Прэзідэнт Малдовы ўзнагародзіў ордэнам сябра Рады “Бацькаўшчыны” Юрыя Статкевіча

18 красавіка прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон узнагародзіў старшыню беларускай абшчыны Рэспублікі Малдова і сябра Рады “Бацькаўшчыны” Юрыя Статкевіча ордэнам “Gloria Muncii” (“Слава Труду”) за заслугі ва ўмацаванні міжэтнічных адносін, унёсак у дасягненне яднання і згоды ў грамадстве і актыўную дзейнасць па захаванні і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны.

У адказ спадар Юрый Статкевіч выказаў прэзідэнту краіны глыбокую падзяку за яго ўвагу і падтрымку этнакультурных арганізацый у Малдове.

Юрый Статкевіч нарадзіўся ў Навагрудку, у Кішынёве жыве з 1979 года, і ўжо больш за дваццаць гадоў прымае актыўны ўдзел у жыцці беларускай грамады. У 2008 годзе ён быў абраны старшынёй Беларускай абшчыны ў Рэспубліцы Малдова.

У 2004 годзе сумесна з пасольствам Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Малдова удзельнічаў у арганізацыі Першага Кангрэсу беларусаў Малдовы. Пры ягоным удзеле былі арганізаваныя новыя накірункі працы беларускай абшчыны: сувязь з Акадэміямі навук Рэспублікі Беларусь і Рэспублікі Малдова ў пытаннях экалогіі, праца нядзельнай школы, арганізацыя летняга адпачынку дзяцей, вакальнага ансамблю “Зорачкі” і дзіцячага танцавальнага ансамблю “Крынічка”. Юрый Статкевіч штомесяц арганізоўвае літаратурныя чытанні, прысвечаныя класікам беларускай літаратуры, а таксама дбае пра ўдзел беларусаў Малдовы ва ўсіх культурных мерапрыемствах, якія праводзяцца на рэспубліканскім і мясцовым узроўні.

Спадар Юрый з’яўляецца актыўным удзельнікам з’ездаў беларусаў свету, як і іншых мерапрыемстваў, што ладзяцца ў Беларусі для беларускай дыяспары – фестывалі Мастацтваў беларусаў свету, “Славянскім базар”, “Песні, якія нас аб’ядноўваюць” ды іншыя мерапрыемствы.

Юрый Статкевіч быў адным з ініцыятараў адкрыцця ў Кішынёве Беларускага культурнага цэнтра (2016) і ўсталявання помніка Францыску Скарыну (2018).

Згуртаванне беларусаў свету віншуе спадара Юрыя з узнагародай і зычыць імпэту, аптымізму і сіл справе захавання і пашырэння беларушчыны, а яшчэ поспеху і добрага настрою!

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”