Сёння 100 гадоў з дня нараджэння Янкі Юхнаўца (1921—2004)

Зборнік прозы вядомага беларускага пісьменніка на эміграцыі да канца года мусіць з’явіцца ў падсерыі “Спадчына: агледзіны” “Бібліятэкі Бацькаўшчыны”. 


02-252489481_4647075178682161_8641775600383079528_n.jpg


Раней у “Бібліятэцы Бацькаўшчыны” драматычныя “начыркі” і п’еса ў вершах “Адам і Ева” Янкі Юхнаўца выходзілі ў зборніку “Урачыстасць у садзе”.


6191-1.jpg


Янка Юхнавец нарадзіўся 3 лістапада 1921 года ў вёсцы Забродак пад Бягомлем (цяпер Докшыцкі раён Віцебскай вобласці) у сялянскай сям’і. Да нямецка-савецкае вайны скончыў сярэднюю школу. Бацькоў ды пяцярых малодшых братоў спалілі карнікі ў гады вайны, сам Янка Юхнавец быў арыштаваны СД і вывезены ў Нямеччыну летам 1944 году. У Нямеччыне вучыўся ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы. Трапіў у лагеры перамешчаных асобаў (Рэгенсбург, Міхельсдорф, Розэнгайм), у якіх знаходзіўся ў 1945—1949 гадах. Жыў у Баварыі, працаваў на сельскай гаспадарцы. Дэбютаваў у друку ў 1948 годзе (часопісы «Шыпшына» і «Сакавік»).


01-252469314_4647074732015539_3201905936321590905_n.jpg


У 1949 годзе скончыў Вольны ўніверсітэт у Мюнхене па спецыяльнасці заходнееўрапейскае права. У гэтым жа годзе з’ехаў у ЗША, дзе працаваў у сфэры кампутарнага бізнесу. Большую частку жыцця правёў у эміграцыі. У розныя часы належаў да грамадскіх і царкоўных арганізацыяў: Беларуска-Амерыканскага Задзіночання (БАЗА), Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы (БАПЦ), да літаратурных суполак «Шыпшына», «Сакавік» (Нямеччына), «Баявая Ўскалось» (Канада), «Конадні» (ЗША).


03-253068343_4647074825348863_937923559349251538_n.jpg


У эміграцыі пачаў пісаць вершы ды прозу (першыя вершы апублікаваныя ў 1947 годзе ў часопісе «Шыпшына» ды ў 1948 годзе ў часопісе «Сакавік»). Аўтар апавяданняў, навэлаў, гістарычнай аповесці-ўспамінаў «Яно». Не зазнаў уплыву беларускай савецкай літаратурнай традыцыі.


05-jrkczh0j0vm9yclp57afkxb24lk1afi3.jpg

06-0hq9tip4u3mblf8z5f3ajfwwytgu0a3p.jpg


Аўтар зборнікаў паэзіі «Шорах моўкнасці» (Нью-Ёрк, 1955), «Новая Элэгія» (Баварыя, 1964), «Калюмбы» (Нью-Ёрк, 1967). Выйшлі кнігі выбранай паэзіі «Творы» (Нью-Ёрк, 1989—1990), «Сны на чужыне» (Мінск, 1994; з серыі «Галасы беларускага замежжа» выдавецтва «Мастацкая літаратура»), «Паэзія» (Мінск: Лімарыус, 2012). Шмат твораў Янкі Юхнаўца не выдадзена.


07-brhs03guzoyxnx0e2yzufdw8jcp5sfa0.jpg


Янка Юхнавец памёр 6 студзеня 2004 г. Надмагілля ў яго няма. Ён завяшчаў развеяць свой попел над Нью-Ёркам.

Паводле Наталлі Гардзіенка і «Беларускага Радыё Рацыя»