Зварот Згуртавання беларусаў свету „Бацькаўшчына“

Шаноўныя сябры!

Мы упэўненыя, што вы ўважліва сочыце за падзеямі на Радзіме, і яны не пакідаюць вас абыякавымі, бо пры ўсёй шматстайнасці нашых палітычных поглядаў, усіх беларусаў яднае адно – мы жадаем дабра і росквіту сваёй Радзіме і яе народу.

Зараз Беларусь праходзіць праз падзеі гістарычнага маштабу, якія вельмі моцна паўплываюць на яе будучыню: грамадства яднаецца і хоча, каб яго голас урэшце займеў палітычную вагу. Аднак на мірныя пратэсты дзейсная улада адказала беспрэцэдэнтным гвалтам, які ад пачатку выбараў не спыняецца на вуліцах нашых гарадоў: напады і збіццё мірных грамадзян на вуліцах і ў турмах, прымяненне да іх фізічных і псіхалагічных катаванняў. Усяму гэтаму не можа быць месца ў нашай з вамі краіне.

Ведаем, што нават знаходзячыся за многія кіламетры ад Беларусі, сэрцам вы заўжды на Радзіме. Многія з вас ужо арганізоўвалі або бралі ўдзел у акцыях салідарнасці з беларускім народам у гарадах свайго пражывання. Важна, каб геаграфія такіх акцый пашыралася. Заклікаем вас не толькі не спыняцца, а зрабіць акцыі салідарнасці бесперапыннымі!

Сёння наша салідарнасць важная як ніколі раней. І падтрымка беларусаў замежжа надзвычай неабходная. Трэба, каб увесь свет даведаўся пра тое, што зараз адбываецца ў нашай краіне. І менавіта вы, беларусы замежжа, можаце паспрыяць гэтаму, як ніхто іншы, бо пасольствы і дыпламатычныя місіі гэта не зробяць, і менавіта вы – дзеці сваёй Радзімы, беларусы замежжа, на сёння сталі амбасадарамі інтарэсаў Беларусі ў свеце.

Акрамя бесперапынных акцый салідарнасці, ёсць яшчэ два простыя спосабы, якімі кожны з вас можа дамапамагчы Беларусі:

1. Па-за межамі Беларусі дзейнічае незалежная дабрачынная ініцыятыва BY_help (https://www.facebook.com/BYhelpBY/ ), якая збірае ахвяраванні па ўсім свеце на дапамогу пацярпелым ад масавага тэрору беларусам.

Калі ласка, падтрымайце гэты фонд. Дзякуючы вашым ахвяраванням ініцыятыва BY_help зможа дапамагчы пацярпелым не страціць надзею.

2. Перакладайце навіны пра тое, што адбываецца ў Беларусі, на мовы краінаў свайго пражывання, і максімальна шырока распаўсюджвайце. Прыкладны тэкст для перакладу пра сітуацыю у Беларусі мы дадаем да гэтага звароту (https://tinyurl.com/situacyja).

Гаварыце пра Беларусь, пішыце пра Беларусь, распаўсюджвайце інфармацыю пра Беларусь праз інтэрнэт, у размовах з вашымі суграмадзянамі, звяртайцеся да нацыянальных лідараў сваёй краіны з патрабаваннем актыўных палітычных дзеянняў у дачыненні да арганізатараў фальсіфікацый і тэрору ў Беларусі.

У вашых сілах зрабіць так, каб голас вольнай Беларусі быў пачуты ў свеце.

Будзьма разам! Будзьма салідарнымі!

Інфармацыйны цэнтр МГА „ЗБС „Бацькаўшчына“