Абвяшчаецца набор заявак на прэмію імя Наталлі Арсенневай

Распачаўся прыём заявак на прэмію імя Наталлі Арсенневай за найлепшую паэтычную кнігу на беларускай мове.

Крытэры для падачы кніг:

  1. паэзія;

  2. кніга, выдадзеная ў 2018 (кніга, якая была выдадзеная ў 2017, але па нейкіх прычынах не была пададзеная на мінулагоднюю прэмію, можа быць намінаваная ў гэтым годзе);

  3. мова кнігі – беларуская.

Каб падаць заяўку, запоўніце форму: https://tinyurl.com/yxf6qepj, там далучыце электронную pdf-версію выдання. Калі кніга выдавалася ў папяровым выглядзе, два папяровыя асобнікі трэба перадаць у Саюз беларускіх пісьменнікаў (Мінск, вул. Кузьмы Чорнага, 31-906). Заяўкі прымаюцца да 14 чэрвеня .

Падаць заяўку і намінаваць кнігу на прэмію могуць аўтары, выдаўцы, творчыя аб’яднанні, аргкамітэт Прэміі і сябры журы. Пераможцу вызначаць вядомыя паэты і літаратуразнаўцы, склад журы будзе вядомы неўзабаве.

Прэмія за найлепшую кнігу паэзіі была заснаваная ў 2017 годзе ў гонар Наталлі Арсенневай – выбітнай беларускай паэткі, зоркі літаратуры Заходняй Беларусі, аўтаркі знакавага верша “Магутны Божа”. Пасля вайны Арсеннева апынулася ў эміграцыі, дзе працягвала займацца беларускай справай, удзельнічала ў культурнай і асветніцкай дзейнасці.

У 2018 годзе прэмію атрымаў Алесь Разанаў за кнігу “Перавыбранае”, а ў 2017 – Уладзімір Някляеў за кнігу “Толькі вершы”.

Арганізатарамі прэміі з’яўляюцца Саюз беларускіх пісьменнікаў https://lit-bel.org/, Беларускі ПЭН-цэнтр https://pen-centre.by і Згуртаванне “Бацькаўшчына” https://zbsb.org/. Літаратурная прэмія імя Наталлі Арсенневай заснаваная пры спрыянні Фонда культуры і адукацыі Орса-Рамана і Харытатыўнага фонда Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі.

Сачыць за навінамі прэміі Наталлі Арсенневай можна на старонцы ў Facebook https://www.facebook.com/paezija/ і на сайтах арганізатараў, задаць пытанні можна, напісаўшы на адрас paezija@gmail.com.

Інфармацыйны аддзел МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”