Аргкамітэт па ўшанаванні памяці Ларысы Геніюш, у склад якога ўваходзіць і МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, падрыхтаваў зварот да кіраўніцтва краіны з хадайніцтвам аб рэабілітацыі паэткі. Пад ім падпісаліся вядомыя прадстаўнікі культуры і грамадскага жыцця Беларусі.
Да гэтага хадайніцтва далучыцца і Беларуская праваслаўная царква. Старшыня аргкамітэту Міхась Скобла нядаўна сустракаўся з архімандрытам Аляксеем Шынкевічам, прадстаўніком беларускага экзархату па сувязі з грамадскасцю. Па словах Міхася Скоблы, сп-р Шынкевіч выказаў зацікаўленасць да гэтага пытання і паабяцаў, што царква таксама падтрымае зварот аргкамітэту і далучацца да хадайніцтва.
Зварот адносна рэабілітацыі Ларысы Геніюш будзе пададзены ў Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь і ў кіруючыя органы краіны.
Нагадаем, што сёлета 9 жніўня спаўняецца сто год з дня нараджэння славутай беларускай паэткі. З гэтай нагоды на Пятым з’ездзе беларусаў свету 2010 год быў абвешчаны Годам Ларысы Геніюш.