Алена Макоўская: Дзяржава ідзе насустрач дыяспары

Кіраўнік Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» Алена Макоўская расказвае пра вынікі супрацоўніцтва з дзяржаўнымі органамі па пытаннях дыяспары.

Кіраўнік Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» Алена Макоўская расказвае пра вынікі супрацоўніцтва з дзяржаўнымі органамі па пытаннях дыяспары.

«НН»: Якія вынікі прынёс удзел у леташнім з’ездзе беларусаў свету міністра культуры Паўла Латушкі і ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леаніда Гулякі?

АМ: Ён прадэманстраваў зацікаўленасць дзяржаўных органаў у беларусах замежжа. Для нас гэта быў пазітыўны крок. Вынікам стала стварэнне каардынацыйнай Рады па справах беларусаў замежжа, прыняцце плана яе дзейнасці. План пабудаваны з улікам прапаноў, агучаных на мінулым з’ездзе беларусаў свету. Вельмі важным крокам ёсць распрацоўка дзяржаўнай праграмы «Беларусы ў свеце» і праца над праектам адпаведнага закона.

«НН»: У чым заключаецца праца каардынацыйнай Рады?

АМ: Рада падпарадкоўваецца Мінкультуры. Яе праца накіравана на культурныя і адукацыйныя праекты. Адкрыццё і дапамога беларускім класам у замежжы, арганізацыя курсаў для настаўнікаў па павышэнні кваліфікацыі, супрацоўніцтва і аказанне дапамогі асяродкам беларускай дыяспары ў арганізацыі іх культурных мерапрыемстваў.

«НН»: Нядаўняя дапамога беларускай школе ў Рызе аказвалася таксама пры спрыянні Рады?

АМ: Думаю, гэта ініцыятыва кіраўніка краіны, з намі непасрэдных кансультацый не было. Але на ўсіх сустрэчах з прадстаўнікамі дзяржструктур мы кажам аб тым, што асаблівую ўвагу трэба надаваць школьніцтву за мяжой. У параўнанні з іншымі нацыянальнасцямі сітуацыя ў беларусаў праблемная. Да прыкладу, тое, што сёння ў Расіі няма ніводнай беларускай школы, хаця там жыве каля мільёна нашых суайчыннікаў, нонсэнс. Адсутнасць школ сведчыць пра тое, што беларусы асімілююцца. Спадзяемся, дапамога дзяржавы будзе сістэмнай.

«НН»: Як рэагуе на супрацоўніцтва з дзяржавай сама дыяспара, бо не ўсе з іх станоўча ацэньваюць дзейнасць кіраўніка краіны?

АМ: Мы не сутыкаліся, каб нехта з прадстаўнікоў дыяспары выказаўся супраць прыняцця закона альбо супраць дзяржаўнай праграмы. Па-мойму, усе ўсведамляюць, што праз адсутнасць дзяржаўнай падтрымкі, адсутнасць адпаведнай заканадаўчай базы губляюць усе. Відавочна, што ў гэтай справе першы крок павінна зрабіць беларуская дзяржава. І тое, што ідзе праца над праектам закона «Аб беларусах замежжа» сведчыць аб гатоўнасці зрабіць такі крок. Працяглы час, калі мы звярталіся да чыноўнікаў, нас не чулі. Сітуацыя мяняецца.

«НН»: На якой стадыі знаходзіцца праца над праектам закона?

АМ: Адбылося вывучэнне заканадаўства іншых краін адносна іх вопыту ў супрацы з суайчыннікамі. Таксама вывучаліся праекты законаў, што былі зацверджаны Пятым з’ездам беларусаў свету і падрыхтаваны дзяржаўнымі органамі. На мінулым пасяджэнні працоўнай групы абмяркоўваліся пытанні назвы закона, яго мова і вызначэння мэтавай групы. Далей будзе абмяркоўвацца структура і напаўненне. Прыемна, што ў працоўную групу ўваходзяць спецыялісты, якія разглядаюць гэты закон як частку заканадаўчай дзейнасці краіны.

«НН»: Павел Латушка анансаваў правядзенне ў 2011 годзе Фестывалю беларусаў замежжа. Якім ён будзе?

АМ: Яшчэ ідзе распрацоўка канцэпцыі, як усё павінна выглядаць. Мы таксама рыхтуем свае прапановы. Хацелася б, каб была задзейнічаная максімальная колькасць мастацкіх калектываў з замежжа. Фестываль у дадзеным выпадку мае падвойнае значэнне: гэта не толькі дэманстрацыя творчых поспехаў беларускіх суполак у замежжы, не толькі падтрымка іх і заахвочванне, гэта яшчэ і знаёмства жыхароў Беларусі з такой з’явай, як беларуская дыяспара.

«НН»: У 2005 годзе ўзнікла ідэя стварэння «Энцыклапедыя беларусаў свету». Праект рэалізоўваецца?

АМ: З дапамогай Наталлі Гардзіенкі і Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку мы распрацавалі канцэпцыю энцыклапедыі. Калі жыццё беларусаў на захадзе даследавана, то на ўсход ад нас беларусы не лічыліся дыяспарай, бо ўсе нібыта пражывалі ў адной краіне. Шмат недаследаванага. І навукоўцаў у гэтай галіне мала. Пасля пазамінулага з’езду ў асяродкі беларускай дыяспары былі разасланыя адмысловыя анкеты. Але не было актыўнага адказу. Мы ўбачылі, што грамадскімі высілкамі гэта зрабіць нерэальна. Таму мы выступілі з ідэяй стварэння пры Акадэміі навук Беларусі адмысловай структуры ці аддзела, які б займаўся даследаваннем беларускай дыяспары. Патрэбны сур’ёзны навуковы калектыў, гэта дзейнасць не на адзін год.

Гутарыў Сяргей Макарэвіч, “Наша Ніва”


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение