцтва аб’ядноўвае з Беларуссю памяць і любоў да былой Радзімы, хаця былой Радзімы не існуе. І хоць большасць з нас ужо з’яўляюцца грамадзянамі Амерыкі, усё роўна, Радзіма – гэта тая краіна, дзе нарадзіўся і прайшла асноўная частка жыцця, дзе засталіся магілы нашых бацькоў і продкаў.

Зямляцтва штогод ладзіць вялікія сустрэчы землякоў, прысвечаныя важным памятным датам Беларусі. У гэтым годзе плануецца наладзіць вечарыну, прысвечаную 60-годдзю вызвалення Беларусі ад фашыстаў (прыкладна 11 ліпеня). На такіх вечарынах адбываюцца сустрэчы з вядомымі людзьмі з Беларусі, прагляд слайдаў аб Мінску і славутых мясцінах Беларусі, чытаюцца вершы беларускіх паэтаў, гучаць песні беларускіх кампа-зітараў. Такім вось чынам Зямляцтва спрыяе захаванню ў нашых землякоў памяці і любові да Радзімы.

Кіраўніцтва Зямляцтва выказвае падзяку Згуртаванню “Бацькаўшчына” за дасылку інфармацыйнага бюлетэня “Беларусы ў свеце”.

Іосіф Кацман. Старшыня Зямляцтва

Таронта, Канада

Пры Згуртаванні беларусаў Канады працуе беларускі фальклорны гурт “Яваровы людзі”. Гурт аб’ядноўвае людзей, адданых хараству роднае песні. Гурт “Яваровы людзі” запрашае ў калектыў беларусаў усіх узростаў, якія ўмеюць спяваць, танчыць, граць на музычных інструментах. Нядаўна было абвешчана пра стварэнне і тэатральнага гуртка пры Згуртаванні беларусаў Канады. Як у фальклорны гурт, так і ў тэатральны гурток вядзецца пастаянны набор.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Таронта, Канада

Газета Згуртавання беларусаў Канады “Беларускае слова” распачала серыю публікацый, прысвечаных 55годдзю дзейнасці Згуртавання. Народжаная ў паваенным Таронта арганізацыя была і застаецца ўтульным домам для беларусаў усіх пакаленняў. Згуртаванне застаецца адкрытай арганізацыяй і запрашае беларусаў Канады далучацца да сваёй дзейнасці. Дзеля гэтага можна скласці пісьмовую ці вусную заяву і звярнуцца на адрас:

Belarusan Canadian Alliance | 524 St.Clarens Ave. |Toronto, ON, M6H 3W7 | Canada

Тут можна атрымаць і Статут ар-ганізацыі. Дзеля таго, каб замовіць газету “Беларускае слова” ці даслаць матэрыял, звяртайцеся на адрас:

Belaruskaje slova | 103 Stephen Dr. Unit 1 | Toronto, ON | M8Y 3M8 | Canada

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Рыга, Латвія

У Рызе прайшла прадстаўнічая міжнародная канферэнцыя “Будучыня дэмакратыі паза межамі Балтыі”. Галоўная частка канферэнцыі была прысвечаная Беларусі. Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Беларусі Анатоль Лябедзька прапанаваў на канферэнцыі стварыць адмысловую камісію Еўрасаюза, якая б займалася Беларуссю.

З жорсткай заявай супраць канферэнцыі выступіла Міністэрства замежных спраў Беларусі, назваўшы яе ўмяшаннем ва ўнутраныя справы Беларусі. Аднак рэакцыя афіцыйнай Рыгі была вельмі спакойная. На канферэнцыі далі слова кіраўніку асацыяцыі прадпрымальнікаў беларусаў Латвіі “Беларускі шлях” Валянціне Піскуновай, якая агучыла пазіцыю беларускай амбасады ў Рызе.

Прадстаўнікі ЛТБК “Світанак” мелі магчымасць пазнаёміцца з удзельнікамі канферэнцыі на прыёме ў МЗС Латвіі. 8 лютага адбылася сустрэча сяброў ЛТБК “Світанак” з палітыкамі і грамадскімі дзеячамі Беларусі. Сярод апошніх былі Уладзімір Падгол (палітолаг), Алесь Бяляцкі (праваабарончы цэнтр “Вясна - 96”), Юры Хадыка (БНФ “Адраджэнне”) і Мікалай Статкевіч (Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада).

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Вільня, Літва

У Вільні адзначылі 85-я ўгодкі Віленскай беларускай гімназіі. Гэта ўжо традыцыйны для Вільні Дзень Гімназіі, які адзначаецца штогод. Урачыстасць арганізавала Віленская школа імя Ф.Скарыны – адзіная поўная сярэдняя школа ў Літве з беларускай мовай навучання. Цяпер у школе – 165 вучняў і каля 40 настаўнікаў. Сёлетняе свята супадае з 10-гадовым юбілеем школы. Дзень Гімназіі пачаўся ўрачыстай акадэміяй, выступілі вучні былой Віленскай беларускай гімназіі – Вера Шостак, Міраслава Русак, Яраслаў Станкевіч, вучань Навагрудскай беларускай гімназіі Сцяпан Анішчык.

Пасля прайшлі ўрачыстасці – канцэрт, вечарына, дыскатэка, быў святочны стол. На канцэрце прагучалі нумары, адмыслова падрыхтаваныя да свята, ўпершыню выступіў хор настаўнікаў Скарынаўскай школы.

Дырэктар Скарынаўскай школы Галіна Сівалава: “Мы сябе адчуваем спадкаемцамі тых колішніх гімназістаў, бо святло іх сэрцаў і цяпло іх душаў сагравае нас да гэтага часу. Яны высока неслі сцяг нашай культуры, нашых традыцый, і, спадзяюся, нашыя вучні будуць таксама добрымі гімназістамі.”

Радыё “Свабода”. 2004. 2 лют.

Варшава, Польшча

Дзеячы польскай інтэлігенцыі прапануюць паставіць у Варшаве помнік Янку Купалу і Якубу Коласу. Дзеля гэтага ствараецца грамадскі камітэт, у які ўвойдуць публіцыст і перакладчык Яўгеніюш Кабац, сябры Польскага таварыства беларусістаў, супрацоўнікі кафедры бела русістыкі Варшаўскага ўніверсітэту і інш. Беларускае пасольства ладзіць кансультацыі па гэтым пытанні з дзяржустановамі і варшаўскімі ўладамі.

“Наша Ніва”. 2004. 6 лют.

Інавроцлаў, Польшча

У горадзе Інавроцлаў (паўночная Польшча), адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкі, прысвечанай жыxару Інавроцлава беларусу Язэпу Найдзюку. Адкрыццё мемарыяльнай дошкі на будынку інавроцлаўскай друкарні, у якой шмат гадоў працаваў Язэп Найдзюк, было спалучана з навуковай канферэнцыяй, на якой гісторыкі азнаёмілі з жыццём Язэпа Найдзюка. Нарадзіўся Язэп Найдзюк недалёка ад Ваўкавыска ў 1909 г. У трыццатыя гады мінулага стагоддзя быў вядучым беларускім друкаром у Вільні, грамадскім дзеячам, палітычным вязнем Картуз-Бярозы. У гады вайны працаваў у Мінску. Займаўся паліграфічнай дзейнасцю.

Калі да беларускай сталіцы набліжаюцца савецкія войскі, Найдзюк пакідае Мінск і пераязджае ў Польшчу. Аж да пенсіі, на якую пайшоў у 1978 г., працаваў у паліграфіі. Многа гадоў на пасадзе дырэктара друкарні. Як падкрэслівалі на сесіі навукоўцы, камуністычная служба бяспекі Польшчы ведала пра дзейнасць Язэпа Найдзюка ў акупаваным Мінску. Але ён быў настолькі добрым спецыялістам-паліграфістам, што на працягу доўгага часу яго не чапалі. Язэп Найдзюк не толькі славуты сын зямлі беларускай. Ён адзін з найбольш вядомыx жыxароў Інавроцлава і рэгіёна. Язэп Найдзюк памёр у 1984 г.

Радыё “Polonia”. 14 лют. 2004

Беласток, Польшча

Салісты, гурты і xоры – у суме звыш 300 выканаўцаў бяруць удзел у фінальным Aгульнапольскім конкурсе беларускай песні ў Беластоку. Пераможцы выступяць у галаканцэрце разам з гасцямі з Беларусі. Фестываль ладзіцца ўжо 11 раз. Арганізатарам з’яўляецца Беларускае Грамадска-Культурнае Таварыства. Выканаўцы прэзентуюць традыцыйную беларускую музыку, але таксама сучасныя, эстрадныя песні на беларускай мове.

Радыё “Polonia”. 15 лют. 2004

Беласток, Польшча

Мінулы год выдаўся неспакойным для адзінага беларускага штотыднёвіка ў Польшчы – газеты “Ніва”. Газета выходзіць у Беластоку з 1956 г. На яе 12 старонках друкуюцца матэрыялы па гісторыі і культуры, інфармацыя пра падзеі беларускага жыцця на Беласточчыне. Асабліва шмат увагі рэдакцыя надзяляе выхаванню нацыянальнай свядомасці сярод дзяцей, для іх у газеце выходзіць спецыяльны дадатак – “Зорка”. Фінансавыя праверкі, у выніку якіх рэдакцыю абвінавачвалі ў парушэнні парадку выкарыстання сродкаў, хвалявалі не толькі калектыў рэдакцыі, але і чытачоў. Праверкі не скончыліся і да сёння. Пры канцы года падаў у адстаўку старшыня Праграмнай рады “Нівы” сп. Яўген Мірановіч, бо паўсталыя рэдакцыйныя праблемы сталі забіраць у яго больш часу, чым ён можа сабе дазволіць як прафесар універсітэту. Рада з’яўляецца выдаўцом газеты, у склад яе ўваходзяць прадстаўнікі беларускіх арганізацый. Сп. Мірановіч прапанаваў на свайго пераемніка вядомага беларускага дзеяча, старшыню Саюза беларусаў у Польшчы Яўгена Вапу.

Радыё “Свабода”. 17 лют.

