Гэтак пераможам. Выбраныя творы Уладзіміра Самойлы ў серыі “Спадчына: агледзіны”

hu_logo-small.jpg

Усё ж кожная кніга прыходзіць да чытача ў свой час. Як бы ні было крыўдна творцам і добразычлівым сучаснікам гэтых творцаў, але траекторыя лёсу кнігі амаль ніколі не супадае з кірункамі лёсу ягонага аўтара, асабліва калі кніга вартая сваёй уласнай траекторыі. Хацелася б, вядома, каб прарокаў у сваёй Айчыне чулі і шанавалі своечасова, аднак ці магла б Касандра стацца прарочыцай на ўсе будучыя часы, калі б траянцы насуперак Апалонаваму пракляццю вырашылі ўсё ж прыслухацца да яе? Дый наогул ці была б Троя вечнай у гісторыі і культуры, калі б не спазнала горыч паразы, жах смерці, шчасце Шліманавай веры ў яе – і перамогу адраджэння для вечнага жыцця?

Абавязковасць зла – як спосабу нарадзіць і ўзгадаваць дабро. Неабходнасць зла – дзеля таго, каб дабру было як мацавацца. Жывёльнае існаванне народа – як неабходная ступень фармавання нацыі. Тэорыя крытычнага аптымізму, распрацаваная выбітным беларускім філосафам Уладзімірам Самойлам у 1924 годзе, вяртаецца ў наш постпостмадэрнісцкі час да нашчадкаў, стомленых татальным адмаўленнем і адсутнасцю абсалютаў, у сваім бясспрэчным і афарыстычным выглядзе.

Тое, што ў 1924 годзе, да таго ж у акупаванай Вільні, падавалася недзе спрэчным, недзе – занадта рамантычным, дзесьці – мабыць, другасным, спісаным з брашур Фіхтэ і томікаў Канта, сёння аказваецца максімамі, сцверджанымі самой гісторыяй.

“Ўсе рэвалюцыі беспасярэдна давадзілі да нябывалага ўзмацаваньня ўлады ўраду, да неабмяжованага дэспатызму аднае ці некалькіх асоб, — вялі проста да ўзьвялічэньня рабства”.

“Як толькі народ, нават той, які мае так званую “сувэрэннасьць”, пачынае адставаць, духова абленівацца, як толькі ён губляе свою творчую, працоўную актыўнасьць, — дык ўраз-жа пачынае губляць часткамі сьпярша фактычную, а пасьля і юрыдычную “ўласнасьць” нават на сваю ўласную дзяржаву… Яго тэрыторыя, яго натуральныя багацьці пераходзяць да дужэйшых канкурэнтаў, якія маюць вышэйшую духовую актыўнасьць і ўлажылі ў яго зямлю капітал сваей энэргіі. Народ пападае перш у эканамічнае, а пасьля і ў палітычнае рабства ў народаў з вышэйшай актыўнасьцяй”.

“Права на народную зямлю, на сваю бацькаўшчыну, на сваю мову, культуру, — на самавызначэньне, на вольнае развіцьцё, нацыянальнае аблічча і г. д — усе гэтыя правы цяпер ня толькі “бяруцца з бою”, але і валаданьне імі ўсьцяж трэба падтрымліваць заўсёды напружанай энэргіяй, вечнай духовай актыўнасьцяй, як-быццам запраўды кожную часіну заваёвываць нанова — пасярод вечнае канкурэнцыі народаў”.

“Гістарычнае самапазнаньне як частка грамадзянскай культуры ставіць сабе галоўную для грамадзянства мэту: самаўзгадаваньне”

Усе мы сёння адчуваем недахоп нашых, беларускіх, афарызмаў і максімаў датычна нацыянальнага самавызначэння. Надта простыя, мабыць, для філосафаў і культуролагаў, яны як паветра патрэбныя папулярызатарам беларушчыны, публіцыстам, школьным настаўнікам і музейным супрацоўнікам, тым, хто паўсядзённа “ідзе ў народ” з беларускім словам і беларускай праўдай. Стоячы перад вялікай і часцяком недаверлівай аўдыторыяй, якая трымае напагатове стагоддзямі каваныя аргументы “супраць”, мімаволі шукаеш нешта спінай: магчымасці абаперціся, адчуць непахісную сцяну, намацаць пад нагамі надзейную глебу, вербальна выказаную, завостраную не горш за тую, якая абавязкова будзе супраць цябе скарыстаная. На жаль, сёння якаснай зброі для папулярызатараў не вырабляюць: постмадэрн. Мала хто бярэ на сябе рызыку выказацца наўпрост і бясспрэчна, а калі й бярэ – дык гэта выглядае (і часам ёсць) тэндэнцыйным і палітычна матываваным. Зло і Дабро даўно не маюць межаў і вымярэнняў і наогул рэдка адрозніваюцца адно ад аднаго. Маральная інтуіцыя не працуе ўжо некалькі дзесяцігоддзяў – адкуль брацца якасным максімам.

Цяпер з такой нагоды мы можам адкрыць “Выбранае” Уладзіміра Самойлы.

03.jpg

Не, гэта, канечне, не хрэстаматыя для сучаснага агітатара і прапагандыста беларушчыны. Але гэта менавіта тая філасофія, з якой вырастае публіцыстычна завостраная і аксіяматычна бясспрэчная нацыянальная ідэя, прыдатная для скарыстання, нацыянальная праграма, зразумелая ў выкананні.

Менавіта ў гэтым бачыцца мне вялікая гістарычная справядлівасць: творы выбітнога беларускага філосафа Уладзіміра Самойлы, да гэтага часу не збіраныя, прыходзяць да чытача менавіта сёння, тады, калі яны нам асабліва патрэбныя. Так, з пункту гледжання справядлівасці чалавечай гэтае выказванне выглядае занадта цынічным, але апраўданнем мне – Самойлаў “крытычны аптымізм”, які вучыць скарыстоўваць непазбежнае гістарычнае зло дзеля перамогі нацыянальнага дабра.

Абсалютнае зло – гэта ленасць волі”, – фармулюе Уладзімір Самойла. “Бязспынная творчая актыўнасьць, якая чынна змагаецца з злом, ператвараючы яго ў дабро” – наша агульнае выратаванне. Сапраўды: у тым, што Уладзімір Самойла, як і іншыя беларускія філосафы Ігнат Дварчанін, Ігнат Канчэўскі (Абдзіраловіч), Тамаш Грыб, Мар’ян Здзяхоўскі, Адам Бабарэка былі выкрасленыя з навуковага і чытацкага ўжытку, шмат у чым менавіта “ленасці волі” народа, спакутаванага ў бясконцых войнах і акупацыях. Але колькі бясспыннай творчай актыўнасці, чыннага змагання з гэтым непазбежным нацыянальным злом у факце з’яўлення “Збору твораў” Адама Бабарэкі, “Выбранага” Тамаша Грыба, цяпер – “Выбранага” Уладзіміра Самойлы, колькі сапраўднай самаахвярнай працы, якая, пэўна, не мела б таго ўнутранага стрыжня, той рамантычнай напружанасці, якой асветленая сёння дзейнасць рупліўцаў беларушчыны, калі б не была адказам на гэтае крыўднае забыццё і прыкры ігнор афіцыйнай акадэмічнай навукі. Як сапраўдны і правадзейны крытычны аптыміст (а ўсё – чытанне Самойлы!), не магу не заўважыць: мо яно і добра, што такія выданні сёння – справа не акадэмічных інстытутаў і дзяржаўных філалагічных службаў, а грамадскіх аб’яднанняў і асабістых ініцыятыў. Такія серыі, як “Спадчына: агледзіны”, такія кнігі, як “Выбраныя творы” Ул. Самойлы, тое, што нясе ў сабе ўнутранае святло альтруістычнай навукі, захоўваюць тое прыгожае імкненне і імпэт, які кіраваў іх героямі, творцамі міжваеннага часу. Гэтая тугая спружына той самай “самойлаўскай” творчай актыўнасці выразна бачная ў сціслай, пругкай прадмове да выдання Наталлі Гардзіенкі і Лявона Юрэвіча, у змесце, у падборы матэрыялу, у ёмістых, змястоўных каментарах, напісаных укладальнікамі і Аляксандрам Пашкевічам.

Яна ж кіруе шпаркім бегам крытычна-біяграфічнага нарысу, напісанага Уладзімірам Конанам: нягледзячы на аб’ектыўна небагатыя звесткі пра жыццё Уладзіміра Самойлы, якія меў даследчык перад сабой, чытачу прапанаванае максімальна насычанае чытанне – насычанае не толькі фактаграфічна, але і эмацыянальна. Наогул гэтая эмацыянальнасць навуковага тэксту, адзнака сапраўднай даследчыцкай апантанасці, непазбежны спадарожнік творчай актыўнасці, уласцівая і кожнаму тэксту самога Уладзіміра Самойлы.

Найперш, канечне – легендарнае эсэ “Гэтым пераможаш!”, сэрца выдання, спружына творчай спадчыны філосафа. Насамрэч яно павіннае быць раскладзена (і будзе раскладзенае!) на цытаты, статусы ў сацыяльных сетках, эпіграфы да манаграфій і формулы, ад якіх пачынаецца сур’ёзная філасофская спрэчка. Празрыстасць і даказальнасць асноўнай ідэі, аўтарская ўпэўненасць у ёй, бясспрэчная аргументацыя і лёгкая, вобразная мова, якой усё гэта выкладзена, робяць “нарысы крытычнага аптымізму” сур’ёзнай заяўкай на фармулёўку нацыянальнай ідэі, прыдатнай для сучаснага скарыстання. Для чалавека, у памяць якога ўжо пакладзенае крывавае дваццатае стагоддзе з ягонымі немагчымымі пытаннямі і патрэбамі даваць на іх адказы, крытычны аптымізм Уладзіміра Самойлы выглядае на шклянку чыстай пітной вады, надта простай пасля філасофскіх напояў постмадэрну, але неабходнай хаця каб проста наталіць смагу, а потым – і атрымаць сілы ператвараць ваду ў віно.

Далей – крытычныя артыкулы, прысвечаныя творчасці Я. Купалы, К. Сваяка, Н. Арсенневай, літаратурнай перыёдыцы і асобным творам аўтараў 1920–1930-х гг. Крый божа раптам знікнуць усе мастацкія творы, а засталіся толькі крытычныя працы і школьныя падручнікі з цытатамі колішніх аэдаў і рапсодаў, як гэта некалі здарылася ў вогнішчы Александрыйскай бібліятэкі, дык няхай бы тыя падручнікі складаў Уладзімір Самойла – настолькі шчодра ён цытуе вершы сваіх герояў, настолькі трапна і густоўна адбірае матэрыял для аналізу. Героі ягоных крытычных разбораў паўстаюць перад чытачом ва ўсім багацці паўсядзённасці, у якой заспеў іх крытык, – тэматычнай, вобразнай, творчай і чалавечай. І адначасова, сабраныя разам, разборы гэтыя складаюцца ў бясконцы канструктыўны розум аб тым, што ёсць беларус, Беларусь, душа беларуская, дзе праходзіць мяжа беларускага – і чужога, што ёсць нацыянальнае – а што прынесенае звонку. Неадступная думка Самойлы пра нацыянальную ідэнтычнасць і стратэгію будавання нацыі счытваецца амаль у кожным ягоным артыкуле.

Яшчэ адно багацце выдання – лісты.

І ў лістах Уладзіміра Самойлы выразна бачу я тое высокае імкненне думак, тую незвычайную ўнутраную праблематыку, той асаблівы лад, які ўласцівы, прыкладам, эпісталярным і мемуарным тэкстам выбітных дзеячаў рускага Сярэбранага веку і “новай рэлігійнай свядомасці” А. Белага, А. Блока, П. Фларэнскага, М. Бярдзяева. Тое, што робіцца тэмай абмеркавання звычайнага, падавалася б, ліста – ці ліста да рэдактара, – насамрэч ёсць тэмай філасофскай працы, экзістэнцыяльнага роздуму, якім сапраўды жыве адрасант Уладзімір Самойла пасярод няўтульнага, беднага, нішчымнага міжваеннага жыцця. Асаблівая, у нечым нават інтымная шчырасць, з якой ён дзеліцца сваімі ўласнымі перажываннямі і думкамі пра роднае, нацыянальнае, грамадзянскае, сусветнае – уражвае.

Дарэчы, з Аляксандрам Блокам Уладзімір Самойла быў добра знаёмы па пецярбургскім жыцці, стала ліставаўся, меў у хатняй бібліятэцы зборнікі ягоных вершаў з інскрыптамі, але сувязі паміж імі былі значна глыбей за сяброўскае ліставанне. Як і для А. Блока, для Уладзіміра Самойлы філасофскія пытанні былі пытаннямі жыццятворчымі. Прадмет філасофскага пошуку – нацыянальнае самавызначэнне, роля мовы і адукацыі на роднай мове ў жыцці народа і асобнага грамадзяніна, пераход ад духоўнай ляноты да творчай актыўнасці ў нацыянальным кірунку, усведамленне нацыі ў сабе і сябе ў нацыі – гэтыя пытанні Самойла вырашаў практычна, падпарадкоўваючы ім уласны лёс.

Наогул, і тэматыка, і праблематыка, і стылістыка тэкстаў Уладзіміра Самойлы вырастаюць на той жа глебе і жывяцца тымі ж сокамі, што і еўрапейская філасофія пачатку стагоддзя: гэта тое ж пераасэнсаванне класічных пастулатаў, хрэстаматыйных фармулёвак, фундаментальных муроў і бясспрэчных ісцін праз рэлігійныя прызмы, адмытыя ад стэрэатыпных напластаванняў папярэдняга тэалагічнага пошуку. І ён бы стаўся для нас, пэўна, шараговым еўрапейскім філосафам і публіцыстам – калі б не быў сапраўдным беларусам у сваіх развагах і высновах. Нашае, беларускае – і ў шматмоўі творчай спадчыны, і ў цяжкім, але ўпартым шляху да мовы, і ў абагуленым рэлігійным пафасе, і ў часовай аўтарскай няўпэўненасці, і ў выразным адчуванні культурнага “скрыжавання”, на якім даводзіцца стаяць, як на юру, са сваімі невыноснымі пытаннямі, якія не цікавяць паблізу нікога, апрача самога цябе.

Гэтая адзінота, святая самота беларускага культурніка, якую зведалі, пэўна, усе, хто стаяў ля вытокаў і новай беларускай літаратуры, і новай беларускай філасофіі (і ці не яна так добра вядомая нам і сёння?) выразна адчуваецца ў тэкстах, якія фіналяць выданне: у фактаграфічна насычаным нарысе польскай даследчыцы Аляксандры Бергман, поўным каштоўных біяграфічных звестак юбілейным артыкуле Ст. Станкевіча, а таксама ў кранальным і змястоўным інтэрв’ю сына Уладзіміра Самойлы, якога ў канцы стагоддзя адшукала А. Бергман. “Один меж них в ревущем пламени и дыме”, – радкі Максіміліяна Валошына напісаныя нібыта і пра Уладзіміра Самойлу, які сапраўды захоўваў свой выключны, неангажаваны погляд на гістарычнае развіццё беларускай нацыі і дзяржавы пасярод сусветных рэвалюцый, войнаў, тэрытарыяльных падзелаў і цяжкіх умоў чалавечага побыту.

І хіба нам сёння часам не даводзіцца адчуваць сябе гэтаксама? Хіба наогул у беларусаў ёсць іншыя варыянты самаадчування? І што застаецца нам, акрамя нашага нацыянальнага майстэрства ператвараць непазбежнае навакольнае гістарычнае зло ў спрадвечнае народнае дабро? “Народ стаецца тым, чым ён сам сябе штодзённа робіць,” – піша Уладзімір Самойла. Рупнае збіранне і захаванне таго, што засталося нам ад папярэднікаў, пільная ўвага да таго, што робяць на карысць народную сучаснікі, няспынная творчая праца дзеля будучыні сваёй краіны, якую ніхто болей не забярэ, – здаецца, простая і натхняльная праграма на кожны беларускі дзень.

Гэтым – пераможам. І дапамагай нам, паўтаруся я за ўкладальнікамі “Выбранага” Уладзіміра Самойлы – і дапамагай нам крытычны аптымізм!

Ганна Севярынец, “Будзьма беларусамі!”

Публікацыя зробленая ў межах ініцыятывы “Грамадскі ўдзел”, якая аб’ядноўвае розныя арганізацыі дзеля пашырэння грамадскай актыўнасці і развіцця грамадзянскай супольнасці.


Набыць кнігу можна ў крамах:

«Акадэмкніга» (пр-т Незалежнасці, 72);

«Кнігарня пісьменніка» (вул. Казлова, 2);

«Веды» (вул. К.Маркса, 36);

«Светач» (пр-т Пераможцаў, 11);

«Цэнтральная кнігарня» (пр-т Незалежнасці, 19);

«Кнігі & кніжачкі» (пр-т Незалежнасці, 14);

«Эўрыка» (вул. Куйбышава, 75);

А таксама ў інтэрнэт-крамах knihi.by і imbryk.by.