Алег Латышонак: Беларусы ў Польшчы

У апошнія трыццаць гадоў беларуская меншасць у Польшчы падлягала тым самым працэсам, што і польская большасць. Усё ж такі была і розніца між тытульнай нацыяй і меншасцю. Беларусы ў сваёй масе станоўча ставіліся да г. зв. народнай улады, сапраўды камуністычнай. Разгром «Салідарнасці» на пачатку 80-х гадоў большасць беларусаў прыняла з палёгкай, паколькі гэтая арганізацыя бачылася імі як нацыяналістычная і каталіцка-клерыкальная. Тут трэба адзначыць, што прыгнятальная большасць беларусаў у Польшчы – гэта праваслаўныя. Католікаў толькі жменька; даслоўна – адзінкі. Размова ідзе тут пра нацыянальна свядомых беларусаў, а не палякаў, якія яшчэ і сёння гавораць «простай мовай», але нізашто не назавуць гэтую мову беларускай. Нягледзячы на тое, што большасць беларусаў падтрымлівала г. зв. народную ўладу, беларуская меншасць была адзінай нацыянальнай меншасцю ў Польшчы, якая стварыла антыкамуністычнае падполле.

У перыяд трансфармацыі сацыялістычнай дэмакратыі ў проста дэмакратыю на зломе 80-х і 90-х гадоў мінулага стагоддзя беларусы ўвайшлі з адной масавай арганізацыяй – Беларускім грамадска-культурным таварыствам, элітным літаб’яднaннем «Белавежа» і тыднёвікам «Ніва». Усе яны былі створаныя яшчэ ў 50-я гады. Новай арганізацыяй было Беларускае аб’яднанне студэнтаў, зарэгістраванае ў 1988 годзе.

Свабода слова і права на свабоду аб’яднанняў развязалі шмат праблемаў, якія турбавалі беларускую нацыянальную меншасць у Польшчы. Пасля 1989 года ў беластоцкіх СМІ сістэматычна з’яўлялася інфармацыя пра беларусаў, якія жылі на тэрыторыі горада і ваяводства. Усе найважнейшыя падзеі з жыцця беларускай грамадскасці досыць шырока абмяркоўваліся ў мясцовай прэсе і на мясцовай рэдакцыі Польскага радыё. Беларусы пачалі існаваць як адзін з элементаў беластоцкага грамадскага жыцця.

Фактарам, якія спрыяў публічнай дэманстрацыі беларускай прысутнасці, сталі выбары ў парламент і ў органы мясцовага самакіравання. Беларускую прысутнасць на выбарах запачаткаваў неафіцыйны Беларускі клуб, створаны ў пачатку 1989 года ў Беластоку. Хоць ні Беларускі клуб, ні створаныя з ягонай ініцыятывы Беларускі выбарчы камітэт і палітычная партыя "Беларускае дэмакратычнае аб’яднанне" не дабіліся поспеху ў парламенцкіх выбарах, пачынаючы з 1989 года заўсёды існавалі беларускія выбарчыя камітэты, войты і бургамістры, вылучаныя раднымі з гэтых камітэтаў. Сістэматычнае з’яўленне слова “беларусы” ў сродках масавай інфармацыі прывяло да зніжэння негатыўных эмоцыяў сярод палякаў, якія раней выклікаліся адной толькі згадкай пра існаванне беларускага пытання.

Пасля падзення камунізму, які для значнай часткі беларускага насельніцтва ў своеасаблівай форме замяняў нацыянальную ідэалогію і быў той платформай, якая аб’ядноўвала яго з “рускай” цывілізацыяй на ўсходзе, такую ўніверсальную функцыю пачало пераймаць праваслаўе. У той жа час узрастала папулярнасць палітыкаў, якія апелявалі да лозунгаў праваслаўнага ўніверсалізму і традыцыяў Народнай Польшчы. Гэта азначала змяншэнне ўплываў тых беларускіх арганізацыяў, якія рупіліся пра развіццё нацыянальнага жыцця. Пасля чарговай паразы Беларускага выбарчага камітэта ў парламенцкіх выбарах 1993 года кандыдаты ў дэпутаты Сойма і члены самакіравання з беларускага асяроддзя гуртаваліся часцей за ўсё ў разнастайных грамадскіх праваслаўных камітэтах ці ішлі на выбары на спісках агульнапольскіх партыяў.

Пасля 1989 г. узніклі не толькі палітычныя беларускія арганізацыі. У 1990 годзе група маладой інтэлігенцыі заснавала Асацыяцыю беларускіх журналістаў і пачала выдаваць месячнік “Czasopis” на польскай і беларускай мовах. У наступным годзе ўзнікла яшчэ адна моладзевая арганізацыя – Звяз беларускай моладзі, арыентаваная на пазаакадэмічнае асяроддзе. У 1992 годзе ў выніку празмернага ўмяшання ўладаў БГКТ у жыццё рэдакцыі “Нівы” журналісты разарвалі ўсе формы залежнасці ад гэтай арганізацыі. Выдаўцом тыднёвіка стала Праграмная рада, якая аб’яднала прадстаўнікоў новаўзніклых беларускіх арганізацыяў. У 1993 годзе ўзнікла ў Беластоку Беларускае гістарычнае таварыства. Набыло таксама самастойнасць Беларускае літаратурнае аб’яднанне “Белавежа”. У Гданьску ўзнікла Беларускае грамадска-культурнае таварыства “Хатка”. Нарэшце, у 1994 годзе стварыўся Беларускі саюз у Рэспубліцы Польшча. Саюз з’яўляецца федэратыўнай арганізацыяй з даволі свабоднай формай аб’яднання.

Дэмакратызацыя палітычнага жыцця ў Польшчы стварыла перспектывы для лепшага развіцця беларускай культуры. Актыўная выдавецкая дзейнасць беларускіх асяродкаў пасля 1989 года, а таксама багатая праграма масавых культурных імпрэзаў сталі магчымымі дзякуючы фінансавай дапамозе Міністэрства культуры і мастацтва. Іншай крыніцай фінансавай падтрымкі дзейнасці беларускіх арганізацыяў сталі разнастайныя фундацыі, а таксама органы мясцовага самакіравання. Пасля 1989 года былі выдадзеныя дзясяткі кніжак, аўтарамі якіх былі пісьменнікі, згуртаваныя ў “Белавежы”, а таксама гісторыкі з Беларускага гістарычнага таварыства. Уласную выдавецкую серыю запачаткавала рэдакцыя тыднёвіка “Ніва”. Другую маладосць перажывала таксама БГКТ, ладзячы шматлікія музычныя імпрэзы, якія часам збіралі па некалькі тысяч гледачоў. Вялікі поспех мела студэнцкая ініцыятыва арганізацыі фестывалю беларускай рок-музыкі “Басовішча”. Ён і цяпер штогод збірае ў Гарадку тысячы маладых беларусаў і палякаў.

Апошняе дзесяцігоддзе ХХ стагоддзя было, несумненна, найлепшым перыядам для развіцця беларускага грамадства на Беласточчыне. Аднак у канцы 1990-х гадоў з’явіліся тэндэнцыі да адыходу ад спрыяльнай нацыянальным меншасцям палітыкі, якая праводзілася з пачатку палітычнага пералому ў 1989 годзе. Памяншэнне датацыяў на дзейнасць таварыстваў і выдавецкія праекты нацыянальных меншасцяў паралізавала шматлікія ініцыятывы, задуманыя ў тым ліку і беларускімі асяродкамі. Развіццю беларускага нацыянальнага жыцця на Беласточчыне не спрыялі і халодныя адносіны паміж Польшчай і Рэспублікай Беларусь. Супрацоўніцтва наабапал мяжы было сур’ёзным чынам абмежаванае таксама ўвядзеннем візавага рэжыму на пачатку новага тысячагоддзя.

У 2002 годзе ў Польшчы быў праведзены ўсеагульны перапіс насельніцтва. Аказалася, што толькі 49 тысяч польскіх грамадзян акрэслілі сваю нацыянальнасць як беларускую, у тым ліку 46 тысяч жыхароў усходніх паветаў Падляшскага ваяводства. Практычна ўсе беларускамоўныя католікі і больш за 70% праваслаўных падалі апытальнікам польскую нацыянальнасць. Асіміляцыя праваслаўнага насельніцтва найпавольней адбывалася там, дзе ў мясцовых адукацыйных установах вывучалі беларускую мову прынамсі як прадмет, перш за ўсё ў Гайнаўскім і Бельскім паветах. Найхутчэй асімілявалася насельніцтва Сакольскага і Сямятыцкага паветаў, дзе беларускія школы былі ліквідаваныя ў сярэдзіне 1950-х.

Пераломам у беларускім жыцці ў Польшчы стаў на першы погляд малапрыкметны інцыдэнт у 2003 годзе, калі прадстаўніцтва Найвышэйшай кантрольнай палаты (НКП) у Беластоку правяло комплексную праверку рэдакцыі беларускага тыднёвіка “Ніва”. Праверыўшы выдаўцоў “Нівы”, г. зн. Праграмную раду, кантрольная палата прад’явіла розныя абвінавачанні. У большасці яны былі выкліканыя недапасаваннем закону да практыкі выдаткавання датацыяў урадавымі і самакіраўнічымі ўстановамі, а таксама іх разліку бенефіцыянтамі. НКП праверыла тады некалькі іншых суб’ектаў на тэрыторыі ўсёй краіны, якія атрымлівалі датацыі Міністэрства культуры і мастацтва, выявіла тыя самыя парушэнні, але ў ніводным выпадку справе не надаваўся крымінальны характар. Вынікі сваёй праверкі, асабліва ў дачыненні да “Нівы”, прадстаўніцтва НКП шырока разрэкламавала ў мясцовай прэсе, надаючы ім характар сенсацыі. Раённая пракуратура ў Беластоку склікала шматлікія прэс-канферэнцыі, перадаючы паведамленні пра следства і прагназаваныя прысуды, з якіх самыя строгія прадугледжвалі восем гадоў пазбаўлення волі. У выніку былі абвінавачаныя 11 чалавек, пераважна кіраўнікі беларускіх арганізацыяў, якія ўзніклі пасля 1989 года. Пасля двух гадоў следства раённая пракуратура прызнала, што ніводзін з іх не прысвоіў аніводнага злотага, але тым не менш справу накіравалі ў суд. У выніку “Працэсу 11-ці” распаўся свет новай беларускай эліты, які, як ёй падавалася, яна стварала супольна з палякамі. Ужо не было падзелу на прыхільнікаў зменаў і старога парадку, а заставаўся толькі класічны падзел на “мы” і “яны” паводле этнічнага крытэру. Падтрымку абвінавачаным выказалі тыя беларускія асяродкі ў Польшчы, з якімі яны больш за дзесяць гадоў знаходзіліся ў спрэчцы ці канфлікце. Пратэсты на адрас польскіх уладаў прыходзілі ад беларускіх арганізацыяў з усяго свету. Тут трэба выказаць падзяку Згуртаванню "Бацькаўшчына", якое гэты ўсясветны пратэст арганізавала. Пачуццё адзінокасці беларусаў сярод палякаў дадаткова ўзмацніла тое, што ў 2002 годзе спыніла вяшчанне Радыё Рацыя праз адсутнасць датацыяў, а яго арганізатараў з Беларускага саюза пакінулі сам-насам з вялізным доўгам. У той самы год сенат Беластоцкага ўніверсітэта вырашыў адмяніць утварэнне Інстытута беларусістыкі.

Урэшце ў 2006 годзе ўсе абвінавачаныя ў працэсе Праграмнай рады тыднёвіка “Ніва” былі прызнаныя невінаватымі. Новы польскі ўрад, створаны партыяй "Права і справядлівасць", знайшоў грошы на Беларускае Радыё Рацыя, якое аднавіла дзейнасць і працягвае яе да сённяшняга дня. Тым не менш наступствы працэсу “Нівы” ў кароткай гістарычнай перспектыве аказаліся незваротнымі. Рэзка ўпала зацікаўленасць ва ўдзеле ў беларускім нацыянальным руху. Існаванне большасці арганізацыяў стала хутчэй фармальным і працягвалася інерцыйна. Праз дзесяць з лішкам гадоў вярнуліся праблемы камуністычных часоў. Беларускія асяродкі перасталі самастойна выстаўляць сваіх кандыдатаў у выбарах. Як і раней, ухваляліся затое кар’еры паасобных беларусаў з дапамогай апарату польскіх партыяў, якія карыстаюцца агульным прызнаннем. У ПНР ролю такой узлётнай паласы ва ўладу выконвала Польская аб’яднаная рабочая партыя, у 1990-я гады – Саюз дэмакратычнай лявіцы, а да апошніх выбараў у 2015 годзе – Грамадзянская платформа. Беларуская праблема ў грамадскім вымярэнні перастала існаваць. Цяпер няма аніякага асяродку, які б ажыццяўляў дзеянні нацыянальнага характару, як гэта было ў 1990-х, калі пад лозунгамі адраджэння беларускай культуры і саматоеснасці грамадскай падтрымкі дабіваліся некалькі грамадска-палітычных арганізацыяў. Цяпер, першы раз за ўсю гісторыю Польшчы, у польскім парламенце няма ніводнага беларуса!

Дзяржаўныя датацыі, якія ў 1990-я гады істотна падтрымлівалі беларускіх дзеячаў у арганізацыі розных імпрэзаў, праз складаную сістэму разлікаў сталі клопатнымі і патрабуюць удзелу прафесіяналаў з веданнем права і бухгалтэрыі. Апека над нацыянальнымі меншасцямі зноў перададзеная была ў Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі. Зрэшты, прэфераваны цяпер уладамі абсяг актыўнасці, пераважна ахова фальклору і народных традыцыяў, аніяк не спрыяе развіццю сучаснай нацыянальнай саматоеснасці польскіх беларусаў.

Апошні перапіс, праведзены ў 2011 годзе, паказаў, што ў Польшчы пражывае 44 тысячы беларусаў, з іх 38 тысяч – у Падляшскім ваяводстве. Пры тым 27 тысяч апошніх назвалі беларускаю нацыянальнасць як адзіную, а 11 тысяч – разам з польскай (можна было назваць прыналежнасць да дзвюх нацыянальнасцяў). Перапіс не быў усеагульны, на беларускай тэрыторыі праведзены быў несумленна, і згаданыя дадзеныя вельмі сумнеўныя. Тым не менш не трэба перапісу, каб сцвердзіць, што беларусаў безумоўна меншае. Вёска адмірае ад старасці, а з мястэчак людзі выязджаюць за працай у Беласток, углыб Польшчы і яшчэ далей, на Захад. За апошняе чвэрць стагоддзя насельніцтва Гайнаўкі, аднаго з трох найважнейшых, апрача Беластока і Бельска Падляшскага, беларускіх цэнтраў у Польшчы, паменшала з 24 да 16 тысяч жыхароў! Да таго ж маланкава паступала асіміляцыя, і сёння малодшае пакаленне, асабліва ў Беластоку, лічыць сябе палякамі.

Тым не менш, нягледзячы на дэпапуляцыю ўсходняй Беласточчыны, асіміляцыю і заняпад беларускага руху, у апошнія гады ёсць і станоўчыя з’явы. Дзякуючы намаганням Аб’яднання бацькоў дзяцей, якія вывучаюць беларускую мову, АБ-БА з’явілася пастаяннае навучанне беларускай мовы ў Беластоку, ад польска-беларускага садка пачынаючы. Вярнулася таксама навучанне беларускай мовы ў мястэчка Міхалова. Разам з Міністэрствам нацыянальнай адукацыі была распрацаваная дзяржаўная Стратэгія развіцця беларускага школьніцтва. Беларуская мова стала дапаможнай у 4 гмінах, а ў гміне Орля з’явілася нават на дарожных паказальніках. У гэтай багатай (дзякуючы пабудове завода сусветнай фірмы ІКЕА) гміне ствараецца таксама беларускі культурны цэнтр.

Калі вядзецца пра праблемы апрача штодзённых клопатаў, дык сёння можна назваць тры. Два першыя маюць характар экалагічна-палітычны.

