Рада БНР — дакументы і... таямніцы

Рыхтуючы да выдання кнігу «Рада БНР. 1947-1970. Падзеі, дакументы, асобы» (выйшла ў серыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны»), гісторык Наталля Гардзіенка сустрэлася ў Парыжы з сынам колішняга прэзідэнта Рады Міколы Абрамчыка.

Альгерд Абрамчык прыйшоў на сустрэчу з бел-чырвона-белым сцяжком на лацкане, але адмовіўся паказаць «прэзідэнцкі» дом у парыжскім прадмесці, дзе праз увесь паваенны час захоўваўся архіў БНР, які пазней знік у невядомым кірунку. Пра таямнічы архіў і дзейнасць Рады БНР пасля Другой сусветнай вайны Наталля Гардзіенка раскажа ў нашай перадачы. — Спадарыня Наталля, у 1998 годзе ў свет выйшлі двухтамовыя «Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі», падрыхтаваныя Сяргеем Шупам. Ці можна сказаць, што ваша супольная з Лявонам Юрэвічам кніга з'яўляецца працягам таго двухтамовіка, паколькі і там, і там публікуюцца дакументы, датычныя дзейнасці адной інстытуцыі? — Найперш трэба сказаць, што даследаванне беларускай эміграцыі наогул і Рады БНР у прыватнасці, як і ў цэлым стаўленне да іх на метраполіі, падобнае да арэляў. Ад суцэльнага непрымання і негатыву савецкага часу да захаплення і некрытычнага стаўлення пачатку 1990-х, і потым — да пэўнай абыякавасці сёння. Тут заўсёды багата эмоцыяў, і таму вельмі важным момантам з'яўляюцца публікацыі дакументаў. На іх можна абапірацца якраз дзеля таго, каб зменшыць эмацыйнасць і зрабіць вывучэнне больш навуковым. Два тамы Сяргея Шупы, падрыхтаваныя на высокім узроўні, сталі грунтоўным выданнем, на якое абапіраліся даследнікі даваеннай Рады БНР. Але нашая кніга — не працяг. Мы з беларускім даследнікам з ЗША Лявонам Юрэвічам ставілі перад сабой іншыя задачы. Акрамя публікацыі дакументаў і ліставання, мы прадставілі і бібліяграфію БНР-аўскіх публікацый, хроніку дзейнасці і біяграфічныя нарысы. І галоўнае, мы паспрабавалі даць агульны гістарычны нарыс, зрабіць першую спробу асэнсавання дзейнасці паваеннай Рады БНР. Галоўнай нашай задачай было стварыць пэўны падмурак дзеля далейшага вывучэння гэтага фактычна недаследаванага этапу ў дзейнасці БНР. — Ваша кніга ахоплівае даволі працяглы перыяд дзейнасці Рады БНР — з 1947 па 1970 год. Як бы вы яго схарактарызавалі — у параўнанні з другімі перыядамі? — Першы паваенны перыяд у дзейнасці Рады БНР быў складаным і адказным. У час, калі фармавалася новая палітычная сітуацыя ў свеце, беларусам таксама было вельмі важна знайсці сваё месца. Масавая хваля эміграцыі ваенных часоў, калі на Захадзе апынулася вялікая колькасць свядомай беларускай інтэлігенцыі з выразным нацыянальным і антыкамуністычным светапоглядам (чаго не было раней), мела сур’ёзны патэнцыял дзеля стварэння пэўнага іміджу Беларусі ў вачах заходняга грамадства. І палітычнае прадстаўніцтва незалежнай несаветызаванай дзяржавы было надзвычай важным фактарам як для саміх уцекачоў, так і ў вачах палітычных лідараў заходніх краінаў. Гэта быў час вялікіх надзеяў, у чымсьці надзвычай рамантычных, спадзеваў на хуткае вызваленне Беларусі дзякуючы ўмяшальніцтву Захаду. І часам расчараванняў, калі праз некалькі гадоў стала відавочным, што гэтага вызвалення не будзе. Таксама гэта быў час, калі Рада БНР актыўна намагалася заняць сваё ўласнае месца сярод палітычных прадстаўніцтваў іншых нацыянальных групаў на Захадзе, а таксама давесці міжнароднай супольнасці праблемы і спадзяванні беларусаў. Не ўсё атрымалася, але падмуркі наступнага ўспрымання Беларусі, прыкладам, у палітычных колах ЗША, былі закладзеныя менавіта ў той час. І тое, што на пачатку 1990-х абвяшчэнне незалежнасці Беларусі было так хутка прынятае Захадам, таксама ў пэўным сэнсе вынік тае працы, якую пачала паваенная Рада БНР на чале з Міколам Абрамчыкам.
 
