Воляй лёсу давялося назіраць за зборам подпісаў за правядзенне Году роднай мовы, арганізаванага МГА "ЗБС "Бацькаўшчына". Справа адбывалася ў Белаазёрску, што ў Бярозаўскім раёне. Подпісы збіраліся сярод мясцовых прадпрымальнікаў.
Большасць паставілася да ідэі сур’ёзна і пазітыўна. "Самі мы не размаўляем, а вось дзеці мусяць ведаць сваю мову. Можа ў іх атрымаецца", — кажа маладая прадпрымальніца. Думку пра неабходнасць навучання па-беларуску не толькі ў школе, але і ў ВНУ падтрымалі амаль усе падпісанты. Толькі адна гандлярка наадрэз адмовілася паставіць подпіс: "Гэта што — я буду пасля дакументы па-беларуску афармляць? А як дзеці пасля матэматыку будуць вучыць ва ўніверсітэце?"
З размовы з некаторымі падпісантамі стала зразумела, што на іх стаўленне да мовы паўплываў…Лукашэнка. Ну, калі сам Аляксандр Рыгоравіч на перапісе роднай мовай беларускую назваў, то нам і пагатоў трэба падпісацца, кажуць яны.
А вось у Мінску давялося сутыкнуцца з нечаканасцю. Для некаторых мінчукоў прозвішча кіраўніка краіны стала непераадольнай перашкодай. "Ідэя добрая, але не буду я Лукашэнку ні аб чым прасіць!" Частку знаёмых нават давялося пераконваць.
Гэта прывяло да цікавай высновы: часам незаангажаваныя ў палітыку грамадзяне, якія ў жыцці не размаўляюць па-беларуску, ахвотней падпісваюцца за Год роднай мовы, чым яе сталыя носьбіты.
А вось што распавяла пра хаду кампаніі старшыня ЗБС "Бацькаўшчына" Алена Макоўская. Збор подпісаў адбываецца на сядзібе ТБМ, офісе "Бацькаўшчыны", у часе культурніцкіх мерапрыемстваў. Адпаведныя анкеты раздаюцца ў незалежніцкія арганізацыі і валанцёрам. Акрамя таго, анкету можна спампаваць са старонкі сайту "Бацькаўшчыны", з іншых сайтаў, што размясцілі ў сябе банеры акцыі. Агулам праз Сеціва было спампавана каля 400 бланкаў. "У банэрнай кампаніі, дзе мы замовілі свой банэр з заклікам далучацца да кампаніі, нам паведамілі, што ў нас быў адзін з самых высокіх паказчыкаў эфектыўнасці за апошні час", — кажа Алена Макоўская. Цікавасць да кампаніі вялікая, людзі ставяцца да ідэі пазітыўна. Ініцыятыву падтрымалі рэгіёны, напрыклад, у Віцебску, дзе збор подпісаў ідзе аўтаномна ад цэнтру.