Першы з іх – гэта сусветна ўжо вядомы канфлікт вакол высечкі хворых дрэваў у Белавежскай пушчы. Г. зв. эколагі дамагаюцца забараніць высечкі любых дрэваў у гэтай пушчы. Урадавы бок аргументуе, што Белавежская пушча памылкова была занесеная ў сусветны спісак ЮНЕСКА як прыродны аб’ект, паколькі сапраўды гэта аб’ект культурна-прыродны. Безумоўна, урадавы бок мае тут рацыю, паколькі лясная гаспадарка вялася на тэрыторыі пушчы заўжды. Усё ж такі немагчыма не заўважыць, што як г. зв. эколагі не ўспамінаюць пра пушчанскіх людзей, так урадавы бок замоўчвае тое, што культура большасці тых людзей – беларуская.

Другая са згаданых праблем праявілася нядаўна, хаця яна не новая. У 70-я – 80-я гады ў сувязі з пабудовай вадасховішча "Семяноўка" было выселена 8 вёсак з сотнямі жыхароў, амаль выключна беларусаў. І вось цяпер пачалося змаганне даўніх жыхароў вёскі Лука за вяртанне забранай зямлі, якая паводле закона павінная да іх вярнуцца, бо мэты, дзеля якіх забіралася, не былі дасягнутыя. За лучанамі могуць пайсці і іншыя. Паколькі высяленне беларускіх вёсак было безумоўным злачынствам камуністычнай улады, беларусы спадзяюцца, што цяперашняя будзе больш трымацца права і справядлівасці.

Апошняя праблема мае чыста палітычны і агульнапольскі характар. Гэта прыняты афіцыйна яшчэ папярэднім урадам Грамадзянскай платформы культ г. зв. праклятых жаўнераў, якія пасля ІІ сусветнай вайны змагаліся супраць накінутай саветамі камуністычнай улады. Не было б у тым нічога кепскага, каб не тое, што афіцыйна або неафіцыйна ўшаноўваецца памяць і тых жаўнераў антыкамуністычнага падполля, якія запляміліся злачынствамі, у тым ліку мардаваннем нічому не вінаватых беларусаў. Апагеем гэтых дзеянняў з’яўляюцца арганізаваныя ў апошнія два гады польскімі шавіністычнымі групоўкамі маршы праклятых жаўнераў у Гайнаўцы. Тое, што польскія шавіністы вызначылі сабе як месца збораў менавіта Гайнаўку і робяць сваімі героямі людзей, якія забівалі беларусаў толькі за тое, што яны беларусы, успрымаецца намі як спроба запалохаць тых беларусаў, што яшчэ засталіся.

Парадаксальна, мерапрыемствы польскіх шавіністаў пакуль што далі адваротны вынік, бо прымусілі прынамсі частку беларусаў прачнуцца і самаакрэсліцца нацыянальна. Усё ж такі ўзмацненне нацыянальных канфліктаў ў далейшай перспектыве будзе мець адмоўны ўплыў на беларускую меншасць у Польшчы.

Зусім іншы геапалітычны і цывілізацыйны выбар, які зрабілі Польшча і Беларусь пасля падзення камунізму, частыя нелады між нашымі дзяржавамі ды ўвядзенне нанава заслоны на мяжы безумоўна выклікалі пэўнае адчужэнне між польскімі беларусамі і беларусамі ў Рэспубліцы Беларусь. Зноў, як у часы камунізму, мы мусілі прывыкнуць да выжывання без дапамогі з боку беларускай дзяржавы. Відавочныя таксама ментальныя змены. Для пакалення злому 80-х і 90-х Беларусь была абяцанай зямлёй. Сёння маладым беларусам у Польшчы яна хутчэй за ўсё тэра інкогніта. Нават для нас, старэйшых, якія раней перліся ў Беларусь пры кожнай нагодзе, сённяшняя Беларусь нейкая ўжо крыху не свая.

Заканчваючы, варта сказаць, што апошнія гады прынеслі крыху аптымізму ў беларускі рух у Польшчы. Памалу, але ў гэты рух зноў уваходзіць маладое пакаленне. У Беластоку пасяляецца крыху выхадцаў з Беларусі, якія ўзмацняюць наш патэнцыял. Беларуская Беласточчына ўжо ніколі не будзе адыгрываць такой ролі ў агульнанацыянальным жыцці, як у 90-я гады мінулага стагоддзя, але ж будзе жыць.

Алег Латышонак
VII з’езд беларусаў свету 15-16 ліпеня 2017 г.


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение