А.Макоўская: 20 гадоў набліжаем да Беларусі яе дыяспару

Ужо 20 гадоў існуе міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. З нагоды юбілею старшыня аб’яднання Алена Макоўская адказала на некалькі пытанняў Радыё Рацыя.

Ужо 20 гадоў існуе міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. З нагоды юбілею старшыня аб’яднання Алена Макоўская адказала на некалькі пытанняў Радыё Рацыя.

Важных падзей было вельмі шмат, найперш хочацца адзначыць з’езды беларусаў свету, якія адбываюцца кожныя чатыры гады. Гэта, бадай што, цэнтральныя падзеі, да якіх мы рыхтуемся і якія адбываюцца перыядычна, у якіх удзельнічае беларуская дыяспара з больш чым 20 краін свету. Гэтыя падзеі важныя не толькі таму, што з’яўляюцца пляцоўкай для абмеркавання праблем дыяспары, але і таму, што яны паказваюць, ці знаходзіць сёння беларускае грамадства, беларуская дзяржава ўзаемадзеянне з беларускай дыяспарай.

Алена Макоўская адзначае, што акрамя гэтага, праходзіць вельмі шмат розных іншых падзей як у Беларусі, так і за мяжой. Таксама “Бацькаўшчына” атрымлівае шмат зваротаў аб правядзенні тых ці іншых мерапрыемстваў.

Сярод найважнейшых падзей адзначае старшыня “Бацькаўшчыны” і кніжную серыю:

Важныя падзеі – гэта, канешне, і кніжная серыя, якую мы выпускаем ужо з 2004 года, гэта кнігі, прысвечаныя беларускай дыяспары, гэта мастацкая літаратура і кнігі навукова-публіцыстычныя.

РР: Наколькі за гэтыя гады наладзіліся сувязі паміж беларусамі?

Узаемадзеянне развіваецца. Калі браць 90-ыя гады, калі Беларусь стала незалежнай краінай, тады стаўленне да дыяспары яшчэ было крыху наіўна-рамантычным. Я памятаю, што тады распрацоўвалася і першая праграма беларусаў у свеце спецыяльна перад першым з’ездам беларусаў свету. Тады было яшчэ слабое разуменне: вось ёсць дыяспара і што з ёй рабіць, ці ёй дапамагаць, ці яна павінна нам дапамагаць? На сённяшні дзень ідзе ўжо паглыбленне гэтага разумення, і “Бацькаўшчына” ад простага падтрымлівання кантактаў і арганізацыі сумесных імпрэз перайшла на абсалютна новы ўзровень аналізу гэтай інфармацыі. На сёння мы ацэньваем вельмі пазітыўна тое, што і дзяржаўныя органы Рэспублікі Беларусь разумеюць важнасць і актуальнасць працы з беларускай дыяспарай, працуе рабочая група па падрыхтоўцы закона, прысвечанага беларускай дыяспары. Гэта ўсё кажа пра вельмі сур’ёзныя зрухі. Прыняццё гэтага закона гэта таксама адзін з цэнтральных момантаў, на які накіравана дзейнасць "Бацькаўшчыны" вось ужо восем гадоў, калі мы паднялі пытанне, каб праца з беларускай дыяспарай ішла ў сістэмным рэчышчы, каб беларусы замежжа адчувалі, што радзіма пра іх дбае, што яна гатова ім спрыяць у вырашэнні арганізацыйных пытанняў, падтрымцы іх культурнага жыцця.

РР: Ці ёсць нейкі праект для падляшскага згуртавання беларусаў?

29 верасня ў нас будзе адбывацца прэзентацыі інтэрнэт-бібліятэкі “Камунікат”. Гэта найбліжэйшая падзея.

Святкаваць свой юбілей больш шырока ЗБС “Бацькаўшчына” плануе ў кастрычніку, паколькі на святкаванні запрашаюцца таксама і прадстаўнікі беларусаў замежжа.

Гутарыла Валянціна Лаеўская, “Радыё Рацыя”


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение