МІЖНАРОДНАЕ ГРАМАДСКАЕ АБ'ЯДНАННЕ "ЗГУРТАВАННЕ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ "БАЦЬКАЎШЧЫНА"
№3(№28)
люты
2004
БЮЛЕТЭНЬ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ЦЭНТРА "БЕЛАРУСЬ АБ'ЯДНАНАЯ"

Змест:

Дзень Волі

Шаноўныя суродзічы!

МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” віншуе Вас з вялікім святам беларускай мужнасці і патрыятызму! Гэта свята шчырых і адданых сыноў сваёй зямлі, якія памятаюць сваіх герояў і змагаюцца за сваю культуру! Зычым усім суродзічам і аднадумцам поспеху і плёну ў высокім служэнні Айчыне!

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

 

Рада БНР Вітае з Днём Волі

"Дарагія Суродзічы! Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі вітаю Вас з нашым слаўным Днём Волі - 25-м сакавіком - днём, калі наш народ абвесьціў сьвету ў 1918 годзе, пасьля доўгіх гадоў зьняволеньня, што ён жыве, што жадае мець сваю ўласную незалежную дзяржаву, што хоча заняць пачэснае месца між іншымі народамі сьвету."

З Вітання Івонкі Сурвіллы, Старшыні Рады БНР
Радыё "Свабода". 2004. 11 сак.

Шаноўныя суродзічы-беларусы!

Сябры Латвiйскага таварыства беларускай культуры "Сьвiтанак" вiншуюць усіх з найвялікшым святам беларусаў усяго свету - 86-мі ўгодкамі абвяшчэння Акту 25 Сакавіка! Гэты дзень мы ў Рызе ўрачыста святкуем штогод з моманту заснавання нашага таварыства. Жадаем усiм і ў Беларусі, і па-за яе межамі здароўя i дабрабыту. Мы верым, наша Радзiма ў хуткім часе будзе заможнай і незалежнай! Няхай Жыве Свабодная, Дэмакратычная, Магутная і Шчаслівая Беларусь!

Ад iмя сяброў ЛТБК "Сьвiтанак" старшыня Таццяна Казак

Дарагія суайчыннікі!

Таварыства беларускай культуры ў Літве віншуе Вас з найвялікшым нашым святам - Днём ВОЛІ! Верым, што не дарэмна змагаліся лепшыя сыны і дочкі Беларусі, нярэдка ахвяруючы сваё жыццё, за светлыя ідэалы Беларускай Народнай Рэспублікі і незалежнасць нашай Бацькаўшчыны. Няхай 2004 год будзе вырашальным для справы сапраўднага адраджэння беларускай мовы, гісторыі і свабоды. ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!

Рада Таварыства беларускай культуры ў Літве

Таронцкі Аддзел Згуртавання Беларусаў Канады

Беларусы Таронта віншуюць суродзічаў з 86-мі ўгодкамі Беларускай Народнай Рэспублікі і заклікаюць усіх да яднання і ўзаемапаразумення.

Алесь Змагар. 25 сакавіка

Радзіўся Ты у Менску Беларускім,Дзень Волі
Пажарам Край дыміўся ў вагні
Наўкол чужынцы на палетках вузкіх
Тапталі скарбы нашых родных ніў.
Народ стагнаў, угору ўздымаў рукі,
Лавіў сьвятла недасяжны прамень.
Быў цяжкі час.
Сярод нясьцерпнай мукі
Зьявіўся Ты,
прыгожы, сьветлы Дзень.
Цудоўнай зоркай ўзьняўшыся высока,
Народу шлях да волі асьвяціў,
І зашасьцелі казкаю асокі,
Мінулай славай лес загаманіў.
I Край ажыў. Народ паймкнуўся к сьвету,
У вачах крынічыць радасьці струмень.
I нашых продкаў слаўны запаветы
Ўваскросьлі ў гэты незабыўны дзень.
Вялікі Дзень! Нічым Цябе ня сьцерці!
Стагодзьдзям нат Цябе не перажыць!
Вякі мінуць, а Ты ў народным сэрцы,
У песьнях, былях будзеш жыць!

Надзея Дробіна, Старшыня Таронцкага аддзела Згуртавання Беларусаў Канады

Віншуем беларусаў

Віншуем беларусаў з 96-мі ўгодкамі абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі!

Нью-Ёркскі аддзел Белaруска-Амерыканскага Задзіночання

Згуртаванне Беларусаў у Квэбэку

Згуртаванне Беларусаў у Квэбэку запрашае Вас з сям'ёю на святкаванне 86-х угодкаў абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі ў Манрэалі. На святкаванні будуць гучаць Беларускія вершы, паэмы, музыка і песні гасцей з Атавы, Таронта і Манрэаля. Тут адбудзецца таксама выстава-распродаж Беларускіх сувеніраў, малюнкаў, музыкі і кніг. А пасля Вы будзеце мець гарачую вячэру са смачнай Беларускай кухняй.

Згуртаванне Беларусаў у Квэбэку

Нью-Ёрк, ЗША

25 сакавіка насупраць ААН адбудзецца мітынг, прысвечаны Дню незалежнасці Беларусі. 28 сакавіка адбудзецца ўрачыстая акадэмія і святкаванне Дня Волі - 86-х угодкаў абвяшчэння незалежнасці БНР. Святкаванне ладзіцца ў грамадскай залі пры Саборы Св. Кірылы Тураўскага. Пасля ўрачыстасці будуць банкет і канцэрт.

"Беларус". 2004. люты

 

Святкаванне Дня Волі

У Беластоку святкаванне чарговай гадавіны БНР арганізуе Беларускі саюз у Польшчы. Імпрэза пачнецца 21-га ў верхняй залі кавярні "Цэхова". "Выязную сесію" плануе "Малады фронт" - у Вільні. Актывісты арганізацыі разам з беларускімі студэнтамі Віленскага педуніверсітэту маюць пікетаваць беларускае і рускае пасольствы. Пікет каля беларускага пасольства ў Бруселі (Бельгія) 25-га ладзіць тамтэйшы Беларускі цэнтр. Беларускае культурнае таварыства "Хатка" 26 сакавіка арганізуе ў Гданьску (Польшча) ускладанне кветак на магіле Дзекуць-Малея, а ў Сопаце (Польшча) - прэзентацыю кнігі Алены Глагоўскай пра беларусаў на Гданьскім Памор'і і канцэрт Віктара Шалкевіча "Вялікае Княства".

"Наша ніва". 2004. 19 сак.

Дзень Волі ў Празе

25 сакавіка сябры "Зьвязу Беларусаў замежжа" збіраюцца каля Альшанскіх могілак, каб ушанаваць памяць прэзідэнта БНР Васіля Захаркі. У сядзібе аб'яднання адбудзецца прэзентацыя новага мастацкага твора Адася Каліты - партрэта Кастуся Каліноўскага. Адбудзецца прэс-канферэнцыя, прысвечаная 86-ым угодкам абвяшчэння БНР. 27 сакавіка "Зьвяз Беларусаў замежжа" далучаецца да суполкі "Скарына" на ўрачыстае пасяджэнне, якое пройдзе ў Люстраной залі Нацыянальнай бібліятэкі. Ганаровы госць пасяджэння - старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла.

www.belabroad.org

Навіны МГА «ЗБС «Бацькаўшчына»

Юбілеі

У сакавіку святкуюць свае юбілеі тры сябры Вялікай Рады Бацькаўшчыны. 70 гадоў спаўняецца паэту і перакладчыку Кастусю Цвірку, 50 гадоў - прадпрымальніку і сябру Управы Бацькаўшчыны Міколу Люцко, 45 гадоў - літаратуразнаўцу Язэпу Янушкевічу. Шчырыя віншаванні нашым паплечнікам!!!

Управа МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Заснаванне серыі "Бібліятэка Бацькаўшчыны"

Месца выдання - ПарыжМГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" выпусціла ў свет першую кнігу запланаванай серыі "Бібліятэка Бацькаўшчыны". Канцэпцыя серыі была распрацавана ў 2003 г. Управай Згуртавання. У серыі будуць друкавацца кнігі, прысвечаныя беларускай дыяспары (гісторыі і сучаснасці, падзеям і дзеячам, арганізацыям і друкаваным органам). Кніга называецца "Месца выдання - Парыж" і прысвечана жыццю і дзейнасці паваеннай беларускай дыяспары ў Францыі. Кнігу склалі выбраныя старонкі часопіса некалі знакамітага беларускага часопіса "Моладзь", які выдавалі маладыя беларусы ў Парыжы ў 1948-54 гадах. Цікавыя асобы, унікальныя матэрыялы, невядомыя факты з жыцця паваеннай хвалі эміграцыі... У раздзеле "Дадатак" - лісты, дакументы, успаміны. Фундаваў выданне кнігі вядомы беларускі мастак і дзеяч беларускай дыяспары Францыі Міхась Наўмовіч, які не дажыў да выхаду кнігі літаральна некалькі дзён. Памяці Міхася Наўмовіча і ягонай ахвярнай працы будзе прысвечана прэзентацыя кнігі, якую ладзіць Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" на пачатку красавіка. "Бацькаўшчына" выказвае шчырую падзяку сп. Аўгену Калубовічу (Мінск) за прадастаўленыя матэрыялы для кнігі.

Ніжэй падаем урывак з прадмовы, якую напісаў сам М.Наўмовіч.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Гартаючы бачыны памяці

У 1948 г. беларусы, расьцярушаныя вайной па Еўропе, зьяжджаліся ў Францыю. Найбольш ахвярны, адданы беларускай справе ды ініцыятыўны быў Уладзімір Шыманец. Ён стварыў маленькую друкарню, належаў да ўсіх беларускіх суполак, што пачалі тварыцца ў Францыі, быў сябрам шматлікіх міжнародных арганізацыяў. Ён дапамагаў пры неабходнасьці ўсім беларусам - парадамі, працаю й г.д. Ня трэба забывацца, што ў яго сямьі вырасла Івонка Сурвілла, што сяньня ёсьць Старшынёй Рады БНР.

У Парыжы я запазнаўся з Валяй Міцурай, якая была вывезеная з Беларусі на прымусовыя працы ў Нямеччыну. У цэнтры Парыжу жыў Лявон Рыдлеўскі. Прыехаў у Парыж і наш вялікі сьвятар айцец Леў Гарошка. Ён вянчаў маладых і хрысьціў іхніх дзяцей, кожную нядзелю адпраўляў багаслужбу.

Французы часам змушалі людзей запісвацца палякамі альбо расейцамі. Мы з айцом Львом Гарошкам, як маглі, змагаліся супраць падобных фальсыфікацыяў.

Часапіс "Моладзь" быў заснаваны ў 1948 г. у Парыжы, дзякуючы высілкам Янкі Філістовіча і аўтара гэтых радкоў. Ён зрабіў усе неабходныя захады перад уладамі, каб атрымаць дазвол на заснаваньне арганізацыі "Беларуская незалежніцкая моладзь у Францыі".

З цягам часу аўтараў у "Моладзі" пабольшала. Часапіс карыстаўся вялікім посьпехам паміж беларусаў, параскіданых па ўсіх кутках сьвету. У цэнтры вокладкі месьціўся беларускі герб Пагоня, а зьнізу - урывак з вершу А. Зязюлі "Над гонар і славу"

З цягам часу беларуская моладзь пастарэла, многія сябры, шукаючы лепшых умоваў, выяжджалі з Францыі ў іншыя краіны. "Моладзь" паяўлялася штораз радзей і нарэшце канчаткова зьнікла.

След, які пакінуў часапіс за сабою, ёсць цікавай бачынкай беларускага вызвольнага друку.

Міхась Наўмовіч

Фёдар Дастаеўскі па-беларуску

Па замове МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" выдавецтва "Беларускі кнігазбор" у серыі "Замежная літаратура" выпусціў у свет кнігу "Фёдар Дастаеўскі. Выбраныя творы". Кніга з'яўляецца плёнам доўгатэрміновай працы перакладчыка Андрэя Каляды, які паказаў беларускае адчуванне і разуменне творчасці Ф.Дастаеўскага праз аўтарскі пераклад. Як адзначыў у прадмове Аляксей Рагуля, "А.Каляда добра адчувае стыхію беларускага выказвання, яго інтанацыю і рытм. Зроблены ім пераклад перадае блізкасць да беларускай стыхіі закладзенага ў прозе Ф.Дастаеўскага парывання душы". (Нагадаем, што продкі Ф.Дастаеўскага паходзяць з Беларусі - з Берасцейшчыны.)

МГА "ЗБС "Бацькаўшчыны" выказвае падзяку сп. Ірэне Каляда-Смірноў, старшыні Дабрачыннага фонду "Ethnic Voice of America" (Парма, ЗША) за дапамогу ў выданні гэтай кнігі.
Інфармацыйны цэнтр

МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Адказ Адміністрацыі Прэзідэнта

У сакавіку 2004 г. Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" звярнулася ва ўладныя структуры Рэспублікі Беларусь па пытанні прыняцця Закона "Аб суайчынніках, пражываючых за мяжой". 23 сакавіка на офіс "Бацькаўшчыны прыйшоў афіцыйны ліст Галоўнага дзяржаўна-прававога ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта наступнага зместу (падаем у мове арыгіналу): "Рассмотрев Ваше обращение, сообщаем следующее. По предложению Совета Министров Республики Беларусь Указом Президента Республики Беларусь от 18 декабря 2002 г. №618 проект Закона Республики Беларусь "О соотечественниках, проживающих за рубежом" исключён из плана подготовки законопроектов на 2002 год, утверждённого Указом Президента Республики Беларусь от 20 декабря 2001 г. №764.

В этой связи Ваше обращение направлено для рассмотрения в Аппарат Совета Министров Республики Беларусь.

Начальник главного государственно-правового управления Администрации Президента Республики Беларусь О.Г.Сергеева".

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Навіны

Канада

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі прыняла заяву аб паліўным канфлікце паміж Беларуссю і Расіяй. Рада БНР лічыць неабходнай як найхутчэйшую дэнансацыю гэтак званых "саюзных" беларуска-расійскіх "дамоў", а таксама аднаўлення самастойнай мытні, незалежнай грашова-фінансавай сістэмы. Беларусь павінна выйсці з сістэмы калектыўнай бяспекі СНД, якая каардынуецца маскоўскім генштабам, а расійскія вайсковыя базы павінны быць выведзеныя з тэрыторыі краіны. У разліках з Расіяй Беларусь павінна перайсці на рынкавыя кошты. Рада БНР перакананая, што пасля правядзення вольных выбараў ды ажыццяўлення дэмакратычных рэформаў Беларусь будзе здольная скарыстаць сваё ўнікальнае геапалітычнае становішча і стварыць эфэктыўную эканоміку. Найважнейшым жа рэсурсам былі і застаюцца талент і працаздольнасць беларускага народа.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

 

Чыкага, ЗША

На офіс Згуртавання "Бацькаўшчына" прыйшлі ўнікальныя пасылкі. Гэта ўпрыгожанні навагодняй ялінкі. У суправаджальным лісце Вера Рамук тлумачыць, што гэтыя гістарычныя рэчы больш за 20 гадоў упрыгожвалі ялінку пад назвай "Беларусь" у Музеі навукі і індустрыі г. Чыкага. Сп-ня Вера апісала і гісторыю паўстання беларускай ялінкі на шматнацыянальным штогадовым свяце ў Музеі Чыкага.

Пяць гадоў да 1978 г. беларусы Чыкага хадзілі ў Музей кожны год і здзіўляліся прыгожа ўбраным ялінкам розных народаў. У 1978 г. беларускія актывісты дамагліся дазволу паставіць сваю ялінку. Але прынцыповая ўмова свята патрабавала аздобіць ялінку ў адметным нацыянальным стылі. Як першы ўзор маці Веры Рамук Еўдакія Жызнеўская зрабіла некалькі цацак з пластыкавай саломкі, а сп-ня Людвіка Будчанка распавяла, як гэта рабілі ў Беларускай гімназіі ў Вільні. Калі ў 1978 г. удалося ўбраць ялінку "Беларусь", кіраўнікі і наведвальнікі музея не маглі надзівіцца яе хараству. Яна стаяла каралевай паміж іншых ялінак (усіх тады было 48). Усяго сп?ня Людвіка зрабіла больш за 300 цацак, аздобленых беларускімі ўзорамі. Дапамагаў ёй Генрык Сянкевіч (памёр у чэрвені 2000 г.).

Сп-ня Людвіка ў веку 91 год памерла ў 2002 г. Памяць аб ёй вечна жыве ў сэрцах чыкагскіх беларусаў. Хай ёй заўсёды будзе пухам утульная амерыканская зямля ды вечна сніцца наша сінявокая Беларусь.

Паводле ліста Веры Рамук

Лос-Анджэлес, ЗША

Дакументальны фільм "Чарнобыльскае сэрца" аб наступствах аварыі ў Беларусі атрымаў прэмію Амерыканскай кінаакадэміі "Оскар" у намінацыі за лепшы кароткаметражны дакументальны фільм. Цырымонія ўзнагароджвання адбылася 29 лютага ў Лос-Анджэлесе (ЗША). Стужка знята незалежным амерыканскім прадзюсарам Мэрыян Дэлео пры падтрымцы ірландскай дабрачыннай арганізацыі "Чарнобыльскі дзіцячы праект". Фільм здымаўся Мэрыян Дэлео ў Беларусі на працягу двух год.

БелаПАН

Санкт Йохане, Аўстрыя

У аўстрыйскім Санкт Йохане адбылася зімовая сустрэча "Задзіночаньня Беларускай Моладзі Замежжа" (ЗБМЗ). У сустрэчы ўзялі ўдзел сябры арганізацыі з Чэхіі, Нямеччыны, Аўстрыі і Швейцарыі. Падрабязная інфармацыя і фотаздымкі будуць змешчаны на старонках www.zbmz.org альбо www.belarusy.com

Сакратарыят ЗБМЗ

Бельгія

Падпішыцеся на электронную рассылку навінаў Беларускага цэнтра ў Бельгіі! Гэта можна зрабіць, зазірнуўшы на старонку ў Інтэрнеце www.belarusy.com

Навіны Беларускага цэнтра ў Бельгіі чытае найбольш актыўная і дзелавая частка беларускай дыяспары, якая няспынна расце!

Прэсс-служба беларускага цэнтра ў Бельгіі

Бельгія

5 сакавіка адбудзецца пасяджэнне актыва беларускай дыяспары Бельгіі з удзелам прадстаўнікоў Рады БНР па Бельгіі сп. Жучкі і сп. Арэшкі. На гэтай сустрэчы будуць абмеркаваны пытанні па актывізацыі грамадска-палітычнай дзейнасці як у самой Бельгіі, так і па-за яе межамі. Больш падрабязную інфармацыю глядзіце па выніках сходу.

БЭЗ-info

Беласток, Польшча

Пасольствам Беларусі ў Польшчы і Генеральным консульствам Беларусі ў Беластоку сумесна з кінастудыяй "Беларусьфільм", арганізаваны Дні беларускага фільма, якія пройдуць з 21 па 25 сакавіка ў Гайнаўцы, Беластоку і Бельску-Падляшскім. Плануецца, што пазней паказы беларускіх фільмаў пройдуць таксама ў Варшаве і Лодзі.

У афіцыйным адкрыцці Дзён, якое адбудзецца 21 сакавіка ў Гайнаўцы, возьме ўдзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Польшчы Павел Латушка.

www.mfa.gov.by

Бельск-Падляшскі, Польшча

10 сакавіка 2004 года ў будынку агульнаадукацыйнага ліцэя з беларускай мовай навучання ў Бельску-Падляшскім адбыўся фінальны этап штогадовай Алімпіяды па беларускай мове, у якім узялі ўдзел пераможцы двух папярэдніх этапаў - 13 вучняў з беларускага ліцея ў Гайнаўцы і 13 вучняў з ліцея ў Бельску-Падляшскім.

Тытул лаўрэата Алімпіяды дасць пераможцам права паступіць без экзаменаў у адпаведныя вышэйшыя навучальныя ўстановы, у тым ліку - замежныя, на філалагічныя і лінгвістычныя факультэты.

"Культура". 2004. № 12

Вільня, Літва

2 сакавіка ў Віленскім музеі театра, музыкі і кіно, размешчаным у Палацы Радзівілаў, адбылося адкрыццё персанальнай выставы твораў вядомага беларускага сцэнографа, сябра Міжнароднай федэрацыі мастакоў ЮНЕСКА Дзмітрыя Мохава. Ва ўрачыстай царамоніі адкрыцця выставы ўзяў удзел Пасол Рэспублікі Беларусь у Літве У.Гаркун. Мерапрыемства наведалі прадстаўнікі беларускай дыяспары.

www.mfa.gov.by

Даўгаўпілс, Латвія

У Дзень абаронца Айчыны 23 лютага беларускае культурна-асветніцкае таварыства "Уздым" запрасіла на святочную вечарыну ветэранаў, якія вызвалялі Беларусь. Такіх у Даўгаўпілсе 25 чалавек. Зала зіхацела ад усмешак, радасных вачэй і шматлікіх баявых узнагародаў на грудзях ветэранаў. Была і традыцыйная хвіліна маўчання за кожнага загінуўшага беларуса. На вечары прысутнічалі афіцыйныя асобы: Генеральны консул Рэспублікі Беларусь Генадзь Ахрамовіч і віце-консул Расіі Яўген Казанікаў.

Хочацца выказаць шчырую падзяку ўсім асобам і арганізацыям, якія дапамаглі ў правядзенні гэтага вечара, прысвечанага 60-годдзю Перамогі. У першую чаргу прадпрыемствам "Латгалес Алус" і асабіста А.Дадэрку, "Палада" (Я.Уладзіміраў), "Даўгаўпілс Майзніекс" (А.Уласаў), "Аўтапарк" (А.Міхайлаў), Генеральнаму консульству Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе.

Таццяна Бучэль

Рыга, Латвія

У Латвiйскім таварыстве беларускай культуры "Сьвiтанак" адбыўся чарговы справаздачна-выбарчы сход, які праводзіцца згодна са Статутам таварыства раз на год. На сходзе былі падведзеныя вынікі працы таварыства на працягу юбілейнага для "Сьвiтанка" года, а таксама абмеркаваны план мерапрыемстваў на 2004 г. Сярод галоўных дасягненняў справаздачнага перыяду можна адзначыць стварэнне ўласнага вакальнага гурту таварыства і яго паспяховы ўдзел у некалькіх фестывалях, выданне брашуры "Сьвiтанак" на дзвюх мовах аб дзейнасці таварыства на працягу 15 гадоў, правядзенне Дзён беларускай культуры ў шэрагу музеяў Латвіі, арганізацыю двух вялікіх юбілейных святочных мерапрыемстваў - 85-ых угодкаў Абвяшчэння Акту 25 сакавіка і ўласнага юбілею таварыства.

Дзейнасць таварыства шырока асвятлялася ў СМІ Латвіі (газеты, радыё, тэлебачанне) і ў беларуcкамоўнай радыёперадачы таварыства "Сьвiтанак". У лістападзе 2003 г. Ганаровымі граматамі Міністэрства культуры Латвіі былі ўзнагароджаны сябры таварыства: мастак Вячка Целеш, стваральніца латышска-беларускага слоўніка Мірдза Абала, аўтар і вядучая радыёперадачы "Сьвiтанак" Таццяна Касуха, старшыня таварыства Таццяна Казак.

На сходзе сябры таварыства абралі новую Раду ў складзе 9 чалавек і Рэвізійную камісію ў складзе 3 чалавек. Старшынёю таварыства на шосты тэрмін пераабралі Таццяну Казак.

Таццяна Казак

Санта-Фэ, Аргенціна

На адрас Інфармацыйнага цэнтра "Бацькаўшчыны" прыйшоў ліст з далёкай Аргенціны, у якім распавядаецца пра жыццё беларускіх эмігрантаў і іхніх нашчадкаў. Аўтар ліста Уладзімір Марын наведвае ўкраінскае таварыства імя Івана Франко. Сп. Уладзімір выказвае падзяку за дасылку бюлетэня "Беларусы ў свеце" і распавядае пра сумную тэндэнцыю ў жыцці беларусаў Аргенціны: большасць выхадцаў з Беларусі ўжо памерла, а іхныя нашчадкі настолькі асіміляваліся ў новым грамадстве, што ўжо не разумеюць мовы, на якой выходзіць наш бюлетэнь.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Алматы, Казахстан

У горадзе Алматы працуе нацыянальны культурны цэнтр "Беларусь" (старшыня Леанід Піталенка), які ўваходзіць у склад Асамблеі народаў Казахстана. Інфармацыю пра дзейнасць цэнтра "Беларусь" можна знайсці на сайце www.assembly.kz У цяперашні час ствараецца Электронная бібліятэка народаў Казахстана, якая ўтрымлівае ў адлічбаваным выглядзе кнігі на родных мовах народаў, што пражываюць у Казахстане. Мы зацікаўлены ў літаратуры на беларускай мове ў электронным выглядзе (мастацкая літаратура, казкі і дзіцячая літаратура, падручнікі і буквары на беларускай мове, электронныя выданні бюлетэня "Беларусы ў свеце").
Мы імкнемся да супрацоўніцтва і будзем удзячны! З павагай

А.Цехавы

Масква, Расія

20 сакавіка Грамада беларускай культуры ладзіць сустрэчу з беларускім бардам Зміцерам Бартосікам. Адбудзецца прэзентацыя ягонай кнігі "Чорны пісталет".

"Беларуская Масква" (www.maskva.com)

Масква, Расія

17 сакавіка ў амбасадзе Беларусі ў Маскве адбылося пасяджэнне ініцыятыўнае групы па стварэнні "Беларускага Моладзевага Зямляцтва". Удзельнічала каля 20 студэнтаў з некалькіх ВНУ Масквы. Разглядаўся праект Статута аб'яднання, абмяркоўваліся мэты і задачы Зямляцтва.

www.belarusy.com

Кніжная палічка

"Новае Жыцьцё"

Віктар Кавалеўскі аднавіў выданне часопіса "Новае Жыцьцё", штo друкаваўся ў Мельбурне - Сіднэі ў 1950-59 гг. Пабачыў свет другі (26) нумар. На 92 бачынах нямала матэрыялаў: "Разьвітаньне зь Сьв. п. Паўлам Гузам", "Памяці Вольгі Бурнос", "Вялікасьць ролі духоўных лідэраў на эміграцыі", вытрымкі з кнігі Г.Сагановіча "Нарыс гісторыі Беларусі", навіны Беларускага Аб'яднання ў Паўднёвай Аўстраліі і Беларускага Гістарычнага Згуртавання, пераклад апавядання А.Кларка "Нянавісьць", артыкулы "Лібэральная дэмакратыя", "Пераступіць мяжу", верш А.Салаўя "Беларусі", "Марш Беларускай Краёвай Абароны" ды іншае. У часопісе вялікая колькасць якасных здымкаў. У дыяспары і метраполіі заўважаецца рост цікавасці да гісторыі эміграцыі: у апошнім нумары канадскага "Беларускага Слова" распачатая публікацыя пра гісторыю ЗБК, а ЗБС "Бацькаўшчына" рыхтуе кнігу пра парыжскую "Моладзь".

Кожны, хто зацікавіўся часопісам "Новае Жыцьцё", можа звязацца з В.Kавалеўскім: viktor@picknowl.com.au

Паводле "Беларус". 2004. люты

 

"Электронная энцыклапедыя"

Значнай інтэрнет-падзеяй стала адкрыццё сайта "Электронная энцыклапедыя" (www.slounik.org) - партала, на якім сабраныя беларускія слоўнікі і энцыклапедыі (у тым ліку Расейска-беларускі А.Булыкі). Звяртае на сябе ўвагу якасць праекта. Рабіла яго тая ж каманда, якая працавала над "Кнігамі" (www.knihi.com).

www.belarusy.com

Юбілеі

90 гадоў Уладзіміру Клішэвічу

Уладзімір КлішэвічУладзімір Сідаравіч Клішэвіч - вядомы паэт беларускай эміграцыі. Нарадзіўся ў 1914 г. Вучыўся на літаратурным факультэце Мінскага вышэйшага педінстытуту. Быў асуджаны за "нацдэмаўшчыну" i атрымаў 10 гадоў. У прадчуванні арышту Клішэвіч напісаў верш "I жыцьцё i нямая трывога" (1935). Амаль пяць гадоў малады паэт адпакутаваў на калымскіх капальнях.
У 1940 г. быў прывезены ў Мінск на перагляд справы. Пашчасціла цудам ацалець. У ваенныя гады друкаваў свае вершы на старонках "Беларускай газэты", "Голасу вёскі", "Раніцы", у часопісе "Новы шлях" і ў мясцовай "Газэце Случчыны".

Другі перыяд творчасці пачаўся з выгнання ў 1944 г. Трапіўшы спачатку ў Германію, потым у ЗША (1948), ён працягваў пісаць. Нягледзячы на цяжкасці, Клішэвіч імкнуўся актыўна ўдзельнічаць у беларускім эмігранцкім жыцці. Ён рэдагаваў часопіс "Беларус у Амэрыцы", быў сябрам згуртавання "Шыпшына". Пасля ўтварэння радыё "Вызваленьне" (цяпер - "Свабода") пісаў для яго артыкулы.

Вершы Клішэвіча друкаваліся на старонках эмігранцкіх часопісаў. Многія вершы Клішэвіча ўвайшлі ў анталогію беларускай паэзіі, выдадзеную ў Мюнхене (1955) пад назваю "Ля чужых берагоў". Першы асобны зборнік вершаў паэта быў апублікаваны ў Саўт-Рыверы (штат Нью-Джэрсі) у 1964 г. пры спрыянні Саюзу беларуска-амерыканскай моладзі.

Найвышэйшым дасягненнем яго творчасці стала манументальная паэма "Васіль Каліна", выдадзеная ў Лондане ў 1965 г. Твор гэты карыстаўся вялікім поспехам у суайчыннікаў замежжа.

Паэт памёр ад сардэчнага прыступу ў 1978 г. Апошнія вершы яго былі звернутыя да Маці-Беларусі.

Лідзія Савік

Весткі

Радыё "Палёнія"

Беларуская Служба Польскага Радыё ўваходзіць у структуру Радыё Палёнія - Праграмы для Замежжа грамадскага Польскага Радыё, якая працуе на 7 мовах: польскай, беларускай, украінскай, расейскай, ангельскай, нямецкай і эспэранта.

Беларуская Служба Польскага Радыё была заснаваная 12 гадоў таму - 13 студзеня 1992 года, але першая перадача ў беларускай мове выйшла ў эфір ужо 15 снежня 1991 года ў праграме Польскае Службы.

Цягам гэтага часу ў працы Беларускай Службы Польскага Радыё заўважаліся істотныя змены. Па-першае, павялічыўся эфірны час з 25 хвілін у першы год дзейнасці да 2,5 гадзін сёння.

Радыё "Палёнія"

Паўгадзінная перадача знаходзіцца ў сістэмах Real Audio і Windows Media, якія можна слухаць у Еўропе і ЗША. Дастаткова ўвайсці на iнтэрнетную старонку Беларускае Службы www.radio.com.pl/polonia і слухаць у выгадны для сябе час. Навіны ды некаторыя іншыя перадачы, якія аднак не адлюстроўваюць цэлага этэру, можна таксама прачытаць. Дзве перадачы Беларускае Службы рэтранслююцца замежнымі станцыямі: "Радыё з-над Віліі" і "Балтыйскімі Хвалямі".

Рэдакцыя Беларускай Службы Радыё "Палёнія"У першы перыяд дзейнасці Беларуская Служба інфармавала слухачоў у Беларусі перадусім пра найважнейшыя падзеі з розных галінаў жыцця польскае дзяржавы, пра польска-беларускія ўзаемадачыненні ды пра сітуацыю нацыянальных меншасцяў: беларускай у Польшчы і польскай у Беларусі, сыходзячы з пазіцый, што сaпраўдная інфармацыя дазволіць узбагаціць веды беларусаў пра Польшчу і такім чынам прычыніцца да лепшага ўзаемаразумення.

Разам са зменаю палітычнае сітуацыі ў Беларусі, з прыходам да ўлады прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, Беларуская Служба ўзяла на сябе дадатковы абавязак - паведамлення пра падзеі ў Беларусі ды пра трактоўку беларускіх уладаў міжнароднай грамадскаю думкаю. Некаторы адсотак эфірнага часу прызнaчаецца таксама дасягненням беларускай дыяспары ў Вялікабрытаніі, ЗША і Канадзе.

Ад самага пачатку Беларуская Служба Польскага Радыё старалася наладзіць супрацоўніцтва з іншымі СМІ, якія працуюць на беларускай мове. Вельмі карыснaй з'яўляецца супрацоўніцтва з Рэдакцыяй Нацыянальных Меншасцяў Радыё Беласток. Калегі з Беластока перадаюць інфармацыю пра падзеі на Беласточчыне, дзе кампактна жыве вялікая колькасць беларусаў, а таксама пра памежнае польска-беларускае супрацоўніцтва.

Госцем Беларускае Службы ў 1997 годзе (на 5-годдзе дзейнасці) быў таксама дырэктар Беларускай Службы Радыё Свабода Вячка Станкевіч. Дарэчы, цёплыя адносіны паміж абедзвюма службамі існуюць па сённяшні дзень.

Беларуская Служба Польскага Радыё падтрымлівае таксама кантакты з незалежнаю прэсаю ў Беларусі, якая час ад часу змяшчае інфармацыю пра час і хвалі нашых радыёперадач, а таксама публікуе некаторыя перадaчы.

Беларуская Служба Польскага Радыё выдае таксама бюлетэнь "Камунікат", які ў накладзе 500 асобнікаў высылаецца слухачам у Беларусі. З "Камунікатам" можна пазнаёміцца ў інтэрнеце: www.kamunikat.net.iig.pl

Паводле "Беларус". 2004. люты

 

Крыж Еўфрасінні Полацкай

Беларуская Праваслаўная Царква заканадаўча замацавала слова "праваслаўны" і Крыж Еўфрасінні Полацкай як калектыўную інтэлектуальную ўласнасць. Гэта дапаможа аддзяліць рэлігійную дзейнасць ад іншых дзеянняў, калі праваслаўныя сімвалы спрабуюць выкарыстаць з камерцыйнымі мэтамі. Таксама гэта не дазволіць ні адной з тэарэтычна магчымых раскольніцкіх цэркваў выкарыстаць у сваёй назве паняцце "праваслаўны", як гэта ўжо здаралася ў некаторых краінах.

"Тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь". 2004. 12 сак.

Вольга Іпатава

Пісьменніца Вольга Іпатава вельмі негатыўна паставілася да гэткіх крокаў Беларускай праваслаўнай царквы. Паводле яе, само паняцце "патэнт на крыж" гучыць нядобра. Іпатава: "Крыж - гэта святыня ўсёй беларускай зямлі, як мне здаецца, усіх хрысціян - і каталікоў, і ўніятаў, і праваслаўных". Як адзначае пісьменніца, да трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай беларусы былі на 75% уніятамі, і таму слова "праваслаўны" не можа камусьці належыць выключна. Да таго ж пісьменніца звяртае ўвагу на тое, што патэнт узяў Беларускі экзархат Рускай праваслаўнай царквы.

Радыё "Свабода". 2004. 15 сак.

Ад рэдакцыі: Ініцыятарам аднаўлення святога сімвала Беларусі Крыжа Еўфрасінні Полацкай на пачатку 90-х гадоў выступіла Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына". Ідэю аднагалосна патрымаў Сход беларусаў блізкага замежжа (1992). Вялікі ўнёсак у фундаванне аднаўлення святыні беларускага народа ўнеслі Анатоль Сілівончык (Расія, Сургут), Анатоль Лук'янчык (ЗША, Кліўленд) і Мікола Сулкоўскі (Расія, Навасібірск). Ідэю падтрымалі ўдзельнікі Першага з'езду беларусаў свету (1993). Праца па аднаўленню ішла пад патранажам Беларускага экзархату Рускай праваслаўнай царквы. 24 верасня 1997 г. адбылася выніковая нарада непасрэдных удзельнікаў працы па адраджэнні вобразу Крыжа, дзе мітрапаліт Філарэт абвясціў пра тое, што неверагодна складаная справа па адраджэнні нацыянальнай святыні агульнымі высілкамі Царквы, грамадскасці і дзяржавы паспяхова падышла да завяршэння.

У святле апісаных фактаў вельмі непаслядоўнымі і неабгрунтаванымі выглядаюць апошнія дзеянні Беларускага экзархату.

ТБМ выстаяла

Таварыства беларускай мовы дамаглося ад уладаў працягу дамовы на арэнду памяшкання свайго офіса. Адказ на ліст кіраўніцтва ТБМ прыйшоў з Мінскага гарадскога цэнтру нерухомасці. Праўда, абаронцы прасілі пра бестэрміновую арэнду, а яе працягнулі толькі на год.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Беларусь статыстычная

Апошняе выданне "The Economist World in Figures" дае дэталёвую статыстыку сусветнай супольнасці. Беларусь займае 10-е месца ў свеце сярод краінаў з наібольш нізкімі тэмпамі роста насельніцтва і першае месца па колькасці працуючых жанчын (адносна агульнай колькасці занятых).

www.belarusy.com

Нашыя страты

8 сакавіка ў Парыжы памёр Міхась Наўмовіч. Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” і сябры нашае арганізацыі смуткуюць з нагоды смерці выдатнага чалавека, вядомага мастака, адданага беларуса і актыўнага дзеяча беларускай дыяспары Францыі Міхася Наўмовіча.

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Пахаванне

9 сакавіка пад Парыжам, у мястэчку Вілепэн адбылося пахаванне Міхася Наўмовіча, старшыні Беларускага Згуртавання ў Францыі “Хаўрус” і сябра рады БНР. Сёлета гэта ўжо другая страта для шэрагаў сяброў Рады БНР. 17 студзеня ў ЗША адышоў у іншы свет скарбнік Рады – спадар Віталь Кажан. Светлая памяць гэтым адданым беларускім патрыётам. Абодва яны служылі беларускай справе да сваіх апошніх дзён.

Радыё “Свабода”. 2004. 9 сак.

Міхась Наўмовіч

Міхась НаўмовічМіхась Наўмовіч – вядомы грамадскі дзеяч беларускай дыяспары Францыі, беларускі медык і мастак.

Нарадзіўся ў 1922 г. на Наваградчыне. М.Наўмовіч быў сябрам Саюзу беларускай моладзі. У складзе арміі генерала Андэрса, а потым – французскага Супраціўлення ваяваў з нацыстамі. У канцы вайны апынуўся на эміграцыі ў Францыі.

Яшчэ жывучы на Наваградчыне, вучыўся малюнку ў мясцовага мастака Рамашкевіча. З 1949 г. – навучэнец Вышэйшай Мастацкай Школы (École nationale supérieure des beaux-arts), аддзялення скульптуры.

У кастрычніку 1949 г. М.Наўмовіч быў сярод студэнтаў, якія заснавалі ў Парыжы “Беларускае Студэнцкае Згуртаваньне ў Францыі”. У беларускім асяроддзі ў Парыжы моладзь не дзялілася на студэнтаў і не-студэнтаў. Усе былі ў Арганізацыі беларускае моладзі, бралі ўдзел ва ўсіх урачыстасцях і нацыянальных мерапрыемствах; выдавалі разам часопіс “Моладзь”, рабілі ўсё магчымае, каб спрычыніцца да пашырэння ведаў пра Беларусь.

На вуліцы Гравільё, амаль у цэнтры Парыжа, месціцца так званая “беларуска хатка”. Раней гэтая сціплая аднапакаёвая кватэра належала айцу Льву Гарошку, потым яе ўтрыманне стаў аплачваць айцец Аляксандр Надсан. Цяпер тут месціцца Саюз беларусаў Францыі “Хаўрус”, які ўзначальваў Міхась Наўмовіч. “Хаўрус” – найстарэйшая з дзейсных арганізацый беларускае дыяспары ў свеце.

Міхась Наўмовіч спалучаў і творчасць, і выкладанне, і кіраўніцтва “Хаўрусам”. Яго малюнкі і скульптуры ўпрыгожваюць французскія касцёлы і сцены дамоў. Ён аднаўляў выявы залатых ільвоў каля плошчы Канкорд. Пабудаваў у Альпах домік, які хацеў зрабіць месцам пленэраў беларускіх мастакоў. Рыхтаваў скульптуру для свайго роднага Наваградка, у якім не так даўно пабываў.

Спадар Міхась быў сябрам Вялікай Рады МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” з дня ўтварэння. Апошнія паўгады займаўся зборам успамінаў для кнігі “Месца выданьня – Парыж”.

Міхась Наўмовіч памёр 8 сакавіка 2004 года ў Парыжы.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” выказвае падзяку за падтрымку аб’яднання
Хведару Нюньку
(Літва), Алесю Карповічу (Латвія) і Яну Петрыковічу (Латвія)

Бюлетэнь інфармацыйнага цэнтра
МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
Распаўсюджваецца на правах унутранай дакументацыі.
Меркаванні аўтараў публікацый могуць не супадаць з думкай рэдакцыі, друкавацца дзеля палемікі. Адказная за выпуск Алена Макоўская. Адрас рэдакцыі:
220050, Рэспубліка Беларусь
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15
zbsb@lingvo.minsk.by