Кніжныя шафы «Бацькаўшчыны»: хто там?

hu_logo-small.jpg

Шмат людзей з Мінска і рэгіёнаў, Польшчы і Канады, Расіі і Украіны ведаюць сучасную штаб-кватэру Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» на вуліцы Кузьмы Чорнага. Тут заўсёды поўна наведнікаў, шумна ад дыскусій і абмеркаванняў. Па-над гаманой, можна сказаць, лунае багатая бібліятэка Згуртавання, якая, магчыма, з’яўляецца найлепшай ацалелай бібліятэкай грамадскай арганізацыі, поўнай бібліяграфічных рэдкасцяў, малатыражных друкаў і каштоўных аўтографаў. Збіраецца яна 27 гадоў, з часу заснавання «Бацькаўшчыны».

1. Палова пакоя

Бібліятэка ў «Бацькаўшчыне» ўзнікла ад першых дзён існавання – там, дзе збіраюцца людзі культуры, заўсёды ўтвараюцца кніжныя паліцы, шафы і стэлажы. Зусім зразумела, што, пры поўнай забароне эміграцыйных кніг у Беларусі ў савецкі час, беларусы замежжа з радасцю дзяліліся сваімі выдадзенымі кнігамі, як толькі атрымалі магчымасць легальна іх даслаць альбо прывезці ўласнаручна. Ужо на пачатку 1990-х, калі «Бацькаўшчына» займала аж цэлую палову пакоя ў будынку побач з цыркам і першай мінскай электрастанцыяй, кнігі ў арганізацыі прысутнічалі. Штосьці прывозілася дыяспарай у падарунак, штосьці, наадварот, чакала адпраўкі за мяжу. Бо за праржавелай жалезнай заслонай голад на добрую беларускую кніжку, выдадзеную ў Мінску, быў не меншы, чым у сталіцы – на эміграцыйную.

Ясная рэч, што пры такім раскладзе (два сталы ў сумесным пакоі) паўнавартасную бібліятэку трымаць было немагчыма. Аднак пасля таго, як на праблему дыяспары звярнулі ўвагу ўлады новай незалежнай Рэспублікі Беларусь, з’явіліся падставы для асцярожнага аптымізму. Савет Міністраў дакляраваў стварэнне «Беларускага Дому», і ў 1993 годзе Мінгарвыканкам заключыў з ЗБС «Бацькаўшчына» дамову арэнды гістарычнага будынка на Рэвалюцыйнай, 15, дзе згуртаванне ўрэшце атрымала магчымасць нармальна працаваць. І, канечне, уладкаваць бібліятэку.

01-r12.jpg

2. На Рэвалюцыйнай, 15

Старшынёй рады арганізацыі ў 1993 годзе стала экс-дырэктар архіва літаратуры і мастацтва БССР Ганна Сурмач. Яна ж запрасіла на працу ў «Бацькаўшчыну» архівістку Валянціну Фок. З 1993 года збіранне бібліятэкі, уладкаванне архіва і прадметаў культурнай спадчыны дыяспары набыло зусім іншы кшталт. І самім былым «невяртанцам» цяпер было куды зайсці, пагутарыць, абмяняцца навінамі, распавесці пра свае праблемы, і, вельмі часта, – прапанаваць сваю дапамогу. Сведчаннямі таго часу – аўтографы дзеячаў дыяспары:

«Таварыству «Бацькаўшчына» прысьвячаю з нагоды наведаньня Галоўнае Кватэры ў Менску. 12 верасьня 1994 году» (Мерляк «Дзейнасць Кастуся Мерляка на эміграцыі»)

«Шаноўнай спадарыні Ганне Сурмач на роздум пра мінулае Маці-Радзімы – ад Сакрата Яновіча. 1994.03/06. Беласток» (на кн. S. Janovicz. Terra incognita: Bialorus. Bialystok, 1993)

«Спадарыні Ганне Сурмач зычу добрага лёсу; цярплівасьці, безь якое не бывае вынікаў у грамадзкай працы – Сакрат Яновіч з даліны Крынкі. 1994.03/06» (на кн. S. Janovicz. Dolina pelna losu)

«Вельмі паважанай Ганне Сурмач на добры ўспамін – Ян Чыквін. 1.ІІІ.1997 г. Беласток» (на кн. Ян Чыквін. Далёкія і блізкія. Беларускія пісьменнікі замежжа. Беласток. 1997)

Беластоцкія тапаграфічныя адзнакі гавораць і пра рэгулярныя паездкі кіраўніцтва «Бацькаўшчыны». Безумоўна, рэдкая камандзіроўка не прыносіла папаўнення ў бібліятэку. Збіралася не толькі кніга, але і дакументальная спадчына, і паштоўкі, перыядычныя выданні. Ацалелыя з таго часу спісы кніжных паступленняў згадваюць пра візіт Раісы Жук-Грышкевіч 20 верасня 1994 года, пасля якога бібліятэка значна папоўнілася эміграцыйнымі выданнямі. Ёсць у спісах і згадка пра падарунак Наталлі Арсенневай; кніга 1979 года «Між берагамі» з аўтографам аўтара – адзін з бясспрэчных унікумаў «бацькаўшчынскага» кнігазбору.

«На памятку ад аўтара Натальлі Арсеньневай 19.5.79 году» (Арсеннева «Між берагамі»)

3. 2004 год: заснаванне «Бібліятэкі Бацькаўшчыны»

На пачатку 2000-х гадоў, калі стала зразумела, што дзяржаўныя выдавецтвы надоўга страцілі цікавасць да выдання і перавыдання літаратуры беларускай эміграцыі; калі ранейшае прыхільнае стаўленне і ўключэнне ў падручнікі вершаў Наталлі Арсенневай і Масея Сяднёва змяніліся сваёй поўнай супрацьлегласцю, Згуртаванне беларусаў свету засноўвае сваю выдавецкую серыю – «Бібліятэка Бацькаўшчыны», хросным бацькам якой становіцца Лявон Юрэвіч, архівіст і літаратуразнаўца з Нью-Ёрка. Першай кнігай серыі стаўся мемарыяльны зборнік «Месца выдання – Парыж». Запачаткаванне працы над выданнем твораў дыяспары і даследаванняў пра яе паўплывала і на бібліятэку. Фундатар першай кнігі, адзін са стваральнікаў (разам з легендарным Янкам Філістовічам) парыжскага часопіса «Моладзь» Міхась Навумовіч перадае «Бацькаўшчыне» поўную падшыўку гэтага рэдкага беларускага выдання 1940-х гадоў. Разам з тым, у бюлетэні «Беларусы ў свеце» выходзіць заклік да дыяспары – дасылайце кнігі, перадавайце архівы, каб яны не згубіліся марна. У 2004 годзе ў серыі выходзіць і першая кніга Наталлі Гардзіенкі «Беларусы Аўстраліі» – разам з Лявонам Юрэвічам яны стануць найбольш актыўнымі працаўнікамі серыі. З гэтага часу ў Мінск з Амерыкі рушыць цэлая плынь дакументаў, кніг, эміграцыйных перыёдыкаў.

02-r13.jpg

4. Падарункі Яна Запрудніка

Працягваліся і падарункі ад прыезджых. Так, часопісы кніжных паступленняў зафіксавалі, магчыма, найбольш важны ўнёсак: у красавіку 2005 года Янка Запруднік перадае ў «Бацькаўшчыну» надзвычай цікавы пакунак – кнігі, часопісы. Выключнасць тут у тым, што амаль усе кнігі маюць аўтографы аўтараў – пісьменнікаў замежжа. Частка падарунка з’яўляецца фрагментам бібліятэкі аднаго з прыкметных дзеячаў эміграцыі Ізыдара Плашчынскага (Гуткоўскага), брата Язэпа Пушчы і літаратурнага крытыка (1908–1986). З увагі на прафесію і брак крытыкаў на эміграцыі, літаратары Рыгор Крушына, Уладзімір Сядура, Янка Золак, Алесь Змагар, Вітаўт Тумаш замежжа актыўна падпісвалі Гуткоўскаму свае кнігі:

«Із. Гуткоўскаму – суроваму крытыку, але аматару паэзіі дзеля ацэны. Рыгор Крушына 4.V.» (Р. Крушына. «Выбраныя творы», 1957)

«Брату Ізыдару ў знак знаёмства ад аўтара. У. Глыбінны. 14 ліст. 1979. Трой, N.Y. ЗША» (на кн. У. Глыбінны. Паэта з Божай ласкі. Успаміны і роздум пра Язэпа Пушчу (1902-1964). Нью-Ёрк. 1979)

«Сп. І. Гуткоўскаму. Ці помніш нашыя сустрэчы? Янка Золак. 31 студз. 1980 г.» (на кн. Я. Золак. Творы. Том першы. Выдавецтва «Адгук», 1979)

«Дарагому сябру Ізыдару ад аўтара. 15.ІХ.66» (на кн. Алесь Змагар. Вызвольныя шляхі. Кліўленд: Выдавецтва Беларускага Вызвольнага Руху, 1965)

«Вельмі Паважанаму мастаку беларускае крытыкі Сп. І. Гуткоўскаму ў глыбокай пашане. Аўтар. [Вітаўт Тумаш] 6/3/1967» (на кн. Сымон Брага. Пытаньне імя доктара Скарыны ў сьвятле актаў і літаратуры. Нью-Ёрк-Мюнхен, 1967).

З’явілася ў «Бацькаўшчыне» некалькі кніг і з кнігазбору Леаніда Галяка (1910–1980), журналіста і сябра Рады БНР, аўтара вельмі цікавай двухтомнай кнігі мемуараў.

«Сп. Галяку ад аўтара. 1/2-64» (Я. Юхнавец. «Новая элегія»)

«Паважанай Спадарыні Галяк на добрую памяць. М. Сяднёў. 25.3.89» (М. Сяднёў. А часу больш, чым вечнасьць. Глен-Коў, 1989)

Ад таго ж Янкі Запрудніка ў «Бацькаўшчыне» з’явіліся рэдкія мюнхенскія выданні 1950-х гадоў, калі ў Нямеччыне актыўна працавала, прабачце за таўталогію, «Бацькаўшчына» – газета і кніжнае выдавецтва пры ёй, якімі кіраваў Станіслаў Станкевіч. Там жа дзеяў і Інстытут вывучэння СССР, з сур’ёзным кантынгентам беларускіх даследчыкаў – Паўлам Урбанам, Антонам Адамовічам, Уладзімірам Глыбінным і многімі іншымі, якія друкавалі ў выдавецтве Інстытута навуковы альманах «Беларускі зборнік» і асобныя манаграфіі, якія былі таксама падараваныя Янкам Запруднікам у бібліятэку Згуртавання беларусаў свету.

03-r14.jpg

5. Працяг пачатку

У 2006 годзе, пасля прэзідэнцкіх выбараў і Плошчы, «Бацькаўшчына», нягледзячы на заключаную дамову арэнды да 2018 года, фактычна выганяецца з будынка па Рэвалюцыйнай, 15. Ні пра які «Беларускі Дом», музей беларускай эміграцыі, архіў і культурна-адукацыйны цэнтр па яе вывучэнні гаворкі не вядзецца. Некалькі гадоў арганізацыя разам з эміграцыйнымі зборамі блукае па Мінску, нарэшце знаходзячы ў 2009 годзе прытулак на дзявятым паверсе жылога будынка па вуліцы Кузьмы Чорнага, якое нечым нагадвае «палову пакоя» пачатку 1990-х. Зразумела, вялікіх магчымасцей захоўваць назапашаную эміграцыйную спадчыну тут не было, і дакументы рашэннем Рады былі перададзеныя ў архіўны фонд Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва. З нядаўняга часу там працуе адмысловы цэнтр па вывучэнні эміграцыі, якім апякуецца намесніца дырэктара архіва Наталля Гардзіенка. Але бібліятэка – засталася. Самвыдатаўскія выданні 1940-х з лагераў DP, беларускія часопісы Аўстраліі і Вялікабрытаніі, Францыі і ЗША, праграмы палітычных партый і шматлікія праекты амерыканскага БІНІМа, кнігі з усіх канцоў свету – з захаду і ўсходу, поўначы і поўдня, адусюль, куды толькі закідваў лёс беларуса.

Справа бібліятэкі працягваецца: больш за тры дзясяткі кніг выйшлі з 2004 года ў серыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны». А на стале бібліятэкаркі Вольгі раз-пораз узнікаюць падарункі дзеячаў беларускай дыяспары. Можа, не так актыўна сябры арганізацыі карыстаюцца гэтым шыкоўным кнігазборам, але калі раптам хто захоча зразумець маштабы нашай дыяспары – дастаткова будзе завітаць у «Бацькаўшчыну». І расчыніць дзверцы кніжных шафаў.

Ціхан Чарнякевіч, “Будзьма беларусамі!”

Публікацыя зроблена ў межах ініцыятывы “Грамадскі  ўдзел”, якая аб’ядноўвае розныя арганізацыі дзеля пашырэння грамадскай актыўнасці і развіцця грамадзянскай супольнасці.