Янка Запруднік: «Найбліжэй да сьмерці быў, калі савецкія самалёты бамбілі Баранавічы ў чэрвені 1944 году»

У летнім праекце Свабоды мы прадстаўляем анкеты цікавых і вядомых людзей. Наш сёньняшні рэспандэнт — Янка Запруднік.


Хто гэта?

Знаны дзяяч беларускай эміграцыі, гісторык, палітоляг. З 1954 году працаваў журналістам беларускай сэкцыі радыёстанцыі «Вызваленьне» ў Мюнхэне. У 1957-м пераехаў у ЗША, дзе працягваў працу ў Нью-Ёрку да 1991-га на той жа радыёстанцыі (ад 1964 — «Свабода»). У 1969-м у Нью-Ёрскім унівэрсытэце абараніў дысэртацыю і атрымаў ступень доктара гістарычных навук. Выкладаў гісторыю Расеі і СССР у Квінскім каледжы Нью-Ёрскага гарадзкога ўнівэрсытэту (1970–1975), гісторыю і сучасную палітыку Беларусі ў Калюмбійскім унівэрсытэце (1994).


1. Калі вы адчувалі найбольшае ў жыцьці шчасьце?

Калі ў 1991 годзе, пасьля 47 гадоў на чужыне, ступіў на зямлю Бацькаўшчыны.


2. Які ваш найбольшы страх?

Што будова беларускай дэмакратычнай дзяржавы можа захлынуцца ў патоку агрэсіўнай расейшчыны.


3. Які ваш самы раньні ўспамін?

Калі зімою ў нашай халоднай хаце мама накрывала мяне ў ложку цёплай коўдрай.


02-21520CFD-260F-4841-AE59-59E44B76169B_w1597_n_r0_st.jpg

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла ўручае Янку Запрудніку мэдаль БНР, 2019 год


4. Якая рыса вам найбольш не падабаецца ў сабе?

Адкладаньне на заўтра таго, што магло б быць зроблена ў той жа дзень.


5. Якая рыса вам найбольш не падабаецца ў іншых?

Калі гаварыць пра беларусаў, абыякавасьць шмат каго зь іх да нацыянальна-грамадзкіх вартасьцяў і абавязкаў.


6. Якая ў вас была самая няёмкая сытуацыя ў жыцьці?

Ня памятаю «самай няёмкай сытуацыі», але пры наведваньні Беларусі былі проста няёмкія, калі мне, амэрыканскаму грамадзяніну, было няёмка ў гутарцы зь беларусам-незнаёмцам выказацца поўнасьцю пра «далікатныя» аспэкты беларускага культурнага й палітычнага быту.


7. Якая ў вас ёсьць самая дарагая вам рэч?

На сёньня гэта — мой кампутар, празь які трымаю лучнасьць зь сябрамі й наагул людзьмі, займаючыся справай нашага нацыянальнага існаваньня.


8. Якую б вы хацелі мець супэрздольнасьць?

Натхняць суродзічаў-беларусаў, асабліва моладзь, пачуцьцём нацыянальнай годнасьці.


9. Што робіць вас няшчасным?

Калі бачыш няшчасных суродзічаў. Мы з жонкай Надзяй шчасьлівыя, бо дажылі да паважнага веку й можам памагаць тым, хто скрайне патрабуе дапамогі. Шчасьце ў няшчасьці.


10. Якая ў вас самая непрыгожая звычка?

Неакуратнасьць у трыманьні парадку на месцы маёй кніжнай ці нашай хатняй працы.


11. Якую вы маеце заганную прыемнасьць?

Паспаць даўжэй пасьля таго, як жонка пайшла ў кухню.


12. У каго вам найбольш хацелася б папрасіць прабачэньня і чаму?

Выбачыцца я хацеў бы перад Мечыславам Рагажэцкім, маім былым настаўнікам у Баранавічах, а пасьля ў гімназіі імя Янкі Купалы ў Нямеччыне. Рагажэцкі дажываў свой век адзінокім у Амэрыцы. Пры сустрэчы зь ім ён запрасіў мяне да сябе на абед, які, сказаў, сам падрыхтуе. Я паабяцаў, але абяцаньня не датрымаў. Уява яго самотнага сядзячага ў чаканьні мучыць мяне й цяпер.


13. Найлепшы пацалунак у вашым жыцьці?

Самы першы, калі Нона К. (далёкая сваячка майго дзядзькі Ягора Вільчыцкага) сядзела ў мяне на каленях у нашай хаце, дзе мы разглядалі ілюстрацыі ў гадавіку часапіса «Нива».


14. Найбольшае ў жыцьці расчараваньне?

Правал спробаў навучыцца добра граць на гармоніку, на балалайцы, на гітары, а пасьля, на чужыне ўжо, на піяніна ды на акардэоне. Сякі-такі поступ быў толькі на акардэоне.


15. Калі б вы маглі нешта зьмяніць у мінулым жыцьці, што б гэта было?

Заняўся б пасьля заканчэньня Лювэнскага ўнівэрсытэту (1954 г.) поўнасьцю акадэмічнай працай заміж камбінацыі журналістыкі й гістарычнай навукі.


16. Калі б вы маглі трапіць у мінуласьць, дзе б вы хацелі апынуцца?

У Беларусі.


17. Калі вы былі найбліжэй да сьмерці?

Калі савецкія самалёты бамбілі Баранавічы ў чэрвені 1944 году.


18. Якая адна рэч павысіла б якасьць вашага жыцьця?

Большая начытанасьць.


19. Ваша найбольшае дасягненьне?

Мае апублікаваныя кнігі й артыкулы, а таксама аддадзеныя Ратгерскаму ўнівэрсытэту (у штаце Нью-Джэрзі) набытыя тры тысячы беларускіх і беларусаведных кніжак ды нашыя з Надзяй архіўныя матэрыялы, у якіх адлюстравана культурніцкая й палітычная дзейнасьць беларусаў у Амэрыцы.


20. Што вам не дае спаць па начах?

Трывога за беларускую дзяржаўнасьць.


21. Што б вы хацелі, каб пра вас памяталі?

Што пайшоў у сьвет юнаком без бацькоў і не загінуў, не спакусіўся бытавымі выгадамі, а ў выбары жыцьцёвага напрамку кіраваўся любоўю да свайго народу ды працай на карысьць ягонай свабоды.

ВА, svaboda.org