Вакол свету за 75 дзён: беларускія падарожжы ў “Запісах БІНіМ”

Хто з беларусаў здзейсніў ваколсветнае падарожжа? Ці надаюцца падарожжы пад канвоем для памятных уражанняў? Пра гэта ў гутарцы з сябрам Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, рэдактарам апошняга нумару “Запісаў БІНІМ” Наталляй Гардзіенка.

Хто з беларусаў здзейсніў ваколсветнае падарожжа? Ці надаюцца падарожжы пад канвоем для памятных уражанняў? Пра тэматычны выпуск гадавіка “Запісы БІНіМ” Міхась Скобла гутарыць з сябрам Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, рэдактарам апошняга нумару гісторыкам Наталляй Гардзіенка

Наталля Гардзіенка

Міхась Скобла: “Асноўная тэма новых “Запісаў” – падарожжы. Існуе распаўсюджаная думка, што беларусы – не аматары вандраваць. “Народ аседлы мы – ня птушкі пералётныя” (Ларыса Геніюш), “Так хочацца вам глянуць за мяжу? Паверце мне – я гэтага баюся” (Уладзімер Дудзіцкі). Перачытаўшы як рэдактар столькі падарожных твораў (у розных жанрах), адкажыце на пытанне: дык ці любяць беларусы падарожнічаць?” Наталля Гардзіенка: “У жаданні або нежаданні вандраваць беларусы наўрад ці адрозніваюцца ад прадстаўнікоў іншых нацыяў, бо гэта, хутчэй, уласцівасць чалавечая, а не нацыянальная. Цягам сваёй гісторыі беларусы часта траплялі ў становішча “вымушаных” падарожнікаў, і гэта накладала пэўны адбітак на ўспрыманне імі іншых краінаў і народаў. Ілюстрацыяй пэўных адчуванняў тут могуць быць радкі таго самага Уладзімера Дудзіцкага: “Я пазнаў і Эўропу, і Азію / і Аўстралію вызнаць шчэ мусіў; / думка сэрца маё уразіла: / не пазнаў што як сьлед Беларусі”… Гэтае жаданне вяртання да Беларусі, да сваіх і гуртавала беларусаў у суполкі на Захадзе. І цалкам зразумелае таму жаданне беларускіх эмігрантаў-вандроўнікаў наведаць суайчыннікаў у іншых краінах свету. Апісаннямі такіх падарожжаў-адведак поўніліся старонкі эміграцыйнай перыёдыкі, у тым ліку газетаў “Бацькаўшчына” і “Беларус”.

