У кампаніі "Будзьма беларусамі!" павінны актыўна ўдзельнічаць арганізацыі дыяспары

У агульнанацыянальнай кампаніі "Будзьма беларусамі!" павінны актыўна ўдзельнічаць і арганізацыі беларускай дыяспары, заявіў у інтэрв'ю БелаПАН старшыня федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі "Беларусы Расіі" (Масква), сябра Вялікай Рады МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" Валерый Казакоў.

У агульнанацыянальнай кампаніі "Будзьма беларусамі!" павінны актыўна ўдзельнічаць і арганізацыі беларускай дыяспары, заявіў у інтэрв'ю БелаПАН старшыня федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі "Беларусы Расіі" (Масква), сябра Вялікай Рады МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" Валерый Казакоў.

Паводле яго слоў, гэтая "вельмі цікавая" акцыя мае "вялікае значэнне для захавання беларусаў на планеце як самабытнай нацыі". "Не трэба абмяжоўваць кампанію рамкамі Беларусі, дзе і так большасць насельніцтва лічыць сябе беларусамі, а перавесці гэтую акцыю ў Расію і Украіну, Польшчу і Прыбалтыку, каб і там дапамагчы беларусам захаваць сваю беларускасць", — прапанаваў Казакоў.

Старшыня рады МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" Ніна Шыдлоўская назвала "ідэальным варыянтам" пашырэнне кампаніі за межы Беларусі. "Калі разглядаць гэтую акцыю з пазіцый беларусаў, якія жывуць за межамі гістарычнай радзімы, для дыяспары яна падаецца больш важнай, чым для метраполіі", — сказала Шыдлоўская.

Разам з тым, паводле яе слоў, для павышэння ўзроўню нацыянальнай самаідэнтыфікацыі і прадухілення асіміляцыі беларусаў-эмігрантаў зараз "вельмі важна" пашыраць кампанію ўнутры краіны, бо Беларусь з'яўляецца тым фундаментам, які не дазваляе беларусам знікнуць у шматнацыянальным свеце незалежна ад месца знаходжання. "Аднак нас вельмі радуе, што беларусы замежжа з цікавасцю і разуменнем успрынялі кампанію "Будзьма беларусамі!", — сказала Шыдлоўская. Яна выказала гатоўнасць перадаваць досвед кампаніі арганізацыям беларускай дыяспары пры цесным супрацоўніцтве з імі.

"БелаПАН"