25 верасня 80-гадовы юбілей святкуе сябра Вялікай Рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” Вячка Целеш (Латвія).
Спадар Вячка Целеш стаяў ля вытокаў ЗБС “Бацькаўшчына” і ад самага пачатку быў сябрам Рады. Ён сусветна вядомы беларускі мастак, заснавальнік і нязменны лідар Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар” і адзін з заснавальнікаў Таварыства беларускай культуры “Світанак”, сябра Саюза беларускіх мастакоў і Латвійскага саюза мастакоў, кавалер найвышэйшай дзяржаўнай узнагароды Латвіі – ордэна Трох Зорак.
Вячка Целеш уваходзіў у Кансультацыйныя рады пры ўсіх прэзідэнтах Латвіі, баронячы інтарэсы беларусаў. Дзякуючы намаганням спадара Вячкі атрымалася, сярод іншага, стварыць у Рызе Беларускую школу імя Янкі Купалы і запусціць на Латвійскім радыё трансляцыю беларускай праграмы “Світанак”.
Таксама спадар Вячка вядомы як аўтар грунтоўных гістарычна-мастацкіх даследаванняў “Гарады Беларусі на старых паштоўках”, “Мінск на старых паштоўках” і “Рыга на старых паштоўках”, якія часта перавыдаюцца, карыстаюцца сталым чытацкім попытам і аўтарытэтам сярод еўрапейскіх даследчыкаў.
Ад усяго сэрца віншуем дарагога юбіляра і зычым яму моцнага здароўя, нязгаснага імпэту, новых творчых задумаў і іх здзяйсненняў!
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”