Беларускія грамадскія дзеячы звярнуліся да ўладаў з нагоды 102-годдзя БНР

Грамадскі Нацыянальны Аргкамітэт па святкаванні 100-гадовага юбілею ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі накіраваў у Адміністрацыю прэзідэнта і Мінгарвыканкам зварот.

Ухваляючы захады, якія былі рэалізаваныя да святкавання 100-годдзя БНР – да прыкладу, урачыста адкрыты мемарыяльны знак у гонар Івана і Антона Луцкевічаў у парку Янкі Купалы, праведзенае масавае свята ў гонар юбілею БНР на пляцоўцы каля опернага тэатра, – Аргкамітэт разам з гэтым звяртае ўвагу і на нерэалізаваныя ініцыятывы.

За найважнейшую з нерэалізаваных ініцыятыў Аргкамітэт уважае ўсталяванне мемарыяльнай дошкі ў гонар абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі і прыняцця III Устаўной граматы на будынку, у якім гэтыя гістарычныя падзеі адбываліся (цяпер Валадарскага, 9). Актывісты грамадзянскай супольнасці да стагоддзя абвяшчэння БНР літаральна за адзін дзень сабралі суму, неабходную на выраб мемарыяльнай бронзавай пліты. “Але насуперак афіцыйным абяцанням усталяванне дошкі так і не адбылося” – з прыркасцю адзначаюць чальцы Аргкамітэту ў заяве.

Іншыя важныя прапановы Аргкамітэту, якія не мелі ўвасаблення, – перайменаванне вуліцы Валадарскага ў вуліцу братоў Луцкевічаў, пасоўванне мемарыяльнага знаку ў гонар Івана і Антона Луцкевічаў бліжэй да вуліцы Янкі Купалы (г. зн. далей ад грамадскай прыбіральні), а таксама замена назваў вуліц беларускіх населеных пунктаў з прозвішчаў бальшавіцкіх правадыроў на гістарычныя назвы, многія з якіх узніклі яшчэ за часам ВКЛ.

Зварот падпісалі Радзім Гарэцкі (акадэмік НАН Беларусі, сябра Рады “Бацькаўшчыны”), Мікола Купава (сябра Беларускага саюза мастакоў, сябра Рады “Бацькаўшчыны”), Аляксандр Жучкоў (грамадскі дзяяч), Леанід Акаловіч (святар, краязнаўца), Марыя Міцкевіч (старшыня Фонду “Сакавік”, сябра Рады “Бацькаўшчыны”), Лявон Баршчэўскі (філолаг, выкладчык), Рыгор Кастусёў (палітык), Валер Герасімаў (бібліёграф, сябра Рады “Бацькаўшчыны”), Алесь Лагвінец (палітолаг), Аляксей Янукевіч (палітык).

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" паводле прэс-рэлізу