Алена Макоўская: Трэба актывізаваць працу з беларускім замежжам

Сучасная беларуская дыяспара адрозніваецца ад ранейшай. Аднак Рэспубліка Беларусь як дзяржава па-ранейшаму не шмат думае пра беларусаў замежжа.

Пра гэта ды іншае гаворым з госцем “Рацыі” – кіраўніцай Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” Аленай Макоўскай. Спадарыня Алена ўзяла ўдзел у “Трыялогу” ў Крынках на тэму “Belarusian Outside”.

РР: Якімі былі вашыя першыя асацыяцыі, калі вы пачулі тэму сёлетняга “Трыялогу”?

Алена Макоўская: Мне гэтая тэма спадабалася сваёй шматзначнасцю. “Belarusian Outside” – гэта беларусы, якія жывуць па-за межамі Беларусі, або Беларусь сёння сама ўжо як бы “outside” сваёй дыяспары і тых прагрэсіўных тэндэнцый, якія адбываюцца ў свеце. Гэтая тэма вельмі сугучная таму, пра што мы казалі на Сёмым з’ездзе беларусаў свету, і на што мы звярталі ўвагу дзяржаўных устаноў Беларусі. А гэта менавіта тое, што трэба актывізаваць працу з беларускім замежжам. Сёння ў Беларусі дзейнічае закон, які быў прыняты ў 2014 годзе, дзякуючы і нашым намаганням, і намаганням беларускай дыяспары. Але гэты закон пакуль што носіць кампрамісны характар і проста вызначае, хто такі “беларус замежжа”. З аднаго боку, добра, што гэты закон прыняты, але з іншага – хацелася б ужо нейкіх канкрэтных дзеянняў, якія б датычыліся беларусаў замежжа. Зараз таксама дзейнічае дзяржаўная праграма, але яна падвяргаецца крытыцы з боку беларусаў замежжа, бо, на іх думку, яна носіць выключна фальклорны, “цымбальны” характар, вельмі слаба падмацаваная фінансава, і падтрымлівае суполкі згодна са ступенню іх лаяльнасці да ўладаў. Мы лічым, што такі падзел не спрыяў і не спрыяе даверу і таму, каб супрацоўніцтва з дзяржавай ішло больш інтэнсіўна. У сучасным свеце тэндэнцыі змяніліся. Раней дыяспары рознымі краінамі свету ўспрымаліся негатыўна, бо людзі з’ехалі і быў згублены вялікі чалавечы рэсурс, інтэлектуальны патэнцыял. Сёння ж у сувязі з глабалізацыяй і развіццём тэхналогій краіны максімальна карыстаюць са сваіх дыяспар. Яны разважаюць наступным чынам: ад нас з’язджаюць людзі, але ўзамен мы атрымліваем ідэі, інавацыі, тэхналогіі, інвестыцыі ў абсалютна розныя сферы. Эканомікі шмат якіх краін растуць у тым ліку дзякуючы супрацоўніцтву са сваімі дыяспарамі. Беларусы замежжа – гэта многія легальныя грамадзяне іншых краін свету, многія з іх – прафесіяналы. І можна казаць, што цяпер Беларусі больш патрэбныя яны, чым ім патрэбная Беларусь, бо яны цвёрда стаяць на нагах. Калі Беларусь не інтэнсіфікуе працэсы, калі не пачне сур’ёзна працаваць са сваёй дыяспарай, то, напэўна, ужо мы будзем “outside”. 

РР: Як змяняецца дыяспара? Бо адыходзяць і адышлі ўжо такія яе слупы як Хведар Нюнька або Барыс Кіт. Беларусы, выязджаючы, проста інтэгруюцца ў грамадства, у якое трапілі, ці яшчэ захоўваюць свае беларускія карані?

Алена Макоўская: Гэта вельмі складанае пытанне, таму што няма дакладных дадзеных статыстыкі. Беларусы звычайна, калі выязджаюць, то спрабуюць дыстанцавацца ад дзяржавы і не анансуюць свой ад’езд. Калі нашыя навукоўцы праводзяць аналіз і звяраюць дадзеныя розных краін свету, то выходзіць наступнае: напрыклад, Рэспубліка Беларусь паведамляе, што выехала 5 тысяч, а Канада паведамляе, што ўехала 10 тысяч. Вельмі часта беларусы атрымліваюць пашпарт іншай краіны, але захоўваюць і беларускі. І гэта таксама блытае статыстыку. Аднак часта людзі, выязджаючы па-за межы Беларусі, пачынаюць асэнсоўваць сябе беларусамі. Хоць асіміляцыя ідзе вельмі імкліва, і перапісы насельніцтва, якія праводзяцца рознымі краінамі, фіксуюць змяншэнне колькасці беларусаў. Але гэта найперш звязана з невыразнай унутранай палітыкай нашай краіны. Калі б для людзей прыналежнасць да беларускай культуры і валоданне беларускай мовай былі каштоўнасцямі, то выязджаючы яны б больш імкнуліся трымацца разам. Тым не менш рэсурс яшчэ ёсць і ён захоўваецца. У гэтай сітуацыі вельмі важным крокам дзяржавы павінна быць кампанія на пабудову даверу. Трэба перастаць падзяляць беларусаў на сваіх і чужых, трэба ладзіць унутры краіны камунікацыйныя, інфармацыйныя кампаніі, каб папулярызаваць спадчыну беларускага замежжа. Такога ў нас пакуль няма. Нядаўна нашая арганізацыя рабіла аналіз падручнікаў за 9–11 класы – менавіта на прысутнасць у падручніках прадстаўнікоў беларускай дыяспары. На жаль, спарадычна беларуская эміграцыя ўзгадваецца толькі ў падручніку па геаграфіі. У падручніках па літаратуры гэтага няма ўвогуле. Чаму беларусы ў Беларусі не ведаюць пра беларускую нацыянальную меншасць на Беласточчыне?

РР: Мала, што не ведаюць, дык і не адрозніваюць дыяспару ад меншасці, думаючы, што беларусы некалі выехалі на Беласточчыну...

Алена Макоўская: Так, бо гэтыя веды мусяць пачынацца са школы, і тут вялікую ролю адыгрывае такі прадмет як “Грамадазнаўства”. У ім цяпер эміграцыя з Беларусі ацэньваецца негатыўна, ставіцца пад сумнеў, ці гэтыя людзі ўвогуле патрыёты. Гэта працяг савецкай палітыкі ізаляцыі, калі людзі мусілі жыць у закрытай краіне і лічыць, што жывецца ім тут добра, а ўсе, якія з’язджалі, лічыліся здраднікамі і ацэньваліся адназначна негатыўна. У цяперашніх падручніках – адгалосак той ідэалогіі, ад якой мы ніяк не можам пазбавіцца. Другі мэсэдж, які сустракаецца ў “Грамадазнаўстве”, гэта тое, што беларусы не здольныя аб’ядноўвацца па этнічнай прыкмеце. А гэта ўвогуле супярэчыць рэчаіснасці. Мы зараз будзем рыхтаваць прапановы па ўнясенні зменаў у гэтыя падручнікі.

РР: Я так разумею, што ўсё ж без дапамогі і добрай волі дзяржавы цяжка вырашыць гэтыя пытанні і праблемы?

Алена Макоўская: Так, шмат чаго робіцца грамадскім чынам, грамадскімі арганізацыямі за мяжой – яны даследуюць дыяспару. Але змены ў заканадаўстве магчымыя толькі пры жаданні і добрай волі дзяржавы.

Яна Запольская, “Беларускае Радыё Рацыя”


0
Гость
А як быць з беларускімі дамкамі на Жыгімонта 12 у Вільні, якія належылі беларусам. Хто адкажа за іх страту і тое, што беларусы іх згубілі. Чаму датычныя да іх згубы сёння героі. Цікавае пытанне
Имя Цитировать 0
Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение