Эміграцыя адрадзіла ідэю несавецкай беларускай дзяржаўнасці

2 красавіка Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» запрашае ў музей Багдановіча на імпрэзу «Адкрыем невядомыя старонкі беларускай эміграцыі».

Там будуць прэзентаваныя тры выданні, якія пабачылі сьвятло ў Беларусі апошнім часам: «Рада БНР (1970–1982): падзеі і дакументы» (з серыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны») Наталлі Гардзіенка і Лявона Юрэвіча; «Відымусы» Лявона Юрэвіча; выпуск № 37 «Запісаў Беларускага інстытуту навукі і мастацтва».

Напярэдадні імпрэзы даследчыца, гісторык Наталля Гардзіенка адказала на пытанні "Радыё Свабода".

— Спадарыня Наталля, складаецца такое ўражанне, што вывучэннем беларускай эміграцыі займаюцца толькі асобныя даследчыкі, гісторыкі з уласнай ініцыятывы. А вось што тычыцца афіцыйных дзяржаўных структур — уладаў, Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук — іх гэтая тэма хоць крышачку цікавіць?

— Спецыяльна на дзяржаўным узроўні, асабліва што тычыцца заходняга кірунку беларускага замежжа, такія даследаванні не вядуцца. Афіцыйныя навуковыя структуры гэтым не цікавяцца, не спрыяюць, не дапамагаюць вывучэнню. У Інстытуце гісторыі Акадэміі навук цяпер няма адмысловай структуры, якая б займалася гэтымі праблемамі. Яна была ў 1990-х, але на пачатку 2000-х была скасаваная. І, у прынцыпе, тэмы, якія тычацца беларускай эміграцыі, не вітаюцца на дзяржаўным узроўні.

— То бок вывучэнне беларускай эміграцыі — гэта прыватная ініцыятыва асобных гісторыкаў?

— Часцей за ўсё так. І ініцыятыва, якая падтрымліваецца самімі эміграцыйнымі структурамі, у прыватнасці, Беларускім інстытутам навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку.

— Што тычыцца выданьняў, якія будуць прэзентавацца сёння ў музеі Максіма Багдановіча. Шчыра кажучы, бальшыня беларусаў мае даволі цьмянае ўяўленне, чым займаецца Рада БНР...

— Асноўная ідэя даследаваньня — паказаць, што ідэя несавецкай беларускай дзяржаўнасці была адноўлена на эміграцыі і атрымала пэўнае развіццё, увасабленне ў канкрэтных дзеяннях, у канкрэтных структурах. Кніга прысвечана канкрэтнаму перыяду: з 1970 па 1982 гады. Гэта працяг папярэдняга даследавання, прысвечанага першаму пасляваеннаму прэзідэнту Рады БНР Міколу Абрамчыку і ягонаму перыяду — з 1947 па 1970 гады. Гэтыя даследаванні і наступнае, якое рыхтуецца, трэба разглядаць у пэўнай узаемасувязі і паслядоўнасьці. З пачатку 1970-х тая самая Рада БНР перажывала перыяд своеасаблівай арганізацыйнай рэформы, калі пачалі актыўна працаваць яе прадстаўніцтвы ў беларускіх асяродках Аўстраліі, Францыі, Вялікай Брытаніі, Злучаных Штатах Амерыкі, Канадзе. Больш актыўнай стала менавіта дзейнасць на месцах. І працягвалася праца па прадстаўніцтве беларускіх інтарэсаў на захадзе менавіта праз Раду БНР і яе ўжо новага старшыню — Вінцэнта Жук-Грышкевіча.

На жаль, дакументы пра дзейнасць Рады БНР раскіданыя па розных краінах, па розных архівах, асабліва гэта тычыцца перыяду пасляваеннага. З перыядам пасля 1970 года крыху прасцей, бо тагачасны сакратар прэзідыума Рады — Раіса Жук-Грышкевіч, жонка старшыні Рады — вельмі акуратна збірала ўсе дакументы, рабіла копіі, скіроўвала ў розныя сховішчы. У кнізе выкарыстоўваюцца дакументы, якія былі ў архівах Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку, у Беларускай бібліятэцы імя Францыска Скарыны ў Лондане. Гэтыя дакументы, а таксама ліставанне, у тым ліку з прыватных збораў — Янкі Запрудніка, сям’і Стагановічаў — і прадстаўленыя ў кнізе дзеля таго, каб дакладна паказаць, што ўяўляла сабой дзейнасць афіцыйных структур Рады БНР, а таксама што думалі, чым жылі асобныя яе прадстаўнікі.

Другое выданне, якое мы прэзентуем, — кніга Лявона Юрэвіча «Відымусы». Гэта архіўныя нататкі, публікацыі архіўных дакументаў, знойдзеныя пераважна ў сховішчах беларускай эміграцыі, цытаты з малавядомых публікацыяў, прысвечаныя не толькі ўласна эміграцыйнай тэматыцы, але і літаратуры, культуры Беларусі.

Трэцяе выданне, якое будзе прэзентавацца, — гэта 37-мы нумар альманаха «Запісы Беларускага інстытуту навукі і мастацтва». Там прадстаўленыя і беларусы Францыі, і беларуская прысутнасць у Празе з дакладнай мапай беларускіх месцаў у Празе. У гэтым альманаху прадстаўлены таксама біяграфічны даведнік дзеячаў беларускай эміграцыі, матэрыялы з апошняга Кангрэсу даследчыкаў Беларусі ў Коўне, дзе працавала эміграцыязнаўчая секцыя.

Пачатак прэзентацыі — а 19-й гадзіне.


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение