Міжнародная літаратурная прэмія за “Анёлаў, чарцей і кабет”

Пісьменнік Павел Ляхновіч, новаабраны сябра Рады ЗБС “Бацькаўшчына”, атрымаў прэстыжную Міжнародную літаратурную прэмію імя Юзафа Лабадоўскага за перакладны зборнік апавяданняў вядомага польскага пісьменніка Збігнева Уладзімежа Фрончака “Анёлы, чэрці і кабеты”. Лаўрэатам гэтай прэміі таксама стаў Пётр Кралюк, прарэктар Астрожскай акадэміі (Украіна), у сценах якой 24 кастрычніка і адбылася цырымонія ўзнагароджання. Удзел ва ўрачыстасцях бралі польскія пісьменнікі, дзеячы ўкраінскай культуры і дыпламаты.

Падчас узнагароджання спадар Павел выказаў падзяку аўтару апавяданняў і сябрам камісіі, а таксама выказаў спадзеў на тое, што кніга станецца чарговай цаглінай ва ўмацаванні сяброўства паміж народамі Беларусі і Польшчы.

zbihnieu.jpg

Зборнік “Анёлы, чэрці і кабеты” – плён сямігадовай супрацы пісьменніка Паўла Ляхновіча з аўтарам апавяданняў. Шмат гадоў таму спадар Павал адгукнуўся на прапанову паэткі Ніны Мацяш перакласці на беларускую мову два апавяданні папулярнага ў Польшчы пісьменніка з Любліна, але ўцягнуўся, і прапанаваная да ўвагі чытачоў кніга ўтрымлівае аж шэсцьдзесят твораў, якія сваёй формай нагадваюць прыпавесці.

Выданне зборніка апавяданяў Збігнева Уладзімежа Фрончака стала магчымым дзякуючы спрыянню гарадской адміністрацыі горада Любліна (Польшча), і прысвечанае 700-годдзю горада.


Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” ад усёй душы віншуе спадара Паўла Ляхновіча і зычыць яму новых перамогаў.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”