«Ты ня ведаеш, у якім стане яны вернуцца дадому». Родныя беларускіх палітвязьняў чакаюць іх вызваленьня

Улады Беларусі пачалі перасьледаваць праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі ў крымінальным парадку яшчэ за некалькі месяцаў да жнівеньскіх прэзыдэнцкіх выбараў. Аднымі зь першых у турме аказаліся блогер Сяргей Ціханоўскі, апазыцыйныя палітыкі Мікалай Статкевіч, Павал Севярынец і іх паплечнікі. Усіх арыштоўвалі паводле адной схемы: сьпярша адміністрацыйны артыкул, а пазьней на многіх заводзілі крымінальныя справы за арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычных вязьняў у Беларусі цяпер 99 чалавек.

Пра тое, як жывуць сем’і гэтых людзей і як яны чакаюць родных і блізкіх з турмаў, расказала «Настоящее время».


Вольга Севярынец

Апазыцыйны палітык Павал Севярынец ужо пяць месяцаў знаходзіцца ў менскім СІЗА. Пасьля выступленьня на пікеце для збору подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую палітыка заштурхалі ў аўтобус каля падʼезда ўласнага дома.

З таго часу жонка Паўла Вольга мужа ня бачыла і кажа, што лісты ад яго атрымлівае таксама нячаста.


B5074E39-F6C2-4A64-9A08-892C39880A22_w1597_n_r1_st.jpg

Павал Севярынец з жонкай Вольгай


«Мы пазнаёміліся з паштальёнкай, дык яна мне лісты ад Пашы прыносіць, у рукі проста аддае, — апавядае Вольга. — Цяжка эмацыйна гэта ўсё. Пасьля першага арышту кожны раз Паўлу дадавалі яшчэ 15 дзён. Пятнаццаць сутак заканчваліся — прыходзілі наступныя 15, потым наступныя 15. І мы ўвесь час чакалі, што вось-вось ён зьявіцца дома, і нейкае спадзяваньне было. Але суткі дадавалі, дадавалі і ў выніку ў апошні дзень перад вызваленьнем на яго завялі крымінальную справу і адправілі пад арышт у турму».

Вольга кажа, што хоць гэта ня першы арышт апазыцыйнага палітыка, але прызвычаіцца да чарговага затрыманьня блізкага чалавека яна так і не змагла. Асабліва цяжка яна перажывае ўсё, што адбылося ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў: разгоны мірных дэманстрацый, зьбіваньне пратэстоўцаў сілавікамі падчас затрыманьняў і ў спэцпрыёмніках і прымяненьне гранат і гумавых куляў.

«Паша заўсёды казаў мне, што калі я трапляю на суткі, то там са мной ніхто нічога ня можа зрабіць. Бо я на іхнай тэрыторыі і ім не патрэбны праблемы, ён так казаў. Зараз, пасьля падзеяў лета, ты ня ведаеш, у якім стане могуць вярнуцца дадому твой муж, твае родныя».

У рэдкіх лістах, якія атрымлівае Вольга, Павал шмат распытвае жонку пра сына Францішка і піша, што вернецца дадому.

«Веру, што ў нас атрымаецца перамагчы. Што ўсе бязьвінна асуджаныя палітзьняволеныя выйдуць гэтай восеньню ці да канца году, альбо гэта будуць вясновыя месяцы, але гэта дакладна не гады, — чытае яна ліст. — Не ад трох да васьмі гадоў, як у артыкуле ў Пашы».


Марына Адамовіч

Жонка апазыцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч таксама ўпэўненая, што хутка пабачыць мужа. Палітыка затрымалі яшчэ ў траўні дарогай на акцыю пратэсту і завялі на яго крымінальную справу.

За пяць месяцаў зьняволеньня Статкевіча некалькі разоў пераводзілі з аднаго ізалятара ў іншы. Цяпер ён у Жодзіне.

Як і ўсе тыя, хто чакае сваіх блізкіх зь вязьніцы, Марына гэты час перажывае цяжка.

«Гэты год, я думаю, і гэтае лета, і восень абсалютна для ўсіх цяжкія. У кожнага чалавека ў жыцьці зьмянілася літаральна ўсё. А ў нашых абставінах гэта цяжэй утрая», — кажа Адамовіч.

У рэдкіх лістах, якія ўсё ж даходзяць да жонкі, Мікалай Статкевіч просіць яе не хвалявацца і піша пра хуткія перамены.

«У нас было багата шчасьлівых момантаў разам. Упэўнены, што будзе яшчэ больш. Толькі будзь асьцярожнейшай. Перадавай прывітаньне ўсім годным людзям, — чытае яна. — Думаю, да вясны нас чакаюць вельмі вялікія, глябальныя перамены. Я вельмі спадзяюся, што нашыя хлопцы, гэтая вялікая колькасьць людзей, якія проста ўтрымліваюцца ў палоне на сёньняшні дзень, будуць дома».


Дарʼя Лосік

Чакаюць дома і кансультанта беларускай службы Радыё Свабода Ігара Лосіка. Яго затрымалі на вачах жонкі і маленькай дачкі ў канцы чэрвеня. Адразу пасьля затрыманьня ў кватэры Ігара і Дарʼі сілавікі правялі вобшук.

«Я тады спыталася: „А куды ж мой муж? Ладна тэхніка, а муж?“ — успамінае Дарʼя. — І вельмі такая фраза прагучала цынічная, і я, напэўна, заўжды буду памятаць: „Ігар, вазьмі грошы на талёнчык, бо ты потым паедзеш на аўтобусе“. Напэўна, усе разумелі, што гэта нейкае трызьненьне. Якія грошы на талён, калі вы забіраеце чалавека і тэхніку, садзіце яго ў бус? Па яго прыехалі чалавек 15 супрацоўнікаў».

Цяпер Ігар, як і іншыя беларускія палітвязьні, у жодзінскай турме. Умовы ўтрыманьня ў камэры ён параўноўвае з грамадзкай прыбіральняй і просіць жонку ў лістах падрабязна расказваць пра хатняе жыцьцё. Сам найперш пытаецца пра дачку.

«Дачка просіць мяне ўключыць на тэлефоне фатаграфіі Ігара, яна прыносіць свой дзіцячы посуд, яна пачынае яго карміць, гуляць у мяч, — апавядае Дарʼя. — Так, як паводзіць сябе дачка цяпер, мне цяжка казаць, праўда. Яна расьце безь яго, ён таксама шалёна сумуе. Заўжды пытаецца, што навучылася рабіць дачка».


Вадзім Жаромскі

У менскім СІЗА таксама ўжо больш за месяц знаходзіцца каардынатар валянтэрскай службы цэнтру «Вясна» Марыя Рабкова. Падчас прэзыдэнцкай кампаніі дзяўчына арганізоўвала працу назіральнікаў за выбарамі. Пагрозы арышту Марыя атрымлівала яшчэ ўвесну.

«Мы дапускалі гэткае разьвіцьцё падзей, але, натуральна, нельга гатовымі да гэтага быць, — кажа муж Марыі Вадзім Жаромскі. — Гэта трэба ў жудасным заўсёдным напружаньні быць, можна з глузду зьехаць. Мы спрабавалі нейк адцягвацца, расслабляцца, ня думаць, што такое можа стацца. Але ўсё роўна задняя думка была, што могуць прыйсьці».

Вадзім чакае вяртаньня жонкі на свабоду кожны дзень і таксама верыць у хуткія перамены. А пакуль піша лісты ў СІЗА, якія да Марыі даходзяць нячаста.

«Увогуле гэта праўда, калі кажуць, што разам з чалавекам, разам зь зьняволеным сядзіць уся ягоная сямʼя, усе ягоныя блізкія. І гэта не залежыць ад таго, хто гэтыя родныя: мужчына ці жанчына, стары чалавек ці дзіця. Перажываньні абсалютна ідэнтычныя. Ён родны чалавек, і ты як свой боль успрымаеш цяжкасьці, якія ён выносіць».

Беларускія праваабаронцы падлічылі, што ў краіне 99 палітычных зьняволеных, а больш за 16 тысяч чалавек прайшлі праз суды і ізалятары. За ўдзел у акцыях пратэсту завялі звыш 600 крымінальных спраў.

svaboda.org