Скобла: “Ужо сталіся класікай жанру “Паломніцтва Мікалая Крыштофа Радзівіла ў Сьвятую Зямлю”, “Авантуры майго жыцьця” Саламеі Пільштыновай”, “Мае падарожжы” Ігната Дамейкі. Якія “вандроўныя” тэксты з апублікаваных у “Запісах” маюць права застацца ў гісторыі нашага прыгожага пісьменства?” Гардзіенка: “Тэмай новага нумару “Запісаў” сталі не столькі самі падарожжы, колькі травелогі – апісанні падарожжаў, падарожныя нататкі, зробленыя пераважна беларускімі эмігрантамі паваеннай хвалі. З аднаго боку, гэта тэксты, аўтарамі якіх выступаюць вымушаныя падарожнікі, якія выязджалі ў іншыя краіны пад ціскам абставінаў. Найбольш яскравыя тэксты – падарожныя лісты з Францыі, Новай Зеландыі, Венесуэлы, Мадагаскару. Яны цікавыя сваім апісаннем абставінаў жыцця ў той ці іншай краіне, своеасаблівым беларускім поглядам. З другога боку, эмігранты апынуліся ў больш прывабным становішчы ў параўнанні з жыхарамі метраполіі – што да добраахвотных вандровак, і скарыстоўвалі з гэтага. Безумоўна, нея ўсе мелі жаданне падарожнічаць па свеце, але шмат хто ажыццяўляў і ажыццяўляе такія падарожжы. Апісанні такіх падарожжаў у “Запісах” прадстаўленыя “Манастырскім дзённікам” Лявона Юрэвіча ці “Знаёмствам з Аляскай” Зоры Кіпель. Менавіта апошнія мне падаюцца знакавымі тэкстамі сярод беларускіх травелогаў”. Скобла: “Калі чалавек падарожнічае па сваёй волі – адны ўражанні. Калі выпраўляецца ў вымушанае падарожжа – зусім другія. Два прыклады-антыподы: Рыгор Крушына, які аб’ездзіў паўсвету і адну са сваіх кніг назваў “Дарогі”, і Алесь Салавей, які пасля напаўгалоднага існавання ў лагерах DP, мусіў выпраўляцца ў накрайсветную Аўстралію. Якія падарожжы пераважаюць у нашай травелагічнай літаратуры?” Гардзіенка: “Статыстыка падарожжаў не заўсёды адпавядае статыстыцы твораў. Большасць людзей, у тым ліку і сярод эмігрантаў, падарожнічаюць без ідэі і жадання апісаць бачанае. У асяроддзі вымушаных падарожнікаў пераважаюць травелогі ў выглядзе лістоў як магчымасць падзяліцца з суайчыннікамі ўласнымі поспехамі ці праблемамі на новым месцы. Такой цікавай эпісталярнай спадчыны застаецца яшчэ багата неапублікаванай, і яна можа быць падставай для спецыяльных даследаванняў. Добраахвотныя падарожнікі –турысты – цікавыя менавіта сваім беларускім поглядам на розныя краіны. Такіх твораў, мне здаецца, сярод вядомых на сёння травелогаў, усё ж менш. Трэба адзначыць, што ў сваім уступным артыкуле “Моваю травэлёгу” Лявон Юрэвіч якраз і паспрабаваў даць характарыстыку вядомым на сёння беларусім травелогам. Аднак у “Запісах” мы ня мелі на мэце цалкам раскрыць тэму падарожжаў і падарожных нататак. Гэта, хутчэй, “адкрыццё” тэмы, пастаноўка праблемы, прапанова кірункаў для наступных даследнікаў”.Скобла: “У гэтым нумары “Запісаў” (дарэчы, 600-старонкавым!) звяртаюць на сябе ўвагу нататкі Зоры Кіпель пра Аляску. Кажуць, што карэнныя жыхары Аляскі адрозніваюць два дзесяткі адценняў снегу. А што на Алясцы кінулася ў вочы беларусам?” Гардзіенка: “Зора і Вітаўт Кіпелі аб’ездзілі ўсе штаты ЗША і мелі пры гэтым дзве выразныя мэты. Адна з іх – турыстычнае знаёмства з краінай, культурай, адметнымі помнікамі, традыцыямі, як у звычайных турыстаў. Другая важная мэта – пошук беларускіх слядоў. І тэкст пра падарожжа на Аляску выразна гэта ілюструе. Кіпелі цешацца з падарожжа ў Запаляр’е і адначасова сустракаюцца з людзьмі, якія могуць засведчыць беларускую прысутнасць у гэтым штаце, шукаюць беларускія выданні ў мясцовых бібліятэках”.Скобла: “Мы ведаем пра падарожжы Фёдара Конюхава, Тура Хеердала… А хто з беларусаў здзейсніў ваколсветнае падарожжа і зафіксаваў свае ўражанні на паперы?” Гардзіенка: “Я неаднаразова чула ад розных беларусаў на эміграцыі, што яны здзяйснялі падарожжы вакол свету. Аднак пісьмовых сведчанняў такіх падарожжаў няма. Выключэнне, хіба, – падарожжа Міколы Нікана, апісанае на старонках газеты “Беларус”. Гэты аўстралійскі беларус на пачатку 70-х ажыццявіў сваё падарожжа вакол свету за 75 дзён, у часе якога адведаў Азію, Еўропу, Амерыку. Адной з мэтаў яго вандроўкі было наведванне Бацькаўшчыны, і апісанне гэтага падарожжа адведзены асобны раздзел дзённіка Міколы Нікана. Прыканцы ён заўважыў: “Вяртаўся ў іншы свет, дзе тыя самыя словы маюць іншы змест. Таму гэтак цяжка паразумецца. Гаворачы фармальна аб тым самым, разумеецца і ўяўляецца ўсё па-рознаму, па-свойму…”Скобла: “Травелогі, аднак, – не адзіная тэма новых “Запісаў”. Немагчыма прамінуць, напрыклад, артыкул Лявона Юрэвіча “Бінімаўская Купаліяна”. У свой час Янка Запруднік перадаў аўтограф верша “О так, я пралетар!..” у Купалаўскі музей у Мінску. Ды, мо, варта і астатнія экспанаты перадаць у Беларусь, у Музей песняра?” Гардзіенка: “У Архіве Беларускага інстытуту навукі і мастацтва захоўваецца нямала дакументаў і рэчаў, звязаных з гісторыяй беларускай літаратуры. Прыкладам, разразны нож Янкі Купалы, перададзены ў БІНіМ паэтам Міхасём Кавылём. Ёсць меркаванне, што менавіта гэтым нажом Купала зрабіў сабе харакіры. Кажуць, існуе адзін з партрэтаў Купалы, на якім гэты нож ляжыць на ягоным пісьмовым стале… Што да мэтазгоднасці перадачы гэтых рарытэтаў на радзіму… Архівы БІНіМу перададзеныя на захаванне ў Нью-Ёркскую Публічную бібліятэку і будуць зберагацца там. Такім чынам Інстытут, верагодна, хоча пазбегнуць доступу да гэтых дакументаў тае ўлады, што пануе ў метраполіі. Наколькі гэта разумна – пакажа час”.

Разразны нож Янкі Купалы

Скобла: “Асобная публікацыя ў “Запісах” прысвечаная Архіву БНР, які перахоўваўся ў Міколы Абрамчыка. Вось што пісала пра яго Ларыса Геніюш у лісце да Аляксея Пяткевіча 6 кастрычніка 1969 года: “Там былі вартасныя для народу рэчы. Была копія апошняга ліста кс. Гадлеўскага перад растрэлам яго гестапаўцамі, былі апошнія, абрызганыя крывёю (кроў – горлам!) паштоўкі дзядзькі Васіля Захаркі, дзе ён мяне выклікаў, каб радзіцца, што яму рабіць перад сьмерцю з паўнамоцтвамі Ўраду… Былі дзясяткі фатаграфіяў Ураду”. Пра гэты архіў апошнім часам шмат пісалася. Дык які ягоны лёс? Ён існуе як цэласць у нейкай сховані, ці расцярушаны па розных прыватных зборах?” Гардзіенка: “Архіў Міколы Абрамчыка – адзін з найбольш міталагізаваных архіўных збораў на эміграцыі. Вядома, што ў ягоны склад уваходзілі некалькі скрыняў архіваў БНР, аднак знаходжанне іх пасля смерці Абрамчыка застаецца нявысветленым. У Янкі Запрудніка захоўвалася адна тэчка з дакументамі гэтага архіву, і апісанне яе змешчанае ў гэтым нумары “Запісаў”. Нельга сказаць, што яна адлюстроўвае цалкам характар архіву Міколы Абрамчыка, але пра нешта ўсё ж сведчыць. На жаль, мы не змаглі цалкам раскрыць таямніцу знікнення архіву, але намагаліся выдрукаваць сведчанні пра тое, як лёс архіву спрабавалі вырашыць на эміграцыі адразу пасля смерці прэзідэнта, у тым ліку і праз ініцыяванне судовага зыску супраць ягонай удавы Ніны Абрамчык. Тым не менш, архіў так і не быў перададзены Радзе БНР, і сённяшняе яго месцазнаходжанне застаецца невядомым”. Скобла: “Запісы” шторазу таўсцеюць, у гэтым нумары – 600 старонак. Вы – рэдактар гэтага нумару. Хто дапамагае вам у выданні гэтага аўтарытэтнага гадавіка?” Гардзіенка: “Карыстаючыся нагодаю, выказваю падзяку ўсім аўтарам гэтага нумару, у тым ліку Навуму Галляшэвічу, гісторыкам Алесю Пашкевічу, Генадзю Сагановічу, Аляксандру Адзінцу, Юрыю Грыбоўскаму, мовазнаўцу Змітру Саўку і ўсім тым, хто спрычыніўся да з’яўлення на свет гэтага выдання. Наступны нумар “Запісаў” будзе прысвечаны не менш важнай тэме – эпісталярнай спадчыне беларускіх эмігрантаў, і там таксама будзе шмат цікавых тэкстаў”.

"Радыё Свабода"