Выйшаў CD праекту “Тузін. Перазагрузка”

Пабачыла свет складанка праекту “Тузін. Перазагрузка” інтэрнэт-парталу “Тузін Гітоў” і грамадскай ініцыятывы “Будзьма беларусамі!”. Выданне CD праекту стала магчымым дзякуючы падтрымцы Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына" і беларускага "Радыё Рацыя".

tuzin_950

Пабачыла свет складанка праекту “Тузін. Перазагрузка” інтэрнэт-парталу “Тузін Гітоў” і грамадскай ініцыятывы “Будзьма беларусамі!”. Выданне CD праекту стала магчымым дзякуючы падтрымцы Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчынна" і беларускага "Радыё "Рацыя".

На дыску – 12 песняў айчынных небеларускамоўных выканаўцаў, якія пераспявалі свае хіты па-беларуску. Сярод іх – Atlantica, Tanin Jazz, Da Vinci, Дакота, Юры Дземідовіч.

Праца над праектам пачалася ўвесну гэтага году, калі сваю згоду перазагрузіцца ў беларускі свет далі 12 выканаўцаў, як зорак беларускай поп-сцэны, так і альтэрнатыўныя выканаўцы. Некалькі месяцаў яны працавалі над беларускімі варыянтамі сваіх песняў разам з вядучымі беларускімі перакладчыкамі. Так, напрыклад, песню Da Vinci перакладаў Алесь Камоцкі, апошні хіт праекту Atlantica “It’s Not About Us” пераасэнсоўваў Віталь Воранаў, беларускамоўную версію хіта з “Фабрыкі зорак” у выкананні Дакоты напісаў Глеб Лабадзенка, а “Чароўніка кроліка” пераклаў Сяргей Балахонаў. Вынікам засталіся задаволеныя ўсе ўдзельнікі праекту, а некаторыя з іх пажадалі працягнуць моўны эксперымент.

Дыск “Тузін. Перазагрузка” будзе распаўсюджвацца абсалютна бясплатна. Яго атрымаюць усе айчынныя FM-cтанцыі і беларускія культурныя ўстановы, а таксама беларусы замежжа. MP3-версіі даступныя на сайтах завадатараў праекту – на “Тузіне Гітоў” і сайце грамадскай ініцыятывы “Будзьма беларусамі!”.

Кароткі змест складанкі “Прэм’ер Тузін”:

1. “У свеце не адны” ад Atlantica – беларуская версія апошняга хіта “It’s Not About Us” у перакладзе Віталя Воранава. Лідэр праекту Алекс Дэвід прызнаецца, што настройваўся на запіс, перачытваючы Уладзіміра Караткевіча.

2. “Бяжы” Насты Шпакоўскай і яе гурта Naka (пераклад Сяргея Балахонава); на песню неўзабаве будзе зняты відэакліп. Наста прызнаецца, што беларуская мова ў гэтым творы загучала жорстка і прынцыпова, у адрозненне ад рускага варыянту.

3. “У неба” хлапцоў з “Нестандартнага варыянту” ў перакладзе Сяргея Балахонава. Гэтую песню ўжо называлі працягам вядомага NRM-аўскага каверу “Паветраны шар”. Менавіта “У неба” была прызнаная наведнікамі інтэрнэт-парталу “Тузін Гітоў” найлепшым трэкам праекту.

4. “Новы мост” у выкананні Светы Бень і гурта “Серебряная свадьба”. Песня-прысвячэнне фільму Леа Каракса “Каханкі з Новага маста”, над тэкстам якой апроч аўтаркі таксама працавалі Сяргей Балахонаў і Вікторыя Дашкевіч.

5. “Маці” гурта “Сердце дурака” аўтарства Цімафея Яравікова – адзінага ўдзельніка праекту, які адмовіўся ад перакладнога варыянту, затое напісаў сваю першую песню па-беларуску, дзе і выказаў свае думкі пра мову.

6. “Пад купалам нябёс” – новая версія вядомай кампазіцыі гурта “Стокс”, тэкст якой быў перакладзены Глебам Лабадзенкам. Лідэр гурта Аляксей Стокс спадзяецца, што менавіта ў гэтай версіі яго твор загучыць на FM-станцыях Масквы, дзе гурт апошнім часам працуе.

7. “Запалкі” – колішні “фабрычны” хіт Дакоты ў перакладзе Глеба Лабадзенкі. Гэты спеў – яскравы доказ таго, што спявачка ніколі не кідала сваёй Радзімы. На сваім новым дыску Дакота абяцае яшчэ некалькі песняў па-беларуску, цяпер ужо ўласнага аўтарства.

8. “Студзень” – галоўны хіт Hair Peace Salon у перакладзе Віталя Воранава. Музыкі прызналіся, што ставілі на ангельскамоўную версію як на галоўны хіт, але толькі ў беларускім варыянце яны задаволіліся яе гучаннем.

9. “My Babe” у беларускамоўнай электра-поп версіі гурта Tanin Jazz (перакладам займаўся Віталь Воранаў). Музыкі вырашылі цалкам перабіць свой твор, бо адчувалі нескарыстаны патэнцыял трэку. Вынік яны ацанілі на 10 балаў з 10.

10. “Трыюмф волі” выканаўцы нігілістычнага джазу і спевака сюррэалістычнага гвалту Сяргея Пукста (песню пераклаў Андрэй Хадановіч). Спявак прызнаўся, што беларуская мова вельмі яму дапамагла сказаць слухачам тое, што ён хацеў.

11. “Каханне не ўзнікла” ці не самых вядомых айчынных італьянцаў з Da Vinci (беларускі варыянт тэксту “L’amore non esiste” падрыхтаваны Алесем Камоцкім). Падчас запісу музыкам было вельмі дзіўна пачуць сябе саміх беларускамоўных, але яны засталіся задаволеныя атрыманым вынікам.

12. “Чароўны Кролік” пераможцы беларускага адбору на дзіцячае Еўрабачанне-2009 Юрыя Дземідовіча (пераклад песні падрыхтавалі Сяргей Балахонаў і сам Юры Дземідовіч).

Сяргей Будкін, www.budzma.org


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение