Спецыяльны выпуск бюлетэня “Беларусы ў свеце”

Выйшаў з друку  спецыяльны выпуск бюлетэня “Беларусы ў свеце”, прысвечаны 20-гадоваму юбілею Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”.

Як ўсё пачыналася 20 гадоў таму, якія яны, самыя значыныя падзеі і дасягненні “Бацькаўшчыны” – сваіміи думками з нагоды 20-гадовага юбілею “Бацькаўшчыны” на старонках бюлетэня дзеляцца сябры Вялікай Рады Згуртавання: Генадзь Бураўкін, Радзім Гарэцкі, Аляксей Марачкін, Уладзімір Арлоў, Валеры Герасімаў. Генадзь Вінярскі (Беларусь), Янка Запруднік, Лявон Юрэвіч, Ганна Сурмач (ЗША),  Лёля Міхалюк (Вялікабрытанія), Надзея Дробіна (Канада), Хведар Нюнька, Юрась Юркевіч (Літва), Алег Рудакоў (Расія), Дзмітры Плакс (Швецыя), Вячка Целеш (Латвія).

Спампаваць святочны нумар бюлетэня “Беларусы ў свеце”

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Артыкулы бюлетэня, пазначаныя зорачкай (*), надрукаваны ў скароце. Ніжэй падаём тэкст гэтых артыкулаў цалкам.

 

20 гадоў разам з “Бацькаўшчынай”

Працэсы перабудовы 80-х гадоў мінулага стагоддзя выклікалі ўздым нацыянальнага адраджэння. Узнікла ідэя стварэння Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, адзін з галоўных арганізатараў якога стаў пісьменнік Яўген Лецка. Ён і мяне запрасіў удзельнічаць у складзе аргкамітэта па падрыхтоўцы гэтай арганізацыі і ўжо 10 верасня 1990 года адбылася Устаноўчая канферэнцыя па арганізацыі ЗБС “Бацькаўшчына”, – міжнароднай грамадскай культурна-асветніцкай супольнасці беларусаў, галоўнай мэтай якой з’яўляецца нацыянальнае адраджэнне Беларусі, яе мовы, культуры, адукацыі, гісторыі, стварэнне незалежнай дэмакратычнай дзяржавы. Першым прэзідэнтам ЗБС “Бацькаўшчына” стаў Васіль Быкаў, а старшынёй Рады Яўген Лецка.

У канцы 1992 года мы правялі Сход беларусаў краін былога СССР. Савет Міністраў РБ за подпісам В.Кебіча прыняў спецыяльную пастанову аб ЗБС “Бацькаўшчына”, у якой даручаў усім міністэрствам і іншым урадавым структурам дапамагаць дзейнасці Згуртавання. Кульмінацыяй магутнай, але на жаль, кароткай хвалі нацыянальнага адраджэння з’явіўся Першы з’езд беларусаў свету ў ліпені 1993 года, які праходзіў з вялікім уздымам і са значнай падтрымкай і дапамогай дзяржаўных уладаў. З’езд адбыўся у памяшканні Вялікага тэатра оперы і балета, у ім узялі ўдзел каля 1500 чалавек (з іх больш за 1000 замежных грамадзян). З дакладамі і паведамленнямі выступілі не толькі прадстаўнікі ЗБС, але і многія дзяржаўныя дзеячы: старшыня Вярхоўнага Савета С.Шушкевіч, намеснік старшыні Савета Міністраў М.Дзямчук, міністры П.Краўчанка, А.Бутэвіч, Я.Вайтовіч, В.Гайсёнак і інш. Гэта было сапраўднае вялікае свята: упершыню сустрэліся беларусы з усяго свету. Былі прыняты важныя звароты і дакументы, праведзены “круглыя сталы” па розных напрамках, прынятая праграма “Беларусы ў свеце”, ЗБС атрымала памяшканне ў былым будынку Інбелкульта разам з Нацыянальным навукова-асветным цэнтрам імя Ф.Скарыны, у якім з часам планавалася стварыць “Беларускі Дом”; тут была адкрыта мемарыяльная дошка Максіму Гарэцкаму, а у Лідзе – помнік Францішку Скарыну, прайшлі цікавыя мастацкія выставы (у тым ліку “Жыве Беларусь”), канцэрты, сустрэчы і г.д. Прэзідэнтам ЗБС “Бацькаўшчына” быў абраны Радзім Гарэцкі, а старшынёй Рады – Ганна Сурмач, якая многа зрабіла як кіраўнік Рабочай групы па падрыхтоўцы і правядзенню з’езда. Тады нам наперадзе марыліся светлыя надзеі, і з’езд здаваўся толькі выдатным іх пачаткам.

Аднак пасля таго, як наша краіна стала прэзідэнцкай дзяржавай, адносіны да ЗБС “Бацькаўшчына” з боку ўладаў рэзка пагоршыліся. Доўгі час мы не маглі атрымаць дазвол на правядзенне Другога з’езда беларусаў свету, які мы прыстасавалі да Дня незалежнасці 27 ліпеня 1997 года. Нават ішла размова аб правядзенні з’езду ў суседніх краінах. Нарэшце атрымалі дазвол правесці яго ў Тэатры музычнай камедыі, але перашкоды (ліпавая пажарная небяспека, тэрміновы рамонт) працягваліся амаль да самага дня адкрыцця з’езду. Ціск з боку ўладаў на рух за нацыянальнае адраджэнне рабіўся ўсё мацнейшым, суполкі беларусаў пачалі калоцца на “сваіх” і “чужых” і г.д. Таму правядзенне з’езду патрабавала ад кіраўніцтва ЗБС вялікіх намаганняў і нерваў. Прайшоў ён непараўнальна больш сціпла – было толькі 123 прадстаўнікі замежжа, бо многія ўдзельнікі мінулай сустрэчы адмовіліся ехаць у краіну з такім рэжымам.

У далейшым праца ЗБС рабілася ўсё цяжэйшай. Уладныя структуры стараліся стварыць альтэрнатыву “Бацькаўшчыне” і нават у 1999 г. абвесцілі, што пачала працаваць Міжнародная асацыяцыя “Святло Радзімы”. Але ЗБС “Бацькаўшчына” жыла і, нягледзячы на новыя “камедыі” з памяшканнем, правяла Трэці з’езд беларусаў свету ў Доме літаратараў. Тэмы з’ездаў былі вельмі актуальныя, у адпаведнасці з якімі мне даручылі зрабіць асноўныя даклады: “Беларуская ідэя і адбудова беларускай дзяржаўнасці”, “Праблема захавання беларускай прысутнасці ў свеце”, “Беларусь і беларусы на мяжы тысячагоддзяў”. Матэрыялы і дакументы першага, а затым другога і трэцяга з’ездаў былі выдадзены ў выглядзе дзвюх кніг (1997 і 2004). На трэцім з’ездзе (2004) прэзідэнтам ЗБС быў абраны Анатоль Грыцкевіч, а старшынёй Рады – Алена Макоўская.

У далейшым ЗБС “Бацькаўшчына”, як і Скарынаўскі навукова-асветны цэнтр, было пазбаўленае памяшкання, але актыўную працу працягвала. Былі праведзены чацвёрты і пяты з’езды беларусаў свету. Апошні адбыўся пад кіраўніцтвам Алеся Марачкіна і Алены Макоўскай.

Важным дасягненнем папярэдняга і асабліва сучаснага кіраўніцтва ЗБС (Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская) стала пастаяннае выданне інфармацыйнага бюлетэня “Беларусы ў свеце” і выданне ўнікальных кніг серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны”, шырокую вядомасць атрымала грамадска-культурная кампанія “Будзьма беларусамі” і інш. ЗБС працягвае праводзіць шматгранную шырокую дзейнасць па аб’яднанні беларусаў свету, у якой бярэ ўдзел вялікая колькасць шчырых сыноў Бацькаўшчыны і замежжа, адданых здзяйсненню нацыянальнай беларускай ідэі.

Шкада, што 20-годдзе такой аўтарытэтнай і важнай структуры, як Міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, не было ў свой час і на адпаведным узроўні адзначана, каб падвесці вынікі яго дзейнасці.

Радзім Гарэцкі, акадэмік,
прэзідэнт МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” у 1993-2001 гг. (Беларусь)

 

Назаўсёды з “Бацькаўшчынай”

Згадваючы 20 гадоў, пражытых разам з МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, разумееш і хуткаплыннасць часу, і пэўную мізэрнасць асобнай чалавечай істоты ў створаным Богам сусвеце, і марнасць (калі не шкоду) шмат якіх на першы погляд глабальных ды лёсаносных грамадскіх праектаў-здзяйсненняў; адным словам, – “усё было, і няма нічога новага пад сонцам”.

Гэта так і не так.

Бо, што да ЗБС “Бацькаўшчына”, дык асацыяцыі, звязаныя з ёю, – толькі светлыя, чыстыя і аптымістычныя.

Вядома, у грамадска-культурніцкім багажы “Бацькаўшчыны” гэтулькі зробленага, што хопіць на дзясяткі дысертацыйных даследаванняў і белетрыстычных аповедаў. Падзялюся тут адно некаторымі асабістымі высновамі і ўспамінамі.

Недзе вясною 1990 года падышоў да мяне ў Бібліятэцы Дома Урада, дзе я працаваў і працую па сённяшні час, пісьменнік Яўген Лецка. Ведаў яго як заўзятага бібліяфіла, актыўнага адраджэнца, паважаў за пісьменніцкі талент. На той час я ўжо наведваў мерапрыемствы легендарных цяпер “Тутэйшых” і “Талакі”, што дапамагло знайсці аднадумцаў і загартавала ў ідэёвым змаганні з кіраўніцтвам камуністычнай партарганізацыі бібліятэкі; давялося таксама паўдзельнічаць у Першым вальным сойме беларускіх суполак (1987), устаноўчым сходзе па стварэнні аргкамітэта БНФ за перабудову “Адраджэньне” і Беларускага гісторыка-культурнага таварыства памяці ахвяр сталінізму “Мартыралог Беларусі” (1988). Спадар Лецка тады пахваліў мае артыкулы ў “ЛіМе” пад рэдактарствам няўрымслівага Анатоля Вярцінскага (зрэшты, за іх мне не сорамна дасюль, бо ледзь не ўпершыню у афіцыйнай прэсе яны былі прысвечаны стварэнню беларускага нацыянальнага войска, абароне ад паклёпу даваеннай партыі БХД на чале з Янам Пазняком, неабходнасці стварэння паказнікаў так званай літаратуры “спецхранаў” і інш.), ды падсумаваўшы: “Хлопец ты добры”, – прапанаваў узяць удзел у стварэнні арганізацыі, якая б займалася стасункамі Беларусі і беларусаў замежжа. Так мой лёс на доўгія гады звязаўся з “Бацькаўшчынай”. Потым 10 верасня адбылася Устаноўчая канферэнцыя, былі доўгія пошукі афіцыйнай сядзібы. Дарэчы, урад краіны тады прыняў цэлую пастанову спрыяння “Бацькаўшчыне”. Пад сядзібу меркаваўся ўвесь былы кінатэатр “Беларусь”. На жаль, неўзабаве ўмовы працы змяніліся ў горшы бок па ўсім вядомай прычыне. Быў кіраўніком аргкамітэта па падрыхтоўцы Першага сходу беларусаў блізкага замежжа (1992), з 1990 г. – намеснік, у 1999–2001 гг. в.а. старшыні Рады і Управы. Ганаруся, што браў чынны ўдзел у арганізацыі ўзнаўлення духоўнай і культурна-гістарычнай рэліквіі беларускага народа – Крыжа Еўфрасінні Полацкай. Пра ўсё каротка і не распавядзеш...

З падзякай згадваю кіраўнікоў “Бацькаўшчыны” – першага прэзідэнта ЗБС Васіля Быкава, Радзіма Гарэцкага, Анатоля Грыцкевіча, Аляксея Марачкіна, старшыняў Рады і Управы Яўгена Лецку і Ганну Сурмач. Заўсёды побач (рэальна ці віртуальна) былі сябры Рады і Управы – Ірэна Каляда-Смірноў, Івонка Сурвіла, Алег Латышонак, Алег Рудакоў, а. Аляксандр Надсан, Вітаўт Кіпель, Янка Запруднік, Хведар Нюнька, Аляксей Каўка, Мікола Ермаловіч, Ніл Гілевіч, Адам Мальдзіс, Яўген Адамовіч, Вячаслаў Рагойша, Анатоль Сабалеўскі, Ніна Петухова, Барыс Стук, Мікола Люцко, Алесь Станкевіч, Анатоль Сілівончык, Лідзія Савік, Валянціна Фок, Генадзь Вінярскі. Сам сябе перарываю тут, бо праз “Бацькаўшчыну” “прайшлі” літаральна сотні выбітных беларусаў. Яны – эліта і гонар нацыі. Дзякуючы ім ЗБС “Бацькаўшчына” не толькі ўпершыню ў гісторыі краіны стала ўвасабленнем найвышэйшага этапу кансалідацыі дыяспары і метраполіі ў выглядзе адмысловага спецыялізаванага цэнтра, але адначасова і духоўна-культурным апірышчам беларусаў незалежна ад месца жыхарства ў сённяшнім глабальным свеце. Між іншым, таксама дзякуючы ім, на мой погляд, працэс нацыянальнага адраджэння, распачаты ў канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя, не перарваўся ў неспрыяльныя апошнія дзесяцігоддзі. Болей за тое, яны фактычна складаюць паралельную афіцыйнай, сапраўды нацыянальную ўладу Беларусі – толькі не на дзяржаўным, а на ментальным узроўні.

Чаму “Бацькаўшчына” і сёння стаіць на трывалым грунце? Першае, за ёй гістарычныя карані беларускай эміграцыі пасля паўстанняў 1794, 1830–1831, 1863–1864 гадоў, Беларускага культурна-асветнага таварыства “Бацькаўшчына” (1918), створанага ў БНР, Сусветнае аб’яднанне беларускай эміграцыі (1948). Другое, усе 20 гадоў сябры “Бацькаўшчыны” – прадстаўнікі дыяспары і метраполіі – гавораць адной моваю і ў прамым і ў пераносным сэнсе. Трэцяе, нам удалося перажыць хваробу росту, на якую пацярпелі шмат якія беларускія грамадскія і культурніцкія арганізацыі – усе гэтыя падзелы, асабістыя амбіцыі, комплексы Напалеона, дый пэўныя правакацыі, скіраваныя на раскол, з боку пэўных спецслужбаў. Чацвёртае, праз сістэму дзіцячых летнікаў, творчых конкурсаў і да т.п. забяспечана пераемнасць працы і супрацоўніцтва з беларускім замежжам у маштабе ўсёй краіны. Пятае, на чале МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” зараз стаяць прадстаўнікі адносна маладога пакалення адраджэнцаў – Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская, збіць якіх з абранага жыццёвага шляху і нацыянальных арыенціраў, падаецца мне, не пад сілу самаму заклятаму ворагу. У сфармаванай імі і зацверджанай на 5-м з’ездзе беларусаў свету камандзе супрацоўнікаў і сяброў Управы ўдала спалучаны вопыт, сталасць і моладзевы імпэт. А яшчэ жаночая карпатлівасць, упартасць і здольнасць рэальна акрэсліваць ды дасягаць пастаўленай мэты. Нездарма акадэмік Радзім Гарэцкі, па-добраму, але вельмі трапна часам жартуе, называючы “Бацькаўшчыну” “Мацькаўшчынай”.

І, галоўнае, ідэйны грунт – родная мова (яна ад Бога і адна, вядома ж, у кожнага беларуса), шанаванне незалежніцкай гістарычнай спадчыны, нацыянальных сімвалаў – “Пагоні” і бел-чырвона-белага сцяга.

Дык, да новых юбілеяў з годна паднятымі галовамі ў вольнай, дэмакратычнай, еўрапейскай Беларусі!

Валерый Герасімаў, в.а. старшыні Рады і Управы ў 1999-2001 гг,
сябра Рады і Управы МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” (Беларусь)

 

***

Для мяне “Бацькаўшчына” – гэта адна з самых аўтарытэтных і важных грамадскіх арганізацый у Беларусі. Яе прызначэнне і яе непаўторнасць палягаюць у тым, што гэта тая арганізацыя, якая не толькі тут, у Беларусі, але і ва ўсім свеце падтрымлівае ў чалавека самае святое пачуццё – адчуванне радзімы і, акрамя гэтага адчування, падтрымлівае разуменне адказнасці перад радзімай. Сустракаючыся з землякамі ў многіх кутках свету я адчуў, што найпершай прыкметай прыналежнасці да нашай сінявокай, азёрнай, лясной зямлі ёсць мова, бо родная наша мова – гэта асноўны пароль для беларусаў, якіх воляй лёсу параскідала па свеце. Пачуўшы родную мову, беларус адразу пачынае давяраць. Не нейкія матэрыяльныя і іншыя даброты, а перш за ўсё матчына слова адгукаецца ў глыбінях душы беларуса, калі ён успамінае ці сустракае суайчынніка. Мне здаецца, што пра гэта варта ўсур’ёз задумацца нашым тутэйшым чыноўнікам, нашым сённяшнім уладам. Яны вельмі часта паўтараюць, што галоўнае – чалавека накарміць, апрануць, забяспечыць жыллём, а ўсё астатняе неістотна. Я перакананы, што так могуць думаць і сцвярджаць толькі тыя, хто жыве адным днём, хто не думае пра будучыню, пра вечнасць. А беларус для мяне – гэта святыня, гэта вечнасць, і я ўдзячны “Бацькаўшчыне” за тое, што яна падтрымлівае ўва мне гэтыя перакананні і тым самым падтрымлівае адданасць роднай гісторыі, матчынай мове, традыцыям славутых людзей зямлі нашай. Арганізацыя любая – гэта, перш за ўсё, людзі, і я шчаслівы, я ганаруся тым, што сярод сяброў “Бацькаўшчыны” шмат сапраўды выдатных, сапраўды сумленных, сапраўды таленавітых людзей. “Бацькаўшчына” пазнаёміла і блізка звяла мяне з такімі выбітнымі асобамі, як айцец Аляксандр Надсан у Лондане, Хведар Нюнька ў Вільні, Вячка Целеш у Рызе, Яўген Вапа ў Беластоку… Іх досведам, іх клопатам, іх штодзённай працай, як і многіх іншых, мацуецца наша арганізацыя. Ужо 20 гадоў яна верна служыць сваёй Айчыне, робіць усё, што можа, у імя яе развіцця і росквіту, і я веру, што яна яшчэ прынясе Беларусі шмат сапраўды выдатнага і непаўторнага. У гэтыя юбілейныя дні я ўспамінаю сяброў “Бацькаўшчыны”, іх светлыя твары, іх родныя вочы і радуюся, што я разам з імі.

Генадзь Бураўкін, паэт, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі (Беларусь)

 

***

У гісторыі нашай Бацькаўшчыны жанчыны адыгрывалі ролю значна большую, чым у іншых еўрапейскіх краінах.

Яны выратоўвалі княскія дынастыі – як Рагнеда.

Бераглі веру і рабіліся асветніцамі і мецэнаткамі – як Еўфрасіння.

Браліся за зброю і нароўні з мужчынамі баранілі сваю зямлю – як Настасся Слуцкая.

Стваралі тэатры – як Францішка-Уршуля Радзівіл.

Рабіліся паўстанцкімі камандзірамі – як Эмілія Плятэр.

Пацяснялі мужчын у шэрагах літаратурных класікаў – як Цётка.

Былі лідэркамі палітычных партыяў – як Палута Бадунова.

Станавіліся бясспрэчнымі маральнымі аўтарытэтамі ўсяго краю – як Ларыса Геніюш.

Давалі ўзор служэння Беларусі на эміграцыі – як Зора Кіпель.

Сёння мы бачым, як ахвярна і плённа працуюць дзеля Бацькаўшчыны разумныя, прыгожыя, таленавітыя жанчыны ў розных краінах: у Вялікабрытаніі – Лёля Міхалюк, у ЗША – Ала Орса-Рамана і Ірэна Каляда-Смірнова, у Латвіі – Таццяна Казак...

Я захапляюся непасрэднымі кіраўнічкамі Згуртавання беларусаў свету Аленай Макоўскай і Нінай Шыдлоўскай і чакаю, калі з іх вырастуць кіраўнікі Беларусі.

Віншую “Бацькаўшчыну”  з 20-годдзем і зычу 100 год!

Уладзімір Арлоў, пісьменнік (Беларусь)

 

”БАЦЬКАЎШЧЫНЕ” 20!

Віншвальнае

Задоўга да заснаваньня Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”, у паваеннай Заходняй Нямеччыне, у горадзе Рэгенсбург, выйшаў першы нумар газэты “Бацькаўшчына”. На календары быў кастрычнік 1947 году – час, калі беларусы-перамяшчэнцы, расьсеяныя па тэрыторыі заходнеэўрапейскіх краінаў, глядзелі разгублена ў будучыню, шукалі арыенціраў. Новазаснаваная газэта прапанавала ім галоўны арыенцір.

Рэдакцыя пыталася ў чытачоў: “Чаму ‘Бацькаўшчына’, калі мы на чужыне?”*. І дала адказ, сутнасьць якога ўвасобіла ЗБС “Бацькаўшчына” дзесяцігодзьдзі пазьней, калі над Беларусяй праносіліся вятры гістарычных зьменаў. Вось гэтыя не падуладныя зьменам словы:

Бо Бацькаўшчына – гэта ж ня толькі зямля бацькоў і бацькоў бацькоў, аж углыбкі сівых пакаленьняў. Бо Бацькаўшчына – гэта найперш уся спадчына гэных пакаленьняў, увесь духовы набытак іх, пераказваны з роду ў род і не дзеля таго, каб яго занядбаць, ці зусім выкінуць, ці схаваць, закапаць у зямлю назаўсёды, а якраз на тое, каб пашыраць і павялічваць, памнажаць і пераказваць далей нашчадкам.

Дзейнасьць ЗБС “Бацькаўшчына” якраз і накіраваная на тое, “каб пашыраць і павялічваць, памнажаць і пераказваць...” Але ня толькі. Роля Згуртаваньня значна шырэйшая. Апрача лучнасьці паміж пакаленьнямі, яно мацуе таксама лучнасьць паміж суполкамі беларусаў, раскіданымі па цэлым сьвеце, па ўсіх мэрыдыянах і паралелях – ад Іркуцку да Мэльбруну, ад Лёндану да Таронта, Нью-Ёрку й далей. Псыхалягічны аспэкт гэтай сувязі зьяўляецца важным маральным фактарам. Ён нагадвае нам у дыяспары пра зямлю прашчураў, дае пэўнасьць, што дзе б мы ні жылі ў гэтым шырокім сьвеце, мы спалучаныя супольнымі інтарэсамі, супольнымі намаганьнямі дапамагчы Бацькаўшчыне перажыць ліхія часы ды выйсьці са сваім духовым набыткам на шырэйшыя шляхі свабоды й дабрабыту.

У гэты юбілейны час мы з удзячнасьцяй згадваем усіх працаўнікоў “Бацькаўшчыны”, у тым ліку імёны заснавальнікаў і прадаўжальнікаў вялікае й высакароднае працы, якую працягам мінулага дваццацігодзьдзя прарабіла наша Згуртаваньне: Яўгена Лецкі, Ганны Сурмач, Радзіма Гарэцкага, Анатоля Грыцкевіча, Адама Мальдзіса, Аляксея Марачкіна, Алены Макоўскай, Ніны Шыдлоўскай ды сотняў іншых шчырых патрыётаў Беларусі.

Янка Запруднік, доктар гістарычных навук (ЗША),

_______________________

*Аўтарам непадпісанага рэдакцыйнага артыкулу пад заг. “Бацькаўшчына” быў Антон Адамовіч. Поўны тэкст артыкулу можна прачытаць у кнізе “З гісторыяй на ‘вы’ “. Выпуск трэці. Мінск. “Маст. Літ.”, 1994, с. 11–14.

 

 

Бел-чырвона-белы сьцяг над сьветам

(да 20-й гадавіны стварэньня ЗБС “Бацькаўшчына”)

Сёлета на 29-й Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амэрыкі, якая праходзіла ў Саўт Рывэры 4–6 верасьня, мне давялося браць удзел у канфэрэнцыі на тэму “Роля беларускай дыяспары ў мінулым і сучаснасьці”. Сваё выступленьне я прысьвяціла ролі Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” ў справе аб’яднаньня беларускай эміграцыі. Цяпер, праз 20 гадоў пасьля стварэньня ЗБС вельмі выразна акрэсьлілася высокая значнасьць гэтай падзеі ў нацыянальнай гісторыі. Я нагадала прысутным, што 20–25 гадоў таму назад нельга было нават уявіць сабе, што магчымыя такія форумы, дзе будуць зьбірацца разам беларусы з розных краінаў і беларусы з Бацькаўшчыны. Госьці зь Беларусі ў Амэрыцы ня будуць баяцца вяртацца на Радзіму, каб іх там не залічылі да ворагаў народу.

У тыя ня надта далёкія ў гістарычным кантэксе часы беларуская нацыя існавала ў двух сусьветах – савецкім і заходнім, усякія кантакты між імі жорстка перасьледаваліся савецкімі ўладамі. “Жалезная заслона” надзейна ахоўвала беларусаў на Радзіме ад інфармацыі пра існаваньне часткі беларускай нацыі ў іншых краінах сьвету. У сваю чаргу, замежныя беларусы ня мелі ніякай магчымасьці кантактаваць з Бацькаўшчынаю нават у тых выпадках, калі там заставалася жыць іх блізкая радня. Цяпер нам падаецца гэта абсурднаю, антычалавечаю зьяваю, але тады іншага жыцьця мы сабе не ўяўлялі і думалі, што беларусы жывуць толькі ў Беларусі. Мала каму тады, акрамя, хіба, навукоўцаў, было вядома, што ў гісторыі беларускага народу эміграцыя іграе істотную, можна ўпэўнена сказаць – драматычную ролю. Тысячы і тысячы жыхароў Беларусі ў розныя часы і большай часткаю прымусова пакідалі родныя мясьціны і ладзілі новае жыцьцё на чужыне. Зь цягам часу гэтая плынь стала налічваць мільёны, якіх не далічылася сёньня наша Беларусь.

Памятаю, калі я была школьніцаю, да мяне прыходзіла суседка – старэнькая малапісьменная жанчына, адзіны сын якой не вярнуўся з вайны, і прасіла напісаць запыты пра лёс сына, спадзявалася, можа яшчэ недзе жыве, бо “пахаронкі” не атрымала. Пасьля некалькіх беспасьпяховых спробаў яна папрасіла больш не пісаць, бо пачала думаць, што можа сын недзе жыве ў замежжы, але баіцца адгукнуцца, каб не ствараць ёй праблемаў. Так і дажыла век у адзіноце.

Для мяне было вялікім зьдзіўленьнем, калі я ў нашай “Гродненской правде” ў 60-я гады чытала “Альпійскую баладу” Васіля Быкава, дзе апавядалася пра беларускага хлопца, якога ваенны лёс закінуў у Альпы. Альбо потым, чытаючы У. Караткевіча, дзівілася, адкуль узяўся беларус у Аравійскай пустэльні. Тады яшчэ нават у сьне не магла ўявіць, што некалі лёс мой будзе цесна зьвязаны з клопатамі пра замежных беларусаў, і сама я не па ўласнай волі стануся эмігранткаю.

Мае юнацкія ўражаньні засталіся ў душы назаўсёды і пакінулі ў ёй сьлед зацікаўленнасьці беларускай прысутнасьцю ў сьвеце. Можа, таму я і далучылася да той купкі беларускай інтэлігенцыі, якая напрыканцы 80-х пачала актыўна займацца беларускім замежжам, усталёўваць кантакты з суродзічамі ў іншых краінах сьвету. Распадаўся Савецкі Саюз, як “шыла зь мяшка” пачала вылазіць праўда пра тое, што так званы “савецкі народ” – гэта зусім не адзіная безаблічная ідэялягізаваная супольнасьць, а розныя нацыі і народнасьці. Тады і пачалі выяўляць сябе і прызнавацца беларусамі нашыя суродзічы ва ўсіх куткох савецкай імпэрыі. Так адкрывалася для нас ня толькі далёкае – заходняе беларускае замежжа, але і блізкае. Гэтак мы ўмоўна тады пачалі называць такія два складнікі беларускай дыяспары і актыўна пачалі ўсталёўваць кантакты з абодвума.

На той час само беларускае грамадзтва яшчэ не было гатовае ўспрыняць думку пра існаваньне беларускага замежжа. У галовах людзей трывала сядзела перакананьне, навязанае савецкай прапагандаю, што ўсе, хто жыве ў замежжы, ворагі, а калі яны яшчэ вызнаюць сябе беларусамі, то ворагі ўдвайне. Нават у 1993 годзе, калі мы ўжо рыхтавалі Першы зьезд беларусаў сьвету, мне дахаты званілі савецкія ветэраны і сварыліся, што мы зьбіраем “здраднікаў”.

Але жыцьцё ішло наперад, адчыняліся межы, і неўзабаве мы ў Беларусі пабачылі ня толькі кніжкі, выдадзены беларускай эміграцыяй, але займелі магчымасьць непасрэдна пазнаёміцца з нашымі суродзічамі. Прыезд зь Нью-Ёрку сьпевака Данчыка, танцавальнага гурта “Васілёк” растапілі лёд недаверу. Як вясновы паводак, затапілі патрыятычныя пачуцьці ня толькі беларускую моладзь, але і старэйшых. Людзі пабачылі і пачулі сваё, роднае, адчулі сваю вінаватасьць у тым, што не захавалі сваю мову, культуру так, як гэта рабілі беларусы ў Амэрыцы. Для нас пачаў адчыняццца сьвет і прыходзіць разуменьне сваёй прысутнасьці і значнасьці ў ім.

Паступова ў грамадзкіх колах пачала высьпяваць думка аб арганізацыйным аб’яднаньні беларусаў на Бацькаўшчыне і ў замежжы. Ідэя аб стварэньні адпаведнай арганізацыйнай структуры належыць, наколькі я ведаю, пісьменьніку і літаратуразнаўцу Яўгену Лецку. Зь вялікім энтузіязмам мы далучыліся да ягонай прапановы аб заснаваньні Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”. Назва адразу ўсім спадабалася. На ўстаноўчым сходзе 10 верасьня 1990 году прысутнічала пераважна творчая і навуковая інтэлігэнцыя – людзі, якія разумелі важнасьць сваёй місіі, усю значнасьць працы з замежжам для будучыні краіны. Першым старшынём быў абраны Яўген Лецка, у склад Рады – кіруючага органа ЗБС – былі абраныя вядомыя ў адраджэнскім руху людзі зь Беларусі і з замежжа.

Мне таксама пашчасьціла быць прысутнай на Устаноўчым Сходзе і трапіць у склад Рады, дзе маю гонар быць абранаю да сёньняшняга дня.

Тады мы ўсе былі натхнёныя працаю ў ЗБС, цешыліся на шырокія перспектывы, якія адкрываліся, і шмат чаго зрабілі, каб арганізацыя “ўстала на ногі”, замацавалася і набыла прызнаньне як у Беларусі, так і ў замежжы. Апафеозам таго перыяду нашай дзейнасьці можна лічыць Першы зьезд беларусаў сьвету, які арганізавала ЗБС у ліпені 1993 году. Гэты прадстаўнічы нацыянальны форум назаўсёды застанецца ў гісторыі беларускага народу як выбітная падзея.

Працаваць было нялёгка, але мы мелі падтрымку як у грамадзтве, так і часткова з боку дзяржаўных уладаў Рэспублікі Беларусь.

Зьмена ўлады ў краіне ў 1994 годзе драматычна адбілася на дзейнасьці Згуртаваньня “Бацькаўшчына”. Новая, дыктатарская ўлада паступова нішчыла ўсе набыткі дэмакратыі, усе, што было зроблена Адраджэнскім рухам коштам адданай і напружанай працы. Усе наступныя Зьезды беларусаў сьвету адбываліся ў неспрыяльных умовах, насуперак перашкодам, якія чынілі ўладныя структуры. ЗБС было пазбаўлена матэрыяльнай базы, выгнана зь ягонага памяшканьня. Але “Бацькаўшчына” выстаяла, выжыла і дзейнічае нават у гэты неспрыяльны час.

Газэта “Наша Ніва” падала сёлета інфармацыю пра 20-ю гадавіну стварэньня  “Бацькаўшчыны”, дзе назвала ЗБС адной зь нямногіх беларускіх грамадзкіх арганізацыяў, якія ўзьніклі на пачатку новага беларускага Адраджэньня і захаваліся да сёньняшнягя часу. Я лічу, што гэта высокая ацэнка дзейнасьці Згуртаваньня.

ЗБС запачаткавала і ажыцьцявіла важную нацыянальную справу – упершыню ў нашай гісторыі арганізацыйна аб’яднала дзьве часткі беларускай нацыі – беларусаў у мэтраполіі і ў замежжы ў адну нацыянальную супольнасьць, якая цяпер ёсьць прысутная ў цэлым сьвеце. Рамкі існаваньня беларускай нацыі пашырыліся за межы Беларусі і ахапілі ўсе тыя рэгіёны сьвету, дзе жывуць выхадцы зь Беларусі. А сёньня гэта ўсе абжытыя кантынэнты. Я пераканалася ў гэтым, калі цягам 5 гадоў вяла праграму “Беларускае замежжа” на Радыё Свабода. Дзе толькі не давялося мне знаходзіць герояў маіх перадачаў – у бальшыні краінаў сьвету.

Калі б нават, ня дай Божа, дайшло да таго, што ЗБС спыніла сваё існаваньне, закладзены ёю працэс ужо нельга перапыніць. Сёньня ўспрымаецца як звычайная справа, што беларусы з розных краінаў і з мэтраполіі знаёмыя між сабою, вольна кантактуюць, узаемна дапамагаюць, ладзяць розныя супольныя імпрэзы. Мы прысутныя як адзіная нацыя ў шырокім сьвеце! Вось галоўны вынік нашай супольнай працы, пачатак якой паклала стварэньне Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” 20 гадоў таму.

“Бацькаўшчына” грамадзкімі сіламі выконвае тую функцыю, якую павінна была б ажыцьцяўляць беларуская дзяржава, як гэта прынята ў цывілізаваным сьвеце. Але, спадзявацца на гэта пакуль няма падставаў, і таму хочацца пажадаць усім тым, хто працуе на карысьць Згуртаваньня, утрымлівае яго арганізацыйна і матэрыяльна, хто не губляе мужнасьці ў цяжкіх абставінах і надалей трымаць наш бел-чырвона-белы сьцяг над сьветам. Няхай не прыпыніцца бег “Пагоні” на зямной кулі, як гэта сымбалізуе фірменны знак ЗБС “Бацькаўшчына”!

Зьвяртаюся таксама да ўсіх нашых суродзічаў ў замежжы – падтрымлівайце

наша Згуртаваньне, дапамагайце ім, бо працуюць яны дзеля вас у сёньняшняй Беларусі, дзе ня маюць падтрымкі і спрыяньня, вашая ўвага будзе надаваць ім сілы дзеля захаваньня ўсім нам патрэбнай справы.

Жыве Беларусь усюды, дзе жывуць беларусы!

Ганна Сурмач, старшыня Рады ЗБС “Бацькаўшчына” ў 1993-2001 гг (ЗША)

 

***

Таварыства беларускай культуры ў Літве віншуе зь юбілеем – 20 гадоў заснаваньня арганізацыі  ЗБС "Бацькаўшчына" і жадае посьпехаў у высакароднай справе служэньня беларусам сьвету ! Я меў гонар удзельнічаць у заснаваньні і ўсіх больш значных падзеях "Бацькаўшчыны". Цяпер, успамінаючы падзеі мінулых гадоў, як самую значную лічу І Зьезд Беларусаў Сьвету. Тады ў Менск зьехаліся беларусы з усіх кантынэнтаў. Яны ўпершыню за шмат гадоў сустрэліся ў сваёй роднай Беларусі. Людзі са сьлязамі на вачах дзяліліся ўспамінамі аб пражытых гадах на чужыне. Зьезд прайшоў ва ўсіх адносінах на высокім узроўні.На заўсёды запомніліся эмацыянальныя, кранаючыя душу выступленьні як беларускіх, так і замежных дэлегатаў зьезду. На жаль, усе наступныя зьезды праходзілі ў складаных умовах, пры поўным ігнараваньні зьездаў дзяржаўнымі ўладамі Беларусі. ТБК Літвы цесна супрацоўнічае з "Бацькаўшчынай" і мае падобнае разуменьне існуючых праблем і іх вырашэньня. Мы ўвесь час адчуваем падтрымку і дапамогу культурнай дзейнасьці ТБК. Усе значныя імпрэзы (чатыры канфэрэнцыі беларусаў Балтыі, дні беларускай і літоўскай культуры ў Вільні, мэмарыяльныя дошкі беларускім дзеячам і інш.) праводзліся з дапамогай "Бацькаўшчыны". "Бацькаўшчына" праводзіць вялікую самаахвярную працу па наладжваньні цесных сувязяў зь беларусамі замежжа, выдае шмат беларускай літаратуры і інфармацыі, праводзіць зьезды, сэмінары і сустрэчы зь землякамі. Асабліва трэба адзначыць заслугі Алены Макоўскай, Ніны Шыдлоўскай і Зьмітра Сасноўскага. Таварыства беларускай культуры ў Літве працуе над захаваньнем памяці пра беларускіх патрыётаў і беларускіх мясьцінаў Віленскага краю. Будзем і надалей гэтым займацца, хаця не атрымліваем ніякай дапамогі з боку ўладаў Беларусі. Усё ж хочацца верыць, што ўлады існуючага рэжыму замест палітыкі русіфікацыі беларускага грамадзтва і змаганьня супроць беларускіх патрыётаў, пачнуць аказваць больш увагі беларускім патрыятычным арганізацыям Беларусі, і ў першую чаргу ЗБС "Бацькаўшчыне". Выдзяляць адпаведны будынак для працы і прыёму беларусаў замежжа. Як гэта робяць улады суседніх краін. З павагай,

Хведар Нюнька, старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве,
Дырэктар цэнтра культуры Якуба Коласа ў Вільні (Літва)

Наша МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Быў 1990 год, час канчатковага развалу савецкай імперыі, час прыняцця дэкларацый аб дзяржаўным суверэнітэце ў былых савецкіх рэспубліках, ішло змаганне за іх сапраўдны, а не папяровы суверэнітэт, за незалежнасць ад Масквы. Змаганне было нялёгкім і складаным. Народ быў падзелены на два франты: народны фронт, які стварыла інтэлігенцыя і тыя хто падтрымліваў незалежнасць і дэмакратыю, а таксама быў інтэрфронт, створаны наменклатурай і саўкамі, якія былі супраць незалежнасці рэспублік і хацелі ўтрымаць расейскамоўную саўковую імперыю.

Перабудова М.Гарбачова ў канцы 1980-ых гадоў стварала ўмовы да адраджэння нацыянальнай ідэі.У рэспубліках нацыянальныя меншасці атрымлівалі права на нацыянальна-культурную аўтаномію, пачалі стварацца нацыянальныя культурныя таварыствы.

У 1988 г. у Латвіі беларускай інтэлігенцыяй, што падтрымлівала народны фронт Латвіі і Беларусі, незалежнасць і нацыянальнае адраджэнне, было створана Латвійскае Таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”, галоўнай мэтай якога было захаванне сваёй нацыянальнай ідэнтычнасці праз адраджэнне роднай мовы, гісторыі і культуры, нацыянальных гістарычных сімвалаў, адраджэнне беларускай школы ў Латвіі. Падобныя таварыствы тады ствараліся на ўсёй постсавецкай прасторы. Аднак, не ўсе створаныя таварыствы, асабліва тыя, якія былі створаны крыху пазней, падтрымлівалі ідэю народнага фронту, ідэю нацыянальнага Адраджэння, і гэта раз’ядноўвала многіх беларусаў.

У 1990 годзе, калі на гарызонце, пасля прыняцця дэкларацыі, ужо было відаць рэальнасць атрымання незалежнасці Беларусі і была патрэбнасць у кансалідацыі суродзічаў за яе межамі, беларуская інтэлігенцыя на Бацькаўшчыне выступіла з ініцыятывай склікаць устаноўчы сход кіраўнікоў, прадстаўнікоў нацыянальных культурных таварыстваў, у першую чаргу блізкага замежжа. Гэты першы невялікі форум адбыўся ў верасні 1990 года ў Доме літаратара на вул. Фрунзе, 5. Гэта было віруючае месца, месца эліты нацыянальнай беларускай інтэлігенцыі, адкуль ішло адраджэнне нацыі і дзяржавы, там пастаянна адбываліся творчыя сустрэчы, вечарыны, з’езды, канцэрты. Менавіта там было заснавана і Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”.

Галоўнай мэтай гэтай арганізацыі было збіранне, згуртаванне, аб’яднанне беларусаў не толькі блізкага замежжа, але ўсяго свету для агульнай задачы – праз нацыянальную культуру, спадчыну, гісторыю і родную мову, адрадзіць нацыю. Беларускім нацыянальным суполкам як блізкага, так і далёкага замежжа, адарваным ад Беларусі, было складана без дапамогі з Бацькаўшчыны адраджаць сваю культуру, не было ні спецыялістаў, ні сродкаў, ні інфармацыі. Беларуская дзяржава пакуль не стала пад бел-чырвона-белыя сімвалы, не вельмі імкнулася ў гэтай дапамозе. І толькі заснаванае Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” ўзяло на сябе гэтыя абавязкі і клопаты, стварыўшы на паседжанні Рады камісіі па сувязях з беларускімі дыяспарамі і па іншых пытаннях.

Для ЗБС “Бацькаўшчына” быў вызначаны гістарычны будынак у цэнтры Мінска на вул. Рэвалюцыйнай, 15, які стаў беларускай хаткай для нас, беларусаў, падчас наведвання Бацькаўшчыны, дзе мы добра сябе адчувалі і атрымлівалі дапамогу ў нашых агульных справах. У гэтым жа будынку трохі пазней, у 1991 г., была заснавана Міжнародная Асацыяцыя Беларусістаў, там жа быў створаны музей “Беларусы ў свеце”, гэта быў сапраўдны Беларускі Дом для беларусаў Свету.

Прайшло дваццаць гадоў, як створана ЗБС “Бацькаўшчына”. Безумоўна, зроблена ёю шмат, асабліва былі плённымі гады, калі Беларусь была пад бел-чырвона-белымі сімваламі. Тады сама дзяржава больш увагі і дапамогі праз згуртаванне ўдзяляла ўсім, а не толькі выбраным беларускім суполкам замежжа.

Прайшлі пяць З’ездаў беларусаў свету, арганізаваныя ЗБС “Бацькаўшчына”.У 1993 г. Першы быў найбольш вялікі, найбольш плённы, найбольш гістарычны, бо ён сабраў беларусаў розных палітычных поглядаў з далёкага і блізкага замежжа пад нашыя гістарычныя і дзяржаўныя сімвалы.У з’ездзе ўзялі ўдзел дзяржава, урад, бо і дзяржава была пад гэтымі сімваламі. Гэта было сапраўднае свята, бо ўсё тады нас аб’ядноўвала.

Арганізацыя пазнейшых з’ездаў была трохі складаная, бо дзяржава не стварала добрых ўмоваў для далейшай працы “Бацькаўшчыны”. Адышлі ад арганізацыі і тыя, хто падтрымліваў у часы Адраджэння саўковы Саюз, які разбураўся. Аднак, нягледзячы на гэта, арганізацыя на чале з яе кіраўнікамі і Малой Радай даволі шмат зрабіла для беларусаў свету, гэта была дапамога ў інфармацыі, выданне і распаўсюджанне беларускай літаратуры, дапамога беларускімі строямі, арганізацыі выставаў, канцэртаў, розных імпрэзаў і г.д.

Шмат ёю зроблена і робіцца сёння ў збіранні і кансалідацыі беларусаў, якія не паддаюцца асіміляцыі, а застаюцца беларусамі, дзе б яны ні жылі. Гэтым самым ЗБС “Бацькаўшчына” дапамагае захаваць нацыянальную ідэнтычнасць беларусаў у свеце і папулярызуе нашу васільковую зямлю Беларусь і наш народ сярод краінаў свету.

ЗБС “Бацькаўшчына” – менавіта нейтральная , а не дзяржаўная арганізацыя – зможа і павінна далей кансалідаваць, аб’ядноўваць на нацыянальнай культуры беларусаў розных па палітычных поглядах і па рэлігійнай веры. Таму хочацца ў дні юбілею падзякаваць за высілкі, за працу  на карысць нашай вялікай арганізацыі ўсіх прэзідэнтаў, якія кіравалі “Бацькаўшчынай” усе гэтыя гады, а таксама ўсіх тых, хто ў розныя часы ўнёс ці зараз робіць свой унёсак, сваю любоў, каб жыло Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Ад свайго імя ад імя Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”, ад Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар” віншую ўсіх з юбілеем. Усім моцы, цярпення, энергіі і любові да нашай працы і новых поспехаў на ніве Беларушчыны як у самой Беларусі, так і ў беларускіх дыяспарах свету.

Вячка Целеш, дацэнт Інстытута мэнэджменту інфармацыйных сістэм,
старшыня Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар” (Латвія)