Паўла Севярынца асудзілі ў Магілёве. 7 гадоў узмоцненага рэжыму

На закрытым працэсе вынесьлі прысуды Максіму Вінярскаму, Дзьмітрыю Казлову, Андрэю Войнічу, Паўлу Севярынцу, Паўлу Юхневічу, Яўгену Афнагелю і Ірыне Шчаснай.


c53defa6-3b05-4bbe-b1c9-3a19e4016941_w1597_n_r1_st.png

Максім Вінярскі, Зьміцер Казлоў, Андрэй Войніч, Павал Севярынец, Павал Юхневіч, Яўген Афнагель, Ірына Шчасная


На закрытым працэсе ў Магілёўскім абласным судзе Максіма Вінярскага, Дзьмітрыя Казлова, Паўла Севярынца, Паўла Юхневіча, Ірыну Шчасную прызналі вінаватымі ў арганізацыі масавых беспарадкаў (ч. 2 арт. 293 КК), а Яўгена Афнагеля ды Андрэя Войніча яшчэ ў навучаньні і падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў іх (ч. 3 арт. 293 КК). Акрамя таго, усе сем актывістаў абвінавачаныя ў рыхтаваньні да злачынства (ч. 1 арт. 13 КК).

Праваабаронцы абвясьцілі падсудных палітвязьнямі. Афіцыйныя СМІ называюць фігурантаў крымінальнай справы «групоўкай Ціханоўскага — Статкевіча».

На працэсе старшынявала судзьдзя Ірына Ланчава. Паводле ейнага прысуду:

— сустаршыні аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Паўлу Севярынцу — 7 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму;

— каардынатару кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Яўгену Афнагелю 7 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму;

— актывісту кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Андрэю Войнічу 7 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму;

— актывісту кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Паўлу Юхневічу 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму;

— актывісту кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Максіму Вінярскаму 5 гадоў калёніі агульнага рэжыму;

— блогеру YouTube-каналу «Шэры кот» Дзьмітрыю Казлову 5 гадоў калёніі агульнага рэжыму;

— актывістцы і рэдактарцы тэлеграм-каналаў (сярод іх «Мая краіна Беларусь») Ірыне Шчаснай 4 гады калёніі агульнага рэжыму.

Прысуд Ланчавай набудзе моц праз 10 дзён, калі абвінавачаныя не абскардзяць яго.

Справу ў дачыненьні да сямі актывістаў і блогераў разгледзелі за два тыдні. Працэс пачаўся 12 траўня. У гэты дзень непадалёк ад абласнога суду затрымалі двух магілёўскіх журналістаў Аляксандра Буракова і Ўладзімера Лабцэвіча, якія рыхтавалі матэрыял аб працэсе. Пазьней іх асудзілі на 20 дзён адміністрацыйнага арышту. Таксама за знаходжаньне каля суду з роднымі абвінавачаных затрымалі абласнога каардынатара аргкамітэту «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Алега Аксёнава і старшыню абласной арганізацыі АГП Уладзімера Шанцава. Ім прысудзілі па 15 дзён ізалятара.


Калі і як затрымлівалі фігурантаў справы

Паўла Севярынца затрымалі 7 чэрвеня 2020 году каля ягонага дома пасьля выступу побач з пікетамі альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзыдэнты.

21 жніўня Севярынец меўся выйсьці на волю пасьля 75 дзён адміністрацыйнага арышту. Сьледчы камітэт жа паведаміў, што на палітыка завялі крымінальную справу праз падазрэньне ва ўчыненьні злачынства. Пазьней стала вядома, што яму выставілі абвінавачаньне ва ўдзеле ў масавых беспарадках і пакінулі пад вартай.

Пакуль вёўся судовы разбор, жонка Вольга Севярынец дазналася, што мужа ў сьледчым ізалятары Магілёўскай турмы № 4 паставілі на прафіляктычны ўлік як схільнага да экстрэмісцкіх і дэструктыўных дзеяньняў. Пазьней яна паведаміла, што палітыку далі статус «схільнага да нападу на адміністрацыю». Усе ягоныя перасоўваньні па турме адбываюцца выключна ў кайданках.

Андрэя Войніча, Паўла Юхневіча і Яўгена Афнагеля затрымалі 25 верасьня 2020 году. У кастрычніку ім выставілі абвінавачаньне ва ўдзеле ў масавых беспарадках. У лютым 2021 году каардынатара «Эўрапейскай Беларусі» Афнагеля вінавацілі яшчэ і ў навучаньні, ці падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо ў фінансаваньні такой дзейнасьці.

Пра затрыманьне Максіма Вінярскага МУС паведаміў 26 студзеня 2021 году. Паводле праваабаронцаў, яго вінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках.

Дзьмітрыя Казлова затрымалі 10 чэрвеня 2020 году і на наступны дзень арыштавалі на 20 дзён. Блогер меўся выйсьці на волю 30 чэрвеня, але яго пакінулі за кратамі. Пазьней на Казлова завялі справу за арганізацыю або актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.

Блогерку Ірыну Шчасную затрымалі 18 лістапада 2021 году. Як сьцьвярджаюць праваабаронцы, супрацоўнікі СК трапілі ў ейную кватэру пераапранутымі ў форму работнікаў ЖЭС. Гаспадыню забралі для допыту ў Сьледчы камітэт. 27 лістапада ёй выставілі абвінавачаньне ва ўдзеле ў масавых беспарадках і пакінулі пад вартай.

Як і Севярынец, пакуль разглядалася справа, шасьцёра ягоных «падзельнікаў» знаходзіліся ў сьледчым ізалятары Магілёва.

svaboda.org