Яшчэ не позна! Прэмія імя Наталлі Арсенневай збірае кнігі да канца кастрычніка

Аркамітэт працягнуў тэрмін падачы заявак: да 31 кастрычніка ўсё яшчэ можна даслаць заяўку для ўдзелу ў Прэміі імя Наталлі Арсенневай за найлепшую паэтычную кнігу на беларускай мове, выдадзеную ў 2016 г.

Правам намінавання на Прэмію валодаюць выдаўцы, творчыя аб’яднанні, аргкамітэт Прэміі, сябры журы і самі аўтары. На іх ляжыць абавязак прадставіць электронныя pdf-версіі выданняў і, калі кніга выдавалася ў папяровым выглядзе, два папяровыя асобнікі кніг. Папяровыя асобнікі прымаюцца па адрасе Саюза беларускіх пісьменнікаў (Мінск, вул. Кузьмы Чорнага, 31-906), электронныя варыянты – на адрас: paezija@gmail.com

Разам з тым, кампетэнтнае журы ў складзе Ірыны Багдановіч, Лявона Баршчэўскага, Уладзіміра Глазава, Вальжыны Морт і Ціхана Чарнякевіча прыступіла да разгляду тых 18 кніг, якія ўжо былі дасланыя.

У Прэміі Арсенневай з’явіўся свой лагатып – над ім працаваў Анатоль Лазар (студыя “Адліга”). Аўтар лога паспрабаваў стылізаваць цытату з верша Наталлі Арсенневай “Пад сінім небам усё іначай” пад почырк выбітнай паэткі.

Прэмія за найлепшую паэтычную кнігу заснаваная ў гонар выдатнай беларускай паэткі, зоркі літаратуры Заходняй Беларусі, аўтаркі знакавага верша “Магутны Божа” Наталлі Арсенневай. Пасля вайны Арсеннева апынулася ў эміграцыі, дзе працягвала займацца беларускай справай, удзельнічала ў культурнай і асветніцкай дзейнасці.

Прэмія не мае свайго сайту, але ўсю актуальную інфармацыю можна знайсці ў фэйсбуку і на сайтах арганізатараў. Сузаснавальнікамі прэміі з'яўляюцца Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі ПЭН-цэнтр і Згуртаванне “Бацькаўшчына”.

Літаратурная прэмія імя Наталлі Арсенневай заснаваная пры спрыянні Фонда культуры і адукацыі Орса-Рамана і Харытатыўнага фонда Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі. Сёлета прэмія будзе ўручацца ўпершыню, але плануецца, што яна стане штогадовай.



Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение