Гутарка з Вольгай Іпатавай

23 жніўня, падчас наведвання Радзімы, на нашу сядзібу завітала Вольга Іпатава, сябра Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, пісьменніца, даследчык, актыўная грамадская дзяячка, якая жыве і працуе ў Канадзе.

23 жніўня, падчас наведвання Радзімы, на нашу сядзібу завітала Вольга Іпатава, сябра Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, пісьменніца, даследчык, актыўная грамадская дзяячка, якая жыве і працуе ў Канадзе. Неўзабаве спадарыня Вольга вяртаецца ў гэтую краіну, дзе існуе адна з самых даўніх і актыўных беларускіх дыяспар у свеце. Мы папрасілі яе расказаць пра сваю дзейнасць у Канадзе і падзяліцца творчымі планамі.

- Спадарыня Вольга, раскажыце, калі ласка, пра сваю хуткую паездку ў Канаду.

- З хваляваннем чакаю 30-й Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі. Я ўжо ўдзельнічала ў 28-й такой Сустрэчы, і цяпер спадзяюся ўбачыць многіх з тых вельмі паважаных мною людзей, якія змагаюцца за беларускую духоўнасць, патрыятызм, перш за ўсё Янку Запрудніка і Віталя Кіпеля. Беларуская эміграцыя і сёння робіць вялікую працу па захаванню беларускасці ў свеце, гэта парусы, якія трымаюць беларускасць, не даюць загубіць яе ў самой Беларусі.

Я буду браць удзел у сёлетняй Сустрэчы як пісьменніца, буду казаць уступнае слова. Адна з маіх мэтаў – папулярызацыя беларускіх аўтараў замежжа, пра гэта я таксама буду гаварыць.

- Ці доўга Вы будзеце заставацца ў Канадзе? Якія творчыя планы на гэты перыяд?

- Там я мяркую быць каля двух гадоў. Спадзяюся напісаць гісторыю сям’і Орса. Яны выкладалі ў беларускай Наваградскай гімназіі, гэты горад мне блізкі. Пра гэтую сям’ю мала яшчэ напісана, і я хачу сабраць пра іх як мага больш таго, што ўжо назбірана ў эміграцыі. Невядома, якую форму атрымае гісторыя сям’і Орса: гэта можа выліцца ў кнігу або брашуру, а можа, гэта будзе артыкул.

Я шаную тое, што робяць Уладзімер Арлоў і Радыё Свабода, лічу кнігу “Імёны Свабоды” вельмі важнай. У мяне таксама выходзіў зборнік аповедаў, прысвечаных славутым беларускім людзям, - “Свабода да апошняга дыхання”. І цяпер я таксама планую напісаць успаміны пра людзей, з якімі мяне звязала жыццё, пра якіх у мяне ўжо ёсць пэўныя архівы. Гэта Зоська Верас, Янка Шутовіч, Галіна Войцік, Я. Багдановіч, Кастусь Акула, Зора Кіпель, Ніна Абрамчык (Ляўковіч) і іншыя выдатныя людзі замежжа. Некаторыя жылі ў Вільні – калісьці на тэрыторыі Беларусі, а цяпер у суседняй краіне.

- Вы вядомыя сваёй гістарычнай прозай. Сярод герояў Вашых кніг - Ефрасіння Полацкая, Давыд Гарадзенскі, князь Альгерд. Ці працягваеце Вы пісаць у гэтым кірунку?

- Не так даўно я знайшла урывак, які рыхтавала для аднаго з папярэдніх раманаў, але які не выкарыстала ў ім. На яго аснове хачу напісаць новы раман. Гэта будзе эпоха Ягайлы і Соф’і Гальшанскай. Пра яе шмат пісалі (напрыклад, Анатоль Бутэвіч апісваў яе ў кнізе “Каралева не здраджвала каралю”). Але мяне цікавіць дзейнасць Соф’і Гальшанскай як грамадскай дзяячкі. Яна чыста беларуская каралева. Дарэчы, з Ягайлам яны вянчаліся ў родным мне Наваградку. Год, які я правяла без гістарычнай тэмы ў творчасці, здаецца страчаным для жыцця, хоць гэта не так і ніводзін дзень не сыходзіць без плёну. І ўсё ж гістарычная проза – асноўнае для мяне. Самае галоўнае – сабраць нектар з кветак, якія некалі раслі на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага – адной з самых вялікіх краін у свеце, спадчыну якой мы толькі пачынаем збіраць.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение