Алена Макоўская пра Шосты з'езд беларусаў свету і праблемы беларусаў мяжой

У ліпені гэтага года МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" ладзіць Шосты з'езд беларусаў свету. Пра гэта ў інтэрв'ю карэспандэнту БалаПАН расказала кіраўнік Згуртавання Алена Макоўская.

У ліпені гэтага года МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" ладзіць Шосты з'езд беларусаў свету. Пра гэта ў інтэрв'ю карэспандэнту БалаПАН расказала кіраўнік Згуртавання Алена Макоўская.

Яна паведаміла, што тэма шостага З'езда беларусаў свету — "Беларуская нацыя ва ўмовах глабалізацыі: выклікі і магчымасці" — абмяркоўвалася вялікай радай ЗБС "Бацькаўшчына", якая складаецца са 104 асобаў, і была зацверджана большасцю галасоў. З'езд мае адбыцца 23—24 ліпеня ў Мінску.

Гэтая тэма, на думку Макоўскай, абумоўлена "імкліва змяняльнай карцінай свету". "Глабалізацыйныя працэсы сапраўды спрыяюць размыванню беларускай ідэнтычнасці беларусаў, — сказала яна. — Таму на з'ездзе будзем абмяркоўваць менавіта тыя выклікі, якія сёння стаяць перад намі".

Макоўская расказала пра папярэднюю праграму з'езда, пра тое, якія секцыі і круглыя сталы будуць працаваць падчас форуму ЗБС "Бацькаўшчына".

Глядзець відэа гутаркі.

Алена Макоўская адзначыла, што беларуская дыяспара за мяжой адлюстроўвае ўсё тое, што адбываецца ў Беларусі. "Наколькі у нас тут кансалідаванае грамадства, настолькі ж кансалідаваная дыяспара, — адзначыла яна. — Беларусь сацыёлагі называюць краінай малых замкнёных сацыяльных груп, гэтыя ж працэсы натуральна пераносяцца на беларускую дыяспару за мяжой".

Макоўская расказала пра жыццёвыя клопаты і праблемы беларусаў за мяжой.

Так, паводле яе слоў, за мяжой пражываюць прыкладна тры мільёны беларусаў. "На момант 2001 года ў Расіі нашых суайчыннікаў пражывала каля 800 тысяч. А вось апошні перапіс насельніцтва паказаў, што іх у суседняй краіне ўжо толькі 520 тысяч", — сказала кіраўнік ЗБС і дадала, што гэтая лічба гаворыць не пра тое, што беларусы вярнуліся дамоў, а пра тое, што яны "перасталі сябе лічыць беларусамі".

Макоўская мяркуе, што менавіта "дзяржаўны інтарэс у лёсе беларусаў за мяжой спрыяў бы замаруджванню гэтых працэсаў асіміляцыі". І ў першую чаргу, падкрэсліла яна, гэта "развіццё беларускага школьніцтва ў замежжы".

Глядзець відэа гутаркі.

Алена Макоўская падкрэсліла, што беларускія дыяспары за мяжой дапамагаюць вырашаць беларусам розныя пытанні з дапамогай розных механізмаў".

"Напрыклад, дыяспара у Расіі дапамагае з эканамічнымі пытаннямі сваім суайчыннікам. Я ведаю, што беларускае пасольства у Маскве актыўна супрацоўнічае з дыяспарамі для таго, каб прасоўваць беларускую прадукцыю на расійскі рынак", — сказала Макоўская.

За апошнія 15-20 гадоў краіну пакінулі шмат маладых суайчыннікаў, і пакідаюць зараз, асабліва спецыялісты розных галінаў.

"Тут можна сказаць адно, што да беларускіх суполак за мяжой далучаецца вельмі мала эмігрантаў — адзінкі. Мы не бачым вялікай цікавасці да нацыянальнай і культурнай дзейнасці сярод з`язджаючай моладзі", — сказала Макоўская.

Паводле яе слоў, беларускія навукоўцы заўважылі, што тэндэнцыі ў Еўропе і ЗША адрозніваюцца. "Моладзь, якая прыязджае ў Канаду і ЗША, далучаецца да ўжо існуючых дыяспар. А ў Еўропе наадварот тэндэнцыя такая, што ідзе стварэнне нейкіх новых арганізацый", — дадала яна.

Глядзець відэа гутаркі.

Паводле БелаПАН