Грамадская кампанія «Беларускамоўны» заклікае дзяліцца ролікамі

Медыякампанію «Беларускамоўны» запусціў сёлета ў лютым тэлеканал «Белсат» з заклікам пазначаць беларускую мову роднай на перапісе насельніцтва. Удзел у ёй узяло і Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына». У межах кампаніі яе ініцыятар і Беларускі ПЭН-цэнтр стварылі некалькі прыкольных ролікаў, якімі заклікаюць дзяліцца праз усе магчымыя каналы.


01-2019_10_09_belaruskamouny_a.jpg

Аляксей Дзікавіцкі


Намеснік дырэктара тэлеканалу «Белсат» Аляксей Дзікавіцкі распавёў, што ў падтрымку кампаніі будуць з’яўляцца новыя ролікі. Ва ўжо апублікаваных відэа абыгрываюцца пары словаў «араць» (па-беларуску) і «орать» (па-руску); «дыван», «диван» і «канапа»; «плёткі» ў сэнсе абмеркавання навін і як элемент БДСМ… На прэзентацыі ў офісе Беларускай асацыяцыі журналістаў 9 кастрычніка паказалі ролік, дзе ў галоўных «героях» словы «другі» і «проста». Ён хутка з’явіцца ў сеціве.





Другая серыя ролікаў — дзе вядомыя асобы распавядаюць, чаму лічаць беларускую мову роднай. Ужо выказаліся Станіслаў Мытнік (гурт AKUTE), Руся (гурт SHUMA). Неўзабаве выйдзе відэа з міс свету-2017 на інвалідным вазку Аляксандрай Чычыкавай

Ролік «Дай буську мове» зрабіў беларускі ПЭН-цэнтр і піяршчыца Юлія Ляшкевіч.


02-julija_ljaszkevicz_2019_10_09_belaruskamouny_a.jpg

Юлія Ляшкевіч


Апроч таго, распаўсюджваецца зварот да грамадскасці наконт беларускай мовы, да якога зможа далучыцца кожны грамадзянін або арганізацыя.


03-2019_10_09_belaruskamouny_a.jpg

Алесь Снег


Дырэктар культурніцкай пляцоўкі «Арт Сядзіба» Алесь Снег заклікае ўдзельнічаць у перапісе менавіта он-лайн, бо гэта надзейней гарантуе ўвод праўдзівых дадзеных. Дзейнічаюць таксама стацыянарныя перапісныя ўчасткі. 


04-2019_10_09_belaruskamouny_a.jpg

Старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Таццяна Нядбай


Па інфармацыі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, 21—30 кастрычніка перапісчыкі будуць хадзіць па хатах. Аднак, кажуць, што пад відам перапісу ўжо праводзяць схаваныя маркетынгавыя даследаванні. Карыстаючыся тым, што людзі не ведаюць, калі чакаць перапісчыкаў, сярод стандартных пытанняў задаюць патрэбныя для камерцыйных мэт. Зрэшты, з пытаннем пра беларускую мову адбываецца амаль тое ж самае, але наадварот: яго могуць папросту не задаць. Таму будзьце пільнымі!


05-2019_10_09_belaruskamouny_a.jpg

Старшыня Рады ЗБС «Бацькаўшчына» Ніна Шыдлоўская, кіраўніца ЗБС «Бацькаўшчына» Алена Макоўская і Таццяна Нядбай


Сярод партнёраў кампаніі «Беларускамоўны» тэлеканал «Белсат», «Арт Сядзіба», ЗБС «Бацькаўшчына», Symbal.by, Беларускі ПЭН-цэнтр, брэнд «LSTR Adzieńnie», Knihi.by, крама «Мой модны кут».

Алена Ляшкевіч, novychas.by