Беласточчына, Польшча

Грамадскі камітэт пабудовы беларускага Музея і Асяродка беларускай культуры ў Гайнаўцы скончыў сваю працу. Настала пара “ўдыхнуць жыццё” ў вялізарны будынак. Зразумела, што без вялікіх праблем можна зрабіць Дом культуры. Няхай і беларускі, але гэта будзе толькі яшчэ адзін Дом культуры. Першапачатковая задума была пабудаваць “ДОМ УСІХ БЕЛАРУСАЎ”. І каб як у сваёй хаце сябе адчувалі і старыя і малыя. Каб маглі ў ім знайсці сабе занятак па душы ўсе: і найвышэйшага палёту інтэлектуалы, і звычайныя людзі.

Настаў час вырашаць, якім быць гэтаму “ДОМУ”. Накіроўваем два пытанні да ўсіх беларусаў, да ўсіх беларускіх суполак і арганізацый, да ўсіх, каму неабыякавы лёс беларускай культуры і лёс Асяродка:

1. Якім вы бачыце Асяродак беларускай культуры ў Гайнаўцы?
2. Як вы бачыце сябе ў Асяродку беларускай культуры ў Гайнаўцы?
Запрашаем усіх да супрацоўніцтва. Будзем удзячны за кожную параду, падказку, падтрымку.

Вашы прапановы просім дасылаць на адрас:

17-200 Hajnowka | ul. 3 Maja 42 | Osrodek Kultury Bialoruskiej

e-mail: asiarodak@op.pl

Наталля Герасімюк

Гданьск, Польшча

3 лютага ў Гданьску адбылося ўрачыстае закрыццё выставы твораў Марка Шагала з Віцебскага музея, якая экспанавалася ў залах музея гісторыі Гданьска 2 месяцы. Пасля Гданьска выстава адкрыецца 6 лютага ў Шчэціне, затым ў планах – Вроцлаў, Кракаў, Катавіцэ і Варшава. З просьбамі аб экспазіцыі М.Шагала выступілі і многія іншыя музеі, у тым ліку Слупска і Познані. Выстава мела назву “Звініць ува мне далёкі горад… М.Шагал у Віцебску”.

“Культура”. 2004. 14-20 лют.

Іркуцк, Расія

Старшыня Рады ІТБК А.Рудакоў

Беларускія Каляды ў Іркуцку

21 студзеня адбылося пасяджэнне абласной Рады Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Я.Чэрскага. Акрамя сяброў абласной Рады, прысутнічала Старшыня Іркуцкага гарадскога аддзялення ІТБК Таццяна Бізікова. На Радзе разглядаліся многія важныя пытанні жыцця беларускай дыяспары рэгіёна: правядзенне VI з’езда беларусаў Іркуцкай вобласці прызначана на 17 красавіка, у сакавіку вырашана правесці вылучэнне дэлегатаў з’езда ад аддзяленняў ІТБК, з 24 па 31 мая запланавана правядзенне “Тыдня Беларускай Культуры ў Іркуцкай вобласці”, абмеркаваны вынікі мінулых Калядаў, запланаваны мерапрыемствы ІТБК – “Гуканне Вясны”, “Вячоркі”, “Міжнацыянальная дыскатэка”, і вызначаны адказныя за падрыхтоўку. Справаздачы аб пасяджэнні падрыхтавала Сакратар Рады ІТБК Алена Сіпакова.

“Маланка”. 2004. студзень

Масква, Расія

21 лютага Грамада Беларускай Культуры ладзіць сустрэчу з вядомым беларускім гісторыкам Генадзем Сагановічам. Сустрэча адбудзецца ў памяшканні Грамады на вул. Новаслабодскай. Арганізацыяй сустрэчы займаецца кіраўнік Грамады Генадзь Лех.

“Беларуская Масква” (www.maskva.com). 2004. 26 лют.

Масква, Расія

У Маскве ў якасці расійскай прэм’еры адбыўся паказ фільма-ўдзельніка кінафестывалю ў Ротэрдаме 2004 “Акупацыя. Містэрыі”. Фільм быў зняты пасля поспеху кароткаметражнай стужкі “Партызанская рапсодыя”. Абодва фільмы Андрэя Кудзіненкі выклікалі хвалю абурэння “грамадскасці” і чыноўнікаў Міністэрства культуры Беларусі. У сакавіку “Акупацыя...” выйдзе на відэакасетах і DVD. Дзеянне фільма разгортваецца на тэрыторыі акупаванай фашыстамі Беларусі. Аднак славутага партызанскага супрацьстаяння, вядомага па стужках “Беларусьфільма”, у гэтым незалежным праекце няма. Гэты фільм – бадай, першая спроба постсавецкага беларускага кінематографа адысці ад традыцыйных уяўленняў аб Вялікай Айчыннай.

“Беларуская Масква” (www.maskva.com). 2004. 26 лют.

Праца за мяжой

6 тысяч 349 чалавек выехалі за межы Беларусі па працоўных дагаворах і кантрактах у мінулым годзе. Легальную працу грамадзяне Беларусі атрымалі ў 20 краінах. Найбольшая частка з іх – 3 тысячы 476 чалавек – была працаўладкавана ў ЗША, у Расіі – 1 тысяча 560 чалавек, у Вялікабрытаніі – 432, у Германіі – 190 і ў Чэхіі атрымалі працу 162 беларусы. Грамадзяне Беларусі ў асноўным былі заняты на дапаможных працах.

