Запруднік: Амерыка дапамагае Беларусі вытрымаць маскоўскую культурную агрэсію

У серыі «Бiблiятэка Бацькаўшчыны» ў выдавецтве «Лімарыус» выйшла кніга эпісталярыю вядомага дзеяча беларускай эміграцыі і навукоўца з ЗША доктара Янкі Запрудніка.

Кнігу склала выбранае ліставанне 1952–1959 гадоў.

У інтэрв'ю "Радыё Свабода", якое Янка Запруднік даў з нагоды выхаду кнігі «Па гарачых слядах мінуўшчыны», навуковец разважае пра актуальнасць эпісталярнага жанру ў літаратуры, ролю Беларусі ў расійска-ўкраінскім канфлікце і новую хвалю беларускіх эмігрантаў.

— Спадар Янка, у 2002 годзе выйшла ваша кніга «Дванаццатка», там распавядалася пра лёс 12 беларускіх хлопцаў, якія ў пасляваенны час вымушаныя былі шукаць шчасця на чужыне. Ці можна сказаць, што цяперашняя кніга ў нейкім сэнсе працягвае «Дванаццатку»? Ці ёсць сярод вашых рэспандэнтаў тыя, пра каго вы пісалі ў «Дванаццатцы»?

— Новая кніга дапаўняе «Дванаццатку» ў тым сэнсе, што «Па гарачых слядах мінуўшчыны» — гэта лісты, якія адрасаваліся сябрам. Сябрам з ліку гэтых дванаццаці чалавек у тым ліку. Лісты напісаныя розным асобам, але ў тым ліку і сябрам з «Дванаццаткі», з якімі мы супрацоўнічалі. Гэта Уладзімір Цвірка, Янка Жучка, Паўлюк Урбан, Цімох Вострыкаў. Кніга «Па гарачых слядах мінуўшчыны» дапаўняе «Дванаццатку» тым, што гэта дакументальнае сведчаньне нашага супрацоўніцтва пасля таго, як мы ў 1950-м годзе прыехалі вучыцца ў Лювенскім універсітэце.

— У сучаснай беларускай літаратуры эпісталярны жанр — з'ява нярэдкая, нават у апошнія гады можна прыгадаць выданне перапіскі Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна «Рукаюцца душы» альбо лістоў Ларысы Геніюш. Чаму гэты жанр застаецца актуальным?

— Эпісталярная літаратура мае даўгую гісторыю, гэтая літаратура актуальная стагоддзямі. Гэта фундаментальны жанр літаратуры, які сведчыць пра дачыненні паміж асобамі ў самых розных сферах жыцця. Адметнасць эпісталярнай літаратуры ў тым, што ў лістах выказваюцца самыя беспасярэднія пачуцці і закранаюцца самыя важныя моманты ў жыцці чалавека — супрацоўніцтва, клопаты, інфармацыя пра блізкіх. У гэтым сэнсе мая кніжка — у рэчышчы старой традыцыі ліставання паміж асобамі, паміж групамі. Кніга закранае самыя беспасярэднія моманты жыцця, якое, як рака, цячэ, і трэба ўмець яго адчуць. Праз лісты якраз можна адчуць беспасярэдні кантакт з жыццём. У плане жанру такая кніга была і будзе актуальнай, бо цяпер людзі ў кантакце яшчэ больш. Цяпер, у кібернетычнай прасторы, вельмі багата эпісталярнай літаратуры. Твітар і Фэйсбук таксама ёсць формай камунікацыі паміж асобамі.

— Вам шчаслівым чынам удалося сістэматызаваць сваю перапіску і нават выдаць яе частку. А які лёс лістоў іншых дзеячаў беларускай дыяспары? Напрыклад, перапіскі выбітнай паэткі Наталлі Арсенневай, якая памерла ў 1997 годзе? Альбо кіраўнікоў Рады БНР? Ці існуе нейкі адзіны цэнтр, нейкае сховішча, якое б акумулявала архівы дыяспары?

— Ёсць Беларускі дзяржаўны архіў-музей, у якім у Мінску працуе Наталля Гардзіенка, а ў Нью-Ёрку ёсць Лявон Юрэвіч, які таксама займаецца архіваваннем лістоў. Гардзіенка і Юрэвіч маюць дачыненне да збору лістоў, эпісталярнай дакументацыі. Я таксама ў гэтым удзельнічаю, і цяпер мы ўсе ў працэсе збірання лістоў тых эміграцыйных дзеячаў, якія адышлі ў лепшы свет.

— Вы прыехалі ў Амерыку на пачатку 1950-х гадоў і можаце параўноўваць розныя плыні эміграцыі. Як бы вы ацанілі цяперашнюю, умоўна кажучы — «лукашэнкаўскую» хвалю? Што карыснага прыўнесла яна ў жыццё амерыканскіх беларусаў?

— Гэтая новая хваля складаецца з розных асобаў. Ёсць шмат людзей, адданых беларушчыне, прыхільных, адданых людзей, актыўных у грамадскім беларуска-амерыканскім жыцці. Але гэта далёка не ўсе. Некаторыя прыязджаюць, кажуць, што будуць падтрымліваць, але вельмі хутка знікаюць, зашываюцца ў свае норы, дзе стараюцца абрасці далярам і дабрабытам. На жаль, іхныя абяцанні становяцца пустым гукам і пэўнага роду хлуснёй. На шчасце, ёсць людзі і вельмі шчырыя, працавітыя, і яны папаўняюць беларускую грамаду. Я спадзяюся, што дзякуючы гэтым новым людзям беларушчына ў Амерыцы захаваецца і будзе карыснай бацькаўшчыне ў яе далейшых шуканнях свабоды і незалежнасці.

— Вы доўгі час узначальвалі бюро беларускай службы "Радыё Свабода" ў Нью-Ёрку, удзельнічалі — дый цяпер удзельнічаеце — у розных канферэнцыях, дзе абмяркоўваецца ў тым ліку і беларуская праблематыка. Як успрымаецца цяпер Беларусь — на фоне збройнага канфлікту паміж Расіяй і Украінай? Ці маюць рацыю тыя, хто прадракае прызнанне Вашынгтонам Лукашэнкі на падставе таго, што ён у параўнанні з Пуціным — «меншае зло»?

— Што да прызнання Амерыкай Лукашэнкі, дык Амерыка прызнае беларускую дзяржаўнасць. Амерыка дапамагае беларушчыне ў вялікай ступені, дапамагае вытрымаць наступ маскоўскай культурнай агрэсіі. Сённяшняя роля Беларусі ў расійска-ўкраінскім канфлікце даволі складаная. Гэтая роля дыктуецца геаграфічным становішчам нашай краіны, і гэтая роля — вельмі далікатны момант у замежнай палітыцы ў дачыненні да Беларусі, асабліва для тых, хто дбае пра захаванне беларускай дзяржаўнасці. Тут пазіцыю Беларусі ацэньваюць вельмі па-рознаму — у залежнасці ад сваіх прынцыповых вартасцяў. Людзі беларускага светагляду думаюць адно, заходнярусы — супрацьлеглае. Гэта вельмі суб’ектыўнае пытанне.