
У фэсце ўдзельнічаюць беларускія празаікі і паэты Альгерд Бахарэвіч, Адам Глобус, Вольга Гапеева, Віктар Жыбуль, Вера Бурлак і Аксана Спрынчан, а таксама літаратуразнаўцы і культуролагі Валянцін Акудовіч і Ірына Скарапанава. Яны бяруць удзел у літаратурных вечарынах і навуковых дыскусіях па праблемах сучасных літаратурных расійска-беларускіх сувязяў і перакладаў з беларускай мовы на рускую. Пераклады твораў беларускіх удзельнікаў фэсту запланавана апублікаваць на старонках шэрагу вядучых расійскіх літаратурных часопісаў.
"Дні беларускага слова" ладзяцца ў Маскве ўпершыню па ініцыятыве расійскіх інтэлектуалаў. Да правядзення творчай акцыі далучыліся Расійскі ПЭН-цэнтр, Дзяржаўны акадэмічны універсітэт гуманітарных навук, культурны цэнтр "Булгакаўскі дом", літаратурны салон "Класікі XXI стагоддзя" і часопіс "Современная поэзия".
Паводле слоў аднаго з арганізатараў беларускага свята ў Маскве, літаратара і выдаўца Зміцера Вішнёва, ўсе мерапрыемствы фэсту праводзяцца на пляцоўках арганізатараў творчай акцыі на беларускай і рускай мовах. Творы літаратараў, якія прадстаўляюць Беларусь, перакладзены на рускую мову, і на фэсце ўпершыню прагучаць іх арыгінальныя пераклады.
Фота з творчага вечара Адама Глобуса
Фота: ugolzreniia.livejournal.com