“Народная воля”. 2004. 20 лют.

Гісторыя эміграцыі

З гісторыі беларускай прысутнасці ў Францыі

У 2004 г. спаўняецца 955-ая гадавіна вяселля ўнучкі Рагнеды князёўны Ганны Яраслаўны з каралём Францыі Генрыхам І (1049 г.). Наступны французскі кароль, Філіп І, быў праўнукам знакамітай полацкай княгіні. Каралева Ганна больш за 10 гадоў (з 1060 г.) кіравала Французскім каралеўствам. Усе наступныя каралі з дынастыі Капетынгаў, што ўладарылі ў Францыі да 1328 г., былі крэўнымі сваякамі полацкіх князёў Рагвалодавічаў.

Што да ХVІ ст., то звесткі пра першы факт побыту беларуса ў тагачаснай Францыі пакуль дакументальна не пацверджаныя. Калі яны пацвердзяцца – гэта будзе навуковай сенсацыяй, бо датычыць самога Францыска Скарыны. У № 2 парыжскага беларускага часопіса “Божым Шляхам” за 1951 г. сцвярджаецца: “Ёсць весткі, што Скарына з Падуі прыехаў у Парыж і тут быў выбраны старшынёй аднаго студэнцкага гуртка, які займаўся справаю друкарства. З Парыжа Скарына паехаў у Прагу”. Хаця з моманту гэтае публікацыі мінула больш за 50 гадоў, яшчэ ніхто не займаўся ейным спраўджаннем.

Сярод дакладных фактаў нашае прысутнасці ў Францыі ХVІ ст. вылучаецца пасольства ВКЛ у Парыж у 1573 г., накіраванае па новаабранага вялікага князя літоўскага і караля польскага Генрыха дэ Валуа. Гэтая выправа была арганізаваная разам з палякамі, і часам у літаратуры можна сустрэць сцвярджэнне, што дэлегацыя была агульная, ад усяе Рэчы Паспалітае. Але ліцвінскія амбасадары, маршалак дворны літоўскі Мікалай Крыштаф Радзівіл і ваяводзіч кіеўскі Аляксандар Пронскі, мелі асобныя мандаты і паўнамоцтвы ад Рады ВКЛ. Апрача названых амбасадараў, тут былі і Юры Радзівіл, і Ян Буйніцкі, і Станіслаў Зарэмба-Каліноўскі ды іншыя.

Мікалай Крыштаф Радзівіл (Сіротка) вучыўся ў Страсбургу, потым падарожнічаў па Францыі. У другой палове ХVІ ст. у Страсбургу вучылася шмат пратэстантаў з беларускіх земляў. Сярод іх – будучы вялікі маршалак літоўскі Крыштаф Мікалай Дарагастайскі, сыны кашталяна смаленскага Самуэль і Войцех Нарушэвічы ды інш. У Арлеане атрымаў адукацыю доктар медыцыны, паэт і дыпламат Даніла Набароўскі.

У ХVІІ ст. традыцыі навучання нашае пратэстанцкае моладзі ў Францыі працягнулі паэт і філосаф Ян (Андрэй) Белаблоцкі ды заснавальнік слуцкае кальвінісцкае друкарні Казімір Клакоцкі. Сын Казіміра Клакоцкага, Еранім, таксама вучыўся ў Францыі (у Парыжы). У Парыжы вучыўся ды адначасова пісаў працу, што пасля праславіла ягонае імя, слынны Іван Ужэвіч – аўтар першай граматыкі беларускай мовы (1643 г.). Два вядомыя рукапісы гэтай працы захоўваюцца таксама ў Францыі – у Нацыянальнай бібліятэцы ў Парыжы ды ў бібліятэцы г. Арас.

Наведвалі ўраджэнцы Беларусі Францыю ў ХVІІ ст. і з іншых нагодаў. Пазнейшы канцлер ВКЛ Альбрэхт Станіслаў Радзівіл быў на службе караля Людовіка ХІІІ, а вядомы палітычны і вайсковы дзеяч Багуслаў Радзівіл служыў Людовіку ХІV. Дыпламатычную місію выконваў на берагах Сены рэферэндар ВКЛ Крыштаф Корвін Гасеўскі. Тады ж перабраліся ў Францыю многія ліцвіны (Тэадор Абуховіч, Ігнат Сангушка ды іншыя).

У 1636 г. наведаў Парыж прапаведнік Януша Радзівіла Адам Рэйнальд. Ён сустрэўся тут з вядомым галандскім мысляром-гуманістам Гугам Гроцыюсам, якому перадаў пасланні кальвіністаў з Рэчы Паспалітае. Сустракаўся з Гроцыюсам і ўраджэнец Троччыны Андрэй Вішаваты. У 30-40-я гады ХVІІ ст. ён часта бываў у Парыжы і нават некаторы час жыў там стала. Вішаваты быў сябрам французскага філосафа П’ера Гасэндзі.

Асноўнаю ж праяваю беларускай прысутнасці ў Францыі, як у ХVІІ, так і ў наступным ХVІІІ ст., былі шматлікія падарожжы, якія здзяйсняла тады нашая шляхецкая моладзь. Побач з маладымі магнатамі Радзівіламі, Сапегамі, Пацамі, Хадкевічамі ды іншымі траплялі ў “вялікі свет” і іхнія хатнія настаўнікі, і іхнія “таварышы” з дробнае шляхты, якія складалі світу магнатаў. У якасці гэткіх хатніх настаўнікаў наведвалі Францыю такія вядомыя асобы, як гісторык і правазнаўца Мацей Догель, філосаф Караль Вырвіч, філосаф, гісторык і пісьменнік Францішак Богуш… У свіце Радзівілаў падарожнічалі па Францыі філосаф Тэадор Білевіч і пісьменнік-мемуарыст Ян Цадроўскі.

У ХVІІІ ст. даволі часта можна было пабачыць нашых землякоў і пры французскім каралеўскім двары, і ў самых модных парыжскіх салонах, і ў шэрагах сябраў навуковых таварыстваў: канцлер ВКЛ, філосаф і асветнік Яўхім Літавор Храптовіч, рэферэндар літоўскі Ігнат Якуб Масальскі, вялікі гетман літоўскі, пісьменнік і кампазітар Міхал Казімір Агінскі.

У ХVІІІ ст. ураджэнцы Беларусі працягвалі атрымліваць адукацыю ў французскіх навучальных установах. Так філосаф і матэматык Станіслаў Шадурскі скончыў парыжскі калегіюм Людовіка Вялікага, гісторык і паэт Адам Нарушэвіч – Ліёнскі езуіцкі калегіюм, пазнейшы пачэсны грамадзянін Францыі Тадэвуш Касцюшка наведваў лекцыі ў парыжскай Акадэміі жывапісу і скульптуры.

Канец гэтага стагоддзя сумна адметны падзеламі Рэчы Паспалітай ды спыненнем існавання ВКЛ. Гэтыя падзеі выклікалі першую ў гісторыі хвалю масавай палітычнай эміграцыі з беларускіх земляў на Захад, у тым ліку і ў Францыю. Найбольш адметнымі постацямі з іх былі паўстанцы 1794 г.: кампазітар Міхал Клеафас Агінскі, сябры Літоўскай Рады Караль Прозар і Язэп Кацёл.

Значная частка гэтых эмігрантаў пазней звязала свой лёс з Напалеонам. Французская армія здавалася ім сілаю, на якую можна абаперціся ў барацьбе за аднаўленне Рэчы Паспалітай. У 1797 г. многія сотні нашых землякоў папоўнілі шэрагі “польскіх” легіёнаў генерала Дамброўскага. Энтузіязм у патрыятычных колах эміграцыі выклікала стварэнне ў 1807 г. Вялікага Герцагства Варшаўскага пад пратэктаратам Францыі, у якое ўвайшла і частка земляў былога ВКЛ (Занямонне). Многія выгнанцы-ліцвіны пакінулі ў той час Францыю ды паступілі на службу да варшаўскага герцага Фрыдрыха Аўгуста.

Падчас вайны 1812 г. у абодвух варожых лагерах было многа адметных ураджэнцаў Беларусі. Пад напалеонаўскімі сцягамі вярнуліся з Францыі на Радзіму генерал Рамуальд Гедройц (у 1812 – генеральны інспектар войска адноўленага ВКЛ), генерал Язэп Антоні Касакоўскі (у 1812 – камандзір Полацкага пяхотнага палка, з 29.9.1812 – губернатар Масквы, у 1813 – ад’ютант штаба Напалеона), вучань І.Канта, філосаф і перакладчык Язэп Быхавец (у 1812 – ад’ютант маршала Мюрата), будучы вядомы пісьменнік Тадэвуш Булгарын, заснавальнік навуковага славяназнаўства Адам Чарноцкі і многія-многія іншыя. А пад расійскімі сцягамі ўвайшлі ў Парыж аўтар “Энеіды навыварат” Вікенці Равінскі, доктар медыцыны Леў Нагумовіч (у 1814 г. абраны сябрам-карэспандэнтам Парыжскай медыцынскай акадэміі) і іншыя.

Паразы вызвольных антырасійскіх паўстанняў 1830-31 і 1863-64 гг. выклікалі з’яўленне ў Францыі такой колькасці ўраджэнцаў Беларусі, якой тут яшчэ ніколі не было. Тут у тыя часы з’явіліся такія згуртаванні як Таварыства Літоўскае і Земляў Рускіх (1830-я гг.) і Літоўская дэлегацыя ў Парыжы (1860-я гг.). У “польскіх” арганізацыях выхадцы з нашага краю гралі далёка не апошнія ролі: Адам Міцкевіч ды Юльян Заліўскі, рэдактар часопіса “Pszonka” Леан Зянковіч, адзін з заснавальнікаў Версальска-Віленскае бібліятэкі, дырэктар эмігранцкай школы ў Батыньёлі Іпаліт Клімашэўскі, намеснік загадчыка Польскае бібліятэкі ў Парыжы Антоній Руткоўскі, дырэктар той самай бібліятэкі, сакратар Польскага гісторыка-літаратурнага таварыства Браніслаў Залескі і шматлікія іншыя.

Сярод найбольш вядомых “польскіх” выдаўцоў ХІХ ст. у Францыі былі ўраджэнец вёскі Прусы сённяшняга Салігорскага раёна Яўстах Янушкевіч і ўраджэнец вёскі Аборак сённяшняга Маладзечанскага раёна Леанард Ходзька. У гэты час выйшла кніга “Biaіoruњ” Аляксандра Рыпінскага (1840), кнігі нясвіжца Аляксандра Незабытоўскага, якія каштавалі яму 20-гадовай сібірскай катаргі (1845-1847), кніга “Колькі словаў ліцвіна” Эдварда Паўловіча (1857) ды “Успамін пра філаматаў і філарэтаў” Ігната Здановіча (1860).

Сярод палітычных эмігрантаў з беларускіх земляў, якія жылі ў Францыі ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст., было шмат прыхільнікаў сацыялістычных вучэнняў. Некаторыя з іх сталі ўдзельнікамі вайны 1871 г. на баку Парыжскай Камуны. Самы знакаміты – “генерал Камуны” Валер Урублеўскі, колішні рэдактар “Мужыцкае праўды”. Сярод камунараў былі і іншыя паўстанцы 1863-64 гг.: Уладзіслаў Борзабагаты, Ахілес Банольдзі, Канстанцін Далеўскі (расстраляны версальцамі), Ганна Жакляр, родная сястра матэматыка Соф’і Кавалеўскай.

Трохі пазней у Францыі знаходзілі прытулак і іншыя ўцекачы з Расійскай імперыі ўраджэнцы Беларусі: народнікі (Уладзіслаў Гінтаўт-Дзевалтоўскі, Мікалай Судзілоўскі) і сацыял-дэмакраты (Абрам і Рыгор Беленькія, Барыс Брэслаў, Якаў Зевін). У Парыжы выдаваў польскамоўны сацыялістычны альманах “Пабудка” пазнейшы выдавец беларускай брашуры “Дзядзька Антон” Марыян Абрамовіч.

Як і раней, і ў гэты час французскія навучальныя ўстановы працягвалі даваць адукацыю нашым землякам. Механік Валяр’ян Гурскі, медык Адольф Абіхт, геолаг Ігнат Дамейка, архітэктар і вядомы дзеяч беларускага нацыянальнага руху Лявон Вітан-Дубейкаўскі… Спіс можна значна падоўжыць. Не менш доўгі пералік навукоўцаў родам з Беларусі, якія з поспехам працавалі ў тамтэйшых лабараторыях і чыталі лекцыі ў тамтэйшых універсітэцкіх аўдыторыях. Тут і славіст Аляксандар Ходзька, і матэматык Сымон Юндзіл, і фізік Жыгімонт Урублеўскі, і біёлаг Пётра Касовіч, і многія іншыя.

На пэўных адрэзках жыцця былі звязаныя з Францыяй і пачынальнікі новае беларускае літаратуры: Ян Баршчэўскі, Альгерд Абуховіч, Вайніслаў Савіч-Заблоцкі. Апошні выдаваў тут франкамоўную газету, чытаў лекцыі пра славянства, супрацоўнічаў у газеце “Кур’ер Парыжскі”, вадзіў знаёмствы з вядомымі палітыкамі Леонам Гамбэта, Джузэпе Гарыбальдзі ды іншымі.

Асобнай размовы заслугоўвае тэма прысутнасці беларускіх мастакоў у Парыжы. У парыжскай Акадэміі мастацтваў, у знакамітых майстэрнях Энгра, Давіда, Жэрома, Бана распачыналі свой шлях Язэп Аляшкевіч і Напалеон Орда, Апалінар Гараўскі і Альфрэд Ромэр, Леў Бакст і Хаім Суцін… Свае апошнія гады дажываў у Парыжы Валенці Ваньковіч. Ужо сфармаванымі майстрамі прыехалі на французскую зямлю Сымон Сегаль, Мсціслаў Дабужынскі, геніяльны сын Віцебска Марк Шагал.

У ХХ ст. істотнай падзеяй стала з’яўленне ў Францыі свядомай беларускай эміграцыі ды першых беларускіх арганізацый. Першыя спробы іхняга стварэння адбыліся ў сярэдзіне 1920-х гг. у работніцкіх асяродках у Эльзасе і Латарынгіі ды на поўначы Францыі, дзе ў той час апынулася вялікая колькасць беларусаў – працоўных эмігрантаў. У 1927-28 гг. існаваў вялікі беларускі гурток у Біянкуры (пад Парыжам) на чале з работнікам фабрыкі “Рэно” Сарокам. Але першая трывалая беларуская арганізацыя ў Францыі была створаная на пачатку 1930 г. Гэта быў “Хаўрус беларускае працоўнае эміграцыі ў Францыі”, які першапачаткова ўзначаліў Янка Буйвіла. Арганізацыя перажыла некалькі рэарганізацый і зменаў, але захавалася і да сёння (пад назвай “Хаўрус беларусаў у Францыі”) і з’яўляецца найстарэйшаю арганізацыяй беларускае дыяспары ў свеце.

Побач з “Хаўрусам” у Францыі дзейнічалі “Беларуская жаночая грамада імя Алаізы Пашкевіч”, “Задзіночаньне беларускіх работнікаў у Францыі”, “Беларуская незалежніцкая арганізацыя моладзі” і іншыя. Пасля Другой сусветнай вайны дзейнічалі прыходы Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў Парыжы і Лілі, а таксама Беларуская каталіцкая місія ўсходняга абраду (існуе і сёння). Выдаваліся часопісы “Рэха”, “Моладзь”, “Божым Шляхам”, газеты “Беларускія Навіны” і “За Волю”. У канцы 1940-х – пачатку 1950-х гг. у Парыжы месцілася штаб-кватэра “Сусьветнага аб’яднаньня беларускай эміграцыі”.

Сярод найбольш актыўных і вядомых дзеячаў свядомай беларускай эміграцыі ў Францыі варта назваць Міколу Абрамчыка (шматгадовы старшыня Рады БНР), Лявона Рыдлеўскага, айца Льва Гарошку, Янку Філістовіча, Уладзіміра Шыманца.

Сёння ў Францыі побач з неўміручым “Хаўрусам”, які зараз узначальвае мастак Міхась Наўмовіч, існуе і значна маладзейшая асацыяцыя “Беларускія перспектывы”. Яна была заснаваная ў 1996 г. народжанымі ўжо на чужыне нашчадкамі старых эмігрантаў, так званымі “французамі беларускага паходжання”, дзеля вывучэння радзімы сваіх продкаў ды распаўсюджвання ведаў пра яе ў Францыі. Асацыяцыя, якая, дарэчы, да гэтага часу аб’ядноўвае ўжо некалькі дзясяткаў французаў самага рознага паходжання, выдае бюлетэнь на французскай мове “Perspectives Biеlorussiennes”, які ёсць адзіным на сёння ў Францыі спецыялізаваным выданнем беларускай тэматыкі. Кіруе “Беларускімі перспектывамі” доктар тэатразнаўства, гісторык беларускага тэатра Вірджынія Шыманец. Сярод актыўных сябраў асацыяцыі – доктар гісторыі, выкладчык Нацыянальнага інстытута ўсходніх моў і цывілізацый у Парыжы Бруна Дрвескі, доктар паліталогіі, эксперт Фундацыі імя Рабэра Шумана Аляксандра Гуджон, памочнік дэпутата Нацыянальнай Асамблеі Францыі Жан-Шарль Ляльман, мас тацтвазнаўца Клер Лё Фоль…

Ігар Лялькоў (www.belabroad.org)

Юбілеі гэтага году

490 год Аршанскай бітве. Адна з буйнейшых бітваў Еўропы ХVІ ст., у якой 30-тысячнае войска ВКЛ атрымала перамогу над 80-тысячным войскам Маскоўскай дзяржавы. Гэтая бітва спыніла рабаванне Беларусі і надоўга стала прыкладам выдатнага выкарыстання вайсковай тактыкі.

210-я ўгодкі паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкi. Т.Касцюшка – ураджэнец Кобрынскага павета (нарадзіўся 30.11.1745), палітычны і ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай, кіраўнік нацынальна-вызваленчага паўстання 1974 г. супраць падзелаў Рэчы Паспалітай і далучэння Беларусі да Расійскай імперыі. Генерал Амерыканскай арміі, ганаровы грамадзянін Францыі.

190 год з дня нараджэння Іосіфа Гашкевіча. Дыпламат, вучоны-мовазнавец, даследчык Японіі і Кітая, натураліст, арыенталіст. Нарадзіўся ў Мінскім павеце. Першы расійскі консул у Японіі. Яго імем названыя апісаныя ім віды насякомых і заліў у Паўночнай Карэі.

145 год з дня нараджэння Браніслава Эпімах-Шыпілы. “Патрыярх беларускага Адраджэння”. Нарадзіўся ў Лепельскім павеце 4.09.1859. Высокаадукаваны вучоны, дасканала ведаў болей за 20 моў. Мецэнат, кнігавыдавец, грамадскі дзеяч, педагог Янкі Купалы, Язэпа Варонкі, Браніслава Тарашкевіча, Зміцера Жылуновіча і многіх інш. Узгадаваў плеяду беларускіх святароў: Адам Станкевіч, Вінцэнт Гадлеўскі, Андрэй Цікота і многія інш. Склаў першую хрэстаматыю па беларускай літаратуры. Правадзейны сябра Інстытута Беларускай Культуры.

130 год з дня нараджэння Аляксандра Уласава. Публіцыст і палітычны дзеяч, адзін з ініцыятараў заснавання Беларускай Сацыялістычнай Грамады, рэдактар газеты “Наша Ніва” і часопіса “Саха”, сябра Рады БНР і Прэзідыуму БНР, сенатар Заходняй Беларусі ў Польскім Сойме. Нарадзіўся ў г. Вілейка 16.08.1874.

