Ціхан Чарнякевіч: За што выходзілі беларусы ў 2020-м?

Ціхан Чарнякевіч піша на budzma.by пра прычыны сёлетніх пратэстаў у Беларусі


З гісторыі вядома, што калі закон парушаецца часта, злачынства становіцца паўсядзённасцю. Ці ёсць час «за кіпучай работай» на маральна-этычныя перажыванні? Не ўсім хочацца ў гэта верыць, але за гэтыя месяцы мы пабачылі столькі ўсяго расцудоўнага, што ясна, калі штосьці ў кагосьці і варушылася, яно ўжо схаванае — у той самай паўсядзённасці. Боль цяпер збольшага адбіваецца ў тых, на каго накіраваны гвалт, на іх сем’і, на іх сяброў.

Між іншым, колькасць прыватных гісторый болю сёлета стала проста фенаменальнай. Думаю, кожны, хто чытае гэты тэкст, мог бы расказаць сваю, ці гісторыю сваяка, ці сябраву. У адрозненне ад колішніх часоў сталінізма, у Беларусі ёсць мажлівасць гэтыя гісторыі прагаворваць, іх ёсць каму фіксаваць. Добра і важна, што іх ёсць каму чуць. Я спадзяюся, усе яны некалі прагучаць шырока. Кожнае сведчанне павінна захавацца. Каб у наступны раз крыху менш дзён спатрэбілася чарговаму пінжачнаму еўрабізнэсоўцу з клюшкай на прыняцце лагічнага рашэння адмяніць фуршэцікі з крывасмокамі.

Мне даўно рупіла напісаць адзін невялікі тэкст, каб, магчыма, лепш зразумець самому, дзеля чаго і за што ў 2020-м выйшлі беларусы са сваіх цесных кватэраў. Супраць чаго і каго — гэта ясна, і, дарэчы, для аўтарытарнай сістэмы на гэтым усё і заканчваецца. Бо кожны пратэст яна ўспрымае як персанальны выпад; для яе няма ніякіх канструктаў, ідэалагем, карацей кажучы — каштоўнасцей (акрамя, безумоўна, самага найпершага і прымітыўнага значэння гэтага слова). Ёсць толькі прозвішчы, якія ўсё вырашаюць. І нават свечкі на святы ставяцца таму, што нехта І. Хрыстос можа, з пэўнай доляй імавернасці, разруліць нейкія важныя для іх пытанні. І чаму б тады не закінуць вуды?

Усё ж, і мне яўна гэта бачыцца, для пратэсту былі найважнейшым не прозвішчы, а менавіта каштоўнасці. Памятаю, як мяне ўразілі людзі ў першым ланцугу салідарнасці, які транслявалі журналісты Радыё Свабода, праходзячы ад чалавека да чалавека праз увесь мінскі праспект Незалежнасці.

Людзі гаварылі пра сваю абражаную годнасць, пра самае нізкае і крыўднае стаўленне да сябе з боку ўладаў падчас эпідэміі.

Пра тое, што яны хочуць, каб іх воля была пачутая. Каб у краіне з’явілася магчымасць выбіраць і быць абранымі, свабодна, законна і без апрыклых фальсіфікацый.

Напэўна, упершыню я так часта чуў ад людзей пра сваё законнае права кантраляваць чыноўнікаў і сілавікоў, якія існуюць за кошт сабраных падаткаў.

Вельмі шмат хто, асабліва з маладых, гаварыў пра свабоду. Гэта не заўсёды нават канкрэтызавалася. Чалавек мог проста пасля гэтага моўчкі паглядзець у аб’ектыў, і станавілася ясна, што для яго прага свабоды — не пустыя словы. І, магчыма, падрабязна пералічаць і няма сэнсу, бо свабоды тут заціснутыя ўсе, якія толькі ёсць у канстытуцыях свету.

Безумоўна, вельмі часта гаварылася пра беззаконне. Мне нават падаецца, што гэта і ёсць шуканае «беларускае слова-2020». У ім месціцца і гнеў за фальсіфікацыі выбараў, і што чалавека, калі ён захоча стаць кандыдатам у прэзідэнты, могуць проста і ні за што пасадзіць у турму і трымаць там, колькі хочацца. Што можна збіць, пакалечыць, нават забіць, і за гэта нічога не будзе.

І гэта не гнеў разбуральны. Гэта раз’ятранасць ад парушэння нацыянальнага права, якое мусіць быць асновай і фундаментам дзяржавы. Пратэст адбываўся за ўзнаўленне законнасці. Гэта менавіта і была сапраўдная спроба аховы грамадскага парадку, «пра якую так доўга гаварылі бальшавікі».

Бо калі такога грамадскага парадку няма, з’яўляюцца велізарныя злаякасныя пухліны злачынстваў, якія разбураюць увесь дзяржаўны арганізм.

Як прыклад — адзін маленькі дапісаны неканстытуцыйны пункт аднаго не самага вызначальнага, мякка кажучы, закону дазваляе пасадзіць у турму 35 000 чалавек за тры месяцы, прынесці пакуты як мінімум дзесяці-дваццаці блізкім людзям кожнага з пасаджаных. У выніку — за тры месяцы мы маем рану ў паўмільёны чалавек. Так працуе пухліна. У 1930-я проста былі іншыя лічбы — 58.10 замест 23.34.

За што выходзілі беларусы? За роўнасць перад законам, за доступ да інфармацыі і справядлівы суд, за недатыкальнасць жытла, абарону ад катаванняў і нялюдскага стаўлення, таемнасць перапіскі і выбарчае права, за мірныя сходы, страйкі і незалежныя прафесійныя саюзы.

Насамрэч усё проста. Усё даўно сфармулявана.

Гэта тая самая, паводле Міністэрства замежных спраў, «насаджаная амерыканцамі дыктатура правоў чалавека». Якой чамусьці баяцца ўсе астатнія дыктатуры.

Гэта маленькі дакуменцік, які ў 2020-м беларусы праходзілі параграф за параграфам. Стала ясна, наколькі далёкі ён ад бюракратыі і наколькі блізкі да рэальнасці.

На шчасце, большасць урэшце зразумела, што справа не ў прозвішчах. І што трэба цалкам прайсці шлях, не мроячы пра тэлепартацыю. Галоўнае, у 2020-м стала значна цікавей гэтай дарогай ісці. Бо стала відавочна, што ты, мякка кажучы, не адзін і ўжо ніколі не будзеш адзін. Ці не найлепшы гэта вынік году?

Ціхан Чарнякевіч, budzma.by