ЗБС “Бацькаўшчына”: тое, што ў гонар Тарашкевіча названыя вуліца і беларускі ліцэй у Бельску-Падляскім – справядліва

Прапанова Інстытута нацыянальнай памяці (Варшава) у межах працэсу “дэкамунізацыі” перайменаваць вуліцу і ліцэй імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску-Падляскім выклікала глыбокую заклапочанасць МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” і змусіла накіраваць звароты да Міністэрства замежных справаў Польшчы, у адміністрацыю Падляскага ваяводства і ў Інстытут нацыянальнай памяці ў Варшаве.

У зваротах выказана павага да справы “дэкамунізацыі” і спадзеў, што калісьці падобная тэндэнцыя таксама будзе назірацца і ў Беларусі, але разам з тым падкрэсліваецца важнасць асобы Браніслава Тарашкевіча (між іншага, перакладчыка “Пана Тадэвуша” Адама Міцкевіча і дэпутата польскага Сойма ў 1920-х гадах) для сучаснай Беларусі. Канфлікт вакол перайменавання вуліцы і ліцэя можа стацца доўгатэрміновай “ідэалагічнай мінай” для беларуска-польскага добрасуседства і параніць нацыянальна арыентаваных дэмакратаў-беларусаў не толькі ў краіне, але і ва ўсім свеце. Такім канфліктам ахвотна скарыстаюцца на сваю карысць геапалітычныя нядобразычліўцы Рэспублікі Польшча і Рэспублікі Беларусь.

Справа ў тым, што нягледзячы на лідарства ў Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамадзе і сяброўства ў Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, Тарашкевіч разам з усімі паплечнікамі па заходнебеларускім руху быў арыштаваны Саветамі і ў 1938 годзе закатаваны НКВД. Трагічны лёс, складаны гістарычны кантэкст перыяду сталінскіх рэпрэсій і вялікі даробак Браніслава Тарашкевіча ў справе змагання супраць дыскрымінацыі беларусаў Заходняй Беларусі ў Другой Рэчы Паспалітай прывялі ў выніку да таго, што сам ён зрабіўся інтэлектуальным сімвалам змагання за нацыянальныя правы беларусаў, а “тарашкевіца” – першая беларуская граматыка ягонага аўтарства – сімвалам антысавецкасці і антыкамуністычнасці. Ад 1980-х гадоў нацыянальныя эліты выкарыстоўваюць яе як своеасаблівы пратэст супраць камуністычнай і посткамуністычнай палітыкі прыгнёту нацыянальнай культуры.

Асоба Тарашкевіча належыць польскай і беларускай культурам, шануецца этнічным беларускім жыхарствам у Падляшшы. Тое, што ў гонар Тарашкевіча названыя вуліца і беларускі ліцэй у Бельску-Падляскім – справядліва.

ЗБС “Бацькаўшчына” верыць, што паспяховая еўрапейская Польшча, якая сёння вельмі шмат добрага робіць для падтрымкі дэмакратычнай супольнасці ў Беларусі (згадаем тут, найперш, праграму імя Каліноўскага, тэлеканал БелСат і шмат іншых праграм для Беларусі) і адначасова спрыяе на дыпламатычным узроўні паляпшэнню стасункаў Рэспублікі Беларусь з Еўразвязам, у пытаннях гістарычнай памяці нашых абодвух сяброўскіх народаў таксама захавае цвярозы і разумны падыход.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”



Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение