У Менску ўрачыста адкрылі памятны знак у гонар братоў Луцкевічаў

У менскім парку імя Янкі Купалы 13 сакавіка адбылося ўрачыстае адкрыцьцё памятнага знаку ў гонар ідэолягаў беларускай дзяржаўнасьці Антона і Івана Луцкевічаў. Помнік адкрывала стрыечная пляменніца Луцкевічаў, Маргарыта Сяргееўна Пярова.

«Я вельмі ўдзячная тым, хто ажыцьцявіў маю мару. Маёй шматгадовай марай была хоць нейкая адзнака прысутнасьці братоў Луцкевічаў у гэтым месцы», — адзначыла яна.


02-B0E7CA45-45AC-4C7F-85C1-5134CC9D63B0_w1597_n_r0_s.jpg

Маргарыта Пярова


Першапачаткова памятны знак плянавалі паставіць трошку лявей, на другаснай алеі, але туды ня змог пад’ехаць кран. І знак паставілі менавіта пад таполяй, якая расла каля дома Луцкевічаў.

Аўтары памятнага знаку — заслужаны архітэктар Рэспублікі Беларусь, прафэсар міжнароднай акадэміі архітэктуры Юры Градаў і скульптар сябра Беларускага саюза мастакоў Канстанцін Целяханаў.

У ранейшым інтэрвію Свабодзе Маргарыта Пярова расказала, што ўстаноўка памятнага знаку рабілася агульнымі намаганьнямі нашчадкаў Луцкевічаў, музэю імя Янкі Купалы, ЗБС «Бацькаўшчына», Міністэрства замежных спраў і дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Беларусі. Фінансаваў праект і ўстаноўку Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт.


05-A073E206-49AE-4C7E-941C-279F7CF0D834_w1597_n_r0_s.jpg

Дырэктар Купалаўскага музэю Алена Ляшковіч


​Да Другой усясьветнай вайны на месцы парку Янкі Купалы была жылая забудова. Браты Луцкевічы пераехалі ў Менск зь Лібавы ў 1896 годзе і жылі на тагачаснай Садовай вуліцы. Тут, каля цяперашняга Купалаўскага музэю, стаялі дамы іхнай сям’і.

Антон і Іван Луцкевічы ўваходзілі ў першую Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. Антон Луцкевіч быў адным з ініцыятараў Трэцяй Устаўной граматы БНР ад 25 сакавіка 1918 году, паводле якой дзяржава абвясьціла сваю незалежнасьць.


07-648CD9E4-C45B-40BB-AB40-C79D158344B4_w1597_n_r0_s.jpg

Рыгор Кастусёў запрасіў прысутных на канцэрт ля Опэрнага тэатру 25 сакавіка


Адкрыцьцё памятнага знаку пачатак сьвяткаваньняў 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Падчас цырымоніі адкрыцьця старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў запрасіў усіх прысутных на канцэрт ля Опэрнага тэатру 25 сакавіка.

Уладзь Грыдзін, “Радыё Свабода”

Тэгі: БНР