Заява Управы МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” з нагоды пазбаўлення Ганны Бахціной адвакацкай ліцэнзіі

Сёння, 12 верасня, вядомая беларуская адвакатка і праваабаронца Ганна Бахціна была пазбаўлена адвакацкай ліцэнзіі кваліфікацыйнай камісіяй Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь з фармулёўкай “недастатковая прафесійная кваліфікацыя”.

Пры гэтым Ганна Віктараўна вядомая беларускай грамадзянскай супольнасці як прафесіянал найвышэйшага кшталту. За 38 гадоў прафесійнага стажу ёй, сярод іншага, давялося абараніць у працэсах Вярхоўнага суда інтарэсы ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, а таксама паспяхова весці гучныя справы Ірыны Халіп, Іллі Валавіка і Эдуарда Пальчыса.

У апошнія месяцы Ганна Бахціна абараняла правы аднога з ключавых фігурантаў “Справы патрыётаў” Міраслава Лазоўскага. Мы лічым, што пазбаўленне Ганны Бахціной права на адвакацкую практыку напярэдадні прыняцця рашэння аб працягу ці спыненні крымінальнай справы ў адносінах да яе падабароннага з’яўляецца палітычна матываваным.

Звяртаемся да Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь з заклікам перагледзець прынятае рашэнне ў адносінах да аднаго з найбольш прафесійных і прынцыповых адвакатаў краіны.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”