МІЖНАРОДНАЕ ГРАМАДСКАЕ АБ'ЯДНАННЕ "ЗГУРТАВАННЕ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ "БАЦЬКАЎШЧЫНА"
№11(№47)
лістапад
2005
БЮЛЕТЭНЬ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ЦЭНТРА "БЕЛАРУСЬ АБ'ЯДНАНАЯ"

Змест:

ВІНШАВАННІ

85 гадоў Слуцкаму збройнаму чыну!
У выніку перагавораў 12 кастрычніка 1920 г. у Рызе было падпісана не толькі перамір’е, Заходняя Украіна і Заходняя Беларусь прызнаваліся польскай тэрыторыяй. Да падпісання канчатковага міру ўстанаўлівалася нейтральная зона шырынёй 30 км. У выніку дагавора заходняя частка Слуцкага павета станавілася польскай тэрыторыяй, а Капыль і Капыльская воласць – памежнай тэрыторыяй.
У Слуцку і Слуцкім павеце моцныя пазіцыі займала партыя эсэраў, якая абапіралася на беларускае сялянства. Эсэры па-ранейшаму стаялі за незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі, займалі антыпольскія пазіцыі, былі таксама праціўнікамі саюзу з Савецкай Расіяй або далучэння да Расіі. Рыхтуючыся да адыходу, польскія вайсковыя ўлады ў пачатку лістапада 1920 г. перадалі ўсю цывільную ўладу беларускім дзеячам.
У павятовым цэнтры ўзнавіў сваю дзейнасць Беларускі Нацыянальны Камітэт. У валасцях павета былі створаны Беларускія нацыянальныя камітэты. Парадак падтрымлівала народная міліцыя. Адміністрацыю ў Слуцку і гаспадарчую дзейнасць узначальвалі мясцовыя беларускія дзеячы. 14–15 ліпеня 1920 г. у Слуцку адбыўся Першы беларускі з’езд Случчыны. З’езд прыняў рэзалюцыю аб барацьбе за незалежную Беларускую Народную Рэспубліку і выбраў Беларускую Раду Случчыны. Дэлегаты выехалі ў вёскі, каб рыхтаваць узброеныя атрады і заклікаць жыхароў да змагання.
Пры падтрымцы сялянства і гараджан Слуцкая рада за тры дні сфармавала з добраахвотнікаў 1-ю Слуцкую брыгаду стральцоў войск Беларускай Народнай Рэспублікі ў складзе палкоў: 1-га Слуцкага і 2-га Грозаўскага. 2-гі Грозаўскі полк займаў фронт у 60 км і рабіў напады на Чырвонуюй Армію. Паўстанцы наносілі страты, бралі палонных, адбівалі населеныя пункты. Некаторыя чырвонаармейцы здаваліся ў палон або добраахвотна пераходзілі са зброяй. У баі ля Капыля жаўнеры Грозаўскага палка захапілі ў палон цэлую роту чырвонаармейцаў з канцылярыяй і ўсёй амуніцыяй.
Камандаванне 16-й арміі савецкіх войск вырашыла разбіць у нейтральнай зоне паўстанцаў. Польскія ўлады далі дазвол, выказаўшы сваё адмоўнае стаўленне да паўстанцаў. Польскія войскі нават адсунуліся за сваю дэмаркацыйную лінію, каб даць магчымасць савецкім войскам разграміць паўстанцаў. Сабраўшы значныя сілы, 19 снежня Чырвоная Армія пачала наступ. Баі вяліся ў раёнах Капыля, Семежава і Вызны. Камандаванне і штаб Слуцкай брыгады, карыстаючыся падтрымкай насельніцтва, вывелі асноўныя сілы з-пад удару савецкіх войск. 29 снежня 1920 г. Слуцкая брыгада стральцоў БНР перайшла за р. Лань і была абяззброена і інтэрніравана польскімі вайсковымі ўладамі. Але са складу брыгады адзін батальён на чале са сваімі афіцэрамі застаўся ў нейтральнай зоне для працягу ваенных дзеянняў партызанскага характару. У асноўным гэта былі прыхільнікі генерала С.Булак-Балаховіча. Яны пайшлі на ўсход, у тым ліку ў лясы на Капыльшчыне і змагаліся яшчэ доўгі час.
Зараз Слуцкае паўстанне выкраслілі са школьных падручнікаў, антысавецкія паўстанні не вывучаюцца ў школьным курсе гісторыі. А ва ўніверсітэцкіх падручніках Слуцкае паўстанне за незалежнасць краіны называецца “контррэвалюцыйным мяцяжом”. Гісторыкаў, якія вывучаюць тыя падзеі, звальняюць з працы. З Інстытута гісторыі Акадэміі навук звольнена Ніна Стужынская, якой не дазволілі абараніць доктарскую дысертацыю на тэму “Антысавецкі рух у Беларусі ў 20-я гады ХХ стагоддзя”. Некалькі іншых даследнікаў з БДУ і Акадэміі навук, якія вывучалі гісторыю антыбальшавіцкіх паўстанняў, вымушаны былі памяняць тэмы сваіх прац на больш нейтральныя.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Юбілей Ларысы Пліско-Балі!
17 лістапада адзначыла свой юбілей свядомая і шчырая беларуска са Швейцарыі, сябра Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Ларыса Пліско-Балі. Нарадзілася спадарыня Ларыса 17 лістапада 1945 г. у горадзе Хмяльніцкі (Украіна), доўгі час жыла ў Калінінградзе (Расія), з беларускай дыяспарай якога да гэтага часу падтрымлівае шчыльныя кантакты. Зараз жыве ў Швейцарыі. Усюды, дзе ступае нага сапраўднага беларуса, там гучыць беларуская мова і пачынаецца беларускае жыццё. Гэта пра спадарыню Ларысу. Управа і сябры МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” віншуюць юбілярку са святам і зычаць здароўя, асабістага шчасця і плёну ў працы!
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Віншаванне!
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” мае гонар павіншаваць з днём нараджэння сяброў Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Станіслава Акінчыца, Генадзя Вінярскага, Анатоля Вярцінскага, Зміцера Сасноўскага (Беларусь), Алену Нарушэвіч і Антона Сабалеўскага (Расія), Максіма Вінакурава (Аўстрыя).
Жадаем добрага здароўя, натхнёнай працы, духоўнай і творчай самарэалізацыі!
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Пяць гадоў “Паўлінцы”!
У пачатку лістапада ўпершыню ў прыморскiм горадзе Ліепаі (Латвія) адбыўся Дзень беларускай культуры. Ён быў прысвечаны пяцігоддзю ансамбля беларускай песнi “Паўлiнка”. За тыдзень да свята ў цэнтральнай навуковай бiблiятэцы адчынілася выстава кнiг, прысвечаных Беларусi, i твораў беларускiх пiсьменнiкаў. Тут ёсць i выданні альбомнага тыпу, прысвечаныя гарадам Беларусi i яе краявідам, памятнiкам гiсторыi i архiтэктуры, народнай творчасцi i культуры. Экспазiцыя разлiчаная на два тыднi, i пазнаёмiцца з ёю можа кожны, хто зазірне ў цэнтральную навуковую бiблiятэку на другi паверх у чытальную залю.
А само свята адбылося ў залі Лiепайскага вучэбнага навукова-тэхнiчнага комплекса РТУ. Тут сабралася шмат гасцей. Прыехалi прадстаўнiкi Пасольства Рэспублiкi Беларусь у Латвiйскай Рэспублiцы, суайчыннікi з Рыгi, Вeнтспiлса, Клайпеды.
Павiншаваць юбiляра прыйшлi прадстаўнiкi гарадской думы, нацыянальна-культурных таварыстваў Лiепаi. Для гасцей “Паўлiнка” падрыхтавала i паказала вясёлую кампазiцыю, якая раскрыла характары i звычкi ўдзельнiц гурту, паказала традыцыi беларусаў, iх побыт. I, вядома ж, пазнаёмiла з нашай песеннай творчасцю, якую i прапагандуе “Паўлiнка” на зямлi Латвii ўжо пяць гадоў. Гурт быў ўдзельнiкам фестывалю беларускай песнi ў Рызе, фестывалю нацыянальных культур у Вентспілсе, фестываляў у Лiепаi, Клайпедзе.
Да Дня беларускай культуры быў прымеркаваны лiтаратурны конкурс творчых прац вучняў лiепайскiх школ. Два дзесяткі школьнiкaў прадставілі творы на тэму “Беларусь мая сiнявокая”. Першае месца прысуджана вучанiцы 8-га класа сярэдняй школы № 7 Лiепаi Ксенii Маславай, якая напiсала свой твор на беларускай мове.
У межах Дня беларускай культуры адбылася i выстава народнай творчасцi. Актывiсты беларускай суполкi “Мара” паказалі гасцям свой музей “Беларуская хатка”. Частка экспанатаў – гэта падарункi з Радзiмы. Многiя работы – плённая праца рук лiепайскiх беларусаў. Самай актыўнай i таленавiтай майстрысе з Ліепаі Галiне Мiсiлевiч уручаны падарунак. Вялiкую цiкавасць гасцей выклiкалi таксама жывапiсныя творы лiепайскага беларуса мастака – Мiхаiла Галынскага.
У гэтым годзе суполка “Мара” атрымала ў падарунак ад Рэспублiкi Беларусь праект Цэнтра белaрускай культуры. Плануецца, што ў iм размесцяцца бiблiятэка i кабiнет для беларускай нядзельнай школы, канцэртная i выставачная залі, кавярня з беларускай кухняй, гасцiнiца, выставaчная зала беларускiх тавараў, а таксама камерцыйныя структуры для падтрымкi жыццядзейнасцi цэнтра.
www.svitanak.lv


НАВІНЫ МГА “ЗБС “БАЦЬКАЎШЧЫНА”

Круглы стол
“Палітычныя аспекты Еўрапейскай інтэграцыі”

19–20 лістапада адбыўся чарговы круглы стол пад назвай “Палітычныя аспекты Еўрапейскай інтэграцыі” ў межах запланаваных статутных мерапрыемстваў МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”. Дапамогу ў яго правядзенні аказаў аналітычны штотыднёвік “Белорусы и рынок”. У круглым стале бралі ўдзел прадстаўнікі беларускай дыяспары з Польшчы, сябры арганізацыі, якія прыехалі з рэгіёнаў Беларусі, а таксама госці замежжа. У якасці экспертаў з Беларусі выступалі палітолаг Уладзімір Роўда па праблеме “Выклікі дэмакратыі ў наднацыянальнай дзяржаве” і палітолаг Віктар Чарноў па пытанні аб кантынентальных еўрапейскіх сістэмах кіравання і канстытуцыйных трансфармацыях у Беларусі. Выкладчык міжнароднага і еўрапейскага права БДУ Яраслаў Крывой ахарактарызаваў унутрыпалітычную структуру Еўрапейскага Саюза, старшыня Беларускага Шуманаўскага таварыства Ігар Лялькоў зрабіў агульны агляд гісторыі палітычнай інтэграцыі ў аб’яднанай Еўропе. Марыя Садоўская, журналістка газеты “Белорусы и рынок”, рэдактар аналітычнага дадатку “Еўрапейскі выбар”, зрабіла паведамленне на тэму “Палітыка ЕС у дачыненні да Беларусі: гісторыя, рэальнасць, будучае”. Статыстычныя дадзеныя НІСЭПД прагучалі ў паведамленні “Еўрасаюз вачыма беларусаў” Паўлюка Быкоўскага, палітычнага аглядальніка штотыднёвіка “Белорусы и рынок”.
Акрамя выступаў беларускіх экпертаў былі заслуханы паведамленні рэдактара львоўскага часопіса “Ї” (Украіна) Андрэя Кірчэва па пытанню “Дэмакратызацыя Украіны ў кантэксце пашырэння ЕЗ: спадзяванні і рэаліі”, дактаранта універсітэта ў Сарбоне Кірыла Горышнага, які разважаў над дынамікай працэсаў у ЕС у кантэксце сацыяльна-палітычнага пратэсту ў Францыі. Пра досвед Чэшскай Рэспублікі як краіны–сябра ЕС распавядаў Іржы Скаліцкі, былы сябра парламента і Сената Чэхіі. Пасля дакладаў удзельнікі круглага стала выказалі сваё бачанне сучаснага становішча ЕС, а таксама абмеркавалі магчымасці Беларусі для далучэння да гэтай буйной еўрапейскай структуры.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Маўчанне Фiларэта
Зварот з просьбай заступніцтва ў рэабілітацыі бела-чырвона-белых колераў, які больш за месяц таму быў накіраваны Мітрапаліту Мінскаму і Слуцкаму Філарэту ад Саюза пісьменнікаў і Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, да гэтай пары застаецца без адказу. Невядомая пакуль і рэакцыя Уладыкі на саму просьбу, выказаную ў лісце.
6 кастрычніка бягучага года да Мітрапаліта Філарэта быў накіраваны зварот за подпісамі старшыні Саюза пісьменнікаў Алеся Пашкевіча і кіраўніка Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” Аляксея Марачкіна. У лісце гаворыцца: “Сёння несправядліва і неабгрунтавана зганьбаваныя і забытыя старадаўнія хрысціянскія колеры, з якімі беларусы неад’емна звязвалі сябе на працягу шматвекавой гісторыі... За апошнія гады, на вялікі жаль, гэтыя сімвалы былі палітызаваны і незаслужана набылі негатыўнае адценне як сярод большасці нашага грамадства, так і ўладаў дзяржавы... Фактычна бела-чырвона-белае спалучэнне апынулася пад забаронай”.
Просячы Уладыку Філарэта выступіць апекуном у справе вяртання гэтых колераў у грамадскі ўжытак, аўтары ліста нагадваюць пра старадаўняе хрысціянскае паходжанне гэтага двухкалора: да сённяшніх дзён бела-чырвона-белыя стужкі прысутнічаюць на адзенні праваслаўных патрыярхаў і ленціях на епіскапскіх мантыях.
“Наша задача – рэабілітаваць і вярнуць значэнне гэтых колераў, якія маюць больш глыбокі сэнс, чым гэта падаецца зараз, – кажа намеснік старшыні Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” Ніна Шыдлоўская. – Нам бы вельмі хацелася, каб Уладыка Філарэт аказаў пэўнае спрыянне ў гэтай справе. Аднак пакуль ніякага адказу ад яго мы не атрымалі”.
У канцылярыі Епархіяльнага ўпраўлення карэспандэнту “Салідарнасці” пацвердзілі, што ўзгаданы зварот сапраўды паступаў і быў перададзены Мітрапаліту Філарэту асабіста.
“Пакуль ліст яшчэ знаходзіцца ва Уладыкі на разглядзе”, паведамілі ў канцылярыі.
Анастасія Зелянкова
“Салідарнасць”. 2005. 11 ліст. і “Народная Воля”. 2005.15 ліст.

Вечарына з нагоды 80-годдзя Кастуся Акулы
18 лістапада ў бібліятэцы Дома літаратара ў Мінску, адбылася вечарына, прысвечаная 80-годдзю Кастуся Акулы. Увечары, а шостай гадзіне, у зале сабраўся бамонд беларускай інтэлігенцыі. Як адзначыла вядучая мерапрыемства Вольга Іпатава, зал быў перапоўнены, не хапала месцаў, але настрой ва ўсіх быў святочны і па-сяброўску шчыры. Арганізатарамі вечарыны былі Саюз пісьменнікаў Беларусі (СПБ) і Міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”.
Шчыры дзякуй Вользе Іпатавай, якая запісала размову з юбілярам на відэа-стужку, ад чаго з’явілася адчуванне прысутнасці спадара Кастуся Акулы на вечарыне. З урачыстымі словамі віншавання выступалі Сяргей Панізнік, Лідзія Савік, Уладзімір Арлоў, Эрнэст Ялугін, Сяргей Макарэвіч, а паміж выступамі былі музычныя перапынкі, арганізаваныя бардамі з Вілейкі і Зміцерам Сідаровічам з Мінску. Пасля адбылася прэзентацыя кнігі “Россыпы”, у якую ўвайшлі раман “Змагарныя Дарогі” і артыкулы пра жыццё і дзейнасць Кастуся Акулы.
Вечарына ўдалася. Пра гэта сведчыла натхнёнасць яе ўдзельнікаў, і той факт, што праз 40 хвілін пасля заканчэння прысутныя не спяшаліся разыходзіцца. Многія напісалі лісты да спадара Акулы з пажаданнямі здароўя і творчага натхнення.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Навіны сайту
За апошні час на сайце МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” (zbsb.org) значна папоўнілася новая рубрыка “Агляд падзей”. Тут можна пабачыць як аналітычныя артыкулы па апошніх падзеях, так і інфармацыйныя агляды па Беларусі і замежжы.
На галоўнай старонцы сайту з’явілася інтэрактыўнае галасаванне. Для наведвальнікаў будуць цікавыя узнятыя там пытанні. Ёсць магчымасць прагаласаваць і выказаць свае заўвагі ці меркаванні на форуме. Спасылка на яго размешчана побач з інтэрактыўным галасаваннем.
У раздзеле “Артыкулы” быў размешчаны новы матэрыял Л.Лыча “Афіцыйнае двухмоўе на Беларусі: рэальнасць ці дысбаланс?”, дзе закранаюцца балючыя пытанні сённяшняга жыцця беларускай мовы ў нашым грамадстве.
Адбылося папаўненне фотагалерэі, дзе можна пабачыць матэрыялы “10-й сустрэчы беларусаў Бельшчыны і Гайнаўшчыны. Сама інфармацыя па гэтай сустрэчы багата ілюстравана фотаздымкамі старшыні Управы МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Алены Макоўскай.
Адміністратар сайта і Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” запрашаюць наведваць форум сайту. Тут можна задаць актуальныя пытанні, якія будуць абмеркаваныя сярод наведвальнікаў сайту, з магчымым удзелам кіраўніцтва МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”


НАВІНЫ

Нарыдж, Вялікабрытанія
У турме горада Нарыдж памёр 84-гадовы нацысцкі ваенны злачынца Антоній Саванюк. Такое паведамленне распаўсюдзіла Міністэрства ўнутраных спраў Злучанага Каралеўства. У 1999 г. А.Саванюк быў прыгавораны магістрацкім судом Лондана да двух пажыццёвых тэрмінаў турэмнага зняволення за забойства ў 1942 г. 18 яўрэяў – жыхароў Беларусі. Гэты нацыст беларускага паходжання прыбыў у Вялікабрытанію ў 1946 г., доўгі час працаваў кантралёрам на чыгунках краіны. Пасля арышту і прад’яўлення абвінавачванняў у 1999 г. ён упарта заяўляў пра сваю невінаватасць. Аднак многія сведкі пацвердзілі, што ён падчас службы паліцаем забіў 18 землякоў у горадзе Дамачава (Брэсцкая вобласць).
У лютым 2005 г. А.Саванюк быў пераведзены з турмы Кінгстана ў турму Нарыджа, у аддзяленне для састарэлых зняволеных, якія адбываюць пажыццёвыя тэрміны.
“Народная воля”. 2005.10 ліст.

Таронта, Канада
19 лістапада ў Таронта, у Беларускім грамадска-рэлігійным цэнтры, адбыўся традыцыйны “Восеньскі баль”. У праграме: конкурсы, забавы, дыскатэка, вячэра.
20 лістапада з нагоды ўшанавання Дня герояў (угодкаў Слуцкага збройнага чыну) была арганізавана вандроўка да Беларускага памятнага крыжа ў Мідлэнд.
27 лістапада ў БГРЦ будзе адзначацца юбілей Кастуся Акулы – першага старшыні ЗБК, пісьменніка, ветэрана беларускага руху на эміграцыі. Усіх, хто жадае павіншаваць спадара Акулу з 80-годдзем, запрашаем прыйсці ў царкву на набажэнства а 10-й гадзіне раніцы. Пасля заканчэння Богаслужбы, а 11.30, – віншаванні для юбіляра і святочны сняданак.
Паводле ўправы Таронцкага аддзела ЗБК

Рыга, Латвія
Беларускія акцёры, рэжысёры, драматургі і тэатральныя мэнеджэры, аб’яднаныя пад дахам “Вольнага тэатра”, вярнуліся са сваіх першых замежных гастроляў у сталіцу Латвіі. Праект выезду “Вольнага тэтра” ў складзе 20 чалавек стаў магчымы дзякуючы падтрымцы латвійскай грамадскай арганізацыіі “Адкрытая Беларусь”, Новага тэатра Рыгі і Фонда Сораса ў Латвіі, якія ўзялі на сябе ўсе выдаткі па прыёму беларускіх гасцей.
8 лістапада “Вольны тэатр” паказаў два спектаклі “Псіхоз.4.48.” па п’есе Сары Кейн і “Мы. Самаіндэнтыфікацыя”, пастаўлены рэжысёрам Уладзімірам Шчэрбанем па п’есах Паўла Пражко, Канстанціна Сцешына і Паўла Рассолькі. Пра візіт “Вольнага тэатра” расказалі ўсе вядучыя латвійскія тэлеканалы, радыёстанцыі і газеты, зняў сюжэт канал “Euronews”.
www.svitanak.lv

Вільня, Літва
“Побач з намі на зямлі” – так называецца першы том трохтомавай кнігі дзіцячых вершаў пра жывёльны свет. Кніга цікавая, багата ілюстраваная (мастак Рыта Цімохава), з густам аформлена. У ёй сабраны самыя лепшыя вершы для дзяцей беларускіх паэтаў. У Вільні адбылася яе прэзентацыя. Пачатковыя класы ўжо з ёй дастаткова добра пазнаёміліся і вывучылі вершы, якія кранулі дзіцячыя сэрцы, асабліва цікава было слухаць самых маленькіх – першакласнікаў. Яны не проста вывучылі вершы, а праігралі. Як акцёры. У выданні такой кнігі дапамагла мецэнат Ала Орса-Рамана. Прадмова Арсеня Ліса. Рыхтуюцца другі і трэці том. Наперадзе новыя сустрэчы з паэтамі.
“Ніва”. 2005. 9 ліст.

Вільня, Літва
У Навуковай бібліятэцы Віленскага ўніверсітэта выяўлена гравюра на метале “Від езуіцкага калегіума ў Полацку” (1785 г.). Аўтарам яе з’яўляецца доктар медыцыны, ураджэнец Вены Габрыель Грубер. На адвароце алоўкам указаныя гады яго жыцця: “1738–1805”. Знойдзеная гравюра (раней былі вядомы толькі яе цьмяныя адбіткі) з’яўляецца яркім узорам сталага класіцызму ў беларускай графіцы. Яна здзіўляе і зачароўвае гледача гарманічнасцю ліній.
“Голас Радзімы”. 2005. 10 ліст.

Гайнаўка, Польшча
Гарадская рада Гайнаўкі прыняла рашэнне аб наданні адной з вуліц горада імя Тамары Саланевіч, беларускага рэжысёра-дакументаліста. З гэтай ініцыятывай да бурмістра горада неаднаразова звярталіся яго жыхары.
Рэжысёр, тэлежурналіст, класік дакументальнага кіно Тамара Саланевіч нарадзілася 17 верасня 1938 г. у Нараўцы. Усё жыццё яна ганарылася сваім беларускім паходжаннем. Можна сказаць, была своеасаблівым паслом Беласточчыны. Закончыла паланістыку і журналістыку ў Варшаўскім універсітэце. З 1971 г. працавала на Польскім тэлебачанні ў рэдакцыях інфармацыі, рэпартажу Першай праграмы і дакументальнага фільма. У Варшаўскае аддзяленне Польскага тэлебачання Тамара прыйшла ў тым жа годзе. Даволі хутка яе фільмы пачалі называць аўтарскімі і непаўторнымі. Яна займалася рэпартажам, які цяпер называюць этнічным. Працуючы над сваімі стужкамі, Тамара імкнулася паказаць як мага выразней, глыбей норавы і звычаі, народную культуру шматнацыянальнага Падляшша.
Аднак хвароба не дала магчымасці працягваць плённа працаваць рэжысёру-дакументалісту Тамары Саланевіч. Яе не стала 18 ліпеня 2000 г.
З Гайнаўшчынай Тамара была звязана і прафесійна, і духоўна. Рэжысёрка з вялікай павагай ставілася да праваслаўнага веравызнання і звязаных з ім традыцый. Некалькі разоў яна здымала Фестываль царкоўнай музыкі ў Гайнаўцы.
Добры ўспамін аб Тамары Саланевіч застаўся на Гайнаўшчыне...
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Познань, Польшча
Беларускі Культурна-асветніцкі Цэнтр у Познані пад кіраўніцтвам Віталя Воранава сумесна з Незалежным Студэнцкім Задзіночаннем (Познань) распачынае збор подпісаў супраць вяшчання радыё “Deutche Welle” ў Беларусь па-руску. Збор подпісаў будзе спалучаны з інфармацыйнай акцыяй вакол вяшчання ў Беларусь і нямецкага падыходу да беларускага пытання. Плануецца правядзенне акцыі ва ўсіх вышэйшых навучальных установах Познані і збору больш чым тысячы подпісаў, якія будуць перасланыя ў Еўрапейскую Камісію і ў офіс “Deutche Welle”.
Віталь Воранаў

Варшава, Польшча
Беларуская ініцыятыва – bel.ini супольна з міжфакультэтным навуковым колам “Albaruthenica” ладзіць 25–26 лістапада трохдзённыя “Беларускія сустрэчы” ў Варшаўскім універсітэце. У праграме мерапрыемства: лекцыі, паказ фільмаў, канцэрты беларускіх гуртоў “BN” і “Стары Ольса”, а таксама выстава вядомага беларускага мастака Алеся Пушкіна.
На першы дзень сустрэчаў запланаваны даклад былога намесніка пасла Польшчы ў Беларусі Марэка Буцькі “Палітыка Польшчы і Еўрасаюза ў дачыненні да Беларусі ў 2000–2005 гг.”.
Удзельнікі сустрэчаў стануць таксама сведкамі чарговага пэрформансу мастака Алеся Пушкіна. А ўвечары адбудзецца паказ фільма рэжысёра Віктара Дашука “Рэпартаж з клеткі труса” і канцэрт гурта “BN”.
26 лістапада стане днём абмеркавання надзённай сітуацыі ў беларускай культуры. Крытык у галіне мастацтва Юры Барысевіч дасць ацэнку агульнай сітуацыі ў культуры і мажлівасцям беларускіх мастакоў. Паэт Андрэй Хадановіч прэзентуе сваё бачанне перспектываў развіцця беларускай літаратуры. Увечары цікаўныя ізноў змогуць пабачыць фільмы незалежных беларускіх рэжысёраў: “Дарога на Курапаты” Міхаіла Жданоўскага і “Ноч доўгіх начэй” Віктара Дашука.
bialorus.pl

Варшава, Польшча
У Варшаве 21–22 лістапада з ініцыятывы Пасольства Беларусі ў Польшчы супольна з Польскім таварыствам прававой адукацыі ды Расійскім цэнтрам навукі і культуры адбыўся шэраг мерапрыемстваў, што прэзентавалі беларускую культуру.
bialorus.pl

Польшча
Урад Польшчы хоча выпрацаваць паспяховую палітыку ў дачыненні да польскай супольнасці, якая пражывае ў Беларусі, паведаміў Анджэй Пісальнік, актывіст Саюзу палякаў на Беларусі і галоўны рэдактар газеты “Glos znad Niemna”.
“Мы верым, што гэта не пустыя словы, што гэты ўрад вызначыцца паслядоўнымі і станоўчымі дзеяннямі”, заявіў Анджэй Пісальнік на прэс-канферэнцыі ў Сейме.
Намеснік старшыні партыі “Права і справядлівасць” Адам Ліпіньскі абвясціў, што ўрад плануе зрабіць шэраг крокаў, каб дамагчы палякам у Беларусі. Аднак, якія гэта будуць крокі, названа не было.
Паводле bialorus.pl

Беласток, Польшча
У Беластоку падведзеныя вынікі юбілейнага конкурсу Беларускай паэзіі і прозы. Заўсёдным арганізатарам конкурсу вось ужо дзесяты год выступіла рэдакцыя тыднёвіка беларусаў Польшчы “Ніва”.
Сёлета ў конкурсе дамінавалі дэбютанты, а агулам удзел ўзялі 26 беларускіх аўтараў. Сярод адзначаных варта звярнуць увагу на Яню Стальмашук з Беластока. Яе пасія – тэатр. Разам з сябрамі яна стварыла беларускі гурт “Барацьба”. Пазней надышоў час паэзіі, прыгажосць якой сёлета была заўважаная і належным чынам ацэненая.
“TVP Bialystok”. 2005. 21 ліст.

Кракаў, Польшча
Новая праца Лёніка Тарасевіча была прэзентавана 19 лістапада ў Нацыянальным музеі ў Кракаве на выставе жывапісу, графікі і скульптуры Польшчы апошняга стагоддзя.
Адмыслова для кракаўскага музею Лёнік выканаў інсталяцыю, якая складаецца з двух шэрагаў калонаў, размаляваных у памаранчава-зялёныя палосы. Паабапал каланады, якая знаходзіцца ў вузкім калідоры, мастак змясціў люстра. Дзякуючы гэтаму з’яўляецца ўражанне, што твор “бяжыць” у бясконцасць, а глядач знаходзіцца ў самым цэнтры твору.
Паводле “Wrota podlasia”

Беласточчына, Польшча
Дваццаць гадоў таму беларускую мову вывучалі 4 275 асоб. У верасні 2005 года ў падставовых і гімназічных школах і двух ліцэях распачалі вучобу беларускай мове 3 521 вучань. Паводле візітатара па справах асветы нацыянальных меншасцей Кураторыі ў Беластоку Іаанны Точка, відаць, што лік навучэнцаў беларускай мовы паволі скарачаецца.
Зараз лік школьнікаў, якія ходзяць на заняткі беларускай мовы, складае 45,5% ад агульнага ліку вучняў школ з навучаннем беларускай мовы. Працэнтны паказчык павышаюць Бельскі (475 асоб) і Гайнаўскі (376 асоб) белліцэі, усе вучні якіх ходзяць на заняткі беларускай мовы. Калі глянуць на статыстыку падставовых школ (беларускай мове вучыцца 39,4% вучняў) і гімназій (роднай мове вучыцца 37,9% вучняў), паказчыкі атрымліваюцца горшыя.
“Ніва”. 2005. 13 ліст.

Гайнаўка, Польшча
У канферэнцыі “У пошуках новых формулаў суседства”, якая праходзіла ў Гайнаўцы (Беласточчына) у рамках ІV выпуску Польска-беларускіх літаратурных сустрэч, прынялі ўдзел пісьменнікі, літаратары і дзеячы культуры з Беларусі і Польшчы.
Мерапрыемства пачалося са спаткання ўдзельнікаў канферэнцыі з гайнавянамі, якое адбылося ў Цэнтры прапагандавання рэгіёна Фонду „Царкоўная музыка”. На пытанні сабраных адказвалі прафесар Аляксандр Баршчэўскі, які вёў канферэнцыю, пісьменнікі з Беларусі і дырэктар Гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа ў Мінску Уладзімір Колас.
Арганізатарамі канферэнцыі былі польскі інстытут у Мінску, які выступіў галоўным спонсарам мерапрыемства, Кафедра беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта, Цэнтр прапагандавання рэгіёна з Гайнаўкі і Таварыства еўрапейскай культуры з Варшавы.
“Ніва”. 2005. 6 ліст.

Бельск, Польшча
У ІІ Агульнаадукацыйным ліцэі з беларускай мовай навучання імя Браніслава Тарашкевіча (Бельск, Беласточчына) у 15 аддзелах вучацца 462 вучні (у 1999 годзе іх было 489), з ліку якіх 169 вучацца ў першых класах; сёлета школа выпусціла 154 абітурыенты. Дырэктарам ліцэя, дзе працуюць 34 настаўнікі і 6 асоб адміністрацыйна-тэхнічнага персаналу, з’яўляецца Андрэй Сцепанюк.
У школах, падлеглых Бельскаму староству, вучні могуць атрымаць матэрыяльную і фінансавую дапамогу. У мінулым навучальным годзе з розных стыпендыяў скарысталася 367 вучняў, з гэтага ліку 91 вучань з Комплексу сельскагаспадарчых школ у Рудцы і 75 з Комплексу школ н-р 3 у Бельску.
“Ніва”. 2005. 6 ліст.

Беласток, Польшча
“Rzeczpospolita” і “Gazeta Wyborcza” паведамляюць пра сустрэчу лідэраў Саюза палякаў Беларусі ў Беластоку. У Беластоку сабралася непрызнаная беларускімі ўладамі Галоўная рада СПБ. Дзеячы рады не сустрэліся ў Беларусі, бо баяліся, што службы прэзідэнта Лукашэнкі перашкодзяць у пасяджэнні. Сустрэча адбылася ў суботу ў сядзібе таварыства “Wspolnota Polska”.
Старшыня СПБ Анжаліка Борыс правяла ў дарозе 10 гадзін, таму што 6 гадзін яе трымалі беларускія памежнікі на кантрольна-прапускным пункце “Бераставіца – Баброўнікі”. Толькі зацікаўленне гэтым польскіх журналістаў прычынілася да таго, што ёй дазволілі паехаць у Польшчу, адзначаецца на старонках “Gazety Wyborczej”.
З агульнай колькасьці 35 чальцоў у Беласток прыбыло 18 чалавек, а гэта значыць, што быў неабходны кворум. “Гэта доказ таго, што Саюз палякаў, нягледзячы на рэпрэсіі ўладаў, усё ж дзейнічае”, сказала журналістам Анжаліка Борыс, непрызнааная афіцыйным Менскам старшыня СПБ.
Паводле “Radio Polonia”

Новасібірск, Расія
На святкаванне Дзён беларускай культуры сабраліся госці з дванаццаці раёнаў Новасібірскай вобласці і з Сібірскага рэгіёна – Томска, Цюмені, Іркуцка. Усяго прыехалі 33 калектывы. Арганізатары свята – Новасібірскі цэнтр беларускай культуры (дырэктар Н.В.Кабанава) і Новасібірская рэгіянальная нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў (прэзідэнт В.Г.Буракоў) – і не ўяўлялі такой колькасці жадаючых выступіць на свяце.
Распачаліся Дні беларускай культуры ў суботу, 29 кастрычніка, у Краязнаўчым музеі. Выступленні былі прысвечаны 515-годдзю Францішка Скарыны. Тут жа гучалі музыка і песні XV–XVI стст. 30 кастрычніка свята распачалося з дзіцячай ігравой праграмы, якая з’яднала ўсіх дзяцей у вялікі карагод са ста дваццаці ўдзельнікаў. Добры настрой і любоў да народных гульняў не пакінулі абыякавымі і высокае кіраўніцтва, якое з задавальненнем брала ў іх удзел. Закрываў свята гала-канцэрт “Сібірскае сузор’е”, прысвечаны пяцігоддзю адкрыцця Новасібірскага цэнтра беларускай культуры. На сцэне ДК імя Кастрычніцкай рэвалюцыі паказалі сваё майстэрства ўсе ўдзельнікі вялікага святкавання.
Уражанне ад канцэрта засталося вельмі добрае. А самым галоўным падарункам, і гэта безумоўна, была “Лявоніха” ў выкананні фальклорнага ансамбля “Рождество”.
Ніна Кабанава

Страсбург, Францыя
У Еўрапарламенце ў Страсбургу праходзілі сустрэчы, прысвечаныя сучасным праблемам Беларусі. Намаганнямі асістэнта Парламенцкай Асамблеі НАТА Вольгі Стужынскай і актывістаў беларускай дыяспары Бельгіі і Францыі быў праведзены запланаваны пікет ля сцен Еўрапарламента з мэтай чарговы раз падтрымаць памкненні еўрапейскіх інстытуцый, накіраваныя на дапамогу палітычным партыям і рухам Беларусі. Пікет прыцягнуў увагу шматлікіх сродкаў масавай інфармацыі. Пасля заканчэння пікету кіраўнікі беларускіх арганізацый у замежжы падзячылі службе аховы Еўрапарламента і французскай паліцыі за разуменне сітуацыі, беларускіх праблем і лаяльнае стаўленне да ўдзельнікаў пікету.
www.unija.info


ДЗЯДЫ 2005

Святкаванне ў Мінску
У шэсці і мітынгу з нагоды дня памінання продкаў удзельнічалі каля 300 чалавек. 30 кастрычніка ў Мінску удзельнікі шэсця пад бел-чырвона-белымі сцягамі прайшлі дзевяць кіламетраў ва ўрочышча Курапаты, дзе пахаваныя ахвяры сталінскіх рэпрэсій. Па традыцыі шэсце на Курапаты пачалося ад парку Чэлюскінцаў, дзе сталінскім часам карнікі НКВД расстрэльвалі бязвінных людзей. Дэманстранты неслі крыжы і плакаты.
Удзельнікі мерапрыемства ўсклалі вянкі і кветкі да Крыжа пакут, усталяванага ў 1989 годзе. Жалобнае шэсце і мітынг былі санкцыянаваныя ўладамі, калону суправаджалі супрацоўнікі міліцыі. Па заканчэнні жалобнага мітынгу ўдзельнікі акцыі ўстанавілі ў Курапатах 11 крыжоў (зараз іх у Курапатах больш за 500), запалілі свечкі і праспявалі “Магутны Божа”.
Інфармацыйны цэнтар
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Святкаванне ў Іркуцку, Расія
1 лістапада беларусы Іркуцка сабраліся разам у Доме Рогаля па адрасе: вул. Халтурына, 3 для правядзення абраду “Дзяды”. Акрамя рытуальных дзеянняў размаўлялі аб вядомых дзеячах беларускай культуры і гісторыі. У прыватнасці, было расказана аб такіх вядомых дзеячах як Астафій Валовіч (дзяржаўны дзеяч XVI стагоддзя), Яўхім Карскі (гісторык-этнограф, прафесар XIX стагоддзя), Францішак Багушэвіч (рэвалюцыянер-адраджэнец, паэт і пісьменнік XIX стагоддзя), Пятрусь Броўка (паэт ХХ стагоддзя), Стэфанія Станюта (актрыса ХХ стагоддзя), Ян Чэрскі (географ, геолаг ХІХ стагоддзя).
У межах вечара гучалі вершы, проза і жывая музыка. Таксама ўсіх частавалі трыма рытуальнымі беларускімі стравамі: куццёй, блінамі і кісялём.
Алег Рудакоў.

Святкаванне ў Лювене і ў Антверпене, Бельгія
У нядзелю, 30 кастрычніка, Беларуская грамада Антверпена разам з усёй патрыятычнай Беларуссю адзначыла Дзяды. Перад набажэнствам у царкве група вернікаў разам са святаром наведала ваенныя могілкі ў Лювене, дзе на магіле выбітнага беларускага кампазітара Міколы Равенскага была адпраўлена паніхіда за спачын ягонае душы і душаў усіх прашчураў-дзядоў Беларускага народа. У сваёй прамове Зміцер Піменаў, старшыня Беларуска-Еўрапейскага Задзіночання, зазначыў, што ў беларусаў Бельгіі стала добрай традыцыяй ў дні ўспаміну былых пакаленняў змагароў за волю Бацькаўшчыны збірацца на гэтым святым месцы, дзе спачывае адзін з ганаровых сыноў Беларусі. Таксама ён выказаў шчырую падзяку “жывому Дзеду” – сп. Янку Жучку, які, нягледзячы на недамаганне, прыехаў памаліцца за свайго настаўніка і ўсіх калегаў, што ўжо адышлі на вечны адпачынак.
Напярэдадні магілка і помнік святое памяці Міколы Равенскага былі прыведзены ў парадак высілкамі антверпенскае грамады. Пасля паніхіды да сходу падышла сталая кабета, як аказалася, украінка з Львоўшчыны, з сям’ёй прыйшла праведаць сваіх родных, якія таксама спачываюць на гэтых могілках. Спадарыня, якая жыве ў Бельгіі з 1945 года, была вельмі расчуленая, бо, як яна зазначыла, за дзесяткі гадоў упершыню ўбачыла грамаду вакол занядбанае магілы, і саму магілу ў добрым стане... Некалі, прачытаўшы на помніку кірылічны надпіс, яна зразумела, што тут пахаваны “наш чалавек”, і заўсёды ўзгадвала яго ў сваіх малітвах разам са сваякамі, тужачы за будучы лёс могілак. Цяпер яна была ўсцешана.
На магіле была запалена зорка і ўскладзены белыя і чырвоныя кветкі – колеры нашае народнае памяці і свабоды.
Пасля наведвання могілак ў Беларускай царкве ў Антверпене была адпраўлена Боская Літургія ў інтэнцыі ўсіх ад веку супачылых прашчураў. А пасля Літургіі, як сімвал вечнасці і пераемнасці жыцця, у царкве адбылося Вянчанне Шлюбу. Сівыя Дзяды дабраслаўляюць працяг роду...
www.unija.info

Святкаванне ў Варшаве, Польшча
31 кастрычніка Дзяды адзначалі беларусы Варшавы. Яны наведалі праваслаўныя Вольскія могілкі польскай сталіцы, магілу выбітнага беларускага дзеяча і навукоўца Янкі Жамойціна, які памёр два гады таму. На магіле прысутныя запалілі тры свечкі – белую, чырвоную і белую.
Потым каля дзесятка беларусаў паехалі ў іншы бок горада – туды, дзе ў раёне Саска Кэмпа на будынку духоўнай семінарыі ўсталявана мемарыяльная дошка ў гонар Станіслава Булак-Балаховіча. Там таксама былі запаленыя свечкі, а да дошкі прымацаваная бела-чырвона-белая стужка.
Па словах Віталя Воранава са “Звязу на карысць дэмакратыі”, магілы гэтых вядомых людзей былі выбраны таму, што яны – сімвал маральнай чысціні. Гэта людзі, якія ў цяжкіх варунках адважна змагаліся за лепшую Беларусь.
Паводле радыё “Свабода”

Святкаванне ў Празе, Чэхія
Альшанскія могілкі ў Празе. У гэты дзень тут было шматлюдна. Паліцыі прыходзілася часам спыняць рух транспарту, каб натоўп людзей мог без перашкод перайсці дарогу. Чэхі таксама адзначаюць дзень памяці продкаў. Па-іхняму ён называецца “Pamatka zesnulych”, альбо “Dusicky”. Гандляры кветак уздымаюць працэнтаў на 50 кошты, але гандаль ідзе шпарка.
Дзень памяці продкаў беларусы Прагі адзначылі 2 лістапада. У гэты дзень па традыцыі беларусы Чэхіі прыходзяць на Альшанскія могілкі, каб ушанаваць памяць сваіх славутых землякоў, прывесці ў парадак магілы першага прэзідэнта Рады БНР Пятра Крэчэўскага (памёр у 1928 г.), наступнага прэзідэнта Васіля Захаркі (памёр у 1943 г.) і легендарнага беларускага спевака Міхася Забэйды-Суміцкага. Былі ўпарадкаваны і прыбраны надмагільныя пліты і помнікі. Напрыканцы ўсе сабралісь каля магілы Васіля Захаркі. Адбылася хвіліна маўчання, дзе кожны, напэўна, падумаў аб сваіх памерлых родных і блізкіх. Потым былі кароткія прамовы і пажаданьні лепшай долі для нас, беларусаў, і нашай Беларусі.
Паводле Аўгена Сідорыка www.bielarusy.org


ВАКОЛ ПАДЗЕІ

Дэманстрацыя ў Бельгіі
16 лістапада ў Бельгіі прайшла дэманстрацыя ў падтрымку Дня беларускай салідарнасці, арганізаваная Беларускім цэнтрам ў Бельгіі і офісам “За дэмакратычную Беларусь”. Более 30 беларусаў выйшлі на плошчу Шумана ў цэнтры Бруселя, дзе запалілі свечкі ў знак салідарнасці з тымі, хто змагаецца за свабоду і дэмакратыю ў нашай краіне. Удзельнікі акцыі сабраліся каля будынка Рады ЕС і Еўрапейскай Камісіі. Беларуская дыяспара Бельгіі плануе арганізоўваць акцыі салідарнасці з Беларуссю 16 чысла кожнага месяца.
www.charter97.org

Шэсце ў Вільні
У Вільні беларускія студэнты зладзілі шэсце салідарнасці і запальвалі свечкі ў месцах Вільні, звязаных з беларускай гісторыяй. Віленская акцыя “Дзень беларуска-літоўскай салідарнасці” – частка акцыяў салідарнасці з сем’ямі зніклых і палітвязняў, арганізатары якой заклікалі а восьмай гадзіне вечара выключыць на 15 хвілін святло ў кватэрах і запаліць у вокнах свечкі.
Гэтую акцыю ініцыявалі беларускія студэнты, якія вучацца ў розных ВНУ ў Вільні, да іх далучыліся літоўскія студэнты, прадстаўнікі моладзевай арганізацыі “Аб’яднаны цэнтр беларускіх ініцыятыў”, іншыя віленскія беларусы і наведнікі Вільні.
Шэсце салідарнасці пачалося а 14-й гадзіне каля Вострай Брамы, далейшы маршрут – могілкі Росы, дзе пахаваныя знаныя беларускія дзеячы, Базыльянскія муры, дзе месцілася Віленская Беларуская гімназія і Беларускі музей імя І.Луцкевіча, мемарыяльная табліца Скарыны, званіца касцёла Св. Яна ў Віленскім унівэрсітэце, вежа Гедыміна, Катэдральны пляц. Цягам шэсця да яго далучаліся новыя ўдзельнікі, запальвалі свечкі.
Напрыканцы шэсця, а восьмай гадзіне, удзельнікі прыйшлі да будынка Беларускага Пасольства ў Вільні і паставілі 16 запаленых свечак каля брамы. Ініцыятары сённяшняга шэсця паведамілі, што 16 снежня ў Вільні зноў адбудзецца акцыя салідарнасці.
www.charter97.org

Знак салідарнасці
16 чысла кожнага месяца вернікі поўнаевангельскай беларускай царквы “Новае жыццё” будуць праводзіць малітоўныя служэнні ў знак салідарнасці з палітзняволенымі, зніклымі апазіцыянерамі і іх сем’ямі, незалежнымі журналістамі. Пастар царквы “Новае жыцьцё” Вячаслаў Ганчарэнка: “Ёсць сур’ёзныя падазрэнні, што дзейная ўлада далучае нас да той катэгорыі людзей, якія сёння з’яўляюцца іншадумцамі. Мы са свайго боку адчулі на сабе цярпенне, боль, усе гэтыя суды, ціск – гэта тое, што для чалавека ненатуральна”.
Япіскап аб’яднання цэркваў поўнага Евангелля Аляксандр Саковіч сказаў, што ўлада свядома выштурхоўвае вернікаў-пратэстантаў на шлях палітычнай дзейнасці, прыняўшы закон “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях”, спрабуючы забраць у царквы “Новае жыццё” яе будынак, пераследуючы яе кіраўнікоў і г.д.
Пастар Вячаслаў Ганчарэнка нагадаў, што гэты тыдзень абвешчаны многімі пратэстанцкімі цэрквамі тыднем паста і малітваў за хрысціянаў ва ўсім свеце, якія зазналі рэпрэсіі і пераслед з боку ўладаў. У многіх цэрквах ва ўсім свеце моляцца і за Беларусь.
www.charter97.org

У Светлагорску
Дзень салідарнасці ў Светлагорску адзначыла каля 30 чалавек, пераважна маладых людзей, якія а 20-й гадзіне 16 лістапада прыйшлі з запаленымі свечкамі на Цэнтральную плошчу. Першыя 5 хвілінаў удзельнікі акцыі моўчкі стаялі тварам да будынкаў улады, затым яны павярнуліся да іх спінай. Напрыканцы ўдзельнікі арганізавана выйшлі са свечкамі з плошчы і разышліся. Міліцыя назірала за акцыяй, але яе правядзенню не перашкаджала. Варта адзначыць, што нямала гараджанаў а 20-й гадзіне адключылі электрычнае асвятленне ў сваіх кватэрах і на 15 хвілінаў запалілі свечкі ў вокнах.
Тэльман Маслюкоў
www.belngo.info

У Барысаве
У Барысаве прайшла акцыя з удзелам мясцовых актывістаў дэмакратычнага руху і жыхароў горада. А 18-й гадзіне каля 300 чалавек прыйшло на цэнтральную плошчу Барысава. Яны сталі ў ланцуг і запалілі свечкі. Большасць удзельнікаў барысаўскай акцыі прадстаўлялі мясцовую моладзь. Яшчэ адной вялікай групай былі прадпрымальнікі. Іх прыйшло на плошчу каля 70 чалавек.
Паводле радыё “Свабода”


АБ'ЯВЫ

Канцэртная траса NRM у Польшчы
Адна з найвялікшых зорак беларускай музычнай сцэны – гурт NRM – выязджае з канцэртамі ў Польшчу: 10.12 – Познань, 11.12 – Вроцлаў, 15.12 – Варшава, 16.12. – Лодзь.
biel.ini.org.pl

Дні культуры Беларусі і Украіны ва Францыі
Дні культуры Беларусі і Украіны ў Парыжы пройдуць 20–25 сакавіка 2006 г. у Вышэйшай нармальнай школе (Ecole normale superieure). Дзякуючы свайму грандыёзнаму размаху, міжнароднаму характару і гісторыка-культуралагічнаму падыходу, які не абмяжоўваецца выключна палітычнымі актуальнымі пытаннямі, тыдзень, прысвечаны гэтым дзвюм краінам, павінен быць знамянальнай з’явай.
Цяжкасці, звязаныя з правядзеннем навуковых даследаванняў у Беларусі і Украіне, часцей за ўсё не даюць беларускім і ўкраінскім даследнікам і спецыялістам магчымасцяў выстаўлення сваёй працы за мяжой і параўнання сваіх ідэй з ідэямі заходніх калег. З гэтага вынікае другая мэта мерапрыемства: праз 15 гадоў пасля падзення жалезнай заслоны прыйшоў час распачаць сапраўды плённыя навуковыя сувязі з Украінай і Беларуссю. Гэты тыдзень павінен, такім чынам, дазволіць яскравым, але малавядомым навукоўцам у галіне гуманітарных дысцыплін, якія не заўсёды знаходзяць неабходную міжнародную падтрымку, прадставіць вынікі сваіх даследаванняў міжнароднай супольнасці і абмеркаваць свае ідэі з калегамі з іншых краін.
Акрамя навуковых даследаванняў, звязаных з Украінай і Беларуссю, гэта падзея паспрабуе ўсебакова асвятліць сучаснае культурнае жыццё дзвюх краін. Не толькі навукоўцы, але і дзеячы культуры і адукацыі, прадстаўнікі прэсы і іншых сацыяльных інстытутаў запрашаюцца да ўдзелу. Дэманстрацыя розных сфер функцыянавання сучаснага беларускага і украінскага грамадства пазнаёміць даследчыкаў з даступнымі вытокамі інфармацыі, а таксама адчыніць новыя перспектывы для будучых навукова-даследчых прац.
Правядзенне Дзён культуры таксама ставіць на мэце выклікаць цікавасць да Беларусі і Украіны з боку заходніх студэнтаў і маладых навукоўцаў. Мы спадзяёмся, што яны змогуць адкрыць для сябе гэты малавядомы свет ва ўсёй яго рознабаковасці. Гісторыя і культура гэтага рэгіёна, суседняга сёння з Еўрапейскім Саюзам, пакуль не прыцягваюць увагу заходніх даследчыкаў.
Дні Украіны і Беларусі ва Францыі збяруць не толькі навукоўцаў і студэнтаў, але звернуцца і да больш шырокіх колаў грамадства. Яны стануць запамінальнай падзеяй, у межах якой адбудзецца не толькі навуковая канферэнцыя, але таксама выстава фота, паказ фільмаў, вечары культуры і другія мерапрыемствы.
Запрашаючы лепшых сусветных спецыялістаў і дзеячаў культуры Беларусі і Украіны, мы паспрабуем ацаніць стан і вызначыць напрамак ужо існуючых даследаванняў. Акрамя таго, мы спадзяёмся, што гэтыя дні стануць новым пунктам адліку у гісторыі разумення гэтых двух краін.
Чытанне дакладаў, дэбаты і сустрэчы будуць праходзіць на працягу двух дзён. Мы запрашаем усіх даследчыкаў, спецыялістаў і аспірантаў, якія зацікаўлены гэтай тэмай, дасылаць нам па электроннай пошце свае рэзюме (СV), а таксама праект свайго даследавання, які вы жадаеце прэзентаваць падчас канферэнцыі, да 15 снежня 2005 года.
Калі вы жадаеце прыняць удзел у дэбатах, не робячы ніякага выступлення, вы можаце адразу адпраўляць нам вашу заяўку па электроннай пошце. Папярэдні запіс абявязковы і бясплатны. Мовы канферэнцыі: французская і ангельская, а на скрайні выпадак руская.
Па ўсіх іншых пытаннях ці па адпраўцы вашага праекта звяртацца на наступны адрас: hanna.murauskaya@ens.fr

Ганна Мураўская


КНІЖНАЯ ПАЛІЧКА

Электронная энцыклапедыя “Паўлінка”
Кампанія “МедыуМ” распрацавала праект “Паўлiнка” для аматараў беларускай нацыянальнай культуры ва ўсім свеце, які складаецца з трох тэматычных частак. Гэта электронная энцыклапедыя па найбольш яскравай культурнай з'яве XX стагоддзя – п'есе выдатнага дзеяча беларускай культуры Янкі Купалы.
У склад электроннай энцыклапедыі ўваходзяць:
– 64 рарытэтныя дакументы, прысвечаныя тэатру, п'есе і спектаклю;
– 315 фотаздымкаў сцэн са спектаклю, акцёраў – выканаўцаў галоўных роляў;
– біяграфіі акцёраў і рэжысёраў некалькіx пакаленняў, якія прымалі ўдзел у пастаноўцы;
– арыгінальны тэкст п'есы на беларускай мове;
– відэаверсія спектакля “Пaўлінка”.
Відэаверсія спектакля “Пaўлінка” ў Тэатры імя Янкі Купалы (г. Мінск) у пастаноўцы 2005 г. складаецца з дзвюх частак (аддзяленняў). Здымкі праводзіліся на сапраўдным спектаклі пры актыўным удзеле гледачоў, каб дасягнуць непаўторнай атмасферы відовішча і “жывога” ўспрымання. Падборка песень і фальклорных кампазіцый у выкананні музычных калектываў Беларусі падрыхтавана спецыяльна для гэтага выдання.
Па пытаннях набыцця альбому звяртайцеся да Наталлі Вялічка: n.velichko@amedium.com
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

“Слуцкае паўстанне 1920 г.”
МГА “Беларускі кнігазбор” выпусціла кнігу “Слуцкае паўстанне 1920 г.” Яе аўтар – доктар гістарычных навук, прафесар, былы прэзідэнт МГА “ЗБС “Бацькаўчына”, вядомы гісторык Анатоль Грыцкевіч. Гэты гістарычны нарыс прысвечаны падзеям на Случчыне ў лістападзе-снежні 1920 г. Кніга пагружае чытача ў атмасферу тых падзей, дае ўяўленне пра патрыятычныя і высакародныя памкненні ўдзельнікаў паўстання, якія стваралі сваю невялікую беларускую незалежную дзяржаву і абаранялі яе са зброяй у руках гераічна і аддана.
Выданне апавядае пра многія гістарычныя факты, малавядомыя шырокай грамадскасці, і адрасуецца ўсім, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўчына”

“Беларускі музычны архіў”
Апошнім часам у Беларусі назіраецца падвышэнне цікавасці да творчага даробку беларускай эміграцыі. Толькі з пачатку новага тысячагоддзя ў розных мінскіх выдавецтвах выйшлі ў свет такія славутыя кнігі, як “У кіпцюрох ГПУ” Францішка Аляхновіча, трохтомная “Гараватка” Кастуся Акулы, “Кітай-Сібір-Масква” Язэпа Гэрмановіча, а таксама геніяльны сянкевічаўскі “Quo Vadis” у версіі заснавальніка беларускай службы радыё “Ватыкан” Пятра Татарыновіча.
Не мінавала гэтая слушная тэндэнцыя і беларускіх меламанаў. У папулярнай серыі “Беларускі музычны архіў” выйшлі на сучасных фірменных кампакт-дысках зборы твораў славутага опернага тэнара Міхася Забэйды-Суміцкага, кіраўніка беларускага хору ў Бельгіі Міколы Равенскага, вядомага прадстаўніка апошняй хвалі эміграцыі – барда Сержука Сокалава-Воюша ... А нядаўна выдавецкі лэйбл “БМАgroup” распачаў беспрэцэдэнтны праект перавыдання на кампакт дысках поўнай дыскаграфіі Данчыка.
Пакуль у музычныя крамы Беларусі паступіў толькі першы рэліз гэтай серыі – найпапулярнейшы альбом “Я ад вас далёка” 1985 г., а ў перспектыве выдавец абяцае грандыёзны бокс-сэт з шасці CD. Варта дадаць, што CD-перавыданні будуць гарантаваць не толькі поўную адпаведнасць сваім вінілавым папярэднікам (як у праграме, гэтак і ў аздобе), але і дадатковыя бонус-трэкі. Дыск “Я ад вас далёка”, напрыклад, дакамплектаваны відэафайлам для камп’ютэра з запісам аднаго з аншлагавых канцэртаў Данчыка ў Мінску ў 1996 годзе.
Па пытаннях набыцця альбому, а таксама жадаючым заняцца распаўсюджаннем беларускай музыкі можна звяртацца:
220085, Менск, а/с 5
witals@tut.by
8-029-6490888
Вітаўт Мартыненка


НАШ КАЛЯНДАР

Юбілейныя даты снежня
• 6 снежня – 80 гадоў з дня адкрыцця (1925) Першай Усебеларускай мастацкай выстаўкі.
• 10 снежня – 135 гадоў з дня нараджэння жывапісца, графіка, тэатральнага дэкаратара і педагога Фердынанда Рушчыца (1870–1936).
• 21 снежня – 115 гадоў з дня нараджэння беларускага кампазітара і педагога, народнага артыста Беларусі Мікалая Аладава (1890–1972).
• 24 снежня – 95 гадоў з дня нараджэння беларускага празаіка, літаратуразнаўца, мастацтвазнаўца Уладзіміра Сядуры (псеўд. Уладзімір Глыбінны; 1910–1995). Жыў у ЗША.
• 60 гадоў таму, у снежні 1945 г., пачала выходзіць “Настаўніцкая газета”.
Паводле “Беларускага архіву навукі і мастацтва”

Фердынанд Рушчыц
Фердынанд Рушчыц Нарадзіўся ў 1870 г. у Ашмянскім павеце Віленскай губерні (цяпер Валожынскі раён Мінскай вобласці). Дзяцінства і юнацтва прайшлі ў Мінску. У 1891 г. ён падаў прашэнне ў Пецярбургскую акадэмію мастацтваў аб залічэнні яго вольнаслухачом на аддзяленне жывапісу. Спачатку ён займаўся ў майстэрні І.Шышкіна, а потым у А.Куінджы. Займаўся Рушчыц вельмі ўдала. Яго каларыстычныя і жывапісныя здольнасці высока цаніў І.Рэпін. Пасля сканчэння Акадэміі Рушчыц разам з Куінджы падарожнічаў па Германіі і Францыі. Па вяртанні ён стварыў самыя лепшыя свае творы “Зямля”, “У свет”, “Стары млын”, “Эмігранты” ды іншыя.
Карціны Рушчыца экспанаваліся на выставах у Пецярбургу і Варшаве. Яны прынеслі мастаку славу. У 1904 г. Ф.Рушчыц быў запрошаны на пасаду прафесара жывапісу ў Варшаўскую школу прыгожых мастацтваў, дзе працаваў да 1906 г. У 1907–1908 гг. ён жыў у Кракаве і займаў пасаду прафесара Акадэміі прыгожых мастацтваў. У 1908 г. вярнуўся на радзіму ў Багданава, дзе жыў да Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. Ён часта наведваў Вільню, дзе афармляў спектаклі ў тэатры Младзіеўскай.
У 1919 г. Фердынанд Рушчыц вярнуўся ў Вільню, прымаў удзел у аднаўленні Віленскага універсітэта, дзе кіраваў кафедрай жывапісу, быў прафесарам. У 1921 і 1929 г. ездзіў у Парыж. Працуючы старшынёй камісіі па ахове помнікаў старажытнасці, Рушчыц часта наведваў руіны замкаў у Крэве, Міры, Лідзе ды іншых мясцінах Беларусі, збіраў звесткі аб гістарычных падзеях, што адбываліся там, і рабіў замалёўкі, эцюды. Па іх ён стварыў некалькі запамінальных твораў (напрыклад, пейзаж “Крэва”). На пачатку 1930-х гадоў камісія па ахове помнікаў старажытнасці была ліквідаваная. У 1932 г. Рушчыц пакінуў універсітэт і канчаткова пераехаў у Багданава.
Памёр Фердынанд Рушчыц 30 кастрычніка 1936 г., пахаваны на мясцовых могілках. Сядзібны дом у Багданаве не захаваўся.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Уладзімір Сядура
Уладзімір Сядура нарадзіўся ў 1910 г. у Мінску. Вучыўся ў Белпедтэхнікуме і БДУ, у 1932 г. перавёўся на філалагічны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Арыштаваны як нацдэм і ў 1933 г. высланы ў Сібір на 3 гады. Вярнуўшыся з высылкі, скончыў у 1939 г. Ленінградскі ўніверсітэт, абараніў дысертацыю, працаваў выкладчыкам літаратуры Мінскага педінстытута і старшым навуковым супрацоўнікам Інстытуту педагогікі Наркамасветы БССР. У першы дзень вайны арыштаваны, але здолеў збегчы.
Падчас акупацыі жыў у Мінску, потым у Рызе, рэдагаваў часопіс “Новы шлях”, друкаваўся ў “Беларускай газэце”, якая выходзіла ў Мінску. Падрыхтаваў кнігі: “Беларускае мастацтва”, “Жыве беларус”, “Беларускі тэатр”, але з-за ваеннага часу не змог выдаць. З 1944 г. жыў у Германіі, з 1951 – у ЗША.
У друку пачаў выступаць з 1929 г. Пісаў рэцэнзіі, крытычныя артыкулы на творы беларускіх пісьменнікаў. На эміграцыі пісаў артыкулы па беларускаму мастацтву, культуры, музыцы, тэатру, аналізаваў творчасць беларускіх класікаў (М.Багдановіча, Я.Купалы, У.Галубка), а таксама пісьменнікаў-эмігрантаў. Друкаваўся амаль ва ўсіх эмігранцкіх газетах і часопісах. Напісаў шмат артыкулаў па творчасці рускіх пісьменнікаў. Асноўнай тэмай даследаванняў У.Сядуры стала літаратурная спадчына Ф.Дастаеўскага.
Ён быў адным з арганізатараў Таварыства імя Дастаеўскага (дзейнічае ў ЗША). Выкладаў у Калумбійскім унівесітэце (Нью-Ёрк), часта выступаў з дакладамі, рэфератамі на сімпозіумах, навуковых канферэнцыях па праблемах беларускай літаратуры і мастацтва. Выдаў кнігу на англійскай мове “Беларускі тэатр і драма”, артыкул “Беларуская культура і таталітарызм”, кнігу ўспамінаў “Паэта з божай ласкі. Успамін і роздум пра Я.Пушчу”. Таленавіты празаік, пісаў апавяданні, аповесці, раманы “На берагах пад сонцам”, “На святой зямлі”, “Вялікія дарогі”, аповесць пра М.Багдановіча. Усе кнігі прозы выдаў пад псеўданімам Уладзімір Глыбінны.
Уладзімір Сядура памёр у 1995 г. у горадзе Трой (ЗША).
Лідзія Савік


ВЕСТКІ

Зварот “Нашай нівы”
Увага! Газета “Наша Ніва” выкінутая з падпісных каталогаў “Белпошты”. Неўзабаве можа быць скасаваная дамова і з “Белсаюздрукам” (кіёскі). Такім чынам блакуецца распаўсюджанне нашага друкаванага слова. Калі вы хочаце гарантавана атрымліваць “Нашу Ніву” дадому, дашліце на электронны адрас nn@promedia.by свае рэквізіты: 1) Прозвішча, імя, імя па бацку; 2) Кантактны тэлефон (не абавязкова, але зручней і надзейней); 3) Паштовы адрас: вуліца, нумар дома, нумар кватэры, паштовы індэкс, населены пункт. Калі ў вас на пад’ездзе кодавы замок ці дамафон – пазначце код. Цана альтэрнатыўнай падпіскі Br 5 200 на месяц і Br 31 200 на паўгады.
Для выжываньня “НН” у звыклым аб’ёме са звыклай перыядычнасцю неабходная хаця б тысяча новых падпісчыкаў. Перадайце гэты тэкст каму толькі можна. Павесьце яго ў сваім інтэрнет-дзённіку, адпраўце па электроннай пошце альбо ICQ. Паведаміце знаёмым, сябрам, родным.
Тэлефон: 8-017-284-73-29, мабільныя тэлефоны: 8-029-707-73-29, 8-029-613-32-32; e-mail: nn@promedia.by; адрас: 220050, Менск, а/с 537
Заўтра можа быць позна, позна ў шырокім сэнсе. Пакіньце сабе шанц у будучыні лічыць сваё сумленне чыстым. Нас не забіць, не спыніць, не стрымаць!
Паводле “Нашай Нівы”

Зварот ІХ з’езду ТБМ
Зварот ІХ з’езду ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” “Аб становішчы беларускай мовы ў тэлевізійным вяшчанні”:
“У апошнія некалькі гадоў доля беларускамоўнага вяшчання на дзяржаўных тэлеканалах прыкметна скарацілася. Так, на Першым нацыянальным канале па-беларуску выходзіць толькі 6 праграм. На канале “Сталічнае тэлебачанне” аб’ём вяшчання на беларускай мове складае менш за 10%. У перадачах тэлеканала “АНТ” беларуская мова практычна не ўжываецца зусім.
Выпускі навінаў першага нацыянальнага тэлеканала выходзяць выключна на рускай мове, не звяртаючы ўвагу на масавыя пратэсты грамадзян Беларусі. Узровень валодання дзяржаўнай беларускай мовай некаторых вядучых недаравальна нізкі: яны нават не могуць адказваць па-беларуску сваім суразмоўцам.
Нягледзячы на наяўнасць пазітыўнай дынамікі ўжывання беларускай мовы на канале “Лад” (каля 50%) і планы “СТВ” павялічыць аб’ём вяшчання па-беларуску да 20%, відавочнае парушэнне правоў беларускамоўных грамадзян атрымліваць інфармацыю на беларускай мове. З гэтай нагоды мы звяртаемся да кіраўніка Беларускай дзяржавы з патрабаваннем забяспечыць усім грамадзянам краіны гарантаванае Канстытуцыяй права атрымліваць інфармацыю праз тэлебачанне на дзяржаўнай беларускай мове ў аб’ёме не меншым, чым на другой дзяржаўнай мове.”
“Наша Слова”. 2005. 16 ліст.

“Народная Воля”, “Салідарнасць” і “Згода”
Газета “Народная воля” не была ўключана прадпрыемствам “Белпошта” ў падпісны каталог на 2006 г. У сродках масавай інфармацыі удакладнялася, што на 2006 год у падпісны каталог прадпрыемства “Белпошта” не ўключаныя тры незалежныя газеты – “Народная Воля”, “Салідарнасць” і “Згода”. Таму ў наступным годзе гэтыя выданні не змогуць распаўсюджвацца праз дзяржаўную сістэму.
Зараз рэдакцыя “Народнай волі” спрабуе праз суд аднавіць ранейшае распаўсюджванне і выданне на Беларусі. 17 лістапада пачалася судовая справа з друкарняй і “Белсаюздрукам”. Акрамя таго, рэдакцыя падала ў гаспадарчы суд г. Мінска іск супраць РУП “Белпошта”.
Дар’я Сацукевіч, прэс-сакратар МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Закрыццё “Молодежного проспекта”
Міністэрства інфармацыі РБ анулявала пасведчанне аб рэгістрацыі газеты “Молодежный проспект”. Адзін з заснавальнікаў выдання, палітык Уладзімір Навасяд, атрымаў па пошце тэкст загаду № 162 “Об утрате силы свидетельством о регистрации газеты “Молодежный проспект”. Загад падпісаны 11 лістапада міністрам інфармацыі Уладзімірам Русакевічам.
www.charter97. org

Канфіскацыя “Студэнцкай думкі”
15 лістапада супрацоўнікі міліцыі і людзі ў цывільным правялі акцыю па “выйманні” асобнікаў незарэгістраванага моладзёжнага часопіса “Студэнцкая думка” з шэрагу мінскіх крамаў, дзе выданне распаўсюджваецца бясплатна. Пра гэта ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” даведалася ад супрацоўнікаў часопіса. Па іх інфармацыі, з супрацоўнікаў крамаў бралі пісьмовае абяцанне адмовіцца ад распаўсюджання гэтага часопіса і ў будучым. Часопіс існуе з 1924 года. Быў пазбаўлены рэгістрацыі ў 2003 годзе і з таго часу выдаецца накладам 299 асобнікаў.
www.charter97. org

Грамадства

***
Супрацоўнікі гісторыка-дэманстрацыйнага цэнтра КДБ Беларусі распрацавалі экскурсійны маршрут па вядомых мясцінах, звязаных з жыццём заснавальніка ВЧК Фелікса Дзяржынскага. Беларусь – адзіная краіна на прасторах былога СССР, дзе адносіны да бацькі савецкай сістэмы пакаранняў на дзяржаўным узроўні так і не змяніліся. Яго бюст да гэтага часу стаіць у адным з цэнтральных мінскіх сквераў, насупраць будынка КДБ. І сам Камітэт не змяніў сваёй назвы. Імя “палкага рэвалюцыянера” носяць вуліцы, калгасы, населеныя пункты, прадпрыемствы. Кіраўніцтва КДБ прапанавала рэканструяваць радавую сядзібу Дзяржынскіх у Мінскай вобласці. Для добраахвотных узносаў быў адкрыты банкаўскі рахунак.
“Хопіць клеймаваць кіраўнікоў краіны тых часоў, пачынаючы з кіраўніка галоўнага нашага – Сталіна! Хопіць гэта рабіць! Нас у той час не было, і мы не ведаем, як было на самай справе”, – казаў Лукашэнка два гады таму на пасяджэнні аргкамітэта па падрыхтоўцы да святкавання 60-годдзя вызвалення Беларусі ад фашыстаў. На выступленні перад кіраўнікамі службаў бяспекі краін СНД Лукашэнка назваў Дзяржынскага “вялікім чалавекам, які прысвяціў жыццё будаўніцтву мірнага і спакойнага жыцця вялікай краіны”.
У 9-м томе беларускай энцыклапедыі, які рыхтуецца да друку, у артыкуле пра ўрочышча Курапаты пад Мінскам напісана: “Па адной з версій, там пахаваны пацярпелыя фашысцкага рэжыму”.
Паводле газеты “Известия”

***
Адна з фірмаў Оршы пачала ажыццяўляць падарожжы па маршруце Ворша-Ляўкі-Копысь-Александрыя. У вёсцы Александрыя, адкуль пайшоў у вялікі свет будучы прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, пакажуць школу, дзе ён вучыўся, ды месца, дзе стаяла матчына хата.
“Наша Ніва”. 2005. 4 ліст.

***
Анжаліка Борыс заявіла, што мае намер прыехаць у Варшаву на сустрэчу з дакладчыкам Камісіі праў чалавека Арганізацыі аб’яднаных нацый, якая адбудзецца ў сераду. Аднак у аўторак яе чакае чарговае, ужо 54, праслухоўванне ў гарадзенскай міліцыі.
Борыс разам з іншымі прадстаўнікамі СПБ мае намер паінфармаваць прадстаўніка ААН аб сітуацыі ў Беларусі. Анжаліка Борыс падкрэслiла, што яна вельмі абураная сітуацыяй, у якой апынуўся Анджэй Пачобут. У яго бяспраўна забралі пашпарт, паколькі Пачобут не парушыў права й перамяшчаўся па Польшчы легальна. Генеральны консул у Гародні Анджэй Крэнтоўскі запэўніў, што консульства прыняло канкрэтныя крокі, каб вярнуць Пачобуту пашпарт. Між іншым, быў наняты адвакат, які мае заняцца дадзенай справай.
“Radio Polonia”. 2005. 21 ліст.

***
У Беларусі рыхтуецца закон аб вышэйшай адукацыі. Міністр адукацыі Беларусі Аляксандр Радзькоў лічыць цалкам абгрунтаванай норму, што закладваецца ў праект закона “Аб вышэйшай адукацыі”, згодна з якой рэктары прыватных ВНУ будуць прызначацца і вызваляцца ад пасады па ўзгадненні з міністрам адукацыі. “Рэктар ВНУ — гэта фігура палітычная”, — заявіў Радзькоў, выступаючы на пашыраным паседжанні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэссе. Аляксандр Радзькоў падкрэсліў таксама, што сярод кіраўніцтва ВНУ не павінна быць апазіцыйных дзеячаў, і “выкладчыкі павінны стаяць на дзяржаўных пазіцыях”.
“Народная воля”. 2005.18 ліст.
***
17 лістапада прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў рэспубліцы неабходна захаваць дзве дзяржаўныя мовы – беларускую і рускую. “Я не понимаю тех, кто предлагает отказаться от русского языка, ведь это и наш язык”, – паведаміў беларускі лідэр, выступаючы перад студэнтамі вузаў Магілёўскай вобласці. Руская мова, нагадаў Лукашэнка, “создавался всеми народами, которые проживали на просторах СССР, свой вклад внесли и белорусы”. Разам з тым Лукашэнка паведаміў, што нацыянальную сістэму адукацыі ў Беларусі “удалось отстоять”. “В свое время, дорвавшись до власти, националисты кричали о необходімости коренной ломки отечественного образования и замены его на новую европейскую модель”, – патлумачыў ён.
www.vsluh.ru

***
Выступаючы 17 лістапада ў Магілёве перад студэнтамі, А.Лукашэнка заявіў, што яго готовыя падтрымаць больш за 90% сельскага насельніцтва краіны, 84% жыхароў райцэнтраў і 67% мінчукоў. Аб гэтым, паводле яго словаў, сведчаць даныя “закрытага сацыялагічнага даследавання”. “Я предложу народу свои услуги и скажу, на что пойду, если меня выберете, а на что не смогу пойти”, – адзначыў Лукашэнка. У выпадку на выбарах, заявіў Лукашэнка, ён будзе працягваць цяперашнюю палітыку.
Паводле БелТА

***
Урад заканчвае працу над праектам Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2006–2010 гг. У ліку эканамічных прыярытэтаў наступнай пяцігодкі – інавацыі, экспарт, АПК, энерга- і рэсурсазберажэнне, а яе галоўная ідэя – “павышэнне ўзроўню канкурэнтаздольнасці на падставе мадэрнізацыі эканомікі”. У шматстаронкавым дакуменце ў форме лозунгаў пералічаецца ўсё, што, на думку распрацоўшчыкаў, неабходна зрабіць для таго, каб айчынная эканоміка ўмацоўвалася, а прыбыткі насельніцтва павялічваліся (да 500 USD да канца 2010 г.). У яскасці праблем і тормазаў для развіцця распрацоўшчыкі прызнаюць высокую падатковую нагрузку і недастатковае развіццё малага прадпрымальніцтва.
Паводле “Экономической газеты”

***
У Мінску адбыўся ўстаноўчы з’езд “Саюза пісьменнікаў Беларусі”, які ствараецца пры падтрымцы ўладаў як альтэрнатыва пісьменніцкаму саюзу, што летась адзначыў сваё 70-годдзе. Сяброў існуючага Саюзу беларускіх пісьменнікаў, старшыню СБП Алеся Пашкевіча і ягоных намеснікаў Барыса Пятровіча і Эдуарда Акуліна на з’ездзе новай праўладнай арганізацыі назвалі правакатарамі і выдалілі з залы.
Кіраўніком праўладнага саюза абраны Мікалай Чаргінец, сябра Савета Рэспублікі, прызначаны А.Лукашэнкам. Намеснікамі старшыні сталі Анатоль Аўруцін, Раіса Баравікова, Георгі Марчук, Алесь Марціновіч. Устаноўчы з’езд праўладнага Саюза пісьменнікаў Беларусі праходзіў у Палацы культуры прафсаюзаў за шчыльнымі шэрагамі аховы ў цывільным. Прадстаўнікі незалежных медый і кіраўніцтва дзейнага Саюза беларускіх пісьменнікаў на з’езд запрошаныя не былі.
Сярод 125 дэлегатаў новага саюза не было ні аднаго народнага пісьменніка Беларусі. З’езд доўжыўся чатыры гадзіны. Адчуваючы падтрымку ўладаў, некаторыя дэлегаты з’езду меркавалі, што іх саюз зможа прэтэндаваць на Дом літаратара і іншую маёмасць. Іншыя дэлегаты настойвалі на тым, што новы саюз павінен быць дзяржаўна-грамадскай арганізацыяй – як БРСМ. Асаблівай дыскусіі не было. Пасля таго як былі выкананыя ўсе фармальнасці і аднагалосна было абранае кіраўніцтва дэлегатаў запрасілі на фуршэт, а потым на аўтобусах развезлі па іх рэгіёнах.
На думку беларускіх літаратараў, не дамогшыся лаяльнасці, улады ўнеслі раскол у літаратурны асяродак.
Паводле Рдыё “Свабода”

***
У Германіі прэзідэнт Літвы Валдас Адамкус выказаў недавер у бок Беларусі, ад якой можна ў любы момант чакаць ваеннага нападу. “Нападзенне беларускіх войскаў прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі на Літву можна чакаць у любы момант. Калі Расія можа пагражаць Літве толькі ў эканамічным плане, то мяжа суседняй Беларусі не так даўно была прызнана праблематычнай нават Бруселем... Калі прачынаешся ранкам, не ведаеш, што адбываецца ў Мінску”, – цытавала літоўскага прэзідэнта газета “Die Welt”.
Магчыма, негатыўныя ацэнкі нечаканых выказванняў В.Адамкуса прымусілі яго хутка выпраўляць становішча. І штотыднёвік “Respublika” 31 кастрычніка змясціў артыкул пад назвай “В.Адамкус адмовіўся ад сваіх словаў”.
Паводле БелТА, inline.ru і “Народнай Волі”

***
30 кастрычніка ў Мінску прайшоў IX З’езд Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны. Напярэдадні арганізатарам мерапрыемства адмовілі ў правядзенні з’езду ў Доме літаратара, які належыць Адміністрацыі Прэзідэнта, ды ў касцёле Св. Сымона і Алены. У касцёле спачатку пагадзіліся, але пасля папрасілі прабачэння. Цікава, што гэта адбылося праз два дні пасля таго, як у Мінюст, як патрабуе заканадаўства, быў дасланы ліст з запрашэннем папрысутнічаць на сходзе. У выніку 128 дэлегатам прыйшлося ўшчаміцца ў цесны офіс Партыі БНФ.
У якасці гасцей на форум запрасілі чыноўнікаў ды замежных паслоў. Але міністры ды старшыня Канстытуцыйнага суда ад удзелу ў з’ездзе адмовіліся. А вось паслы ЗША і Польшчы – не. Джордж Крол падзякаваў сябрам ТБМ за дапамогу ў навучанні беларускай мове, дзякуючы чаму ён “сяк-так размаўляе па-беларуску”.
Паводле вынікаў з’езду быў прыняты стос дакументаў: звароты да прэзідэнта краіны з патрабаваннем беларускамоўнага вяшчання на тэлебачанні, заснавання нацыянальнага ўніверсітэта з цалкам беларускамоўным навучаннем, зварот да Еўрапарламента з патрабаваннем вяшчання на Беларусь выключна па-беларуску, лісты ў пракуратуру, Мінадукацыі, віцэ-прэм’еру Дражыну пра заклапочанасць нападам на сям’ю Лапіцкіх.
Алег Трусаў быў аднагалосна пераабраны на чацвёрты двухгадовы тэрмін. Адметна, што актывісты ТБМ змянілі рыторыку: не трэба адраджаць мовы, яна і не памірала; трэба ўмацоўваць яе пазіцыі і пашыраць сферу яе ўжытку.
“Наша Ніва”. 2005. 4 ліст.


НАШЫЯ СТРАТЫ

Памяці Аляксандры Бергман
На сотым годзе жыцця адышла ў вечнасць вядомая даследчыца беларускага нацыянальнага руху ў даваеннай Польшчы, гісторык і публіцыст.
У навуцы Аляксандра Бергман засведчыла пра сябе будучы ў сталым веку. Перад тым прайшла школу жыцця, спачатку ў камуністычным падполлі Заходняй Беларусі, затым у польскх астрогах і савецкіх канцлагерах.
З 60-х гадоў ХХ ст. на старонках польскага навуковага перыядычнага друку ёю была аўтарытэтна замацавана беларуская тэматыка. Пісалі пра нацыянальную палітыку КПЗБ, пра гісторыю Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі, а найбольш пра Беларускую сялянска-работніцкую грамаду, якую трактавалі як левую плынь беларускага нацыянальна-вызваленчага руху.
Працуючы вонкі дзяржаўных структур, Аляксандра Бергман пачувалася вольнай ад афіцыйных канцэпцый гістарычных з’яў, фактаў.
Стварыла аб’ектыўную навуковую біяграфію лідэра БСР грамады Браніслава Тарашкевіча, выдадзеную ў Польшчы ў 1977 годзе і перавыдадзеную ў беларускім перакладзе ў 1996 г. у Мінску. Напісала цэлую галярэю нарысаў-партрэтаў дзеячоў беларускага руху: Антона Луцкевіча, Уладзіміра Самойлы, Сымона Рака-Міхайлоўскага, Лепольда Радзевіча, Ігната Дварчаніна, Максіма Бурсевіча і інш. Частка з іх увайшла ў другую кнігу А.Бергман “Беларускія справы ў II Рэчы Паспалітай” (1984).
Яе аўтарству належыць шэраг артыкулаў пра беларускіх палітыкаў, навукоўцаў у польскім фундаментальным выданні “Slownik biograficzny”, шэраг біяграфічных эцюдаў аб яўрэйскіх культурна-грамадскіх дзеячах, ураджэнцах Беларусі.
Працы Аляксандры Бергман былі абапёрты на трывалы грунт архіўных матэрыялаў Варшавы, Вільні, Масквы і самавітую аналітыку захопленага аб’ектам увагі даследчыка. Праца Аляксандры Бергман яшчэ чакае паўнейшай ацэнкі і ўдзячнасці нашчадкаў, а імя адышоўшай застаецца назаўсёды ў летапісе беларусай навукі, добрай памяці людской.
Арсень Ліс

Бюлетэнь інфармацыйнага цэнтра
МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
Распаўсюджваецца на правах унутранай дакументацыі.
Меркаванні аўтараў публікацый могуць не супадаць з думкай рэдакцыі, друкавацца дзеля палемікі. Адказная за выпуск Алена Макоўская. Адрас рэдакцыі:
220050, Рэспубліка Беларусь
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15
zbsb@lingvo.minsk.by