Акрамя рэлігійнага значэння, наяўнасць сваіх святых яднае нацыю, дае адчуванне прыналежнасці да адной супольнасці. І наша гісторыя мае дастаткова постацяў, якія ў свой час аказалі моцны ўплыў на духоўнае развіццё беларускага народа, вартых і пасля сваёй смерці служыць яднанню беларусаў. Такой постаццю, да прыкладу, ёсць Еўфрасіння Полацкая, якая ёсць святой для ўсіх безадносна да прыналежнасці да пэўнай рэлігійнай канфесіі.
А што адносна Францыска Скарыны? Хіба ён не варты таго, каб быць у ліку святых?
Варты! І за сваю дзейнасць, і за тое, чым і як жыў. У мінулым, 2017-м годзе, у Беларусі адзначалася 500-годдзе выдання першай друкаванай Бібліі на беларускай мове менавіта Францыскам Скарынам. Безумоўна, Францыск Скарына вядомы ў свеце як асветнік і першадрукар. Але Францыск Скарына ўсё сваё жыццё прысвяціў працы над Бібліяй і быў глыбока духоўнай асобай.
Прафесар Адам Мальдзіс лічыць, што Скарына як сьвяты мае належаць і праваслаўным, і католікам, і ўніятам. Менавіта з яго ініцыятывы ў 2015 годзе паўстала суполка “Ініцыятыўная група па кананiзацыi Францыска / Францішка Скарыны”. У падтрымку дадзенай ініцыятывы пробашч касцёла Св. Сымона і Св. Алены ў г. Мінску ксёндз-канонік Уладыслаў Завальнюк распачаў доўгі, складаны, але, спадзяемся, выніковы працэс па беатыфікацыі Францыска Скарыны. І, што вельмі важна, гэта робіцца ў згодзе з Беларускай праваслаўнай царквой.
На дадзеным этапе вельмі патрэбная падтрымка шырокага кола грамадскасці ў пацвярджэнні таго, што справа па беатыфікацыі Францыска Скарыны патрэбная не толькі рэлігійнай супольнасці, але і ўсяму беларускаму народу.
У сувязі з гэтым звяртаемся да кожнага з Вас з просьбай падпісаць і фізічна, поштай на адрас офіса “Бацькаўшчыны” даслаць ліст падтрымкі дзейнасці адносна асобы Францыска Скарыны на імя ксяндза Завальнюка.
Адрас для лістоў: 220012, Беларусь, Мінск, вул. Чорнага, 31-906.
Узор тэксту ліста:
Пробашчу касцёла Св. Сымона
і Св. Алены ў г. Мінску,
ксяндзу-каноніку Уладыславу Завальнюку
Шаноўны ксёндз-канонік Уладыслаў!
У мінулым, 2017-м годзе, у Беларусі адзначалася 500-годдзе выдання першай друкаванай Бібліі на беларускай мове. Безумоўна, Францыск Скарына сусветна вядомы як асветнік і першадрукар. Але Францыск Скарына быў і глыбока духоўнай асобай, усё сваё жыццё прысвяціў працы над Бібліяй.
Нам вядома, што Вы збіраеце інфармацыю пра духоўнае спадзвіжніцтва Францыска Скарыны, каб змог быць напоўніцу раскрыты і адпаведна годна ацэненыя яго вера, годнае хрысціяніна жыццё, унутраны духоўны свет, маральныя каштоўнасці.
Мы ўпэўненыя, што гэтая Ваша дзейнасць умацуе дух беларусаў ва ўсім свеце. Перакананыя, што імя Францыска Скарыны заслугоўвае ўшанавання ў хрысціянскіх храмах Беларусі і ва ўсім свеце. Таму просім Вас працягваць гэтую справу і выказваем падтрымку ў гэтай важнай справе.
Подпіс, прозвішча, імя, якую супольнасць прадстаўляеце, дата, горад.
Спампаваць узор ліста можна па гэтай спасылцы.