Мікола Абрамчык і Наталля Арсеннева
 
— Абрамчыка можна лічыць галоўным фігурантам вашай кнігі. Ён займаў пасаду прэзідэнта Рады БНР 23 гады, да самай сваёй смерці. Ларыса Геніюш у сваёй незакончанай паэме прыгадвала, як яе ў менскай турме МГБ дапытваў Лаўрэнцій Цанава: «Хто ёсць Абрамчык? — енчыць злавесна. — Друг твой ці брат? Хто ёсць Абрамчык?! — Друг мой Абрамчык і дэмакрат». А якой Вам бачыцца постаць першага паваеннага прэзідэнта БНР? — Наша кніга акурат і прымеркаваная да сёлетняга 110-годдзя Міколы Абрамчыка. Ён меў дзве вышэйшыя адукацыі, трывалыя нацыянальныя перакананні, быў вельмі актыўны. У міжваенны час разам з паплечнікам Лявонам Рыдлеўскім ён стаў заснавальнікам першай беларускай арганізацыі ў Францыі, у часе вайны працаваў у Камітэце самапомачы ў Берліне, адкуль быў высланы пад нагляд гестапа ў Парыж, а ў паваенны час вельмі актыўна займаўся дапамогай уцекачам у розных міжнародных структурах, пакуль не была афіцыйна адноўленая Рада БНР. Бадай што ўсе поспехі і няўдачы Рады ў той час непасрэдна звязаныя з гэтай асобай. Унікальнасць сітуацыі Абрамчыка ў тым, што ён быў у паваенны час адзіным сярод беларусаў прафесійным палітыкам. Ён жыў за кошт сваёй палітычнай дзейнасці. Магчыма, менавіта таму ён столькі паспеў зрабіць. Ён быў выдатным дыпламатам, умеў наладжваць кантакты. Праўда, усё роўна час ад часу ўзнікалі канфлікты ўнутры самой Рады. Міколу Абрамчыка звінавачвалі ў аўтарытарызме, у непрыманні іншадумства. Відавочна, характар ён меў няпросты, і стаўленне да яго было рознае, але варта ацэньваць найперш вынікі ягонай дзейнасці. — На пасмяротную рэпутацыю Абрамчыка, як падаецца, адмоўна паўплывала сітуацыя з архівам. Вядома, што ягоная жонка адмовілася перадаць Радзе БНР тую частку архіву, якая перахоўвалася ў іхным доме. Вы ў гэтай справе выязджалі ў Парыж, дзе сустракаліся з сынам Абрамчыка Альгердам. Што-небудзь вам удалося высветліць? — Спатканне з Альгердам Абрамчыкам мела на мэце не столькі высьветліць лёс архіваў Рады БНР, перададзеных Міколу Абрамчыку Васілём Захаркам, колькі знайсці нейкія паперы, здымкі, архівы самога Абрамчыка. Хацелася ведаць, якім ён быў чалавекам у паўсядзённым жыцці, у сям’і. На жаль, Альгерд няшмат змог расказаць пра бацьку, якога праз пастаянную занятасць апошняга мала бачыў і дрэнна ведаў. Мікола Абрамчык памёр, калі Альгерду было недзе 12 гадоў. На жаль, не толькі ўспамінаў, але і нейкіх дакументаў у сына прэзідэнта, паводле ягоных словаў, не засталося. Не ўдалося паглядзець і хату Міколы Абрамчыка. Разам з тым, багатае ліставанне Міколы Абрамчыка было знойдзена намі і ў архіве БІНіМу, і ў лонданскай Скарынаўцы, і ў зборах канадскіх беларусаў у Нацыянальным архіве Канады. Усё гэта і скарыстана ў нашай кнізе.
 
Наталля Гардзіенка і Альгерд Абрамчык
 
— Улічваючы цікавасць да архіваў БНР з боку савецкіх спецслужбаў, ці маглі дакументы трапіць у Савецкі Саюз? — Напэўна, была і такая магчымасць. Справа архіваў да сёння застаецца таямніцай. Рада БНР цягам некалькіх гадоў вяла перамовы з Нінай Абрамчык пра перадачу архіву, нават судзіцца з ёю хацела, але так нічога і не дамаглася. Праз гэта, трэба сказаць, стаўленне да самога Міколы Абрамчыка на эміграцыі сапраўды змянілася. Вызнаючы безумоўныя ягоныя заслугі ў аднаўленні і дзейнасці Рады, шмат хто лічыў яго асабіста вінаватым у тым, што архіў БНР прапаў. — Адна з версій — нібыта архіў трэба шукаць у... магіле Абрамчыка. А таму месца пахавання таксама ўтрымлівалася ў сакрэце. У вашай кнізе змешчаныя здымкі магілы былога прэзідэнта БНР. Дык гэта ўжо не таямніца? — Засакрэчанасць магілы была крыху перабольшаная. Зразумела, што і Ніна Абрамчык, і Альгерд заўсёды ведалі, дзе пахаваны прэзідэнт. Ведалі і парыжскія беларусы, якіх, безумоўна, былі адзінкі. У архівах Скарынаўкі захаваліся даведкі пра пахаванне і мапа. Проста імі ніхто доўгі час не цікавіўся. Магіла знаходзіцца на вядомых могілках Пер-Лашэз, яна вельмі сціплая, мне, прызнаюся, было складана яе адшукаць. Там доўгі час не было адмысловай шыльды. Цяпер ёсць. Мікола і Ніна Абрамчыкі пахаваныя разам. Зноў жа, праз тое, што Ніна Абрамчык пасля смерці мужа аддалілася ад беларускай грамады на Захадзе, не было вырашана і пытанне з помнікам на магіле. Альгерд сказаў, што сам мае намер паставіць адпаведны помнік.
 
Магіла Міколы Абрамчыка на могілках Пер-Лашэз у Парыжы
 
— Давайце вернемся да дзейнасці паваеннай Рады БНР, якая не была толькі палітычнай. Я маю на ўвазе дзейнасць дыверсійную — дэсантаванне ў Беларусь, скажам, Янкі Філістовіча, які меў упаўнаважанне ад Рады. У БССР ён быў схоплены і неўзабаве расстраляны. Навошта было пасылаць людзей на смерць? — Не думаю, што варта казаць пра свядомае пасыланне людзей на смерць. Гэта была вельмі складаная справа. Падрабязней пра гэта можна прачытаць ва ўспамінах Барыса Рагулі. На пачатку «халоднай вайны» жаданне паўплываць на сітуацыю на радзіме, што апынулася ў складзе СССР, мелі палітычныя колы бадай усіх нацыянальных групаў. Гэта актыўна падтрымлівалася заходнімі спецслужбамі. Але тое не было асноўным кірункам дзейнасці паваеннай Рады БНР. Найбольш істотнымі былі два напрамкі. Па-першае, гуртаванне беларускіх эмігрантаў на Захадзе, што рабіць было складана праз змаганне з палітычнымі апанентамі — Беларускай Цэнтральнай Радай. Па-другое, удзел у стварэнні шырокага антыкамуністычнага руху на эміграцыі. І тут Рада БНР і асабіста Мікола Абрамчык адыгралі вельмі важную ролю. Ён стаў адным з заснавальнікаў і доўгачасовым кіраўніком Лігі вызвалення народаў СССР (Парыжскага блоку), якая ператварылася ў 50-я ў фактычнага саюзніка Амерыканскага камітэту вызвалення. Дзякуючы гэтаму супрацоўніцтву, з аднаго боку, у свядомасці амерыканскіх палітыкаў узнік трывалы падзел беларусаў (а таксама ўкраінцаў і прадстаўнікоў іншых паняволеных у СССР народаў) ад уласна расейцаў. З іншага боку, дзякуючы гэтым кантактам з амерыканцамі, сталіся магчымымі арганізацыя беларускага аддзелу ў мюнхенскім Інстытуце вывучэння СССР і беларускай рэдакцыі Радыё Свабода (спачатку — Радыё Вызваленне). — А як спрычынілася Рада БНР да стварэння беларускай Свабоды? — Без Рады БНР радыё наўрад ці ўвогуле з'явілася б. Беларуская рэдакцыя была створаная дзякуючы дамоўленасці з Каардынацыйным цэнтрам антыкамуністычнай барацьбы, які быў інспіраваны тым самым Амерыканскім камітэтам. Мікола Абрамчык згадваў, што Парыжскі блок і Камітэт дамовіліся, што склад нацыянальных рэдакцыяў радыё меўся ўзгадняцца з адпаведнымі эміграцыйнымі палітычнымі прадстаўніцтвамі. У прыватнасці, сам Мікола Абрамчык не толькі дамаўляўся з амерыканцамі пра арганізацыю беларускай рэдакцыі, але і падшукваў і ўзгадняў кандыдатуры супрацоўнікаў. Фактычна, пакуль быў жывы, ён намагаўся, каб кадравыя пытанні ў рэдакцыі абавязкова вырашаліся пры ўдзеле Рады БНР. Менавіта тады, у 50-я, быў закладзены падмурак дзейнасці сённяшняй беларускай службы Радыё Свабода. Варта адзначыць, што гэтай ініцыятыве Рады БНР пашчасціла болей, як беларускаму аддзелу мюнхенскага Інстытуту вывучэння СССР. Ён быў зачынены амерыканцамі ў перыяд паляпшэння адносінаў з СССР. — Пасля выхаду ў свет вашай кнігі і згаданага ўжо двухтамовіка Сяргея Шупы якія цёмныя плямы для вас як даследчыка застаюцца ў дзейнасці Рады БНР? — Ёсць багата вартых увагі сюжэтаў. Шмат незразумелага з самім аднаўленнем дзейнасці Рады, як і калі яно рэальна адбывалася. Мы ў кнізе прыводзім сваю версію, згодна з якой аднаўленне адбылося не ў 1947 годзе, а ў 1946-м. Але гэта пакуль толькі версія, якая патрабуе праверкі. Цікавы сюжэт — праект Канстытуцыі, распрацаваны яшчэ ў 40-я Леанідам Галяком, не менш цікавы — беларуская рэдакцыя Гішпанскага радыё ў Мадрыдзе, якая таксама дзейнічала дзякуючы Радзе. Варта вывучаць і беларуска-літоўскія, беларуска-польскія, беларуска-ўкраінскія, беларуска-грузінскія ды іншыя палітычныя дачыненні на эміграцыі. Варта ўлічваць, што Рада БНР на эміграцыі была і ёсць фактычна ў дзвюх іпастасях. З аднаго боку — гэта сімвал незалежнай нацыянальнай дзяржаўнасці, які гуртуе нацыянальна свядомых эмігрантаў. З іншага — гэта пэўная структура, якая складаецца з канкрэтных людзей са сваімі інтарэсамі і праблемамі. І гэта трэба разумець. Пасля Міколы Абрамчыка кіраўніком Рады быў Вінцэнт Жук-Грышкевіч — таксама выбітная асоба ў паваеннай эміграцыі. Пра Раду БНР пад яго кіраўніцтвам сёння вядома яшчэ менш, чым пра папярэднюю. Таму цалкам лагічна будзе працягнуць вывучэнне і публікацыю дакументаў Рады БНР і далей.

Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение