ЗБС “Бацькаўшчына” патрабуе ад Андрэя Раўкова выбачыцца перад дыяспарай

24 жніўня дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Рэспублікі Беларусь Андрэй Раўкоў апублікаваў у сваім фэйсбуку пост адносна беларускай дыяспары, з якога вынікае, што ўдзельнікі пратэстных акцый у розных краінах свету “нічога не зрабілі для сённяшняй краіны, а ўвесь іх настальгічны “патрыятызм” раптоўна успыхвае, калі папросяць”.

Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” як арганізацыя, якая ўжо цягам амаль 30 год актыўна супрацоўнічае з беларускай дыяспарай, абураная такім публічным выказваннем, якое зневажае нашых суайчыннікаў.

Гэтым лістом паведамляем спадару Раўкову, што Беларуссю быў прыняты цэлы шэраг праграмных дакументаў па супрацоўніцтву з беларусамі замежжа, да якіх можна аднесці і прынятыя ў розныя часы дзяржаўныя праграмы “Беларусы ў свеце”, дзе пра беларускую дыяспару вядзецца гаворка як пра “важны нацыянальны, інтэлектуальны, сацыяльна-культурны, дэмаграфічны і эканамічны рэсурс Рэспублікі Беларусь”, і закон “Аб беларусах замежжа, скіраваны на ўмацаванне сувязяў нашай краіны з тымі, хто “даўным-даўно тут не жыве”.

Дапускаем, што для Андрэя Раўкова гэта не “профільныя” дакументы. Тады можна звярнуцца да Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, у якой аслабленне нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці беларускай дыяспары расцэньваецца як знешняя крыніца пагрозы нацыянальнай бяспецы ў сацыяльнай сферы, а таксама вядзецца гаворка пра “рэалізацыю доўгатэрміновай стратэгіі судзеяння ў развіцці беларускай дыяспары”.

Дапускаем, што Рада бяспекі цікавіцца не толькі ўнутранымі працэсамі ў Беларусі, але і знешнімі, і назірае сучасныя знешнепалітычныя трэнды, а менавіта: як дыяспары іншых дзяржаў становяцца важным складнікам эканамічнага і культурнага пад’ёму краін свайго паходжання, садзейнічаюць развіццю міжнародных стасункаў.

Дапамога беларусаў замежжа нашай краіне толькі за перыяд ад абвяшчэння незалежнасці (ад 1991 г.) ахоплівае цэлы спектр галінаў: ад дапамогі пацярпелым ад Чарнобыльскай аварыі да мецэнацтва і спрыяння ў развіцці беларускай навукі і мастацтва. Беларусы замежжа першымі адгукаюцца на патрэбы Беларусі, беларускага грамадства. Згадайма толькі два апошнія выпадкі:

  • каля 80 000 даляраў былі пералічаны дыяспарай у дапамогу беларускім медыкам у змаганні з вірусам Covid19, у той час як беларускія дзяржаўныя структуры дэманстравалі няздольнасць своечасова забяспечыць дактароў сродкамі абароны, рэтранслюючы сумнеўныя парады па прафілактыцы хваробы ад прадстаўнікоў найвышэйшага кіраўніцтва;

  • каля сотні тысяч даляраў былі пералічаны беларускай дыяспарай у дапамогу ўдзельнікам мірных акцый, якія пацярпелі ад неапраўдана жорсткага абыходжання сілавых структур, ад прымянення спецсродкаў і катаванняў. У той час як “сённяшняя краіна” не завяла ніводнай крымінальнай справы па фактах перавышэння паўнамоцтваў сілавымі структурамі і не выказала ні слова спагады пацярпелым.

І гэта толькі два прыклады за апошні час.

Звяртаемся да спадара Раўкова з настойлівай рэкамендацыяй:

  1. Уважліва азнаёміцца з раздзелам на сайце МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” “Дыяспара для Беларусі” (https://zbsb.org/info), дзе акумулюецца інфармацыя пра найбольш значныя крокі/захады беларусаў замежжа ў справе дапамогі самой Беларусі, як краіне, так і асобным ініцыятывам, установам і проста людзям. У выпадку неабходнасці, гатовыя даць пашыраную кансультацыю па гэтым пытанні.

  2. Выдаліць зневажальны пост на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

  3. Выбачыцца публічна за некампетэнтную ацэнку заслугаў нашых суайчыннікаў за мяжой.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”,
фота nn.by