120 год з дня нараджэння Антона Луцкевіча. Грамадскі дзеяч, публіцыст, літаратурны крытык, педагог і гісторык. Нарадзіўся 30.01.1884 у г. Шаўлі (зараз г. Шаўляй, Літва). Пісаў рэцэнзіі і артыкулы пра творчасць Дуніна-Марцінкевіча, Багушэвіча, Купалы, Коласа, Багдановіча, Гарэцкага, Бядулі, Жылкі, Дубоўкі, Чарота, Арсенневай. Склаў першыя падручнікі па беларускай мове, выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі. Апублікаваў працы пра Ф.Скарыну і Статут ВКЛ. Заснавальнік Віленскага беларускага музея, старшыня Беларускага навуковага таварыства і Беларускага выдавецкага таварыства. Разам з братам Іванам быў адным з заснавальнікаў Беларускай Сацыялістычнай Грамады, быў ініцыятарам заснавання газеты “Наша Доля” і “Наша Ніва”. Старшыня Рады міністраў і міністр замежных спраў БНР.

80 год з дня нараджэння Васіля Быкава. Народны пісьменнік Беларусі, грамадскі дзеяч, адзін з ініцыятараў стварэння Беларускага народнага фронту, першы прэзідэнт Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Нарадзіўся ва Ушацкім раёне 19.06.1924.

Нашыя страты

Святой памяці Віталь Кажан

Віталь Кажан быў чалавекам здольным, працавітым і аддданым сваёй сям’і ды свайму народу. Плён ягонай самаахвярнай працы ды працы ягонай жонкі, спадарыні Любы, застаўся ўвасобленым у дзецях, належна ўзгадаваных і адукаваных, ды ва ўзмоцненым стане беларускай нацыянальнай справы.

Жыццё Віталя пачалося ў 1916 г. у вёсцы Балбекі (Дзісеншчына). Віталь скончыў польскую гімназію, адбыў вайсковую службу ды ў 1938 г. пайшоў у афіцэрскую школу. Пасля польска-нямецкай вайны працаваў настаўнікам у родных мясцінах. У жніўні 1942 г. скончыў курсы беларускіх афіцэраў у Мінску, адкуль быў пасланы ў Браслаў для вядзення падафіцэрскіх курсаў Беларускай Самааховы. Працаваў у Глыбокім сакратаром і намеснікам акруговага старшыні Беларускай Народнай Самапомачы.

Беларусь пакінуў у чэрвені 1944 г. У Берліне працаваў у аддзеле Беларускай Цэнтральнай Рады, браў удзел у падрыхтоўцы беларускіх афіцэраў. Пасля пераезду ў 1948 г. у беларускі лагер Остэргофен працаваў у газеце “Бацькаўшчына”, а з лістапада таго ж года працаваў камендантам лагернай паліцыі. Апрача гэтага, быў сакратаром Беларускага Нацыянальнага Камітэту па Амерыканскай зоне Германіі. У 1949 г. выкладаў ангельскую мову ў беларускай школе ў Розенгайме. Чацвёртая сесія Рады БНР надала Віталю Кажану пасаду Скарбніка Рады БНР. У 1950 г. з сям’ёй пераехаў у Нью-Ёрк. Віталю Кажану давялося прайсці складаны жыццёвы шлях. Віталь Кажан плённа і аддана працаваў доўгі час Скарбнікам Прэзідыуму Рады БНР і з’яўляўся сябрам Прэзідыуму.

17 студзеня 2004 г. абарвалася жыццё гэтага слыннага сына Беларусі. Віталь Кажан памёр і паваханы ў г. Стамфардзе. Абрад пахавання выканаў святар БАПЦ а. Вячаслаў у царкве Жыровіцкай Маці Божай у Гайленд-Парку. Ля пакрытай бел-чырвона-белым сцягам труны развіталіся з нябожчыкам Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла ды сябры Рады БНР Янка Запруднік і Антон Шукелойц.

Вечная памяць вернаму сыну Беларусі.

Янка Запруднік

Алесь Усюкевіч

У Казахстане памёр Алесь Усюкевіч, удзельнік “Саюзу вызваленьня Беларусі” 1946-47 гг. Ён нарадзіўся ў 1925 г. у в. Хадасы на Навагрудчыне. У вайну скончыў настаўніцкія курсы, працаваў у вясковай школе. Летам 1944-га быў мабілізаваны ў Чырвонае Войска, ваяваў, меў баявыя ўзнагароды. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў Навагрудак, дзе з сябрамі стварыў падпольную арганізацыю “Саюз вызваленьня Беларусі”, які дзейнічаў на тэрыторыі былой Баранавіцкай вобласці. У траўні 1947 г. Усюкевіч быў арыштаваны, падчас допыту ў “амерыканцы” спрабаваў забіць міністра дзяржбяспекі Цанаву. Зняволенне адбываў у Казахстане, дзе і застаўся жыць, стварыў сям’ю. Памёр Алесь Усюкевіч 10 студзеня 2004 г. у г. Паўладары.

Светлая памяць!

“Наша Ніва”. 2004. 20 лют.

 

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” выказвае падзяку за падтрымку аб’яднання
Зміцеру Ярашэўскаму
(Германія) і Аляксею Каралю (Беларусь)
Бюлетэнь інфармацыйнага цэнтра
МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
Распаўсюджваецца на правах унутранай дакументацыі.
Меркаванні аўтараў публікацый могуць не супадаць з думкай рэдакцыі, друкавацца дзеля палемікі. Адказная за выпуск Алена Макоўская. Адрас рэдакцыі:
220050, Рэспубліка Беларусь
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15
zbsb@lingvo.minsk.by