Марына Адамовіч: Жах і трывога за лёс нашых блізкіх

„І жах, і трывога за лёс нашых блізкіх. Асабліва на фоне таго, што здарылася ў шклоўскай калоніі”, – сказала ў нядзельным эфіры „Беларускага Радыё Рацыя“ Марына Адамовіч – жонка вядомага  апазіцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча.

На днях стала вядома, што  палітвязня этапавалі ў Гомель:

– Вядома толькі тое, што ў чацвер ён быў этапаваны з Жодзіна на Гомель. Але інфармацыі з Гомеля няма. Даваць інфармацыю там адмаўляюцца.

Мікалай у апошнім атрыманым мной лісце за 13 траўня напісаў, што яму і яго так званым “падзельнікам” працягнулі меру ўтрымання пад вартай да 12-га чэрвеня. Прычым, гэта паспеў зрабіць ужо Гомельскі суд. Мы выпадкова праз ліст, які даслалі аднаму з адвакатаў, даведаліся пра тое, што справа перададзена ў Гомельскі суд акурат у гэтыя даты. А яны ўжо паспелі там і рашэнні прыняць, і працягнуць тэрмін утрымання пад вартай. Я мяркую, што якраз гэтыя тэрміны і акрэсліваюць час, у які павінен пачацца так званы “суд”.

РР: Чаму Мікалая Статкевіча будуць судзіць у Гомелі?

Марына Адамовіч: Тут ёсць такія два, а можа і больш момантаў. Па-першае, частцы ўдзельнікаў працэсу інкрымінуюць 130 артыкул – гэта “распальванне варожасці”. А ён вымагае, каб суд быў не менш чым абласнога роўню. Гэта ровень вобласці, альбо Вярхоўнага суда. І, думаю, выбіраюць па прынцыпе максімальнай нязручнасці. Іншай логікі  я тут не бачу. Каб больш складанасцяў было для адвакатаў і для сваякоў. Бо ўсё гэта, верагодна, будзе цягнуцца дастаткова доўга, з улікам колькасці тамоў у справе – там 178 тамоў, пра гэта Мікалай напісаў у лісце. Таму тут не пытанне логікі, а пытанне ў кантэксце ўсяго таго, што зараз вытвараюць тыя, хто хоча захаваць уладу любым спосабам.

У Беларусі зараз прызнаныя палітвязнямі 406 чалавек. Пра гэта паведамляе ПЦ ”Вясна”.

Улад Грынеўскі, „Беларускае Радыё Рацыя“