Анкета Свабоды: Зміцер Сасноўскі

Зміцер Сасноўскі — беларускі музыка, лідэр гурта сярэднявечнай музыкі "Стары Ольса", майстар і калекцыянэр старадаўніх інструментаў, прадусар (акрамя "Ольсы" займаецца маладымі гуртамі свайго ўлюбёнага кірунку), рэжысёр (зняў тры кліпы), навуковец (аўтар 13 навуковых артыкулаў), кіраўнік інфармацыйнага цэнтру МГА "ЗБС "Бацькаўшчына".

Зміцер Сасноўскі — беларускі музыка, лідэр гурта сярэднявечнай музыкі "Стары Ольса", майстар і калекцыянэр старадаўніх інструментаў, прадусар (акрамя "Ольсы" займаецца маладымі гуртамі свайго ўлюбёнага кірунку), рэжысёр (зняў тры кліпы), навуковец (аўтар 13 навуковых артыкулаў), кіраўнік інфармацыйнага цэнтру МГА "ЗБС "Бацькаўшчына".

Што для вас свабода?

Магчымасць будаваць кожны дзень паводле свайго разумення і ў адпаведнасці са сваімі пачуццямі. У гэтым сэнсе маё ўспрыманне свабоды амаль супадае з разуменнем шчасьця.

Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?

Вымушанасць мірыцца з дыктатам большасці.

Што для вас шчасце?

Свабода ва ўсіх праявах. Нават у асабістым жыцці. Але наконт асабістага патлумачу. У фільме "Неспрыстойная прапанова" на пачатку гучыць голас за кадрам: "Калі кахаеш нешта — адпусьці яго, і калі яно да цябе вернецца — будзе тваім назаўжды, калі не вернецца — яно не было тваім ніколі".

Чаго вы найбольш баіцеся?

Страціць пакуты творчасці і пачуццё навізны.

Які талент вы хацелі б мець?

Талент тактычнага чакання непунктуальных, але блізкіх людзей.

Кім з сучаснікаў вы захапляецеся?

Роберд дэ Ніро і даўнішні камандзір Мар’інагорскай брыгады палкоўнік Галадзед.

Што вы найбольш любіце рабіць?

Атрымліваць грошы за любімую і добра выкананую працу!!!

Калі б можна было пражыць жыццё яшчэ раз, што б вы змянілі?

Пасля такога пытання спачатку згадалася ўся безліч глупстваў, памылак і шалёных учынкаў, большасць якіх зроблена пад уздзеяннем адпаведных напояў і рэчываў. Але пасля невялікага асэнсавання адчуваю ўдзячнасць лёсу, Богу і людзям за ўсё перажытае і пабачанае. Таму змяніў бы толькі адчуванне часу — не губляў бы яго на дробязі!

Якую найлепшую параду вы атрымалі?

"Свой лёс будуй сам!" і "Не затрымлівай кубак!"

Які ваш улюбёны дэвіз?

Супадае з папярэднім адказам!

У якой палітычнай сістэме вы хацелі б жыць?

Якая пакідае дастатковае поле для працавітай рэалізацыі асабістых амбіцый. Калі я здольны "вкалываць" і ў мяне ёсць вялікія жыццёвыя планы, я не хачу дапамагаць атрымліваць стабільны аклад тым, хто працаваць не хоча і плануе жыццё толькі ад пляшкі да пляшкі.

У якой краіне вы хацелі б жыць?

У Беларусі, але з прынцыпам рассялення людей паводле культурных і жыццёвых прыярытэтаў. У маім двары ў цэнтры Мінска рэгулярна можна бачыць карціну, як чалавек у добрым строі сядае ў добрую машыну, а праз 2 метры "сінякі" "душаць" чарговую бутэльку "чарла". У прынцыпе гэта старая мара — пабудаваць пасёлак пад Мінскам, дзе б жылі выхаваныя і свядомыя беларусы са сваёй паліцыяй, сваёй школай і ўніверам, сваёй прэсай і сваім кабельным ТВ. І гэта не так і складана пачаць — хаця б некалькім з нас прадаць свае кватэры, набыць за капекі на рэгіёнах драўляныя зрубы, перавезці і сабраць. А далей — працаваць да чырвонага поту дзеля нашых дзяцей!

У якую эпоху вы хацелі б жыць?

Гісторыкі і фантасты даўно вызначылі, што мы не здольныя нармальна жыць ні ў якай іншай эпосе, акрамя той, у якую нарадзіліся і выраслі.

Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?

Культурная рэвалюцыя, побытавая фізычная культура (загартоўванне, ёга, ушу і інш.), адкрытая спекуляцыя на геаграфічным становішчы ў сферы міжнароднага транзітнага гандлю, легалізацыя "чорных" капіталаў, шырокае мясцовае самакіраванне, падтрымка гістарычнай спадчыны, найшырэйшае развіццё ўсіх відаў турызму. Нешта атрымалася шмат — нейкая перадвыбарчая праграма! Але гэта выглядае цэльна, а нейкае адно дзеянне не здольнае заўважна змяніць становішча!

Якія адносіны Беларусь павінна мець з Еўразвязам?

Часта бываю ў краінах Еўразьвязу і ведаю "процьму" іх амаль невырашальных праблем. Таму аптымальным шлях Беларусі — добрасуседскія стасункі з Усходам і Захадам пры захаванні свайго ўнікальнага статусу і пры дбанні пра свае нацыянальныя беларускія "шкурныя" выгоды. Толькі паводле такіх прынцыпаў ВКЛ ганарліва пражыло пяць стагоддзяў.

Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расіяй?

Такія, як і з Еўразвязам. Наша гісторыя паказвае, што калі аддаваць перавагу аднаму з бакоў — аўтаматычна "скатваесся" ў падначаленне да аднаго і супрацпастаўляесся другому. МЫ гордая незалежная нейтральная дзяржава з дбаннем толькі сваіх, а не чужых інтарэсаў. Наш шлях — мір з суседзямі і праз гэта добры бізнэс паміж імі і іхнымі рэсурсамі!

Некаторыя думаюць так: "Хай дыктатура, абы свая". А вы?

Я зусім не супраць дыктатуры, бо мы, беларусы, па натуры поўныя балбесы і разгільдзяі! Але я супраць дыктатуры, якая не мае нацыянальных прыкмет і прымушае актыўных сваіх грамадзян жыць на адным узроўні з вялікім пасіўным статкам.

Калі і як у Беларусі зменіцца ўлада?

Ну, балбесамі і разгільдзяямі мы не перастанем быць! Здаровы жыцьцёвы "пафігізм" у нас таксама не знікне, бо фарміраваўся доўгія стагоддзі і дапамог нам выжыць! Таму адказ тут адзін — зменіцца ўсё імкліва і хутка, калі хаця б адно звяно гэтага напружанага ланцужка не вытрымае і парвецца. І я ўжо зараз шчыра баюся тых часоў. Баюся за родных, блізкіх і сяброў, бо з нашымі недахопамі ў нацыянальным характары і многімі негатыўнымі рысымі, выхаванымі СССР і РБ, пэўна, давядзецца ўжываць здольнасці абароны і самаабароны. Таму я толькі за мэтанакіраванае, але павольнае рэфармаванне ўлады. Хаця, магчыма, гэта параноя!

Калі беларусы загавораць па-беларуску?

Два варыянты: ці калі ўлада "абмовіцца", ці калі мова стане моднай. Калі "ён" пачне хаця б зрэдку ўжываць родную мову — зменіцца многае. Пры сучаснай сістэме ўлады амаль адсутнічаюць перашкоды, каб за некалькі гадоў Беларусь стала збольшага беларускамоўнай. Гэтым ўлада толькі ўмацавала б свае пазіцыі. Чаму "ён" гэтага не разуме?! Наконт "моднага" шляху вельмі сумняваюся. Яго амаль няма каму рэалізаваць. Зусім нядаўна я безвынікова спрабаваў пераканаць знаёмага, што важней папулярызацыя мовы, чым бясконцыя знясільваючыя спрэчкі прафэсійна нерэалізаваных мовазнаўцаў наконт таго, які правапіс і граматыка больш адпавядае нацыянальнаму характару. Тут шмат што можна сказаць жудасна негатыўнага пра ўсіх, хто зводзіць праблему жывога грамадскага ўжывання мовы да навуковых спрэчак пра граматыку. У мяне складаецца ўражанне, што гэта нейкая добра прадуманая дыверсія — хай актыўныя беларусы лепш трацяць час на спрэчкі між сабой, чым мілагучнымі беларускімі выразамі з добрай усмешкай і пазітыўным стаўленнем да суразмоўцы паказваюць, што карыстацца мовай можа быць прыгожа і модна!

Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?

Як шматразова ў гісторыі — "выедзем", выжывем, "перакантуемся" на здаровым "пафігізме" да лепшых часоў! У горшым выпадку станем "аўстрыйцамі". Хаця горшага выпадку не будзе!!!

"Радыё Свабода"