Асобы года: Ніна Шыдлоўская, Уладзімір Макей, Аляксандр Сапега, Андрэй Кім…

«Наша Ніва» традыцыйна называе людзей, дзякуючы якім гэты год запомніцца і ўвойдзе ў гісторыю.

Сумленне года — Ніна Шыдлоўская

01-szydlouskaja171206-lhjuo.jpg

«Галоўнае — не паднімайце шум», «галоўнае — сядзіце ціха», «нельга патрабаваць, трэба прасіць, дзейнічаць кулуарна» — мы часта чуем такія парады і меркаванні. Старшыня Рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” Ніна Шыдлоўская дзейнічала ў зусім інакшай логіцы. Яна не верыла ў абвінавачванні па Справе патрыётаў і таму ўзнімала шум, дапамагала жонкам і маці арыштаваных і рабіла, што толькі магла. Калі абвінавачванне развалілася, сотні людзей падзякавалі найперш ёй.

Мала хто ведаў, што ў той самы час Ніна моцна хварэла.

«Гады грамадскай дзейнасці пачалі пераўтвараць мяне ў песімістку. А гэты год ува мне разбурыў адзін з песімістычных стэрэатыпаў. Для мяне стала відавочна: усё-ткі беларусы здольныя на салідарнасць! — кажа Ніна Шыдлоўская. — Калі я распачынала хвалю дзеля вызвалення затрыманых па Справе патрыётаў, нават не спадзявалася, што грамадства (а гэта і асобныя людзі, і ініцыятывы, і журналісты — шмат хто) адрэагуе так актыўна і разам нам удасца адстаяць ні за што арыштаваных людзей. То бок усё-ткі простая неабыякавасць мае патэнцыял стаць рухавіком дзейснай салідарнасці! А яшчэ канчаткова пераканалася: сяброўства і каханне — гэта тое, дзеля чаго сапраўды варта жыць».

Культуртрэгер года — Андрэй Кім

02-kim161207-kyamw-pbd1a.jpg

Рэдкі выпадак, калі мы адзначаем чалавека другі год запар. Але за мінулы год Андрэй змог дасягнуць новых вышыняў. Упершыню ў гісторыі сусветная кінапрэм’ера выйшла ў пракат па-беларуску. Гэта нідэрландская стужка — «Шторм: палаючы ліст». Прысвечаная яна юбілею кнігадрукавання. На прэм’ерах былі тэатралізаваныя паказы, магчымасць сфоткацца з манекенам Францішка Скарыны. Увогуле, складалася ўражанне, што юбілей Скарыны сёлета найбольш адзначала пратэстанцкая грамада, да якой належыць і Кім.

Беларускамоўныя пераклады сусветных стужак дэманстравалі ў найлепшых мінскіх, і не толькі, кінатэатрах.

Які наступны амбіцыйны выклік паставіць перад сабой Кім? Пераклад на беларускую сусветных блокбастараў? Бо глядзець па-беларуску хочацца не толькі мульцікі і рэлігійныя фільмы, але і «Пілу-8», і «Дзюнкерк».

Змагар года — Зміцер Дашкевіч

03-1dashkevich-7qyu4-30gyr.jpg

Ворагі Беларусі паспрабавалі павесіць на слова «змагар» адмоўную афарбоўку. І многія неразумныя людзі дапамагаюць ім у гэтым, юзаючы «змагара» менавіта ў такім значэнні. Але гэта годнае слова. І Дашкевіч годнымі ўчынкамі заслугоўвае так называцца.

У пачатку год Зміцер Дашкевіч з іншымі маладафронтаўцамі зрабіў тое, што многім здавалася немагчымым: дабіўся спыненне будаўніцтва ў ахоўнай зоне каля Курапатаў. Хлопцы начавалі і днявалі там, прапахлі дымам ад «бочкі годнасці».

Нехта, як Сяргей Пальчэўскі, ішлі на адчайныя ўчынкі: ён прыкаваў сябе кайданкамі да грузавіка.

Фота Дашкевіча са сцягам на даху трактара стала сімвалам змагання за Курапаты. Хлопцаў збівалі «цітушкі», але яны выстаялі. Дашкевіч прайшоў сёлета праз СІЗА па Справе патрыётаў.

«Верачы ў перпектыву Беларусі, вось што важна — быць цяпер вернымі ў малым, бо гэтае малое ёсць сёння нашым самым вялікім. Размаўляйце на роднай, а не на чужой, бегайце за роднымі дзецьмі, а не за (еўра)чыноўнікамі — і будзе заўтра Беларусь», — напісаў нядаўна Дашкевіч.

А яшчэ Зміцер працягвае развіваць свой бізнэс — «Цесляры».

Адвакатка года — Ганна Бахціна

04-bachcina1_171025-enlk2-1lano.jpg

Спадарыня Бахціна мела за плячыма 38-гадовы прафесійны стаж. Яна не баялася брацца за такія справы, ад якіх адмаўляліся калегі — абараняла Саюз пісьменнікаў, Эніру Браніцкую, Ірыну Халіп, Іллю Валавіка, Эдуарда Пальчыса.

Сёлета яна ўзялася за справу Міраслава Лазоўскага — цэнтральную фігуру справы «Белага легіёна». Пасля гэта ў Бахціной і пачаліся праблемы на працы. У выніку яе цынічна пазбавілі ліцэнзіі з фармулёўкай «у сувязі з недастатковай прафесійнай кваліфікацыяй».

Бахціна пацярпела за прафесійную сумленнасць, і грамадства не пакіне яе без абароны.

Пісьменнік года — Зміцер Бартосік

05-bartosik4-jngag-4t42p.jpg

Сёлетні Гедройц выклікаў пытанні, чаму ў тройцы так і не аказаўся папулярны Андрусь Горват. Але за асобу пераможцы Змітра Бартосіка парадаваліся амаль усе. Бартосік — сумленны інтэлектуал, які аб’ездзіў усю краіну. З запісаў з людзьмі ў вёсках і мястэчках і нарадзілася кніга «Быў у пана верабейка гаварушчы». Гэта рэдкае на сёння ўменне слухаць, а не толькі казаць. Такой рысай валодае Святлана Алексіевіч, цяпер яшчэ Зміцер Бартосік.

«Свабодны тэатр» паставіў па «Верабейку» папулярную пастаноўку, а сам аўтар атрымаў за кнігу 5000 еўра як галоўны прыз прэміі Гедройца. Бартосік шмат гадоў працаваў у «Нашай Ніве», а цяпцяпер піша для «Радыё Свабода».

Мем года — Вейшнорыя

Паводле легенды вучэнняў «Захад-2017», ад Беларусі адлучаецца частка краіны на паўночным захадзе, так званая Вейшнорыя. Выдуманая краіна гэтак развесяліла беларускі інтэрнэт, што мемы ствараліся адзін за адным. Нават старшыня КХП-БНФ Зянон Пазняк адзначыў: калі беларусы жартуюць, то іх не перамагчы. З’явіліся нават пашпарты грамадзян Вейшнорыі. Калі казаць вельмі груба, то вейшнорцамі жартам сябе сталі называць усе тыя, хто прагне зменаў у краіне і не хоча жыць у «таёжным саюзе».

Эмігрант года — Аляксандр Сапега

06-19-fhqgo-1rvt5.jpg

Бабруйчанін з прыгожым шляхетным прозвішчам з’ехаў з Беларусі больш за дзесяць гадоў таму. У Швейцарыі Аляксандр Сапега знайшоў каханне. Аднак на радзіму не збіраецца забывацца. Сапега — вялікі мецэнат беларускай культуры, тым больш высокія швейцарскія заробкі дазваляюць гэта рабіць. Аляксандр паказвае выдатны прыклад для іншых беларусаў, якія з’ехалі з краіны.

Напрыклад, намаганнямі Сапегі ў Беларусь вярнуўся прах князёўны Магдалены Радзівіл, а яшчэ ягонымі намаганнямі ў Швейцарыі з’явіўся помнік кіраўніку антырасійскага паўстання 1794 года Тадэвушу Касцюшку. Шмат было перашкодаў і падводных камянёў, каб той помнік з’явіўся, давялося нават умяшацца Міністэрству замежных справаў. Аднак маем той вынік, што ў Залатурне цяпер ёсць беларускі помнік Касцюшку (ён пахаваны ў гэтым альпійскім гарадку).

Асаблівы выпадак — Ігар Шуневіч

07-08_hdz_shunevich-qdr82-cf7i6.jpg

Рэдка хто з чыноўнікаў здольны прыцягваць да сябе столькі негатыўных эмоцый, як гэта ўдалося зрабіць міністру ўнутраных справаў Ігару Шуневічу. Год пачаўся з акцый пратэсту недармаедаў. Нярэдка, як у Мінску ці Магілёве, гэта сканчалася збіццём і затрыманнямі. У мову нават увайшло слова «шуняўкі» — гэта супрацоўнікі міліцыі ў цывільным, якія робяць усю брудную справу. Нешта падобнае было і падчас супрацьстаяння ў Курапатах.

Дарэчы, цікава, што Шуневіч быў сярод тых, хто стаяў за пры- няццем закона аб дармаедстве. «МУС ініцыявала абмеркаванне тэмы дармаедства і актуалізавала неабходнасць унясення змяненняў у дзейнае заканадаўства ў гэтым пытанні. Таксама Савету міністраў было даручана агучыць свае пра- пановы кіраўніку дзяржавы», — тлумачыў Ігар Шуневіч.

Шуневіч працягвае лічыць вялікім гонарам тое, што мае форму супрацоўніка НКВД. Не прызнае сталінскія рэпрэсіі, хаця гэта зрабілі нават высокія чыны ў КДБ. Шуневіча малявалі на графіці, збіралі подпісы за адстаўку, але міністр моцна трымаецца за сваё крэсла.

Бязвіз года — Уладзімір Макей

08-05_hdz_makei-d42le-jc6hv.jpg

Міністр замежных спраў мае рэпутацыю чалавека, здольнага вырашаць складаныя сістэмныя праблемы. Кажуць, што ён дасканала разумее логіку бюракратычнай сістэмы і ніколі не спрабуе мяняць нешта рэвалюцыйна. Затое ён майстар паляпшэння механізмаў і працэдур.

У свой час ён пабудаваў найлепшую ў рэгіёне сістэму надання дзяржаўных паслуг, так званае «Адно акно». Галоўнае дасягненне замежнай палітыкі 2017 года — гэта ўвядзенне пяцідзённага бязвізавага рэжыму для грамадзян Еўрасаюза і ЗША. Летам вечарам па цэнтры Мінска ўвесь час чуеш то англійскую, то італьянскую, то фінскую мовы. Еўрапейцы адкрываюць для сябе невядомую дагэтуль краіну. І гэта ж не прывяло ні да якога калапсу: крымінальная атмасфера не пагоршала.

Замежнікі вязуць у Беларусь грошы, а наша краіна дзеліцца з заходнікамі прыемным баўленнем часу і яркімі ўражаннямі.

Наступны крок — павялічыць гэтыя пяць дзён да большага тэрміну ці скасаваць увогуле абмежаванні.

Уладзімір Макей звяртаў на сябе ўвагу цэлы год. Ён апранаў вышыванку, гаварыў па-беларуску. Нават асцярожна асудзіў масавыя затрыманні падчас «дармаедскіх» пратэстаў. Менавіта ўмяшальніцтва Міністэрства замежных спраў дазволіла не дэпартаваць з краіны найлепшага ўкраінскага пісьменніка сучаснасці Сяргея Жадана.

На саміце «Усходняга партнёрства» ў Брусэлі Макей паабяцаў, што праз два гады Мінск заключыць такія пагадненні з ЕС, пра якія будуць гаварыць усе.

Музыкі года — Naviband

09-naviband-1105-1000-houhj.jpg

Арцём і Ксенія з гурта Naviband змаглі прабіць той мур чыноўнікаў, якія ўбілі сабе ў галаву, што якасную і сучасную музыку трэба абавязкова рабіць па-руску ці англійску. Упершыню на «Еўрабачанні» загучала менавіта наша мова. І гледачы ацанілі гэта, юнакі выйшлі ў фінал. Ды і ўвогуле на «Еўрабачанні» сёлета перамагла песня на нацыянальнай мове— партугальскай.

Чаму Naviband атрымалі такую папулярнасць? Бо яны бралі сваёй шчырасцю.

Нядаўна стала вядома, што Ксенія і Арцём чакаюць дзіця.

Блогер года — Улад Бумага

10-20-cortj-aowhm.jpg

Сёлета нечакана для сябе многія адкрылі, што існуе цэлы пласт зусім ужо моладзевай культуры, у якой ёсць свае зоркі і куміры. Прычым гэта «селебрыці» не маскоўскага ці нью-ёркскага паходжання, а свае, тутэйшыя. На вяршыню хвалі выбіўся 20-гадовы мінскі блогер Улад Бумага. Ягоныя відэа немудрагелістыя, але набіраюць тысячы і тысячы праглядаў. Дарослыя ламаюць сабе галовы: што ж дзеці знаходзяць у іх цікавага? Але не судзіце вельмі строга, успомніце сябе ў школьныя гады, тады, можа, захапленне Бумагай не падасца вам такой ужо заганай.

Шараговец года — Аляксандр Коржыч

11-nsgshf_ioie-g7hdm.jpg

21-гадовы навабранец з Пінска загінуў праз некалькі месяцаў службы ў печанскай вучэбцы. Усё яшчэ да канца няясна, ці гэта было забойства, ці давядзенне да самагубства. Аднак гэты выпадак агаліў праблему дзедаўшчыны ў беларускім войску. Заганная з’ява яшчэ з савецкіх часоў у некаторых часцях не толькі не знікла, але нават умацавалася. Цяпер дзедаўшчына — гэта не толькі фізічны ціск, але і эканамічны, і сэксуальны. Сяржанты, адчуваючы сваю беспакаранасць і лаяльнасць афіцэраў, робяць страшныя рэчы. І смерць Коржыча стала каталізатарам, каб многія людзі, якія шмат гадоў маўчалі пра вайсковыя прыніжэнні, нарэшце загаварылі.

Чаму смерць Сашы Коржыча стала такой рэзананснай? Бо не змаўчала маці, пачала змагацца за праўду, і таму што існуюць недзяржаўныя СМІ. У выніку была вымушаная рэагаваць ула- да, прычым на самым высокім узроўні. Нейкія змены ў Печах і іншых часцях ужо адбываюцца. Галоўнае, каб яны не сталі касметычнымі і дэкаратыўнымі, а сістэма засталася той жа. Бо не павінны бацькі са страхам аддаваць сваіх дзяцей у армію.

Спартоўкі года — тэнісісткі

12-tenis171206-m1kuu.jpg

Год не быў ураджайны на спартовыя перамогі. Уявіце толькі: усе беларускія мужчыны на чэмпіянатах свету — 2017 змаглі заваяваць усяго толькі адзін медаль. У жанчын сітуацыя крыху лепшая, аднак перад наступнымі Алімпіядамі сітуацыя ўсё адно не самая прыемная.

Можна сказаць, што яркі сполах у спорце ў 2017 годзе быў толькі адзін — выступ жаночай зборнай па тэнісе на Кубку Федэрацыі. Нашыя дзяўчаты, без Азаранкі, дайшлі да фіналу, дзе толькі ў апошнім, пятым, паядынку саступілі амерыканкам. Такіх вышыняў беларускі тэніс яшчэ не дасягаў. Галоўнымі стваральніцамі перамогі сталі Аляксандра Сасновіч і Арына Сабаленка.

На наступны год застаецца не здаваць пазіцыі. Магчыма, і Вікторыя Азаранка, вырашыўшы сямейныя праблемы, далучыцца да гэтай кампаніі.

Зміцер Панкавец, “Наша Ніва”,
фота Сяргея Гудзіліна


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение