Беларускае слова гучала ў Стакгольме

Беларускія літаратары Барыс Пятровіч і Андрэй Хадановіч,  кіраўнік Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” Алена Макоўская па запрашэнні Шведскага ПЭН-цэнтра наведалі Стокгольм.

Барыс Пятровіч, Алена Макоўская, Андрэй Хадановіч

Беларускія літаратары Барыс Пятровіч і Андрэй Хадановіч,  кіраўнік Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” Алена Макоўская па запрашэнні Шведскага ПЭН-цэнтра наведалі Стокгольм. Увечары 7 лютага госці з Беларусі выступілі перад шведскай інтэлігенцыяй у найбуйнейшым культурным цэнтры Стакгольма Kulturhuset.

Вечарына была пабудаваная ў форме пытанняў і адказаў. У якасці мадэратара выступіла вядомая шведская пісьменніца Агнета Плеель.

Свае творы чыталі для шведскай публікі Барыс Пятровіч і Андрэй Хадановіч. Алена Макоўская распавяла прысутным пра дзейнасць “Бацькаўшчыны”, пра актуальнасць пытання культурнай ідэнтычнасці для беларусаў, пра новыя выклікі, што стаяць перад грамадствам пасля 19 снежня 2010 г. Прысутным прадстаўнікам шведскай грамадскасці было вельмі цяжка ўявіць, што недалёк ад іх дома, у якіхсьці паўтысячы км, у Еўропе  адбыліся падзеі, якія цалкам выпадаюць з еўрапейскага кантэксту.

Барыс Пятровіч адзначыў вялікую зацікаўленасць з боку шведаў да сітуацыі ў Беларусі. “Сустрэча прайшла файна, было шмат цікавых пытанняў,  асабліва спадабаўся  вялікі інтарэс  шведаў да падзеяў у нас. Шведскі бок праяўляў  пастаянную глыбокую зацікаўленасць і маральную падтрымку. Мы вельмі востра адчувалі, што ім не ўсё роўна, што яны вельмі хочуць дапамагчы, асабліва тым, хто ў заключэнні”, -- сказаў Барыс Пятровіч.

Што да развіцця шведска-беларускіх літаратурных кантактаў, то ў хуткім часе, павінна з’явіцца іх чарговае ўвасабленне. Рыхтуецца да выдання раман Барыса Пятровіча “Плошча” ў перакладзе на шведскую мову. Пераклад падрыхтаваў  Дзмітры Плакс. Кніга выйдзе ў выдавецтве “Rámus”. У 2008 годзе ў гэтым жа выдавецтве выйшла па-шведску кніга Барыса Пятровіча “Фрэскі”, таксама  ў перакладзе Дзмітрыя Плакса. Апошні, дарэчы, таксама прысутнічаў на сустрэчы ў культурным цэнтры Kulturhuset.

“Уражанні самыя добрыя, -- распавёў Дзмітры Плакс. -- Было шмат людзей. Размова ішла пра сітуацыю ў Беларусі, найперш – са свабодай слова. Андрэй Хадановіч і Барыс Пятровіч чыталі свае творы.  Гучалі ўрыўкі з рамана Барыса Пятровіча “Плошча” на шведскай мове ў выкананні вядомай шведскай радыёжурналісткі Чэрсцін М. Лундберг. Потым былі пытанні ад публікі.”

Таксама падчас візіту ў Швецыю адбыліся сустрэчы Андрэя Хадановіча, Барыса Пятровіча і Алены Макоўскай з кіраўніцтвам Саюза пісьменнікаў Швецыі і Шведскага ПЭН-цэнтра. Госці з Беларусі далі інтэрв’ю шведскім СМІ.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына

Фота Вольгі Класкоўскай, "Белапан"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение