Зінаіда Клыга – кавалер Ордэна Белай зоркі!

Да 101-й гадавіны Эстонскай Рэспублікі прымеркаванае ўручэнне дзяржаўных узнагародаў людзям, якія сваёй дзейнасцю змянілі жыццё Эстоніі да лепшага. У спісе ўзнагароджаных – сябра Рады ЗБС “Бацькаўшчына” Зінаіда Клыга!

22 лютага ў Цэнтры Арво Пярта прэзідэнт краіны Керсці Кальюлайд уручыць адной з пачынальніц беларускага гуртавання ў Эстоніі і дзейнай старшыні Таварыства беларускай культуры Іда-Вірумаа “БЭЗ” Ордэн Белай зоркі V ступені за развіццё супрацоўніцтва з нацыянальнымі меншасцямі.

Шаноўная спадарыня Зінаіда Клыга!

ЗБС “Бацькаўшчына” сардэчна віншуе Вас з узнагародай! Мы вельмі ганарымся шматгадовай, ад самага пачатку дзейнасці “Бацькаўшчыны”, супрацай з Вамі. Ваша актыўнасць, адданасць беларускай справе і аптымізм – добры прыклад і крыніца натхнення не толькі для нас, але для кожнага, хто мае гонар быць знаёмым з Вамі і дасягненнямі асабіста Вашымі і беларускай грамады ў Эстоніі пад Вашым кіраўніцтвам.

Ад усёй душы зычым Вам поспехаў у новых справах, творчага імпэту і нязгаснага аптымізму!

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”