Віншуем Петруся Капчыка!

23 красавіка 75-гадовы юбілей святкуе сябра Вялікай Рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” Пятрусь Капчык (Украіна).

Спадар Пятрусь Капчык – пісьменнік, журналіст і перакладчык, актыўны сябра “Бацькаўшчыны”, які разам са Згуртаваннем ад самага Першага з’езду беларусаў свету. Акрамя гэтага ён рэгулярна ўдзельнічае ў Фестывалях мастацтваў беларусаў свету, З’ездах беларусаў Украіны і іншых важных мерапрыемствах, скіраваных на захаванне і развіццё беларускай культуры ў замежжы, і заўсёды дзеліцца з намі, беларускай і замежнай прэсай навінамі з беларускага жыцця за мяжой. На пачатку 2000-х Пятрусь Капчык уваходзіў у аргкамітэт па стварэнні Усеўкраінскага Саюзу Беларусаў. Ад 1985 года ён нязменны кіраўнік суполкі беларускай культуры “Зорка Венера” горада Ізяслаў. Перад тым як атабарыцца ва Украіне спадару Петрусю давялося пажыць і ў Дагестане, і ў Таджыкістане, але яго любоў да беларускага слова і адданасць беларускай культуры ад выпрабавання адлегласцю стала толькі мацнейшай.

Шчыры Вам дзякуй, шаноўны спадар Пятрусь, за шматгадовую супрацу! Ад усяго сэрца жадаем Вам заўсёды добрага настрою, моцнага здароўя, паболей новых творчых задумаў, натхнення і плёну!

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”