Анатоль Грыцкевіч: адчуваць сябе беларусам

Чатыры гады таму пайшоў з жыцця Анатоль Грыцкевіч, знаны беларускі гісторык, адзін з заснавальнікаў і прэзідэнт ЗБС “Бацькаўшчына” ў 2001–2005 гг. Сёння, 31 студзеня 2019 года, яму споўнілася б 90 гадоў.


Гэта размова была запісана яшчэ ў 2014 годзе.

Шляхецкія карані

— Мой бацька, Пётр Навумавіч Грыцкевіч, быў родам са Случчыны і паходзіў са старадаўняга шляхецкага роду. Праваслаўнага, дарэчы, аднак сам я перайшоў у грэка-каталікі. Прынцыпова, таму што не хачу быць у царкве, якая падначаленая Маскве.

Калісьці тымі мясцінамі валодаў сын князя Альгерда Уладзімір Альгердавіч. Спачатку ён быў кіеўскім князем, але пасаду страціў, і атрымаў Слуцк.

На жаль, нашай невялічкай вёскі Валкавічы больш не існуе. Гэта чатыры кіламетра на паўночны Захад ад Слуцка.

У нас было 17 гектараў зямлі, на якіх працавала ўся сям’я. Працавалі як звычайныя сяляне. Адзіная прывілея — не плацілі падаткаў.

Дарэчы, некалі мой дзядзька Павел нават хадзіў працаваць да пані Дзяржынскай, якая мела 400 гектараў. Гэта была цётка «жалезнага Фелікса». Параўнайце, 400 га і 17… Як кажуць, і смех, і грэх…

Дзед, Навум Фёдаравіч, быў вельмі разумным чалавекам. У нас ніколі не працавалі парабкі, што і выратавала ад ссылкі ў Сібір. Больш за тое, два яго малодшыя сыны (адзін мой бацька) працавалі на савецкую ўладу, у якой тады катастрафічна не хапала кіруючых кадраў. Яны і падказвалі, што трэба рабіць, каб не патрапіць пад рэпрэсіі.

У дзеда было шасцёра дзяцей. Усе хлопцы. І толькі адзін мой бацька, як вельмі хацеў вучыцца, трапіў у Слуцкую гімназію. У яго было дзесяць тамоў Вялікай савецкай энцыклапедыі, таму тое, што я потым стаў гісторыкам, — цалкам лагічна.

Як я ўжо казаў, бацька падтрымліваў савецкую ўладу. Са Случчыны яго накіравалі ў Мінск вучыцца ў партыйную школу. А маці вучылася на медыка і працавала ў сваім інстытуце бібліятэкарам. Тут і пазнаёміліся.

Я нарадзіўся ўжо ў Мінску. Было гэта 31 студзеня 1929 года.

Калі пачалася вайна, мой бацька пайшоў на фронт дабравольцам. І амаль адразу пад Масквой загінуў. Як і ўвесь 321-ы асобны сапёрны батальён Заходняга фронту. Сталін потым даў загад аднавіць яго ў поўным складзе, бо сцяг часткі захаваўся і не трапіў да ворагаў.

Маці звалі Інэсай Львоўнай Дазорцавай. Родам яна была з гарадскога пасёлку Карма, які знаходзіцца ў Гомельскай вобласці. Яна была лекарам па жаночых хваробах. На жаль, у 1966 годзе яе таксама не стала.

Падчас шлюбу маці нават дзявочая прозвішча не мяняла, бо магло высветліцца дваранскае паходжанне бацькі, а пагроз хапала і без гэтага.

…1937 год. Добра памятаю (быў у першых класах школы), як бацьку тады выключылі з партыі. Дзякуй Богу, не за паходжанне.

Газета «Рабочы», якая потым стала «Советской Белоруссией», надрукавала вялікі артыкул сакратара (бацька быў старшыня) арганізацыі настаўнікаў вышэйшай і сярэдняй школы, дзе было напісана, што Пётр Навумавіч Грыцкевіч не змагаўся з так званай «дъяковской бандой», якая дзейнічала ў Народным камітэту адукацыі. Маўляў, «депутат и сам учитель не разоблачал «врагов народа». Пашанцавала, усё абмежавалася толькі тым, што выкінулі з партыі. Год ён быў без працы.

Раёнаў у Мінску тады яшчэ не было. Толькі гаркам партыі. Яго (амаль у поўным складзе) потым двойчы расстралялі. У тым ліку і тых, хто «выключаў».

У пачатку 1938 года на чарговым партыйным пленуме Сталін выказаўся, што «настоящих коммунистов враги выкинули из партии». Гэта стала сігналам. Майго бацьку аднавілі і прызначылі дырэктарам пятай сярэдняй школы, якая месцілася там, дзе зараз знаходзіцца скверык (ад праспекта Незалежнасці да вуліцы Карла Маркса) насупраць КДБ.

Адтуль ён і пайшоў на вайну.

Як і маці. Яна ваявала хірургам ваеннага шпіталю на Заходнім фронце, а мы з братам былі ў Саратаве ў дзіцячым доме.

Вяртанне на Беларусь

— Вярнуліся мы ў Мінск у 1944 годзе. Потым маці накіравалі ў Яраслаўль, дзе адкрывалі медычны ўніверсітэт. Пасля гэтага мы яшчэ адзін год пражылі ў Кіргізіі, так што я, акрамя беларускай, англійскай, нямецкай, польскай і рускай, крыху ведаю і кіргізскую мову. Дарэчы, польскую мову я вывучыў самастойна. Толькі яна з «віленскім акцэнтам».

Маці вельмі хацела, каб я быў лекарам. Школу скончыў у шаснаццаць з паловай гадоў і адразу паступіў у мінскі медінстытут.

Пасля мяне накіравалі на чыгунку. Нават іх форму насіў. Чорная такая. З пагонамі. Калі мы дапамагалі адной з вёсак, там мне так і сказалі — эсэсавец… Даслужыўся да памочніка начальніка ўрачэбна-санітарнай службы беларускай чыгункі, і мог дасягнуць на гэтай кар’ернай лесвіцы значна большых прыступак, але пайшоў у гісторыю.

Дарэчы, калі гэта стала вядома, з чыгункі мяне не хацелі адпускаць. Пераканала толькі тое, што пасля атрымання вучонай ступені я буду атрымліваць значна большы заробак.

Але аб усім па парадку. У 1950 годзе я скончыў медычны інстытут, і праз пару гадоў завочна пайшоў у ін’яз, дзе і прапанавалі паступаць яшчэ і ў БДУ. Гэта я і зрабіў. У 1955 годзе скончыў ін’яз, а ў 1958-м гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Падчас вучобы атрымліваў усе пяцёркі, толькі па адной «палітэканоміі сацыялізму» меў «добра». Усё далей ішло нармальна, але на дзяржаўных іспытах дадалася яшчэ адна «чацвёрка», што не дазволіла атрымаць чырвоны дыплом, — па гісторыі КПСС. Дрэнна ведаў лісты Леніна…

Цікава, што і я, і брат падчас вучобы на медыкаў, хацелі дадаткова пайсці ў інстытут гісторыі, але маці была катэгарычна супраць, бо ў 1937 годзе ўсіх гісторыкаў перастралялі і перасаджалі амаль першымі.

Рэдкі выпадак, каб завочніка запрашалі на працу ў Інстытут гісторыі Акадэміі навук БССР, але са мной у 1959 годзе менавіта так і адбылося.. Спачатку малодшым навуковым супрацоўнікам, потым — старшым.

Праз пяць гадоў абараніў кандыдацкую дысертацыю, якая датычылася гісторыі Слуцку ў XVI–XVII стагоддзях. У 1986 годзе была ўжо доктарская дысертацыя з вельмі незвычайнай тэмай: «Праватна-ўладальніцкія гарады ў Беларусі і Літве». Дарэчы, абараняў яе менавіта ў Вільні, бо тут маглі не зразумець. У нас лічылася, што гарады бываюць выключна дзяржаўнымі.

Яшчэ падчас работы ў Акадэміі Навук мяне запрасілі ў Інстытут культуры, які зараз стаў універсітэтам культуры і мастацтваў. Ён якраз толькі-толькі адкрываўся. Працаваў там з 1975 года. Стаў загадчыкам кафедры гісторыі.

Потым хацелі нават рэктарам абраць, але перамагла будучая жонка старшыні КДБ. Лічылася, што я нацыяналіст, хаця, на мой погляд, гэта было не зусім так. Хаця, канешне, пэўныя падставы існавалі. Яшчэ да аб’яўлення афіцыйнай незалежнасці, я прымусіў усіх выкладчыкаў сваёй кафедры чытаць лекцыі выключна на беларускай мове.

Напэўна, даволі слушна, што я не стаў рэктарам. Лукашэнка б усё роўна гэта выправіў, бо разам з рэктарствам быць яшчэ і ў БНФ сёння немагчыма па вызначэнні.

Доўгі час я быў загадчыкам кафедры. Да 2008 года. 31 год — гэта шмат! А потым год працаваў звычайным прафесарам. Чытаў лекцыі бібліятэкарам, загадчыкам музеяў, дырэктарам клубаў, рэжысёрам народных музычных тэатраў і г.д. Выкладаў да васьмідзесяці гадоў, а потым сышоў і толькі пісаў кнігі.


00-EA26332B-C5BF-4006-862D-4C4868253A19_cx0_cy9_cw0_w1597_n_r1_s.jpg

 Анатоль Грыцкевіч з сынам Пятром. Здымак 1961 году


Пад знакам беларушчыны

Для мяне заўсёды важна было адчуваць сябе беларусам. На жаль, некаторыя ставіліся да гэтага вельмі варожа. Адзін мой школьны сябар (палкоўнік Савецкай арміі), калі даведаўся, што я ў БНФ, перастаў сябраваць фразай — «Такую краіну развалілі…»

Магчыма, ён не ведаў (альбо не хацеў ведаць), што краіна тая была вельмі жудаснай. Ніхто яе не развальваў, развалілася сама. Тая краіна абсалютна не прымала ўсё нацыянальнае. Памятаю, як у першых класах школы мяне забралі з беларускамоўных класаў толькі з-за страху, што могуць абвінаваціць у нацыяналізме.

Дый і зараз стаўленне да ўсяго беларускага ў расейцаў вельмі кепскае. Мой брат Валянцін жыў і памёр у Санкт-Пецярбурзе. Жонка прывезла ўсё, што ад яго засталося пасля крэмацыі, «падзахаваць» на магілу маці. Паставіла невялічкі помнік. З неверагоднымі цяжкасцямі ўдалося пераканаць яе напісаць там хоць некалькі словаў па-беларуску. Зараз ніякіх камунікацый паміж намі больш няма…

Зразумела, што ў эвакуацыі ўсё было па-руску. Калі мне цудам трапляла кніжка на беларускай мове, я літаральна не выпускаў яе з рук. Чытаў, як кажуць, ад коркі да коркі.

Падчас шаснаццаці гадоў працы ў Акадэміі навук самой галоўнай сваёй заслугай я лічу ўдзел у выданні пяцітомнай «Гісторыі Беларусі». Яна кардынальна адрознівалася ад савецкіх міфаў пра нейкае «славянскае братэрства» і дапамогу «рускага народа».

З архіваў (Мінск, Вільня, Варшава, Масква, Санкт-Пецярбург) я ўзяў, што «дапамога» насамрэч складалася з таго, што рускія войскі прышлі, парабавалі, частку насельніцтва забілі (асабліва ў гарадах), а сялян масава вывозілі ў Расію, каб зрабіць сваімі прыгоннымі. Вось і ўсё «братэрства».

Дарэчы, у архівах я знайшоў увесь свой радавод і займеў адпаведны герб, які складаецца з дзвюх харугваў. Калі яго ўбачыў мой унук, то сказаў вельмі кранальнае: «Як нас шмат!». І гэта толькі па лініі бацькі.

Цікава, што адным з маіх продкаў быў Юхно Грыцкевіч. Князі называліся Юрыямі, а ўсе астатнія — Юхно. Дык вось, ён удзельнік бітвы пад Воршай, так што ў некаторым сэнсе 8 верасня можна лічыць маім сямейным святам…

А ў БНФ я трапіў так.

Неяк сустрэў мяне Зянон Пазняк і расказаў, што ў Чырвоным касцёле, дзе тады быў Дом кіно, будзе пасяджэнне па стварэнні новай арганізацыі. 19 кастрычніка 1988 года паўстаў Аргкамітэт па стварэнні Беларускага Народнага фронту, які цалкам пералічаны ў Энцыклапедыі гісторыі Беларусі. Усе 32 чалавекі. У наступным годзе ў Вільні адбыўся ўстаноўчы з’езд.

Калі БНФ падзялілі, мяне спачатку запісалі ў тую частку, якая супрацьстаяла Пазьняку. Потым я з яе выйшаў і ўступіў у Кансерватыўна-хрысціянскую партыю БНФ. Спачатку быў у Сойме, але ў мае гады хадзіць на пасяджэнні вельмі складана, таму прышлося з яго выйсці...

Аляксандр Тамковіч, “Новы Час”