Андрэй Дурэйка: Мастак павінен здрадзіць свайму настаўніку

На адкрыцці выставы “ZBOR In Progress” Андрэй Дурэйка, адзін з яе куратараў, падзяліўся з “Бацькаўшчынай” думкамі пра месца нацыянальнага ў сучасным беларускім мастацтве. Выстава, якая атрымалася ў выніку даследавання 35 спецыялістамі найбольш важных тэндэнцыяў сучаснага беларускага мастацтва, працягнецца ў галерэі “Ў” да 30 лістапада.


DSC01592.jpg


Страшэнная канкурэнцыя

Мастакі ўсюды запатрабаваныя. Беларускія таксама. Проста ў Еўропе страшэнная канкурэнцыя, ёсць вядомыя людзі, якія маюць вялікі ўплыў, фінансавы рэзерв. У параўнанні з імі беларускае мастацтва не ў найлепшай сітуацыі. Але ёсць шмат беларускіх мастакоў, якімі мы можам ганарыцца, якія адваявалі сабе прастору і прадстаўленыя ў еўрапейскіх музеях: Віка Мітрычэнка, Аляксей Кашкараў, Эвеліна Домніч. Калі глядзець шырэй і браць такіх прадстаўнікоў беларускага мастацтва, як Лявон Тарасевіч – дык наогул не паўстае ніякіх пытанняў.


DSC01601.jpg


Мастак і нацыянальнасць

Мастацтва – тэрыторыя інтэрнацыянальная, і ў шырокім сэнсе пытанне нацыянальнасці другаснае, але таксама вельмі важнае. Для кожнага канкрэтнага мастака – нават прынцыповае. Калі мастак малады, толькі паўстае, то для яго гэта рэч падставовая. Калі мастак яго для сябе не вырашае, то пазней яно абавязкова праявіцца ў творчасці, у выглядзе комплексаў, амаль што фрэйдысцкіх.


DSC01625.jpg


Мастак павінен здрадзіць

У асяроддзі сучасных беларускіх мастакоў існуюць прыкметы нацыянальных мастацкіх школ, але, як кажуць кітайцы, кожны сапраўдны мастак павінен здрадзіць свайму настаўніку. І найрадыкальныя з мастакоў, самыя выбітныя – не падобныя да сваіх настаўнікаў, яны ствараюць свае стылі і плыні. Але можна казаць, да прыкладу, пра пераемнасць такога кшатлту: я вучыўся ў Ігара Цішына, у Наталлі Залознай, а нядаўна атрымаў на свой адрас кампліменты ад мастакоў, якія лічаць, што ўжо я ім дапамог – ад Захара Кудзіна, Уладзіміра Пазняка.


DSC01644.jpg


Дзяржава павінна зразумець

Вялікая праблема, што сучаснага мастацтва няма ў беларускіх акадэміях і школах. Пры тым што сёння мы маем магчымасць, якой, можа, ніколі не было за сто апошніх гадоў – цэлую плынь мастакоў, якія скончылі школы на Захадзе, і якія могуць сёння прадстаўляць беларускае мастацтва на належным узроўні. На жаль, дзяржаўныя інстытуцыі з імі не кантактуюць. Думаю, што дзяржава зразумее сітуацыю, калі ёй яе дакладна паказаць, наверсе ж не сядзяць дурні.


DSC01672.jpg


Запісаў Сяргей Кандраценка, прэс-сакратар МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”,
фота Fundacja Villa Sokrates



16–30 кастрычніка – Выставачны праект “ZBOR In Progress”

Лёнік Тарасэвіч: Толькі прымітыўныя людзі думаюць, што калі спаляць кніжку, то знішчаць напісанае